Вы тут

«Чаму закінуты могілкі?»


Пад такім загалоўкам у нумары «Звязды» за 10 жніўня быў змешчаны ліст кіраўніка пошукавай групы «Следапыт» спадара Анатоля Марозава. У ім настаўнік гісторыі Свяцілавіцкага дзіцячага садка — сярэдняй школы распавядаў пра пешы паход (з дзецьмі) у вёску Вялікі Трылесін, пра наведванне помнікаў — памяці загінулых землякоў у самім Трылесіне і памяці 22 мірных жыхароў — родных мясцовых падпольшчыкаў...

На шляху якраз да гэтага помніка ў следапытаў, паводле ліста, і ўзніклі складанасці, бо да брацкіх могілак не аказалася сцежкі. Ды і цераз ручай дзеці змаглі перайсці толькі па хісткай кладцы...
А далей — болей: як пісаў настаўнік, не лепшае ўражанне засталося і ад брацкай магілы. Ну, па-першае (паводле ліста), досыць непрыгожы выгляд мае сам помнік; па-другое, добра было б пашырыць яго агароджу... Па-трэцяе, з чатырох шыльдаў з прозвішчамі расстраляных бацькоў, братоў і сёстраў падпольшчыкаў чытаецца толькі апошняя, па-чацвёртае, патрэбен хоць нейкі масток цераз ручай на шляху да гэтай брацкай магілы...
Як падалося, слушныя заўвагі — вартыя калі не таго, каб нешта зрабіць, то хоць бы вывучыць сітуацыю, прыняць рашэнні. Аднак...
На публікацыю, як і варта было чакаць (бо ёсць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў сродках масавай інфармацыі»), прыйшоў афіцыйны адказ з Бялыніцкага райвыканкама. Менавіта ў ім паведамляецца, што (пераклад з русскай мовы) «на тэрыторыі раёна размешчаны 122 воінскія пахаванні і 18 помнікаў воінскай славы»; што «згодна з Дзяржаўнай праграмай па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў на 2011-2015 гады ў раёне ў 2011-2012 гадах выдаткавана 22,5 млн рублёў, якія зрасходаваны на капітальны рамонт трох і бягучы рамонт 127 помнікаў»; што «у адпаведнасці з распараджэннем старшыні райвыканкама ад 10.08.2012 г. № 205-р добраўпарадкаванне і рамонт помнікаў вядуць замацаваныя арганізацыі»...
І нарэшце: «Брацкая магіла мірных жыхароў у вёсцы В.Трылесін знаходзіцца ў здавальняючым стане, рэгулярны догляд яе вядуць СПК «Кудзін» і ДУА «Бялыніцкая дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў». Замена дошак з імёнамі загінулых плануецца ў 2014 годзе».
З гэтага, апошняга абзаца, вынікае, што аўтар ліста ў рэдакцыю рацыю як быццам мае і... не мае адначасова. Гэта значыць, што прозвішчы на помніку не чытаюцца (раз плануецца замена дошак). Але ж помнік усё роўна «знаходзіцца ў здавальняючым стане»...
Пра сцежку да яго ў афіцыйным адказе згадак няма. Пра хісткую кладку — таксама, хоць для таго, каб зрабіць яе няхісткай, бяспечнай для пераходу, сродкаў, лічы, не трэба...
Засталася без увагі і яшчэ адна прапанова. Паводле ліста ў рэдакцыю, няма ніякага знака на тым месцы, дзе 2 верасня 1942 года на вачах усіх жыхароў Вялікага Трылесіна расстралялі іх землякоў.
Ніхто не казаў і тым больш не пісаў, што там павінен з'явіцца адмысловы помнік — дастаткова, магчыма, крыжа ці вялікага каменя... Для таго, у прыватнасці, каб настаўніку, краязнаўцу, некаму з нашчадкаў загінулых, ды што там — любому вяскоўцу было да чаго прыйсці, прывесці дзяцей ці сваіх гасцей, было што, расказваючы, паказаць...
Не хочацца паўтараць заўсёднае «гэта трэба не мёртвым...», але ж тут без яго, мусіць, не абысціся.

Валянціна ДОЎНАР.

Р.S. Да афіцыйнага адказу, што прыйшоў у рэдакцыю, далучаны здымак (зроблены, падобна, позняй восенню альбо ранняй вясной. Магчыма, нават гэтага года...), які пацвярджае, што помнік на брацкай магіле — калі ацэньваць яго, як веды ў школе — і сапраўды знаходзіцца ў «здавальняючым стане»
.
Р.Р.S. Згодна з арт. 18 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту. Рэдакцыя «Звязды», ну вядома ж, звярталася па-беларуску...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.