Вы тут

Помнікі тваёй краіны


Навошта гарадам патрэбны помнікі выдатных асоб

Час ідзе. А помнікаў выдатным дзеячам Беларусі на вуліцах Мінска больш не становіцца... У гасцей, турыстаў, бізнесменаў складваецца, магчыма, памылковае уражанне, што Беларусь не толькі не мае адметных асоб, але і ўвогуле не мае сваёй уласнай гісторыі. Гэта, між іншым, адбіваецца і на іх стаўленні да беларусаў у свеце. Як бы вы паставіліся да чалавека, які не шануе памяці сваіх продкаў, не цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй краіны, не можа з захапленнем распавесці пра нейкіх знакавых асоб сваёй краіны? Калі вы маеце нейкія духоўныя патрэбы, вышэйшыя, чым стандартны набор турыста — бар, праменад, гатэль — то такі суразмоўца не выкліча ў вас асаблівага захаплення.

Некалі Зміцер Санько, галоўны рэдактар кніжнай серыі «Нашы славутыя землякі», у артыкуле «На прэстыжных месцах» («Культура», № 29 / 897 за 2009-07-18) пісаў: «Зразумела, што ў перспектыве ў Мінску мусяць паўстаць таксама помнікі каралю Міндоўгу, вялікім князям Вітаўту і Жыгімонту Старому, найвышэйшым гетманам Канстанціну Астрожскаму і Яну Каралю Хадкевічу, канцлерам Астафею Валовічу і Льву Сапегу, дзяржаўным дзеячам Тадэвушу Рэйтану і...». Тут варта спыніцца.

1379367662204_17-12

Тадэвуш Рэйтан

Можна заўважыць, што апошнім часам імя нацыянальнага героя Беларусі, дэпутата Сейма Рэчы Паспалітай ад Навагрудскага ваяводства ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, які імкнуўся сарваць Сейм і не дапусціць першага падзелу дзяржавы, паступова ўсё больш і больш прамалёўваецца на белым муры. Але да кардынальных зрухаў справа яшчэ не дайшла. Бо фактычна мы яшчэ толькі вырваліся з пялюшак бяспамяцтва...
І таму, зачапіўшыся за словы спадара Санько, як за поручні, мы можам ушанаваць годнага чалавека, шчырага патрыёта нашай зямлі Тадэвуша Рэйтана, як таго патрабуе гістарычная справядлівасць. І не толькі ў сталіцы краіны, але і ў Наваградку, Ляхавічах і, можа, у самой Грушаўцы, дзе знаходзіцца родавае котлішча Рэйтанаў і якая ўжо шмат гадоў патрабуе неадкладнага клопату.

Стаяў помнік...

Як вядома, помнік Тадэвушу Рэйтану ў Грушаўцы ўжо стаяў, 150 гадоў таму. Праўда, нядоўга...
У 1824 годзе ў Грушаўцы нарадзіўся хлопчык, які пры хрышчэнні атрымаў імя Стэфан Міхал Ян. Бацькам яго быў Дамінік Рэйтан (пляменнік Тадэвуша), падпалкоўнік напалеонаўскіх войскаў. Пакуль што пра лёс Стэфана вядома не шмат. Але гэта пытанне часу. Нас цяпер цікавіць перш за ўсё тое, што недзе напрыканцы 1850-х гг. Стэфан (мажліва, у год, калі нарадзіўся ягоны сын Юзаф Пётр Павал (1857), апошні з роду) замовіў скульптару Тэадору Закрэўскаму бюст Тадэвуша Рэйтана. Іншым — велічную каплічку-вежку. Амаль усе, хто згадваў помнік у сваіх артыкулах, пісалі, што ён некаторы час, магчыма, з 1860 г., стаяў у Грушаўцы, непадалёк ад старога сядзібнага будынка. Але напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 г. быў дэмантаваны, запакаваны ў скрыню і схаваны да лепшых часоў.
Стэфан у 1863 г. памёр. Было яму на той момант усяго 39-40 гадоў. Імя яго не згадваецца сярод тых, хто браў удзел у паўстанні, і нібыта не было з боку ўлады да Рэйтанаў прэтэнзій. Дык што здарылася? Быў ён паранены падчас нейкага невядомага бою поруч з Каліноўскім ці... памёр сваёй смерцю? Загадка. Але тое, што быў ён, як і ўсе Рэйтаны, патрыётам, не падлягае сумневу, інакш не наважыўся б замаўляць і ўсталёўваць у гонар свайго дзеда помнік. Таму, мажліва, калі памёр гаспадар, а на гаспадарцы застаўся ягоны сын, якому на той момант было 6-7 гадоў, помнік схавалі, каб не выклікаць залішняй увагі.
Але дзе ў той момант знаходзілася замоўленая Стэфанам прыгожая літая гатычная вежка вышынёй 10 метраў? Пра тое, што яна дайшла да Грушаўкі, што ў Грушаўцы стаяў помнік у поўным камплекце (як цяпер у Кракаве на Платанах), аўтары не згадваюць.
Нам ізноў пашанцавала. Не так даўно быў адшуканы артыкул з газеты 1864 г., у якім аўтар з захапленнем апісвае менавіта тую каласальных памераў вежку, якую любы ахвотны можа паспець паглядзець на фабрыцы РР. Еvаns, Lіlрор і Rаu (Варшава) перад адпраўкай яе ў Грушаўку. Аўтарам плана названы вядомы архітэктар Марконі. Яго ажыццявіў малады, але вядомы ў мастацкім асяродку будаўнік Хайнрых.
Гэтыя звесткі выклікаюць новыя пытанні. Ці была выслана вежка ў Грушаўку? Калі адказ станоўчы, ці злучылі ўсё ж такі на радзіме Тадэвуша бюст і вежку, як было прадугледжана праектам? Ці яе так і не адаслалі, а прыхавалі ў Варшаве? Думаю, калі распачаліся рэпрэсіі супраць паўстанцаў, калі жандары Мураўёва спрэс заставілі краіну шыбеніцамі, было зусім не да вежак ды помнікаў... Нават пробліскі патрыятызму людзі тушылі, каб хоць іх дзеці выжылі. Таму, верагодней за ўсё, вежка засталася ў Польшчы. Бюст схавалі на Літве (у Грушаўцы). Падзел адбыўся...
Праз 25 гадоў, калі апошні нашчадак мальтыйскага рыцара Яна, апошні носьбіт прозвішча Рэйтан пасталеў, калі ўлягліся жарсці, ён адшукаў добра схаваны бюст і вырашыў перадаць яго туды, дзе волі было трохі болей, дзе да таго захоўвалася велічная каплічка, якая важыла каля 6 тон. Таму Юзаф перадае бюст Тадэвуша недзе ў 1888 годзе Кракаўскаму магістрату. У
1889 г. помнік быў сабраны цалкам і ўсталяваны на скрыжаванні вуліц Баштовай, Дунаеўскага і Гарбарскай. Дакладнай датай афіцыйнага адкрыцця лічыцца чэрвень 1890 г. Устаноўка помніка не выклікала вялікага пярэпалаху, але пачуліся галасы крытыкаў, якім не спадабаўся занадта строгі выгляд вежкі, больш падобны да магільных каплічак.
Помнік выстаяў і Першую сусветную вайну, і Другую. Немцаў ён не зацікавіў. Але калі ўзімку 1946 г. моцны парыў ветру і магутная снегавая навала пашкодзілі яго, камуністычныя ўлады скарысталіся зручным момантам і прынялі помнік у сховішча.

Паляк? Не, ліцвін-беларус!

У 2007 г., на 750-ю гадавіну горада, Кракаў зноў убачыў помнік Тадэвушу Рэйтану. Праўда, гэта ўжо была копія, прычым наўмысна зробленая недакладнай. Недакладнасць тычыцца некаторых дэталяў бюста. Вежку аднавілі па ўзоры надмагілля Станіслава Лілпопа. Арыгінал бюста пасля рэстаўрацыі працягвае знаходзіцца ў Кракаўскім Нацыянальным музеі. Верагодна, там жа можна адшукаць і ўнікальную дакументацыю, старыя фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй стварэння помніка.
На жаль, быўшы ў Кракаве, мне не пашанцавала паглядзець на гэты велічны помнік нашаму суайчынніку, беларусу Рэйтану, які стаў культавай асобай у Польшчы, імя якога ведае кожны школьнік... Праўда, гэты школьнік ніколі, напэўна, не чуў з вуснаў настаўнікаў, што Рэйтан — ліцвін-беларус... Там ён — паляк.

Разбурэнне міфаў

Але вернемся да помніка. Ёсць на ім надпіс, які распавядае, калі ён быў усталяваны і каму прысвечаны. Усё добра, нават выдатна, за выключэннем аднаго. На помніку пазначаны год нараджэння — 1746. Гэта яшчэ не самы «страшны» варыянт, бо Генрык Грабоўскі (далёкі сваяк Рэйтанаў) паставіў у родавай капліцы мармуровую пліту ў гонар Тадэвуша з зусім фантастычнай лічбай — 1752 г. Цяжка сабе ўявіць, як у такой важнай справе, шмат разоў апісанай у розных даведніках, была дапушчана такая грубая памылка, якую паўтарылі і тыя, хто паставіў у 1993 г. каля грушаўскай капліцы памятны валун (1746), дадаўшы ад сябе, што Рэйтан бараніў «Рэч Паспаліту Польшчу»...
Агульнапрызнанай датай нараджэння Тадэвуша лічыцца 20 жніўня 1742 г. Месца нараджэння — Грушаўка. Прыйшоў час абвергнуць і гэты міф. Тадэвуш Рэйтан нарадзіўся задоўга да 20 жніўня, бо першы раз яго імя сустракаецца ў дакументах 20 ліпеня 1742 г. у сувязі з давяршэннем працэдуры хрышчэння. Часам паміж нараджэннем, першым хрышчэннем з адной вады і давяршэннем праходзіла некалькі месяцаў ці нават год. На падставе іншага дакумента можна зрабіць выснову, што нарадзіўся Тадэвуш у 1741 г. І, верагодней за ўсё, у Мінску, адкуль была яго маці, Тэрэза Валадковіч.

Магчымасць ушанавання

Мы маем нацыянальнага героя, вартага ўшанавання. Ведаем, што ён кроўна звязаны не толькі з Беларуссю, але і з Мінскам. Мы ведаем, што захаваўся помнік, які быў замоўлены на грошы грушаўскіх Рэйтанаў, які некалькі гадоў упрыгожваў сядзібны парк. Магчыма, варта было б распачаць перамовы з польскім бокам, каб на некаторы час узяць яго на дэпазіт, правезці па гарадах Беларусі і дамовіцца, каб нашы скульптары зрабілі з яго копію. Якую, у сваю чаргу, можна было б усталяваць недзе ў цэнтры Мінска, дзе і належыць быць ушанаваным герою такога рангу!

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.