Вы тут

Што залежыць ад матылька


...Паляўнічы, які перанёсся на машыне часу ў мінулае, выпадкова задавіў там аднаго матылька. Калі ён вярнуўся ў свой час, то ўбачыў свет, які змяніўся да горшага... І, напэўна, сапраўды нават адна маленькая істота можа падтрымліваць баланс у свеце, трымаць яго, каб не загінуў?.. Адно з апавяданняў Рэя Брэдбэры нагадаў славуты музыкант і грамадскі дзеяч з Азербайджана Палад Бюль-Бюль Аглы на адкрыцці VІІІ Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. «Насамрэч ад тых ці іншых дзеянняў, якія здзяйсняюцца тут і цяпер, залежыць тое, якім будзе наша заўтра, і ці будзе яно наогул», — акцэнтаваў ён. Нездарма: на прасторы СНД — год экалогіі. І гэтая тэма стала бадай галоўнай, якую палічылі патрэбным абмеркаваць дзеячы культуры і навукі.

1380058461657_1

 

І неяк зусім сімвалічна яна прагучала на форуме, які праходзіць менавіта ў сталіцы Беларусі, для якой экалагічныя праблемы з шэрагу тэарэтычных абмеркаванняў даўно сталі практычнымі: апошнія 25 гадоў мы пераадольваем наступствы вялікай тэхнагеннай катастрофы, якая здарылася ў Чарнобылі. Напамін пра гэта прагучаў з вуснаў дзяржаўных асоб нашай краіны:першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра РАДЗЬКОВА (ён зачытаў віншаванні ўдзельнікам форуму ад Кіраўніка дзяржавы) і Анатоля РУБІНАВА, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

, які падкрэсліў, што гэты форум праводзіцца ў нашай краіне ў рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

1380058464225_2

 

Так супала, што экалагічныя праблемы інтэлігенцыя СНД абмяркоўвала на фоне прыроднага катаклізму на расійскім Далёкім Усходзе, дзе з-за паводкі пацярпела шмат людзей. Беларусь адгукнулася на гэтую бяду — аказала харчовую дапамогу. Навучыць разумець прыроду, каб жыць з ёй у ладзе, так, каб яна не несла пагрозы чалавеку, — адна з задач навукоўцаў, людзей адукаваных, творчых, якія павінны стаць носьбітамі экалагічнай свядомасці. Свядомасць — тут сапраўды ключавы момант, на якім хочацца спыніцца, тым больш, што ў выступленні Анатоля Рубінава прагучала:
— Найбольш прагрэсіўныя вучоныя, грамадскія дзеячы ўжо даўно настойліва право-
дзяць думку аб тым, што ўстойлівае развіццё ўсёй сусветнай супольнасці немагчыма без гарманічнага развіцця прыроды, чалавека і грамадства. Адзін з тых, хто вылучыў і потым пераканаўча абгрунтоўваў гэтую думку, — вялікі рускі вучоны Вярнадскі (сёлета 150 гадоў з яго дня нараджэння). У навуковым падыходзе, які ён развіваў, закладзены вялікі сэнс: толькі цывілізаванае ўзаемадзеянне соцыуму з біясферай, прыродным асяродкам бытавання чалавека забяспечваецца гарманічнае і ўстойлівае развіццё ў сучасным свеце...
Залатыя словы!.. Акадэмік Уладзімір Вярнадскі, які ўвёў у зварот тэрмін «наасфера» (сфера розуму), адводзіў у ёй галоўную ролю менавіта чалавеку, які павінен гарманічна ўзаемадзейнічаць з прыродай. Не дзіўна, што менавіта гэты чалавек задумаўся пра магчымыя наступствы дзейнасці чалавека: у кола яго навуковых інтарэсаў уваходзілі даследаванні ўрану па атрыманні ядзернай энергіі...
Дзеля чаго тады чалавек надзелены розумам, калі з-за часовых выгод можа паставіць пад сумнеў існаванне таго багацця, якое яму дадзена лёсам, жыццём, сусветам? І дзе яшчэ, калі не ў нас, у Беларусі, пра гэта думаць? «Прырода — наша багацце», — кажам мы з гонарам і пералічваем: унікальныя паркі Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі, Нарачанскі. У краіне 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння, і больш за 400 — мясцовага. Усе яны маюць значэнне для рэгіянальнага і сусветнага клімату. Але выключнасць беларускай экалагічнай сітуацыі разумелі ўсе госці: кожны выступоўца так ці інакш звяртаўся да самай галоўнай беларускай экалагічнай тэмы.

1380058466946_3

 

Яе закрануў і рэктар Маскоўскага ўніверсітэта, віцэ-прэзідэнт Расійскай Акадэміі навук Віктар САДОЎНІЧЫ:
— ...Калі адбылася чарнобыльская трагедыя, я на наступны дзень на «Жыгулях» 11-й мадэлі ехаў у напрамку Чарнобыля. Я за рулём, сям'я, двое дзяцей. Тады не паведамлялася, што адбылося і чаму. Але я па дзецях адчуў, што нешта не тое: якое было іх самаадчуванне, як свяціла сонца... Недзе ў раёне Беларусі я збочыў, вырашыў вярнуцца ў Маскву. У лабараторыі Маскоўскага ўніверсітэта звярнуўся да прыбораў: «фаніла» моцна. Тады я падумаў: а як жа гэта абыдзецца людзям, якія жывуць там?.. У Беларусі, у Расіі (Бранскай вобласці), ды і ў Яснай Паляне — адна з кропак, дзе асела амаль максімальная доза радыяцыі. Як жа людзям? Гэта каласальная задача для ўсяго чалавецтва. Вось мы спрачаемся, ваюем, нейкія прынцыпы адстойваем, а ёсць пагрозы, якімі трэба займацца разам... Экалогія — тое агульнае, што ў інтарэсах абсалютна ўсіх. І калі ідзе вырубка лясоў Амазонкі ці Расіі — то гэта пагроза экасістэме свету. Часта экалогія разумеецца спрошчана — на ўзроўні прыбірання смецця. Але гэта глабальны працэс. Гэта сусветны акіян, і трапічныя лясы, і мікраклімат, і мікраскапічныя часцінкі, якія ствараюць нам жыццё...
Віктар Садоўнічы падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва вучоных СНД, каб яны ставілі агульныя задачы: навука не павінна мець межаў. У навукоўцаў шмат праблем абсалютна агульных. Экалогія — адна з такіх тэм. Таму рэктар МДУ прапанаваў у рамках форуму стварыць навуковы клуб, дзе б былі людзі адказныя, мысляры, якія б вялі даследаванні і рабілі даклады па нейкай праблематыцы — як, напрыклад, дэмаграфія ці экалогія, ядзерныя пагрозы. І адна з секцый у гэтым клубе была б адведзена моладзі, таму што ў яе руках будучыня.
Тое, што важна для нас, — важна і для ўсяго свету, адзначыў Міхаіл Швыдкой, які быў адным з ініцыятараў правядзення яшчэ першага форуму і стварэння Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва:
— Экалогія сёння — гэта палітыка, і палітыка вельмі сур'ёзная, якая рэалізуецца ў шэрагу краін. Дастаткова паглядзець, што адбываецца ў Аўстрыі, Германіі, дзе пад ціскам «зялёных» зварочваюцца праграмы, звязаныя з атамнай энергетыкай. Экалогія — гэта індустрыя перапрацоўкі смецця, якая стала вялікім бізнесам. Экалогія — гэта праблема ваенных канфліктаў. І мы памятаем, як на нашай постсавецкай прасторы ваенныя канфлікты парушалі экасістэмы. Гэта цяпер адбываецца ў Цэнтральнай Азіі, на Блізкім Усходзе. Экалагічная праблематыка сёння з'яўляецца ўсеабдымнай.

Яго падтрымаў Палад Бюль-Бюль Аглы, старшыня праўлення Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва:
— Інтэлігенцыя заклікана фарміраваць маральныя арыенціры развіцця, страта якіх пагражае цяжкімі наступствамі: стратай уласнага твару, культурнай самабытнасці і ў выніку — дэградацыяй грамадства. Мы ўплываем на шляхі развіцця для сваіх краін і народаў... Мы, прадстаўнікі інтэлігенцыі, закліканыя распаўсюджваць у розумах і сэрцах людзей пазітыўную мадэль паводзін. Толькі так мы зможам наблізіцца да аздараўлення свядомасці і тым самым паспрыяем ачышчэнню наасферы — агульнага асяродка суіснавання такіх розных і, разам з тым, такіх падобных народаў.

Ларыса ЦІМОШЫК. Фотаздымкі БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?