Вы тут

Валерый Малашка: «Мода на кнігі вяртаецца»


Сёлета да культурнага жыцця Магілёўскай вобласці прыцягнута ўвага ўсёй краіны. Магілёў атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі і СНД, Быхаў прымаў Дзень беларускага пісьменства, а цяпер вобласць рыхтуецца да фестывалю «Залаты шлягер». Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыем Малашкам пра актуальныя з'явы ў сферы культуры рэгіёна.

1379626685915_20-15

Мост паміж пакаленнямі

— Валерый Анатольевіч, ці вытрымлівае Магілёўшчына своеасаблівы культурны экзамен?

— Мне здаецца, што недзе можна было б зрабіць крыху лепш і больш, але ўвогуле я задаволены і аб'ёмам мерапрыемстваў, іх палітрай, і вынікам. Магчыма, што са званнем культурнай сталіцы мы ў Магілёве ўзялі на сябе больш, чым былі гатовы. Але разам з тым гэты статус дазволіў нам мабілізаваць усе рэсурсы. І я адчуваю інтарэс да культурных падзей, якія адбываюцца ў рэгіёне. Хаця б па актыўным продажы квіткоў на канцэрты «Залатога шлягера».

— «Залаты шлягер» калісьці прыдумалі на хвалі настальгіі да старых часоў і музыкі, але цяпер, здаецца, настрой у грамадстве іншы. Як вы думаеце?

— Фестываль патрэбен, таму што ў кожнага пакалення ёсць свая музыка. Маладыя і старыя людзі жывуць сваімі песнямі, пад якія на выпускной вечарыне закахаліся першы раз. Ідэя «Залатога шлягера» — у яднанні пакаленняў. На фестывальны канцэрт можна пайсці разам са сваімі бацькамі. Гэта нібыта пляцоўка для абмену пачуццямі.

— Бачу і ў вас на стале квіткі... На які канцэрт пойдзеце?

— На Юрыя Антонава. І няхай моладзь кажа, што ад мяне тхне нафталінам, але я хачу Антонава пачуць — жыўцом. Ён гучаў на маім першым магнітафоне, які бацькі падарылі на дзень нараджэння. Гэта ўсё маё юнацтва, вячоркі на кватэры ў сяброў, настальгія...

— Настальгія каштуе не танна. Кошт квіткоў заяўлены ад 100 да 900 тысяч рублёў.

— Што ж, трэба адзначыць, што ўзровень «зорак» патрабуе пэўных выдаткаў. Бюджэт узяў на сябе іх частку, але мы таксама працуем і са спонсарамі. Будзем яшчэ сёлета развіваць валанцёрства сярод студэнцкай моладзі. У нас ёсць зацікаўленыя дзяўчаты і хлопцы, якія гатовы ў свой вольны час надзець майку з лагатыпам «Залатога шлягера» і працаваць. Гэта пэўная вучоба ў зносінах розных пакаленняў. Мне думаецца, што гэты фестываль — не проста сыход у сваё юнацтва, але мост для перадачы таго добрага, што было раней.

Тэатральны пазітыў

— Якія з сёлетніх культурных падзей вам асабіста бліжэйшыя і цікавейшыя?

— Ёсць такія мерапрыемствы, над якімі я працую з большым натхненнем. З-за таго, што падобнае ніхто не робіць, а мы абавязаны і будзем, каб рухаць культуру ў масы. Напрыклад, тэатральны форум «М.@рт.кантакт»

. Нам удалося наблізіцца да таго, што сапраўды цікава гледачу, бо любы спектакль на сцэне магілёўскага форуму заўсёды выклікае добрую дыскусію.

— Вы захоплены тэатрам, так?

— Не ўсім, але добрым наватарскім тэатрам. Вы памятаеце, як у дзяцінстве нас прывучалі да тэатра? Бацькі набывалі білет, прыводзілі на месца і на некалькі гадзін кідалі сам-насам з «Трыма сёстрамі». Шчыра кажучы, школьнікам такі спектакль быў не вельмі зразумелым — тым больш у класічным прачытанні.

Тэатр павінен мяняцца — разам з усім светам, які развіваецца. Вядома, «тры сястры» не павінны ператварыцца ў... ну скажам, вельмі экзатычных асоб, як гэта робяць некаторыя тэатры ў адчайных спробах прыцягнуць гледачоў у залы... Даруй нам, Чэхаў!

Але разам з тым, цяпер зусім іншая дынаміка жыцця і ўспрымання маладымі людзьмі навакольнага свету. Таму тэатру сёння выпадае знайсці новыя формы, можа нават і віртуальныя. І «М.@рт.кантакт» я люблю за тое, што пераважная большасць тэатраў, якія прывозяць свае спектаклі, не проста выкарыстоўваюць тэхнічныя навінкі, а выяўляюць пазітыўныя крэатыўныя ідэі, якія дазваляюць прыцягнуць маладых людзей да тэатральнага мастацтва.

Беларуская сага

— Дзень пісьменства ў Быхаве прайшоў, гэта было грандыёзнае свята. Але я памятаю, як вы казалі, што хацелі б пабачыць на ім новыя беларускія кнігі. Удалося?

— Шчыра кажучы, я тут трохі расчараваны. Так, я ўбачыў новыя вялікія альбомы. Добра, што мы выдалі Баркулабаўскі летапіс: гэта вялікая справа, якую ацэняць нашчадкі. Але я мала пабачыў свежай беларускай літаратуры, якая была б цікавая масаваму чытачу. І таму прарывам палічыў запрашэнне ў Быхаў Наталлі Батраковай. Да яе творчасці можна ставіцца па-рознаму, але факт у тым, што яна, беларускі празаік і паэтка, з'яўляецца адным з аўтараў, што найбольш прадаюцца за межамі Беларусі. (Інтэрв'ю з Наталляй Батраковай чытайце ў адным з наступных выпускаў «Звязды». — Аўт.)

— Вам самому падабаюцца яе творы?

— Ведаеце, я лічу, што нам сёння не хапае «Маскоўскай сагі» Аксёнава, толькі на свой беларускі лад. Каб у чарговы раз зразумець: хто мы і адкуль прыйшлі ў цяперашні час. У нас з вамі «белыя плямы» ў радаводах. Хто былі нашы папярэднікі?

Аднойчы майму сыну ў школе далі заданне намаляваць генеалагічнае дрэва. Вядома, ён сказаў пра гэта ў апошні вечар, і рабілі мы дрэва да 5 гадзін раніцы. Паднялі па тэлефоне бабуль і дзядуляў на тэрыторыі ўсяго былога СССР і нават за яго межамі. У нас быў стымул, і мы дакапаліся аж да ХVІІ стагоддзя.

Перш чым зразумець гісторыю краіны, трэба пазнаць гісторыю сваёй сям'і. Патрэбны такія літаратурныя творы, якія дапамагаюць гэта зрабіць. І каб у іх было усё: рамантыка, драма, патрыятызм.

— І Наталля Батракова, на ваш погляд, піша такія кнігі?

— Яна спрабуе не проста развязаць сюжэт пра каханне студэнтаў у беларускім горадзе... Хоць і гэта было б цікава. Мы неяк саромеемся, але пасля Івана Шамякіна я не бачу папулярных беларускіх пісьменнікаў, якія пісалі б пра каханне ды яшчэ і развівалі свае гісторыі ў Беларусі пры розных гістарычных эпохах, што ўплываюць на падзеі і людзей. Вось, думаю, у Батраковай якраз гэта і атрымліваецца.

Творчая правінцыя

— А калі яшчэ раз вярнуцца да Быхава, то ўсё ж ці атрымалася юбілейнае свята пісьменства?

— Што задумалі, тое атрымалася. Хоць і магло здацца, што святочная хваля пералілася праз асноўную тэму, але сур'ёзных мерапрыемстваў таксама хапала — напрыклад, вялікі літаратурны «круглы стол». Карацей, і пісьменнікі сустрэліся, і народ парадаваўся.

Спадзяюся, што кожны знайшоў на свяце сваё. Толькі нядаўна мне расказвалі, як вітала публіка ў Быхаве выступленне Краснапольскага народнага тэатра. Дарэчы, на сцэну ў гэтым аматарскім калектыве калісьці выходзіла і мая маці. Так што любоў да тэатра — усё ж сямейная рыса.

І яшчэ я вельмі рады, што нам удалося падцягнуць сацыяльную базу Быхава і аб'екты сферы культуры, лічу гэта вялікай перамогай.

— Матэрыяльнае добраўпарадкаванне ў Быхаве перарасце ў духоўныя здабыткі?

— Абавязкова. У мяне вялікія надзеі, што раённы цэнтр вернецца на глебу інтэлектуальную і інтэлігентную, калі можна так сказаць. Быхаўчанам трэба глядзець наперад, у старыя сцены ўдыхнуць новыя тэхналогіі. Так, напрыклад, атрымалася з кінатэатрам «Радзіма» і з раённым цэнтрам культуры. Цяпер там такія залы, святло і акустыка, што туды можна везці і канцэрты «Залатога шлягера», і спектаклі «М.@рт.кантакта», ды што хочаце. І ад гэтага людзі зажывуць па-іншаму, атрымаюць другое дыханне.

— Які плён будзе ад гэтага?

— Большасць творчых талентаў выхоўваюцца ў глыбінцы, а ўжо потым шліфуюцца ў Магілёве і Мінску. Нездарма кіраўнік нашага аркестра народных інструментаў Мікалай Алданаў час ад часу ездзіць у глыбінку шукаць новых «зорак» і прывозіць з раёнаў не менш за дзясятак дзяўчат і хлопчыкаў, якія маюць выдатную творчую перспектыву.

Простая ветлівасць

— Нездарма кажуць, што культурная сталіца — гэта не толькі мерапрыемствы, але аблічча горада і паводзіны яго жыхароў. Як вы лічыце, наколькі мы, жыхары сёлетняй культурнай сталіцы, самі з'яўляемся культурнымі людзьмі?

— Я найперш скажу, што мы саромеемся паказаць сябе культурнымі і інтэлігентнымі людзьмі. Таму што ў нашым грамадстве знікла звычка казаць ветлівыя словы: дзякуй, калі ласка, удзячны вам, дазвольце, прабачце і гэтак далей. Такое маё назіранне: зварот на «вы» сыходзіць у нябыт, на вялікі жаль.

— У лепшым выпадку «жанчынкай» у краме ласкава назавуць... Так, ветлівасць стала нібыта нямоднай і нават недарэчнай.

— На нядаўняй сустрэчы Васіля Ланавога з магілёўцамі я атрымаў не толькі асалоду ад чытання ім вершаў і фрагментаў спектакляў, колькі заслухаўся той мовай, гутаркай, якая лілася са сцэны, калі ён расказваў пра сябе, калег і жыццё. На жаль, такую гутарку мы і губляем. І нават не важна, на якой мове — рускай альбо беларускай.
Справа ў тым, што за нашым маўленнем фарміруюцца паводзіны. Простыя ветлівыя словы могуць паўплываць на наша жыццё. Здаецца, што калі б вярнуўся такі стыль зносінаў, то зніклі б недакуркі і смецце на прыпынках, а людзі перасталі б лаяцца нецэнзурна і, прабачце, плявацца. Хаця вакол мяне, дзякуй Богу, яшчэ шмат сапраўдных культурных людзей. Значыць, яшчэ не ўсё страчана, праўда? Мы павінны не прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя, а мадэрнізаваць саміх сябе ў культурным сэнсе.

Розныя светапогляды

— Вы ўрач па адукацыі і прафесіі, чыноўнік па пасадзе, але вам даводзіцца цесна кантактаваць з творчымі людзьмі ў сферы культуры. Чаму вас гэта навучыла?

— Урачэбная спецыяльнасць таксама дастаткова творчая, і мастацтва лячэння мае на ўвазе актыўную прысутнасць у культуры. Яшчэ студэнтам я актыўна наведваў і тэатры, і рокавыя канцэрты. Я таксама люблю эстраду і жывапіс, прычым не толькі рэалістычны. Мне падабаюцца мастацкія эксперыменты. Пакуль толькі да інсталяцый стаўлюся «з падазрэннем»: калі са смецця ствараецца штосьці, ёсць у гэтым нешта містычнае, але я пакуль не ўспрымаю гэта як уласна мастацтва.

Праца ў сферы культуры навучыла мяне ўспрымаць усё, але прымаць не ўсё. Тут ёсць розніца. Цяпер я разумею, што, перш чым зрабіць выснову і сказаць пра яе ўголас, трэба памаўчаць, добра памеркаваць і асэнсаваць. Як прыклад — арт-праект «Zаbоr», дзе шмат спрэчнага, але людзі яго ўбачылі і ўспрынялі...

— Хаця некаторыя карціны замалявалі хуліганы, а нядаўна яшчэ і скінулі на зямлю?

— Гэта, безумоўна, вельмі дрэнна. Але праект усё ж адбыўся, нягледзячы на крытыку. І мне падабаецца, што мы пачынаем асцярожна ўводзіць у жыццё гэтую, так бы мовіць, рознасць. Свет сёння сапраўды вельмі розны. І няхай людзі разумеюць гэта і імкнуцца паважаць іншы светапогляд.

Кавярня ў электроннай бібліятэцы

— Чаму, на ваш погляд, сёння культура ўспрымаецца часцей як народныя песні пад чарку і скварку? Бо менавіта так у асноўным выглядаюць сёння святы.

— Ну так, атрымліваецца, што гэта імкненне задзейнічаць усе рэфлексы — і харчовы, і моўны, і прытупнуць з выканаўцам песні. Зразумела, што мы імкнёмся паказваць наш фальклор — гэта побач і прасцей.

Я пагаджуся, што ў нас усё ж такі мала камерных культурных мерапрыемстваў. Любое з іх патрабуе глыбокай сур'ёзнай прапрацоўкі, і не заўсёды яно знаходзіць разуменне шырокіх мас. Ёсць масавае мастацтва і масавы інтарэс, а ёсць іншае, і кожны выбірае сам.

— Куды ж рухаецца наша культура?

— Культура развіваецца. Што дасталася нашай дзяржаве пасля развалу Савецкага Саюза? Музеі меў нават не кожны раённы цэнтр, а фонды былі запоўнены тым, што аддалі з Масквы і Ленінграда, ды выпадковымі знаходкамі. Цяпер жа з'явіліся парасткі культуры, якія будуць каштоўныя для наступных пакаленняў. У нас фарміруюцца культурныя цэнтры з музеямі і бібліятэкамі. І дарэчы, сёння ўжо бібліятэкі як сховішчы кніг не цікавыя. Час ідзе і патрабуе новых ідэяў.

— Цікава, якія ідэі вам падаюцца слушнымі для развіцця бібліятэк?

— Яны павінны стаць іншымі. Аматары чытання паступова пераходзяць да электронных кніжак, таму што з імі проста і даступна. Нават людзі старэйшага пакалення прызнаюць, што калі ўнук спампаваў тэкст, то ў электроннай кніжцы можна выбраць прыдатны шрыфт і фармат. Таму бібліятэкі павінны станавіцца цэнтрамі культуры і інфармацыі. Ад кавярняў для зносін пажылых людзей да гуртка для аматараў вышывання і агароднай справы.

Моднае чытанне

— Мы летась шмат размаўлялі пра кнігі, у тым ліку і з вамі. Валерый Анатольевіч, скажыце шчыра, вы верыце, што мода на кнігі і чытанне вернецца?

— Яна ўжо вяртаецца. Няма сумненняў.

— А ў мяне сумненні ёсць. Дзеці, моладзь мала чытаюць.

— Я калісьці казаў, што я ўдзячны Гары Потэру, што ён пасадзіў майго сына за кнігу. А цяпер яму 22 гады, і ён шмат чытае — ужо ў электроннай кніжцы. Сюжэты мінулых стагоддзяў не старэюць, Шэкспір актуальны і ў наш час.

— А што вы прачыталі апошнім часам такое, што зрабіла на вас уражанне?

— У вялікім кніжным «кактэйлі» падчас апошняга водпуску я вылучыў «Дзяўчыну з татуіроўкай дракона». Я «прайшоў» усю трылогію Сціга Ларсана, і гэта было добрае чытанне.

Я хачу таксама адзначыць цыкл тэлеперадач з пісьменніцай Вікторыяй Токаравай. Была размова пра ўсё: пра яе, пра творчасць, пра людзей побач. Я не адыходзіў ад тэлевізара, так было цікава. Таму, думаю, пісьменнікам трэба сапраўды болей сустракацца са сваімі чытачамі. І не толькі з экрана.

— Хутка распачнецца новая вялікая падпісная кампанія на 2014 год. Якія вашы прагнозы на гэты конт?

— Узровень гэтага года павінен захавацца. Беларускамоўная «Звязда» заняла сваю нішу шчыльна: газета захавала твар, калектыў, творчае ядро. Хоць мне хочацца, каб «Звязда» адышла ад, умоўна кажучы, праблематыкі заводаў і фабрык. Я больш чакаю культурнага каларыту — нацыянальнага, гістарычнага, духоўнага. У такой газеце павінна быць усё лепшае, што ёсць у нашым культурным жыцці. Можа, гэта прагучыць рамантычна, але хочацца разумення, што мы — беларусы ў гэтым свеце.

— Якія пажаданні чытачам «Звязды»?

— Любіць слова, любіць сваю краіну. Толькі з такімі пачуццямі мы здолеем супрацьстаяць агрэсіі некультуры і нелюбові. І будзем добра жыць далей.

Гутарыла Ілона ІВАНОВА.
Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?