Вы тут

Інжынер, тэхнік або рабочы?


Хто павінен працаваць на той ці іншай пасадзе, вызначыць усё больш праблематычна

«Беларусь — адна з нямногіх краін, якая забяспечвае падрыхтоўку прафесійных кадраў выключна за кошт дзяржаўнага бюджэту. Між іншым, прафесійная адукацыя — надзвычай дарагая. Таму вельмі важна, каб у інвеставанні сродкаў у падрыхтоўку кадраў былі зацікаўлены бізнес і прадпрыемствы. І мы будзем уносіць свае прапановы па прыцягненні сюды бізнесу», — паведаміў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Шкляр.

1379367509665_17-23

1379367509665_17-23

 

Самыя прывабныя прафесіі

Аркадзь Шкляр расказаў, што сёлета найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў дзевяцікласнікаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі прафесіі праграміста, юрыста, памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай частцы, зубнога тэхніка, тэхніка-будаўніка, мастака-мадэльера (цырульніка), дызайнера, тэхніка-механіка па эксплуатацыі аўтамабіляў, тэхніка-электрыка, тэхніка-энергетыка.
Вялікі інтарэс у абітурыентаў выклікае сфера сувязі і камунікацый, аўтаматызацыя вытворчых працэсаў, дрэаваапрацоўка, турызм і гасціннасць, сацыякультурная дзейнасць (замежныя мовы і справаводства). А вось попыт на эканамічныя спецыяльнасці пачаў зніжацца, што адпавядае адсутнасці попыту ў гэтых спецыялістах на рынку працы.
Сярэдні бал дакументаў аб адукацыі, што падаваліся ў прыёмныя камісіі каледжаў, быў на ўзроўні 7 балаў. Сярэдні бал пададзеных сертыфікатаў ЦТ вагаўся ад 100 да 130 балаў.

Да станка – з вышэйшай адукацыяй?

 

Як зазначыў Аркадзь Шкляр, апошнім часам на рынку працы з'явілася патрэба ў рабочых і спецыялістах — выпускніках прафесійных каледжаў і ліцэяў, ужо адаптаваных да ўмоў сучаснай вытворчасці, павысіліся патрабаванні працадаўцаў да ўзроўню прафесійнай кваліфікацыі выпускнікоў, што адбілася на прыёме на работу пераважна рабочых кадраў з павышаным кваліфікацыйным разрадам. Гэтыя задачы вырашаюць рэсурсныя цэнтры. Сёння адкрыты ўжо 23 рэсурсныя цэнтры па ўсёй краіне. Там створаны ўсе ўмовы для якаснага засваення праграм вытворчага навучання, набыцця практычных навыкаў работы на сучасным абсталяванні. Ідэя, якая ляжыць у аснове рэсурсных цэнтраў, — узровень прафесійнай адукацыі павінен адпавядаць або апярэджваць узровень развіцця вытворчасці.
— Кваліфікацыя спецыялістаў, якая патрабуецца на вытворчасці, даўно адышла ад такіх паняццяў, як рабочы, тэхнік ці інжынер. Усё часцей праблематычна вызначыць, хто павінен працаваць на той ці іншай пасадзе — інжынер або рабочы. Узровень патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да некаторых кваліфікацый, даўно перасягнуў той узровень, які патрабаваўся раней ад рабочага і спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Напрыклад, у любой галіне сёння прымяняюцца інфармацыйныя тэхналогіі.

Дзевяць ці ўсё ж адзінаццаць?

Па словах рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, сёлета каледжы ўкамплектаваліся моладдзю добра. Што датычыцца ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то прынята рашэнне падоўжыць у іх прыём. Па многіх спецыяльнасцях у прафесійных ліцэях, напрыклад, на цырульніка і повара, быў конкурс. А вось на спецыяльнасці, звязаныя з металаапрацоўкай і будаўніцтвам, набор ідзе вельмі складана. Але я ўпэўнены, што мы выканаем план. У той жа час лічу, што планку вышэйшай адукацыі трэба павышаць. Той, хто хоча атрымліваць вышэйшую адукацыю, павінен мець адпаведныя веды.
Адказваючы на пытанне, наколькі выгадна для прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўвядзенне больш жорсткага адбору ў старэйшыя класы, Аркадзь Шкляр прызнаўся, што зрабіць гэта будзе праблематычна:
— Я асабіста з'яўляюся прыхільнікам правядзення іспытаў пасля 9-га класа для тых, хто хацеў бы працягваць далей навучанне ў школе. Але мы пакуль гэтага не можам зрабіць, таму што вучэбныя праграмы, якія дзейнічаюць сёння ў школе, складзены так, што пасля заканчэння 9-га класа па матэматыцы, фізіцы і хіміі дзеці яшчэ шмат тэм не вывучалі, і ім патрабуецца навучанне па шэрагу прадметаў у 10-м і 11-м класах. Таму патрэбна абавязкова выканаць задачу, якую ставіць міністр адукацыі — каб пасля 9-га класа адукацыя была завершанай па асноўных прадметах. У гэтым выпадку мы забяспечылі б паступленне дзяцей у сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, а агульную сярэднюю адукацыю атрымлівалі б тыя, хто хоча яе атрымліваць. Важна зрабіць адукацыю пасля 9-га класа завершанай.
На думку Аркадзя Шкляра, вельмі важнае значэнне мае неперарыўнасць атрымання прафесійнай адукацыі: ПТВ — ССНУ— ВНУ. Каб у маладых людзей была магчымасць паступаць на больш высокую ступень на скарочаны тэрмін навучання.
— Ёсць вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія захавалі гэту традыцыю, праўда, ёсць і такія, што ад яе адмовіліся. Але гэта не павінна быць «капрызам» вышэйшай школы. Чалавек, які атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, павінен мець магчымасць за два-тры гады атрымаць добрую тэхнічную адукацыю ў ВНУ. На жаль, былі ўпушчаны некаторыя аспекты ў неперарыўнасці адукацыі, але не думаю, што гэта катастрофа.

Даеш рабочую арыстакратыю!

Аркадзь Шкляр паведаміў, што Беларусь плануе стаць удзельнікам WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) — унікальнай некамерцыйнай міжнароднай арганізацыі ведамстваў, устаноў і агенцтваў, адказных за развіццё прафесійнай адукацыі і навучання ў сваіх краінах. Арганізацыя была створана ў 1946 годзе. Місія WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl заключаецца ў павышэнні статусу і стандартаў прафесійных навыкаў і прафнавучання ва ўсім свеце. Асноўнай дзейнасцю WSІ з'яўляецца арганізацыя конкурсаў WоrldSkіlls кожныя два гады ў наступных шасці галінах: транспарт і лагістыка, будаўніцтва і тэхналогія будаўнічай вытворчасці, тэхналогія вытворчасці і тэхналогія машынабудавання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, выяўленчае мастацтва і мода, сацыяльна-бытавое абслугоўванне.
Кожная краіна можа выстаўляць аднаго канкурсанта ці каманду па кожнай прафесіі. Канкурсанты, якія праходзяць адбор на нацыянальным узроўні, могуць прымаць удзел у прафесійных спаборніцтвах толькі аднойчы. Дзейнічаюць таксама і ўзроставыя абмежаванні — — да 22 гадоў. Выключэнне зроблена ў дачыненні да кваліфікацый «кабельная сістэма», «інфармацыйныя сеткі», «мехатроніка», «тэхнічнае абслугоўванне і рамонт самалётаў», дзе ўзрост канкурсантаў не павінен перавышаць 25 гадоў. Канкурсанты з абмежаванымі магчымасцямі таксама могуць удзельнічаць у конкурсе, але ў той меры, наколькі іх абмежаванні не перашкаджаюць выкананню імі тэставых праектаў.
Сёння ўдзельнікамі WSІ з'яўляюцца 66 краін, у тым ліку Германія, Швецыя, Кітай, Вялікабрытанія, Канада, ЗША. У 2012 годзе членам арганізацыі стала Расія. Эксперты ўпэўнены: акрамя таго, што WоrldSkіlls актыўна папулярызуе рабочыя прафесіі, гэта самая хуткая і эфектыўная сістэма распаўсюджвання міжнародных прафесійных стандартаў і павышэння планкі нацыянальнай прафтэхадукацыі.
— Мы імкнёмся зрабіць рабочага больш адаптаваным да сучасных тэхналогій, а значыць — больш канкурэнтаздольным, фарміруючы сапраўдную рабочую арыстакратыю. Для ўдзельнікаў такіх конкурсаў гэта цудоўная магчымасць прэзентаваць свае навыкі і майстэрства ў міжнародным фармаце. Відавочна, што падрыхтоўка каманды для ўдзелу ў такіх спаборніцтвах — справа не менш сур'ёзная, чым падрыхтоўка алімпійцаў.

Прафтэхадукацыя для замежнікаў

Па словах Аркадзя Шкляра, прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Беларусі атрымліваюць зараз больш як 280 замежных грамадзянін з 15 краін свету, а сярэднюю спецыяльную — 768 замежных грамадзян з 27 краін.
— Нядаўна мы падрыхтавалі 30 нігерыйцаў. Яны выбралі Беларусь для атрымання рабочай кваліфікацыі газаэлектразваршчыка і аператара-штампоўшчыка, — расказаў дырэктар РІПА. — Тэндэнцыя росту колькасці іншаземных студэнтаў ёсць, але шмат што яшчэ для іх залучэння можна і трэба зрабіць. Нам неабходна правільна праводзіць маркетынгавыя даследаванні і пастаянна распаўсюджваць інфармацыю аб сваіх магчымасцях у сферы прафесійнага навучання. Але для гэтага патрэбны дылерскія структуры ва ўсіх краінах, дзе ёсць нашы інтарэсы. Гэта прыцягне сур'ёзны капітал у Беларусь.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».