Вы тут

Эканамікс


У пошуках інавацыйных праектаў

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі аб'яўляе аб правядзенні адкрытага конкурснага адбору і экспертызы інавацыйных праектаў, навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ для іх фінансавання за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Дзяржкаммаёмасці ў 2014 годзе, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе камітэта.

Арыенціровачны аб'ём фінансавання праектаў (работ) за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Дзяржкаммаёмасці ў наступным годзе складае 2,461 млрд рублёў.
Для ўдзелу ў конкурсным адборы ўдзельнікі павінны сёлета да 1 кастрычніка падаць у Дзяржкаммаёмасць адпаведны пакет дакументаў, у тым ліку абгрунтаванне эфектыўнасці выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду (прагназаваны сацыяльны і (або) эканамічны эфект, што будзе дасягнуты ў выніку рэалізацыі праекта (работы), наменклатура новай прадукцыі, аб'ём экспарту вырабленай прадукцыі, колькасць створаных новых працоўных месцаў) і інш.

Да ўдзелу ў адкрытым конкурсным адборы і экспертызе праектаў для іх фінансавання за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Дзяржкаммаёмасці запрашаюцца падначаленыя арганізацыі сістэмы Дзяржкаммаёмасці, а таксама навуковыя, праектныя, канструктарскія і іншыя арганізацыі, незалежна ад падпарадкаванасці, якія могуць праводзіць навуковыя даследаванні і работы па асваенні, укараненні ў вытворчасці навуковай прадукцыі.

Сяргей КУРКАЧ.

Пра даўгі паведамяць «лісты шчасця»

«Лістамі шчасця» ў Магілёўскім цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэм называюць паведамленні, якія дасылаюцца на працу даўжнікам за жыллёва-камунальныя паслугі. Гэты спосаб барацьбы з запазычанасцямі прыносіць шчасце бюджэту: толькі за жнівень удалося такім чынам спагнаць з неплацельшчыкаў 50 мільёнаў рублёў.

За мінулы месяц спецыялісты цэнтра ўжо накіравалі сотню хадайніцтваў кіраўнікам арганізацый і ўстаноў, дзе працуюць неплацельшчыкі. У большасці выпадкаў людзі хаця б часткова гасяць свае запазычанасці. Вядома, многім людзям, якія маюць запазычанасці за кватэру, непрыемна, калі пра іх праблемы даведваюцца начальства і калегі на працы. Аднак часам здараецца і так, што кіраўнік прадпрыемства аказвае супрацоўніку матэрыяльную дапамогу, калі ён апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.

У цэнтры ж папярэджваюць, што спецыялісты цэнтра могуць адправіць «ліст шчасця» на працу чалавеку, калі ён не плаціць нават некалькі месяцаў. Звычайна гэта адбываецца пасля двух-трох месяцаў, таму што з вопыту працы ведаюць: калі доўг перарос за 4-5 месяцаў, то гэтую вельмі прыстойную суму, якая назапасілася, выплаціць будзе няпроста. Таму магілёўцаў, асабліва напярэдадні ацяпляльнага сезона, яшчэ раз настойліва просяць плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі своечасова.

Ілона ІВАНОВА.

Выдаў прэмію і загадаў падзяліцца

За спробу незаконнага атрымання 40 млн рублёў супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў затрымалі генеральнага дырэктара ААТ «Крычаўцэментнашыфер».

Як паведамляюць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, кіраўнік прадпрыемства спачатку сам падпісаў загад аб прэміраванні работнікаў «за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў па выніках працы за першае паўгоддзе 2013 года». Далей ён загадаў аднаму з супрацоўнікаў сабраць з прэміраваных пэўную суму. У момант перадачы сабранай «прэміі» ў памеры 40 млн рублёў службовая асоба была затрымана і змешчана ў следчы ізалятар г. Магілёва.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».