Вы тут

Трынаццаты саміт


13 верасня 2013 года ў горадзе Бішкеку прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Гэты саміт стаў трынаццатым, і тое, што ён праводзіўся на тэрыторыі адной з самых маленькіх краін-удзельніц — Кыргызстана — не паўплывала на парадак дня і прынятыя рашэнні, многія з якіх былі дастаткова важнымі. У прыватнасці, быў ухвалены План дзеянняў на 2013—2017 гады па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб доўгатэрміновым добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве паміж дзяржавамі—членамі ШАС.

1379367543967_Kizima_new

Пазіцыя па Іране

Увагу сусветных СМІ прыцягнула першая сустрэча лідара Расіі з прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран Хасанам Рухані, якога нядаўна абралі на гэту пасаду. Варта адзначыць, што Рухані станоўча ацаніў намаганні Расіі па сірыйскім пытанні, выказаўшы надзею на тое, што ўдасца пазбегнуць новай вайны ў рэгіёне. У час саміту краіны — удзельніцы ШАС таксама выказалі заклапочанасць у сувязі з сітуацыяй вакол самога Ірана і яго ядзернай праграмы. Іх пазіцыя заключаецца ў тым, што пагрозы прымянення ваеннай сілы і аднабаковыя санкцыі асобных дзяржаў супраць гэтай краіны з'яўляюцца непрымальнымі. Развіццё падзей па канфрантацыйным сцэнарыі небяспечнае сур'ёзнымі і непрадказальнымі наступствамі як для ўсяго рэгіёна, так і для міжнароднага свету і бяспекі ў цэлым.

Афганскае пытанне

На сустрэчы Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Афганістан Хамідам Карзаем была агучана занепакоенасць расійскага боку магчымай нестабільнасцю ў сувязі з будучым вывадам кааліцыйных міжнародных сіл. Прэзідэнт Афганістана адзначыў, што па пытанні бяспекі ўзброеных сіл Афганістана краіна мае патрэбу ў дапамозе Расійскай Федэрацыі і просіць, каб Расія падтрымлівала і дапамагала Афганістану.
Цікава, што Хамід Карзай паведаміў, што адзін з ключавых кандыдатаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах у Афганістане знаходзіцца тут жа ў зале, і выказаў сваю ўпэўненасць у тым, што новы прэзідэнт Афганістана таксама будзе падтрымліваць стасункі з Расійскай Федэрацыяй. У дэкларацыі па выніках саміту прагучала: «Дзяржавы-члены выступаюць за пабудову ў Афганістане незалежнай, нейтральнай, мірнай, працвітаючай краіны, свабоднай ад тэрарызму і нарказлачыннасці».

Бяспека не за кошт іншых

Выказаліся на саміце і супраць паскоранага нарошчвання краінамі Захаду сістэм супрацьракетнай абароны (СРА). Дзяржавы-члены мяркуюць, што аднабаковае і неабмежаванае нарошчванне СРА адной дзяржавай або групай дзяржаў, без уліку інтарэсаў іншых краін, здольнае нанесці ўрон стратэгічнай стабільнасці і міжнароднай бяспецы. Члены ШАС настойваюць на тым, што звязаныя з гэтым праблемы неабходна ўрэгуляваць палітыка-дыпламатычнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых дзяржаў і перакананы, што немагчыма забяспечваць уласную бяспеку за кошт бяспекі іншых. Сапраўды, праграмы СРА Захаду здольныя разбалансаваць існуючыя сістэмы ядзернага стрымлівання, што можа выклікаць новую гонку ядзерных узбраенняў.

Эканамічны блок

На думку ўдзельнікаў мерапрыемства, нестабільнасць сусветнай эканомікі, якая захоўваецца, патрабуе сумесных эфектыўных дзеянняў дзяржаў — членаў ШАС у галіне эканамічнага супрацоўніцтва. На саміце гаварылася пра неабходнасць паскарэння рэалізацыі праектаў, якія забяспечваюць пашырэнне транспартна-камунікацыйных магчымасцяў рэгіёна, развіццё інфраструктуры, стварэнне міжнародных мультымадальных цэнтраў лагістыкі, гандлю і турызму, укараненне інавацыйных і энергазберагальных тэхналогій, у тым ліку з прыцягненнем патэнцыялу дзяржаў-назіральнікаў і партнёраў па дыялогу.
Паколькі Беларусь з'яўляецца адным з партнёраў па дыялогу гэтай арганізацыі, будзем спадзявацца на яе прыцягненне да такога кшталту праектаў. Улічваючы, што на саміце вялася гаворка і пра стварэнне Фонду развіцця (Спецыяльнага рахунку) ШАС і Банка развіцця ШАС, у перспектыве пад падобнага кшталту супрацоўніцтва можна будзе знайсці і фінансаванне.

Сяргей КІЗІМА
доктар палітычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».