Вы тут

Мая праўда


Днямі адзін з журналістаў «Звязды» дастаў з паштовай скрыні паперку з апытаннем на тэму: «Ствол смеццеправода: непатрэбная інжынерная канструкцыя ці дадатковая выгода?» Насамрэч гэта была рэклама паслуг фірмы, якая спецыялізавалася якраз на чыстцы смеццеправодаў. Тым не менш, нягледзячы на пэўную пафаснасць апытання (напрыклад, слогана — «Усё ж такі будзем жыць у ХХІ стагоддзі ці...?») і рытарычнасць пытанняў у ім («Ці варта пастаянна даглядаць смеццеправод (не выкідваць буйнагабарытнае смецце, не выліваць вадкасці і г.д.?»), якія пакрысе падводзілі жыльцоў да галоўнага — ці гатовы яны плаціць за паслугі фірмы і колькі (прапаноўвалася самому пазначыць суму) — супрацоўнікі рэдакцыі ўбачылі чарговую тэму «Маёй праўды», якая выходзіла за рамкі «апетытаў» асобна ўзятай нейкай фірмы. Бо, як высветлілася, думкі калег падзяліліся: адзін быў катэгарычна супраць заварвання смеццеправода нават у тэорыі (а такія выпадкі ўжо ёсць і на практыцы), маўляў, што гэта за сучасны дом без смеццеправода; а яго апанент без праблем магла б адмовіцца ад гэтай выгоды ў сваім шпатпавярховіку. Паслухаем аргументы ў спрэчцы абаіх?..

Смеццеправод — норма часу

Не буду доўга цягнуць, агучу сваю асабістую пазіцыю адразу — я катэгарычна супраць ліквідацыі ў шматкватэрных дамах смеццеправодаў. Гэтая ідэя мусіруецца даволі даўно і не проста так, а з мэтай падрыхтаваць грамадскую думку, што так трэба і так будзе ўсім лепш. Давайце паспрабуем разабрацца, ці так гэта?

1380058474821_1

…Не адкрыю таямніцу: сучаснае жыллё (не толькі гарадское) павінна адпавядаць мінімум некалькім патрабаванням — газ, гарачая і халодная вада, каналізацыя. Цяпер усё гэта маюць нават многія вясковыя дамы, адно толькі, што там не заўсёды вядзецца гаворка пра цэнтралізаванае забеспячэнне насельнікаў усімі гэтымі выгодамі цывілізацыі. Кожны гаспадар мусіць, калі хоча мінімуму камфорту, на свой капыл вырашаць праблему. Каб у доме была вада, робяць свідравіну, ставяць помпу, для яе падагрэву набываюць бойлер. З каналізацыяй больш складана, але таксама вырашальна — даводзіцца рабіць адстойнік, які трэба рэгулярна апаражняць. Вось чаго вясковы жыхар не зможа зрабіць нават пры ўсім жаданні, дык гэта менавіта смеццеправод. Таму вельмі правільна, што была прынята дзяржаўная праграма, згодна з якой усе 100 працэнтаў вясковых падворкаў павінны быць ахоплены вывазам бытавых адходаў. Але, дзіўная рэч, у многіх грамадзян яна выклікала негатыўную рэакцыю, маўляў, прымусова бяруць грошы, а за што? Смецця ў нас няма, мы яго спальваем. Дапусцім, паперу, кардон можна сапраўды спаліць у печы, бацвінне — на двары (хоць часам гэта можа быць небяспечна). А астатняе куды? Сучаснае жыццё ўжо немагчыма ўявіць без цэлафанавых пакетаў, пластыкавых бутэлек, бляшанак. На ўласным агародзе ўсё гэта не закапаеш.
Паедзеш за вёску — на раку ці ў лес — і дзіву даешся: паўсюдна смецце — тыя самыя пакеты, бутэлькі, бляшанкі… Замест таго, каб заплаціць сімвалічную суму (напрыклад, маці зараз плаціць 9 тысяч за месяц) і гарантавана ведаць, што ў пэўны дзень раз на тыдзень камунальныя работнікі забяруць у цябе бытавыя адходы, людзі ўпотай вывозяць яго куды падалей, засмечваючы ўсё навокал…
Дык навошта, далучаючы такім чынам вясковага жыхара да «выгод цывілізацыі», гарадскога адначасова пазбаўляць яе? Нікому ж не прыйдзе ў галаву прапанаваць адключыць у шматпавярховых дамах ліфты, маўляў, хадзіце, жыльцы, пешшу, гэта ўмацоўвае здароўе і трымае ў тонусе?.. Мне многія могуць сказаць, што не толькі ў невялікіх гарадах, нават у сталіцы ёсць безліч «хрушчовак», насельнікі якіх заўсёды выносілі смецце на двор. Так, я неаднойчы бачыў, як людзі ў такіх дамах папросту выстаўлялі пакеты з адходамі за дзверы кватэры на дзень-два, лянуючыся іх рэгулярна выносіць… Прычым гэта рабілі не старыя людзі. А вось пажылы чалавек са слабым здароўем не дазволіць сабе так зрабіць… Ды і самі «хрушчоўкі» неяк язык не паварочваецца называць сучасным жыллём. Спытайце ў іх жыхароў, ці хацелі б яны жыць у новым доме са смеццеправодам? Думаю, адмовяцца адзінкі.
Галоўны аргумент на карысць заварвання ствалоў смеццеправодаў у прыхільнікаў гэтай ідэі — непрыемны пах, грукат, антысанітарыя. Яшчэ пытанні экалогіі, маўляў, калі мы будзем выносіць бытавыя адходы на спецыяльную пляцоўку, адначасова будзем весці раздзельны збор другаснай сыравіны. Ага, а потым пад'едзе смеццявоз і загрузіць усё агулам у свой кузаў…
Я не буду нагадваць пра тое, што, каб не было непрыемных пахаў, не з'яўляліся ў доме прусакі ці пацукі, смеццеправод трэба рэгулярна чысціць. Гэта абавязак камунальных службаў. Мне думаецца, што калі гэтыя работы выконваць як след, ніякіх праблем быць не павінна. Калі іх намаганняў па нейкіх аб'ектыўных прычынах будзе неставаць, можна звярнуцца ў спецыялізаваныя фірмы кшталту той, што распаўсюдзіла згаданую ў самым пачатку матэрыялу рэкламу сваіх паслуг. Асабіста я гатовы пры неабходнасці дадаткова аплаціць іх. Хачу сказаць пра іншае. Каб не было той самай антысанітарыі, і самім жыльцам шпатпавярховага дома трэба выконваць няхітрыя правілы. Напрыклад, са здзіўленнем заўважаю, што некаторыя суседзі па паверсе ў маім доме нічога не ведаюць пра існаванне… спецыяльных пакетаў для смецця. Усё, што назапасілася ў вядры для адходаў, у пыласосе — адразу ідзе ў загрузачнае прыстасаванне. Сапсаваныя хатнія нарыхтоўкі, шалупінне… І застаецца на яго сценках, на сценках ствала смеццеправода. Чаго потым здзіўляцца з'яўленню непрыемнага паху? Не ўсе здагадваюцца адкруціць у пластыкавай бутэлькі корак, а яшчэ лепш — расплюшчыць яе, наступіўшы на бутэльку нагой. Такая «плюшчанка» будзе займаць менш месца ў смеццепрыёмнай камеры, адпаведна, і смеццявозы не будуць перавозіць паветра ў прамым сэнсе слоў. Спаляць менш бензіну, менш шкодных выкідаў патрапіць у паветра. Усё вельмі проста. Калі казаць пра асабісты ўклад у экалагічнае пытанне, дык мы не купляем вышэйназваныя пакеты для смецця, а выкарыстоўваем пад гэтыя мэты тыя, што трапляюць у кватэру пасля розных пакупак. Дробязь, канешне, але тым не менш.
Калі гаварыць пра пляцоўку для раздзельнага збору адходаў пасля заварвання смеццеправодаў… У многіх дварах ужо дзецям няма дзе гуляць, бо асабісты аўтатранспарт стаіць ці не ў «два паверхі», зялёныя зоны фактычна адсутнічаюць. А да пляцоўкі (размешчанай згодна з санітарнымі нормамі) яшчэ і пад'ехаць трэба будзе. Ці не ўзнікне ў некага з жыльцоў спакуса (гарадское імклівае жыццё — гэта не спакойнае цячэнне вясковых будняў) папросту пакінуць пакет са смеццем каля пад'езда, чым ісці некуды — не ў спадарожным кірунку — за сотню метраў? А што — дворнік прыбярэ!..
Ведаеце, насамрэч я не тое каб зусім быў катэгарычна ліквідацыі смеццеправодаў. Проста там, дзе яны ёсць, іх не трэба чапаць, а проста, як казаў вышэй, правільна і своечасова абслугоўваць. Не выключаю, што знойдзецца дастатковая колькасць людзей, жыхароў вялікага горада, якія свядома змогуць адмовіцца ад такой выгоды цывілізацыі. Іх права. А лепш за ўсё пабудаваць некалькі эксперыментальных дамоў, дзе смеццеправод будзе адсутнічаць першапачаткова. Чаму не? Будуюць жа такія эксперыментальныя дамы з іншым «ухілам» — энергазберагальныя, напрыклад. Каб чалавек загадзя і свядома зрабіў свой выбар, які будзе падмацаваны, скажам, крыху меншай цаной будоўлі і абавязковай наяўнасцю належнай інфраструктуры: той жа сучаснай пляцоўкай для раздзельнага збору бытавых адходаў, пад'езнымі шляхамі да яе для смеццявозаў. І каб сам раздзельны збор стаў па-сапраўднаму сур'ёзнай справай.
…Калі нехта думае, што гэтыя радкі напісаў распешчаны гарадскім жыццём чалавек, ён глыбока памыляецца. Я добра ведаю, што такое выгоды «на дварэ», ведаю, што такое ўмывацца пад калонкай золкім ранкам… Калі, дай Бог, выйду на пенсію, не выключаю, што вярнуся да таго жыцця, што было ў маладосці. І буду з задавальненнем ранкам па серадах выносіць у прызначанае месца пакеты са смеццем.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Не — разрусе ў галаве!

Чуткі аб усеагульным заварванні смеццеправодаў сустракаюцца ўсё часцей. Пра гэта заяўляюць чыноўнікі на нарадах, абвяшчаюць журналісты ў сродках масавай інфармацыі, разважаюць бабулькі на лаўках каля пад'ездаў. Але далей за чуткі справа, акрамя адзінкавых выпадкаў, пакуль што не ідзе: надта гэтая ідэя неадназначная і не ва ўсіх выклікае захапленне. На маю думку, калісьці мы ўсё ж павінны прыйсці да пазбаўлення ад смеццеправодаў. Хаця б з той прычыны, што ва ўсім цывілізаваным свеце гэта адбываецца, паралельна з прывучваннем грамадства да раздзельнага збору смецця.

1380058475565_2

Ужо больш за дзесяць гадоў як мы пасяліліся на другім паверсе ў старым дзевяціпавярховіку. Хоць дагэтуль мы таксама жылі ў падобным доме, але на новым месцы доўга не маглі прывыкнуць да адной акалічнасці. Справа ў тым, што ў нашай новай кватэры сцены кухні мяжуюць з пад'ездам, і атрымліваецца, што яна размяшчаецца акурат побач са смеццеправодам. Па-першае, сам факт такой планіроўкі малапрыемны і выклікае пытанні да праекціроўшчыкаў. Па-другое, бывае, любуешся ранкам за кубкам гарбаты на ўзыходзячае сонейка, увесь у прыемных думках-летуценнях, і тут за сцяной — ба-бах! Колькі ні жыві, а не звыкнешся і кожны раз будзеш шарахацца ад грукату, які раздаецца, калі нехта з суседзяў выкідвае смецце. Так можна і кубак з гарачым пітвом на калені перакуліць, і разрыў сэрца атрымаць ад нечаканасці. Не кажучы пра тое, што ўзнёслы палёт думак пры гэтым, здаецца, разам са смеццем знікае ў пражэрлівай «пашчы» смеццеправода… Такое адчуванне, быццам у яго «рукаў» з самага верху пастаянна спускаюць не іначай як цяжкую дубовую мэблю і шкляныя бутэлькі.
Але гэта толькі частка праблемы. Бо калі грукат за сцяной — справа кароткачасовая і ад яго можна схавацца ў іншы пакой, дзе не будзе чуваць, то пах сапсаваных прадуктаў, які перыядычна распаўсюджваецца ад смеццеправода па ўсім пад'ездзе, трываць немагчыма. Ды каб яшчэ адзін толькі пах! Я ўвогуле не разумею, як можна карыстацца гэтай «выгодай цывілізацыі», бо нават проста ўзяцца за ручку смеццеправода мне, напрыклад, брыдка. А часам бывае нават і немагчыма гэта зрабіць, бо праход да смеццеправода можа быць забарыкадаваны звалкай, якая збіраецца каля яго. Ці то ўсе такія ж грэблівыя, як і я — не могуць адчыніць дзверцу з санітарных поглядаў, таму складзіруюць адходы побач, ці то проста лянуюцца гэта рабіць?.. І ладна, калі б смецце стаяла ўпакаванае. Некаторыя жыхары так «пруць» яго ў вузкі праём смеццеправода, што пакеты проста рвуцца, не вытрымліваючы «націску», і ўсе адходы рассыпаюцца вакол… А прыбраць за сабой не кожны лічыць патрэбным: навошта, калі ёсць прыбіральшчыца, якая атрымлівае за гэта грошы. Вынікі такога падыходу не прымушаюць сябе чакаць: так, аднойчы, выходзячы з кватэры, ледзь не наступіла на вялікага шэрага пацука. Я (у адрозненне ад жывёлы, якая спакойна сядзела на лесвічнай пляцоўцы) тут жа ўцякла ад страху і агіды…
Ведаеце, я не супраць смеццеправодаў як з'явы. Я — за гігіену. Але з такім падыходам да яго выкарыстання, як у маім пад'ездзе (і, я ведаю, яшчэ ў шматлікіх дамах), яна проста немагчымая. Напрыклад, яшчэ ніколі не бачыла і нават не чула, каб наш смеццезборнік чысцілі і дэзынфіцыравалі. Такім чынам, гэтае месца ў куце каля кухні пераўтвараецца ў сапраўдны рассаднік мікробаў. Можна, вядома, скарыстацца паслугамі прыватных кампаній па чыстцы смеццеправодаў, як прапануе і згодны плаціць за іх паслугі мой калега, але пераканаць у неабходнасці аддаць за гэта дадатковыя грошы ўсіх жыхароў пад'езда практычна немагчыма. А каму захочацца плаціць «за сябе і за таго хлопца», няхай нават дзеля барацьбы з антысанітарыяй? Ды і працэдуру чысткі трэба праводзіць рэгулярна, а гэта значыць, рэгулярна выдаткоўваць на гэта ўсё новыя сродкі.
Увогуле, справа нават не ў тым, што смеццеправод, які быў сапраўднай навінкай у сістэме жыллёвай гаспадаркі ў 1930—40 я гады, вычарпаў сябе з цягам часу. Бо не ўсё, што старое — дрэннае. А справа ў людзях. Чамусьці мы лічым патрэбным і правільным прыбірацца ў сваім жытле, але робім гэта роўна да парога. А за ім пачынаецца ўжо не наша ўласнае, а грамадскае, а значыць, там можна пляваць і раскідваць недакуркі. Праўда, можна не баяцца, што калі-небудзь мы патонем у моры смецця, бо за нас усё прыбяруць дворнікі. Але ж мы забываемся на тое, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Перайначыўшы выказванне булгакаўскага прафесара Праабражэнскага, магу толькі сказаць, што разруха не ў смеццеправодах. Разруха — у галовах.
Мы надта прывыклі разлічваць на тое, што за нас нехта нешта зробіць. Магчыма, у межах такой вузкай тэмы гэта будзе гучна сказана, але тым не менш трэба неяк вучыцца быць самастойнымі, разлічваць на сябе і адказваць за свае ўчынкі. А пакуль гэтага не назіраецца, я бачу толькі адно выйсце: пазбавіцца ад смеццеправодаў паўсюдна, як гэта зрабілі ў Гомелі ў 1995 годзе. Ужо амаль два дзясяткі гадоў гамяльчане жывуць з заваранымі смеццеправодамі і не скардзяцца, а наадварот, адзначаюць, што гэта станоўчы вопыт. Дык чаму б не пераняць яго па ўсёй краіне? Зразумела, не агулам, а пакрысе, правёўшы шырокую тлумачальную працу. Напрыклад, блакіраванне смеццеправодаў зрабіла б непатрэбнай графу ў жыроўцы па іх абслугоўванні, а значыць, хоць не нашмат, але скараціла б квартплату. Меншыя расходы, магчыма, ішлі б і на будаўніцтва новых дамоў без смеццеправодаў, на месцы якіх, напрыклад, можна зрабіць памяшканне для захоўвання дзіцячых калясак і іншых рэчаў у пад'ездзе. Усё адно адходы, што паступаюць у «рукаў» смеццезборніка, дворнікі пасля цягаюць у тыя ж кантэйнеры, што стаяць на вуліцы, выконваючы абсалютна лішнюю цяжкую работу. Бо кожны ж можа выкідваць свой пакецік з адходамі ў кантэйнер самастойна. Ну няўжо цяжка раніцай, ідучы на працу, прыхапіць яго з сабой? Думаю, не складана будзе заадно забраць смецце і ў пажылой суседкі, якая па стане здароўя не можа часта выходзіць на двор. А калі смецце буйнагабарытнае, то яго ўсё адно давядзецца выносіць на вуліцу, і смеццеправод пры гэтым не дапаможа. Тут ужо і невялікая фізічная нагрузка з выхадам на свежае паветра дадаецца, такая неабходная пры сучасным гіпадынамічным ладзе жыцця. Глядзіш, з часам і людзі здаравейшымі стануць, і ў пад'ездах хадзіць прыемней будзе, і смецце выкідваць і збіраць асобна мы нарэшце навучымся.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.