Вы тут

ІНШАЕ МАСТАЦТВА


Навошта ўдзельнічаць у міжнародных арт-мерапрыемствах

Акурат у гэтыя дні ў Маскве адбываюцца дзве вельмі важныя міжнародныя арт-падзеі, у якіх бяруць удзел і беларускія мастакі. На V Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва будзе прадстаўлены беларускі павільён пад куратарствам Наталлі Шаранговіч і Міхаіла Баразны (ініцыятар — Міністэрства культуры, спонсар — «Пріорбанк»). Праект называецца «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу», і ўдзельнічаюць у ім скульптар Канстанцін Селіханаў і фотамастак Андрэй Шчукін.

Удзел Беларусі ў гэтай біенале — дзяржаўная ініцыятыва.

1379751573143_1

Ёсць і яшчэ адна ініцыятыва — прыватная. Мінская галерэя сучаснага мастацтва «Ў» гэтымі днямі ўдзельнічае ў адным з найбуйнейшых міжнародных мастацкіх кірмашоў «АРТ-Масква», які сёлета праходзіць у новым фармаце і збірае мастацкія галерэі з усяго свету. Галерэя «Ў» была выбрана экспертнай радай для ўдзелу ў кірмашы. Яна прадстаўляе там беларускіх мастакоў Міхаіла Гуліна, Аляксея Лунёва, Сяргея Шабохіна, Антаніну Слабодчыкаву, А.Р.Ч. і Максіма Тымінько.

1379751576529_2

Сёння як з боку прыватных галерэй і мастакоў асабіста, так і з боку Міністэрства культуры, пытання ўдзельнічаць ці не ўдзельнічаць у міжнародных арт-івэнтах не стаіць. Галоўнае пытанне — чаму аддаць перавагу? Таму што ў 2013 годзе адбываецца, напрыклад, яшчэ і Венецыянская біенале.

Праўда, усведамленне таго, што «засвяціцца» на сусветнай мастацкай арэне вельмі важна, прыходзіла да нашых чыноўнікаў доўга і пакутліва. Прынцып «паспрабуй сам за свае грошы, а калі нам спадабаецца, то мы наступны раз, магчыма, прафінансуем», амаль стаадсоткава спрацоўвае ў дачыненні да беларускага мастацтва і так званага айчыннага арт-рынку. Але зрухі ёсць.

Дык навошта ж усё-ткі Беларусі патрэбны такія мерапрыемствы, якое яно, сучаснае беларускае мастацтва і што яно можа даць свету, разважаем разам з нашымі мастакамі, галерыстамі і куратарамі.

КОД НЕВЯДОМЫ

Гэта раней, калі мастакі былі альбо невядомыя, альбо недасяжныя для камунікацыі, глядач мусіў сам разважаць, думаць... Сёння, калі ўсе «на сувязі», гледача больш рэальна прывабіць і зацікавіць, калі мастак сам яму раскажа, што ён хацеў сказаць сваёй працай, якіх палітычных поглядаў ён прытрымліваецца і якое эсэ ці артыкул Умбэрта Эка (напрыклад) натхнілі яго на тую ці іншую арт-дзею. А калі мастак яшчэ і пра сваё асабістае жыццё, досвед нешта раскажа, то тут ужо і цаны яму няма, армія прыхільнікаў проста забяспечана. А калі ў дадатак да ўсяго ён будзе весці актыўнае жыццё ў сацыяльных сетках, выкладваць фоткі з майстэрні ды арт-вандровак, каментаваць і «лайкаць» пасты сваіх віртуальных сяброў, то свет, можна лічыць, ён ужо заваяваў.

Сюды ж можна дадаць і асабістыя кантакты. Сёння, як, зрэшты, і заўжды, на іх трымаецца ўсё. І любы міжнародны фестываль, рынак, конкурс — цудоўная магчымасць завесці трывалае знаёмства з нейкімі ўплывовымі людзьмі, якія ў будучыні могуць альбо купіць тваю карціну, альбо дапамагчы з арэндай памяшкання і выданнем альбома, альбо проста стануць тваімі аднадумцамі, і вы зробіце разам шмат цікавых праектаў. У гэтым сэнсе свет мастацтва, можа быць, яшчэ больш драпежны, чым свет бізнесу. Альбо, кажучы іншымі словамі, сёння мастацтва і ёсць у пэўным сэнсе бізнес. І любыя выставы, кірмашы, фестывалі — гэта таксама частка гэтага бізнесу. Без іх, без кантактаў і знаёмстваў, якім яны спрыяюць, мастаку вельмі цяжка замацавацца на арт-рынку і наогул выжыць. Але шлях у кожнага свой. А код да яго невядомы.

БЕЛАРУСЫ НА V МАСКОЎСКАЙ БІЕНАЛЕ

Шлях беларусаў на Маскоўскую біенале быў пакручасты і доўгі. Нягледзячы на тое, што гэтае мерапрыемства яшчэ такое маладое, яно паспела ўжо стаць прэстыжным і ўдзельнічаць у ім варта, каб заявіць пра сябе на тэрыторыі галоўнага горада былога Савецкага Саюза.

— Гэта постсавецкая прастора, таму калі мы недзе і можам быць зразуметымі, то там, — лічыць скульптар Канстанцін СЕЛІХАНАЎ, — Тым больш што сама тэма сёлетняй біенале «Прастора і час» прымушае паразважаць пра наша мінулае, у тым ліку і савецкае. Мы ўсе выйшлі з агульнага часу. У мяне, прынамсі, пра гэта працы...

Галоўнай скульптурай Селіханава ў гэтым праекце, які вырас з выставы «Адзін і многія», з'яўляецца скульптура «Чарга». Гэта метафара на сучаснае матэрыяльнае жыццё. Людзі ўсе стаяць адзін за адным у ланцужку, і ўсе як бы разам. Але ўсе насамрэч паасобку, кожны сам за сябе. Абяцаюць, што пасля біенале ў беларускіх гледачоў таксама будзе магчымасць напоўніцу ацаніць усё хараство канцэпцыі «Дэкадзіроўкі».

— У нас, беларускіх мастакоў, ёсць праблема — нас практычна ніхто не ведае. Нават нашых самых раскручаных мастакоў-лідараў і тое не ведаюць у свеце... — працягвае Селіханаў. — У асноўным мы не адкрытыя, і краіна нашая не вельмі адкрытая. А таму ўдзел у Маскоўскай біенале — вельмі добрая магчымасць поўна, ясна быць паказаным на прэстыжнай выставачнай пляцоўцы. Вельмі важна, што Мінкульт фінансуе ўвесь гэты працэс. Гэтая зваротная сувязь, якой яшчэ нядаўна практычна не было, пачынае з'яўляцца. І мы вельмі спадзяёмся на гэтае супрацоўніцтва. У нас няма іншых магчымасцяў, няма фондаў ці іншых крыніц, у тым ліку і фінансавання, каб рабіць нейкія сур'ёзныя праекты. У беларускім кантэксце дзяржава можа мець і мае вырашальную ролю для нейкіх важных арт-падзей.

Цікава, што ініцыятыва Міністэрства культуры ўдзельнічаць у Маскоўскай біенале сёлета не з'явілася з паветра. Магчыма, каб не авантурнасць нашых творцаў, мы доўга б яшчэ чакалі і нашага павільёна на Венецыянскай біенале, і на Маскоўскай, і на Канскім кінафестывалі. Усё — пад сваю адказнасць і на свой страх і рызыку.

— Венецыянская біенале 2011 года — дзяржаўны праект. Але ён не вырас з нічога, — распавядае Наталля ШАРАНГОВІЧ, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва і куратар праекта «Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу». — У 2005 годзе было першае прадстаўленне Беларусі ў Венецыі. Там таксама быў наш павільён, але гэта была прыватная ініцыятыва. Быў італьянскі куратар, які зацікавіўся беларускім мастацтвам і знайшоў фінансаванне для павільёна, у якім прадставіў некалькі нашых творцаў. Тая прыватная ініцыятыва паказала, што беларускі павільён на Венецыянскай біенале — гэта магчыма. Яна і выклікала з'яўленне дзяржаўнага праекта. Тое самае атрымліваецца з Маскоўскай біенале. З амаль авантурнай нашай ініцыятывы ў 2011 годзе вырасла сённяшняя дзяржаўная ініцыятыва. Тады куратарам праекта «Унутраныя ландшафты» быў скульптар Павел Вайніцкі. Гэта была наша сумесная ідэя — паспрабаваць прапанаваць праект на Маскоўскую біенале. Мы не ведалі, чым гэта скончыцца, наколькі гэта будзе цікава. Прапанавалі, нас прынялі. Праект адбыўся. Мы самастойна пераадолелі ўсе складанасці, і дзяржава зразумела, што шлях пракладзены, можна дзейнічаць.

«АРТ-МАСКВА» — ЗУСІМ ІНШАЯ ГІСТОРЫЯ

Сёлета Міжнародны мастацкі кірмаш «АРТ-Масква» ладзіцца 17-ы раз і традыцыйна збірае арт-дылераў, галерыстаў, куратараў, прадстаўнікоў культурных інстытутаў, калекцыянераў і знаўцаў актуальнага мастацтва з усяго свету. Праўда, гэтым разам кірмаш адбываецца ў абсалютна новым фармаце. Сёння арганізаваць буйное мерапрыемства ўсё складаней і складаней. Нават на кінафестывалі рэжысёры часта ездзяць за свой кошт, таму што ў дырэкцыі не хапае бюджэту, каб аплаціць дарогу і пражыванне ўсім удзельнікам. Калі кіно — напэўна, самы камерцыйна паспяховы від мастацтва — у такім стане, што ўжо казаць пра выяўленчае мастацтва?
«АРТ-Маскву» нават думалі закрываць сёлета з-за стратнасці. Але потым вырашылі знайсці аптымальнае рашэнне — новы фармат. Называецца ён Nеw Рlаtfоrm («Новая платформа»). Гэтая пляцоўка мусіць аказваць падтрымку маладым мастакам, куратарам і галерыстам, пашыраць зону некамерцыйных праектаў, спрыяць распаўсюджванню ведаў пра сучаснае мастацтва ў грамадстве з дапамогай адукацыйных праграм, павялічваць міжнародную прысутнасць на кірмашы і імкнуцца да павышэння даступнасці твораў мастацтва для розных слаёў насельніцтва. У падтрымку апошняга пункта галерыстам нават паставілі адну ўмову: самы дарагі твор павінен каштаваць не больш за 5 тысяч еўра.

Словам, у адрозненне ад Маскоўскай біенале, «АРТ-Масква» — гэта ўсё ж мерапрыемства камерцыйнае. Туды можна не проста прыйсці паглядзець на творы актуальнага мастацтва, але і набыць нешта. Гэта, што праўда, не памяншае значнасці арт-падзеі. Тым больш што ўсяму павінна быць альтэрнатыва. Усяму.

Упершыню галерэя «Ў» пазнаёміла расійскага гледача з творамі беларускіх мастакоў у 2002 годзе — у рамках VІ Фестывалю прыватных калекцый, які ладзіцца Дзяржаўным цэнтрам сучаснага мастацтва.

— У апошнія гады цікавасць да беларускага мастацтва з боку тых жа расійскіх куратараў і калекцыянераў значна павялічылася, — гаворыць Ганна ЧЫСТАСЕРДАВА, арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва «Ў» . — І для нас тым больш важна паказаць на «АРТ-Маскве», што сучаснае мастацтва ў Беларусі ёсць. Ёсць пэўная колькасць імёнаў, знаёмых пэўнай колькасці замежных знаўцаў. Але хочацца спіс прозвішчаў беларускіх мастакоў, вядомых у свеце, пашырыць. Бо сёння нас ведаюць і адначасова не ведаюць. Ну і, безумоўна, любыя такія кірмашы патрэбны, у тым ліку і для новых знаёмстваў, кантактаў.

Такім чынам, беларускае мастацтва будзе адначасова прадстаўлена на такіх розных па мэтах і задачах мерапрыемствах. Выдатны зрэз сучбеларту, дыялог, плённае ўзаемадзеянне.

Каментарый Ганны ЧЫСТАСЕРДАВАЙ:

— Функцыя сучаснага мастацтва паўсюль прыблізна аднолькавая — мяняць сітуацыю, прымушаць людзей задумацца. Таму ў канктэксце сучаснага мастацтва нацыянальныя характарыстыкі абсалютна не павінны быць першапачатковымі. Напэўна, тое, што найбольш адрознівае творчасць беларускіх мастакоў ад іншых — гэта самаіронія і самакрытыка. Адзін і той жа твор можа быць трактаваны і як сацыяльны праект, і як палітычны, і як чыстае мастацтва. Усё ж Беларусь — еўрапейская краіна, і мы працуем з мастакамі-інтэлектуаламі, прадстаўнікамі сучаснага мастацтва, якое якраз і сцірае ўсе гэтыя межы і характарыстыкі. Сёння нацыянальнасць у мастацтве — гэта тэмы, якія закранае мастак, праблематыка, а не мастацкія сродкі. Паглядзіце на палітыку куратарства на Венецыянскай біенале, калі павільён Грузіі курыруе паляк. Тут важнае іншае. Галоўнае — пасыл.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.