Вы тут

Учынкі фарміруюць аўтарытэт


Чатыры гады таму, калі Марына Бондар узначаліла Гомельскі абласны Савет дэпутатаў, яна правяла асабісты эксперымент. Каб адчуць, у якіх умовах працуе нізавое звяно прадстаўнічай улады — старшыня сельскага Савета, яна паспрабавала сябе ў гэтай ролі непасрэдна ў адным з раёнаў Гомельшчыны.

1379453795324_18-20

— Паколькі законам прадугледжана, што абласны Савет каардынуе дзейнасць ніжэйшых узроўняў, трэба было добра ведаць, чым старшыні сельскіх Саветаў займаюцца на месцах. Трэба было падняць статус і старшыні райсавета. Трэба было, каб на месцах разумелі не толькі адказнасць за сваю працу, але і яе ацэнку. У людзей абавязкова павінен быць стымул. Трэба не толькі сказаць, дзе што дрэнна робіцца, але і падказаць, як гэта выправіць. Сістэма, якую мы стварылі ў вобласці, я лічу, унікальная. Сёння ўсе структуры ўдзельнічаюць у вырашэнні агульных задач. Самае першае, што мы зрабілі, — абавязалі старшынь сельскіх Саветаў (сельвыканкамаў) прысутнічаць кожны панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Мне тады казалі, што гэта немэтазгодна, а я адказвала: такім чынам вырашаецца адразу некалькі задач.

Кіраўнік сельсавета адразу атрымлівае шмат інфармацыі наконт таго, як ідуць справы ва ўсім раёне. Інфармацыю ён будзе трансляваць на сваю тэрыторыю. Таксама ў раёне на апаратнай нарадзе знаходзяцца прадстаўнікі ўсіх структур. І гэта дае магчымасць непасрэдна сустрэцца з неабходнымі кіраўнікамі і вырашыць нейкія гаспадарчыя пытанні. Не менш важна і тое, што старшыня райвыканкама пытаецца ў кожнага старшыні сельскага Савета: якая сітуацыя на месцах? Гэта таксама павышае іх адказнасць, — бо адказваць жа даводзіцца прылюдна. Старшыня, калі ў яго ёсць пэўныя праблемы, называе іх. Пры гэтым ніводнаму кіраўніку не будзе прыемна, калі яго крытыкуюць на ўзроўні райвыканкама. Таму звычайна ўсе бягучыя пытанні вырашаюцца яшчэ да планёркі, загадзя. Але ж калі сітуацыя складаная, праблема ідзе ў пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама і паступова вырашаецца. У той жа панядзелак старшыня сельскага Савета ідзе на планёрку і да старшыні раённага Савета. І там яны таксама разам абмяркоўваюць праблемы, якія хвалююць людзей. Такім чынам выканаўчая і прадстаўнічая ўлады аказваюцца завязанымі. Разам з тым, старшыня сельскага Савета бачыць, як з нейкімі праблемамі спраўляюцца яго калегі, і вучыцца ў іх. Ідзе абмен вопытам. Калі старшыня сельскага Савета вяртаецца да сябе, ён таксама праводзіць планёрку на сваёй тэрыторыі.

— А ці не занадта шмат часу затрачваецца на планаванне?

— Але такім чынам мы прымусілі людзей працаваць, а тыя, хто не змог гэта рабіць, пайшлі. Насамрэч правесці планёрку не так проста. Трэба не толькі сабраць усіх кіраўнікоў, якія знаходзяцца на тваёй тэрыторыі: гаспадаркі, аб'ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, гандлю, прыватных структур... Павінна быць свая каманда, і з гэтымі людзьмі трэба працаваць, пераконваць іх, заахвочваць... На сваёй планёрнай нарадзе старшыня сельскага Савета інфарміруе пра тое, аб чым даведаўся ў раёне, і ставіць тыя задачы, якія трэба вырашыць непасрэдна на тэрыторыі. Да таго ж, складаецца пратакол — што кожны за тыдзень на сваім узроўні павінен зрабіць. Між іншым, сёння ў вёсцы ёсць шмат прадпрымальнікаў, якія з задавальненнем прымаюць удзел у жыцці свайго населенага пункта. Гэта людзі актыўныя, многія з іх выбраны дэпутатамі. Яны дапамагаюць трымаць у парадку сваю тэрыторыю. Між тым, старшынь сельсавета часта трэба вучыць, як працаваць.

— Якім чынам вы гэта робіце?

— Адзін раз на месяц я праводжу відэаканферэнцыю. Ва ўсіх райвыканкамах ёсць студыі. Усе 252 старшыні сельскіх Саветаў Гомельшчыны там прысутнічаюць і прымаюць удзел. Мы вызначаем важную на канкрэтны момант тэму. У Гомелі ў студыі знаходзяцца кіраўнікі галіновых абласных структур. Зразумела, ёсць заўсёды тыя, у каго ў пэўным напрамку назапашаны станоўчы вопыт, яны ім дзеляцца. У абавязковым парадку мы слухаем і тых, у каго нешта не атрымліваецца. Людзі вучацца гаварыць. Дарэчы, кожны ведае, што да яго асабіста могуць звярнуцца і спытаць.

— Марына Андрэеўна, ведаю, што сельсаветы праводзяць прэзентацыі для калег. У чым іх карысць?

— Такім чынам старшыня дэманструе сваю працу калегам, а назаўтра сам выступае экспертам іх работы. Адначасова з 5-га па 12-га кожныя два месяцы ў нас праходзіць 40 такіх прэзентацый. Напрыклад, Веткаўскі раён прымае старшынь Саветаў з Брагінскага і робіць справаздачу. А кіраўнікі сельсаветаў з Брагінскага не толькі вучацца, але і ставяць ім ацэнку за работу. Хто больш аб'ектыўна, чым калегі, ацэніць працу? На справе ўсе старшыні сельскіх Саветаў пабывалі ў іншых раёнах, перазнаёміліся, павучыліся, падзяліліся досведам... Гэтая схема дзейсная. Можна, безумоўна, праводзіць тэарэтычныя семінары, але ж куды больш карысна на практыцы вось так абменьвацца досведам.

— Кадры вырашаюць усё?

— Апрыёры, чалавек, які прэтэндуе на пасаду старшыні сельскага Савета, павінен мець вышэйшую адукацыю. Людзі прыходзяць адусюль і па-рознаму. І сёння многія адчулі сябе кіраўнікамі. За чатыры гады мы вырасцілі добрую каманду кіраўнікоў сельсаветаў. У кожным раёне ёсць свае «зоркі», ад стасункаў з якімі я атрымліваю сапраўднае задавальненне. Ёсць асобы, на якіх трэба раўняцца. Наша задача сёння — дапамагчы чалавеку раскрыцца, прафесійна і асобасна. Калі ён ведае, што ў яго ёсць падтрымка, ён і сам імкнецца лепш працаваць. Выраз «вертыкаль улады» — для нас не пусты гук. Яна існуе на справе.

— Аднак нябачная карпатлівая праца людзей, відаць, патрабуе і пэўных спосабаў заахвочвання...

— Так. Раней, калі мы падводзілі вынікі і вызначалі лепшых, у нас з 252 сельсаветаў было тры пераможцы. Цяпер колькасць намінантаў павялічылі да 18 — у трох групах (па колькасці насельніцтва). Першае месца — адно, два другіх і тры трэціх. Калі сёлета Савет удзельнічаў, можна заяўляцца і налета, але ж трэба будзе паказваць толькі працу, зробленую за апошні год. Такім чынам, сёння ў кожнага ёсць рэальны шанц стаць пераможцам конкурсу.

— Між іншым, сельсавет за перамогу атрымлівае каля Br100 мільёнаў...

— Так, і з іх старшыня можа 10% выдаткаваць на прэміраванне сваіх работнікаў. Значыць, ёсць і матэрыяльны стымул працаваць. Акрамя таго, у кожнага сельсавета цяпер ёсць шэфы: прадпрыемствы раёна. Мы не ставілі за мэту, каб дапамога была выключна матэрыяльная. Важна, каб шэфы казалі: «Гэта мая вёска» і прыязджалі на ўсе святы, размаўлялі з людзьмі, разумелі, чым яны жывуць... Здаецца, у старшынь сельсаветаў на Гомельшчыне склаліся добрыя адносіны з кіраўнікамі сваіх прадпрыемстваў-шэфаў.

— Марына Андрэеўна, добраўпарадкаванне ў раёнах Гомельшчыны адбываецца пад пільным наглядам мясцовых Саветаў...

— У нас праходзяць месячнікі добраўпарадкавання, і мы прэміруем тых, у каго добра арганізавана работа па навядзенні парадку на зямлі. У нас Br1млрд 700 млн было прызначана на заахвочванне сельсаветаў за гэтую працу. Насельніцтва паўсюль старэе, і паўсюдна ёсць такая праблема — старыя дамы, якія пакінулі жыхары. Наша задача — уцягнуць гэтую зямлю ў севазварот. Уся зямля, якая не выкарыстоўваецца грамадзянамі, павінна быць перададзена гаспадаркам. Летась мы ў гэтым кірунку засвоілі Br20 млрд. Сёлета ў бюджэце вобласці прадугледжана 13 млрд і яны ўжо практычна засвоены. Чым хутчэй мы вызвалім нашы вёскі ад такога непатрэбнага жылля, тым больш бяспечнымі будуць умовы пражывання людзей у гэтых населеных пунктах. Не заўсёды атрымліваецца гэтыя землі ўвесці ў севазварот, часта ў населеным пункце застаюцца ўчасткі, якія гаспадарцы браць нязручна — тэхніка не развернецца, каб апрацаваць зямлю. Некаторыя ўчасткі бяруць людзі, але ж далёка не ўсе. Ёсць цікавыя прыклады, калі гэтая зямля выкарыстоўваецца па-іншаму: ператвараецца ў зоны адпачынку, у дзіцячыя пляцоўкі...

— Грошай, якія выдаткоўваюцца з бюджэту на падтрыманне агульных патрэб, якія ёсць у жыхароў сельскай мясцовасці, заўсёды недастаткова. І таму кіраўнікі сельвыканкамаў пастаянна займаюцца арганізацыяй добраахвотнага збору сродкаў, які атрымаў назву «самаабкладанне». На Гомельшчыне гэтая работа вельмі актыўна праводзіцца...

— Мы пачалі актыўна займацца гэтай тэмай у 2011 годзе. Летась выйшлі на Br2,5 млрд, а сёлета за паўгода — на столькі ж. У межах вобласці, можа, гэта і невялікая сума, але ж пры гэтым кожны чалавек прымае ўдзел у вырашэнні праблем сваёй тэрыторыі. Я прапанавала ўсім дэпутатам паказаць прыклад — прыняць удзел у гэтай справе і пералічыць 50-100 тысяч рублёў на добрыя справы. Летась у кожным раёне дэпутаты райсавета свае сродкі на самаабкладанне накіравалі на абсталяванне дзіцячай пляцоўкі ў канкрэтных населеных пунктах... Безумоўна, проста так грошы ніхто не аддасць, гэта дадатковая работа з насельніцтвам: мусім растлумачыць людзям, што бясплатна сёння нічога не будзе, трэба ўкладаць асабістыя сродкі, каб тэрыторыя развівалася. Паступова свядомасць мяняецца ў лепшы бок. Самы просты спосаб падштурхнуць людзей да самаабкладання — гэта прыводзіць у парадак месцы пахавання, нашы святыя месцы. Грамадзяне павінны самі добраўпарадкоўваць могілкі.

— Сёння шмат гаворыцца пра замацаванне кадраў у сельскай мясцовасці. Але ж пражыванне ў вёсцы павінна быць не толькі эканамічна выгадным. Чалавеку павінна быць цікава жыць, ці не так?

— Каб было цікава, кашалёк павінен быць поўным. Таму самае галоўнае — развіццё эканомікі, у тым ліку сельскай гаспадаркі, каб заробак у людзей быў добрым. Наша задача — даць чалавеку магчымасць зарабляць. Таму сёння так актыўна вядзецца будаўніцтва сельскагаспадарчых аб'ектаў. Кіраўнік сельсавета абавязкова павінен цікавіцца ўмовамі работы людзей: ці працуе душ, ці ёсць пакой для прыёму ежы... Не лішнім будзе ведаць і сямейныя праблемы. Аўтарытэт улады фарміруецца ўменнем адказваць на пытанні людзей учынкамі. Калі ёсць грошы ў гаспадаркі, будуць і добрыя сацыяльныя пакеты для працаўнікоў. Чым вышэйшы заробак, тым вышэйшы падаходны падатак. Тым больш сродкаў у мясцовым бюджэце, якія могуць быць накіраваны на развіццё тэрыторый. Акрамя таго, старшыня Савета працуе з людзьмі па развіцці прыватнага бізнесу. Ведае, хто на што здольны, якія напрамкі трэба развіваць. Тое ж самае — па развіцці турыстычнага бізнесу, аграсядзіб, уцягненні будынкаў, якія пустуюць, у вытворчасць... Старшыня Савета — тое звяно, якое звязвае людзей з раённымі ўладамі. З жыллём сёння на вёсцы праблем няма. Аграгарадкі стварылі — інфраструктура ўся ёсць. Але чалавеку неабходна, калі ён вяртаецца з працы дадому, каб яго жыццё было змястоўным. І таму не менш важна, каб чалавек мог развівацца творча. Мы сёння актыўна залучаем моладзь да работы ва ўладзе. Ёсць вельмі цікавыя маладыя людзі — усіх іх трэба прыцягнуць да нейкіх формаў актыўнай дзейнасці. Мне падабаецца, як у нас праводзіцца конкурс «Уладар сяла». У ім прымаюць удзел сем'ямі. У кожным сельсавеце ёсць некалькіх спартыўных камандаў. А колькі балельшчыкаў прыходзіць на такія вясковыя спаборніцтвы! Кожны паказвае тое, што ўмее: рамёствы, мастацкую самадзейнасць... На святах гарадоў кожны сельсавет стварае свой падворак. Хто спявае, хто танцуе, хто пірагі пячэ. Нават працэс падрыхтоўкі да такога свята аб'ядноўвае людзей. Такім чынам роля сельскіх Саветаў на гэтым этапе толькі ўзрастае. А наша задача — так ім дапамагаць, каб яны далей рухаліся, каб у іх заўсёды быў настрой нешта добрае рабіць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?