Вы тут

«Калыска» для чэмпіёнаў


Аднойчы давялося пачуць думку, што спартсмен «нараджаецца» не ў дзіцячых спартыўных школах і не ва ўніверсітэтах фізкультуры. Найбольшую ролю ў станаўленні атлетаў адыгрывае менавіта прамежкавае звяно — вучылішчы алімпійскага рэзерву, куды будучыя чэмпіёны трапляюць яшчэ «зялёнымі» школьнікамі, а выходзяць адтуль ужо прызёрамі прэстыжных спаборніцтваў. Каб пацвердзіць гэтую думку, мы наведалі Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву — адно з лепшых у краіне.

Дом з прывідамі

Знайсці «алімпійскае» вучылішча ў Бабруйску не праблема: шматкорпусны будынак навучальнай установы размяшчаецца ў гістарычным цэнтры горада, побач з галоўным спартыўным аб'ектам — стадыёнам «Спартак». Кажуць, што ў падвалах будынка падчас вайны знаходзіліся нямецкія засценкі, таму, маўляў, прывіды для гэтага месца — не выдуманыя істоты, а рэчаіснасць. Зрэшты, гэта можа быць «гарадской легендай», прыдумалі якую тутэйшыя навучэнцы. Тым не менш калі ідзеш па нязвыкла прасторных калідорах вучылішча, адчуваеш, быццам знаходзішся ў нейкай гімназіі пачатку ХХ стагоддзя. І толькі мітуслівыя навучэнцы з заплечнікамі за спінай і мабільнікамі ў руках вяртаюць у сучаснасць.
— Будынак, вядома, стары, калі не сказаць — старадаўні, — спыняе мае роздумы намеснік дырэктара вучылішча па асноўнай дзейнасці Віктар АЛЯКСЕЙЧЫК. — Таму заканамерна, што некаторыя памяшканні маюць патрэбу ў пэўных паляпшэннях. Так, сёння ў нас поўным ходам ідзе рамонт сталовай. Затое навучэнцы часова харчуюцца ў рэстаране.
А вось спартыўная база ў вучылішча сапраўды выдатная — спецыяльныя залы бокса, цяжкай атлетыкі, барацьбы, цір для стральбы з лука, дзве бегавыя дарожкі, сектары для кідання дыска і штурхання ядра, пляцоўка для міні-футбола. І гэта, зразумела, не ўвесь пералік.
— Насамрэч з'ява ўнікальная, — адзначае Віктар Мікалаевіч. — Далёка не ўсе вучылішчы алімпійскага рэзерву могуць пахваліцца спартыўнай базай, дзе амаль што ўсе аб'екты, а таксама інтэрнат размешчаны пад адным дахам.
За межамі вучылішча знаходзяцца толькі базы весляроў і плыўцоў. На пытанне, ці паспяваюць хлопцы і дзяўчаты пасля трэніровак на заняткі, не задумваючыся адказвае намеснік дырэктара па навучальнай працы Таццяна СКРЫПКО

: «Безумоўна. Мы стараемся рабіць зручны расклад для нашых навучэнцаў».

1380058489187_1

Выпрабавальны тэрмін

— Асноўны крытэрый для паступлення — спартыўны вынік. Як мінімум прымаем першаразраднікаў, а па некаторых відах спорту — толькі кандыдатаў у майстры спорту і майстроў спорту, — тлумачыць Віктар Аляксейчык. — Трэба разумець, што рыхтаваць спартсмена высокага ўзроўню вельмі дорага. Гадавыя выдаткі на аднаго навучэнца ў нас складаюць тры тысячы долараў. І гэта павінна прыносіць аддачу, бо найперш мы рыхтуем спартыўны рэзерв для нацыянальных камандаў. Сёння ў нас кожны трэці навучэнец — член беларускіх зборных па розных відах спорту.
Для прыезджых абітурыентаў трэнеры арганізоўваюць спецыяльны прагляд. Учарашнія школьнікі на два месяцы залічваюцца ў вучылішча, трэніруюцца і займаюцца. Некаторыя самі не вытрымліваюць нагрузак і літаральна праз тры-чатыры дні вяртаюцца дадому. Некаторым адмаўляюць трэнеры, якія, як правіла, адразу бачаць здольных спартсменаў. Вось такі «выпрабавальны тэрмін»!

Вучоба ўсяму галава

Мае суразмоўцы сцвярджаюць, што, у параўнанні са звычайнымі школьнікамі, навучэнцы вучылішчаў алімпійскага рэзерву больш дысцыплінаваныя, мэтанакіраваныя і самастойныя. І не ў малой ступені гэта звязана з тым, што з імі працуюць не толькі настаўнікі, але таксама выхавальнікі, якія замацоўваюцца за кожным класам (ці курсам), і трэнеры. У тры разы больш увагі і, безумоўна, кантролю.
Нягледзячы на тое, што для мясцовых выхаванцаў спорт на першым месцы, на вучобу тут «не забіваюць». Нават калі выязджаюць на зборы, з сабой ім даюць камплект заданняў, выкананне якіх правяраецца па вяртанні. Калі хтосьці праштрафіўся, наступны раз на выязныя трэніроўкі ён ужо не патрапіць.
Сярод юных атлетаў ёсць хлопцы і дзяўчаты з досыць высокім сярэднім балам.
— Зусім нядаўна быў цікавы выпадак, — распавядае Таццяна Раманаўна. — Адзін з навучэнцаў вызваўся прыняць удзел у гарадской алімпіядзе па гісторыі, хоць у нас гэта не з'яўляецца абавязковым, як у школах. Вырашыў проста паспрабаваць свае сілы, бо без спецыяльнай падрыхтоўкі разлічваць на дыплом вельмі складана. Паспрабаваў — і заняў трэцяе месца! У выніку гэты хлопец паступіў на гістарычны факультэт БДУ.

Справа сямейная: ад Багдановічаў да Сідаковых

Але перш за ўсё тут ганарацца спартыўнымі дасягненнямі сваіх выхаванцаў. Па выніках Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі ў ХХІ стагоддзі, Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву па колькасці падрыхтаваных алімпійскіх прызёраў займае трэцяе месца сярод падобных устаноў.
Самыя вядомыя выпускнікі вучылішча — алімпійскія чэмпіёны Пекіна і сярэбраныя прызёры Лондана Аляксандр і Андрэй Багдановічы. Менавіта тут пад апекай заслужанага трэнера Беларусі Пятра Яноўскага (які, дарэчы, сёлета адзначыў 80 гадовы юбілей) тытулаваныя весляры пачыналі свой спартыўны шлях. І сёння браты Багдановічы не забываюць пра сваю «альма-матар»: праводзяць для юных спартсменаў майстар-класы, адкрываюць першавераснёвыя лінейкі ды проста наведваюць свайго першага трэнера, які калісьці заўважыў перспектыўных хлопцаў у невялікім пасёлку Ялізава і перавёз іх займацца ў Бабруйск. Менавіта таму пасля леташняй Алімпіяды праслаўленыя спартсмены па праграме «Алімпійскі выбар» пералічылі 75 мільёнаў рублёў роднаму вучылішчу.
Выпускніком бабруйскага вучылішча з'яўляецца яшчэ адзін алімпійскі чэмпіён Пекіна — цяжкаатлет Андрэй Арамнаў. Першыя крокі ў вялікім спорце тут таксама рабілі лёгкаатлет Павел Лыжын, вясляр Аляксандр Жукоўскі, чэмпіёнка па вольнай барацьбе Ванеса Каладзінская і іншыя вядомыя беларускія атлеты.

Цяпер іх справу працягваюць новыя «зоркі». У веславанні вялікіх здзяйсненняў чакаюць ад Максіма Пятрова. У свае 20 гадоў хлопец — прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы сярод моладзі, член нацыянальнай зборнай, двухразовы чэмпіён Беларусі. Сёлета дэбютаваў на дарослым чэмпіянаце свету ў Дуйсбургу. Мае суразмоўцы кажуць, што даўно не бачылі такога ўпартага і працавітага спартсмена.
— Максім вырас у шматдзетнай сям'і. Ён рана зразумеў, што спорт — гэта не толькі карысны і цікавы занятак, але і перспектыўная будучыня, — працягвае Віктар Аляксейчык. — Хлопец ужо абганяе па выніках многіх сваіх славутых калег. А яму толькі дваццаць. Характар у Максіма чэмпіёнскі, так што, думаю, мы пра яго яшчэ не раз пачуем.
А першы трэнер братоў Багдановічаў Пётр Яноўскі гадуе пераемнікаў для сваіх тытулаваных выхаванцаў. Цяпер пад апекай вопытнага настаўніка займаюцца… браты Забродскія. Старэйшы Іван вучыцца на першым курсе вучылішча, а малодшы Аляксей сёлета заканчвае адзінаццаты клас. Хлопцы ўжо дэманструюць неблагія вынікі. Дарэчы, выпадкі, калі тут займаюцца члены адной сям'і, далёка не рэдкасць.

1380058491571_2

Падрэзаныя крылы і другі шанц

Лёсы тутэйшых выпускнікоў складваюцца па-рознаму. Хтосьці дасягае пэўных вышынь у спорце, хтосьці выбірае іншы шлях, а некаторыя вяртаюцца сюды ўжо ў якасці трэнера.
Валерый Сізянок працуе ў вучылішчы ўжо шосты год. Калісьці малады трэнер быў адным з лепшых спартсменаў на аддзяленні цяжкай атлетыкі, трэніраваўся разам з Андрэем Арамнавым пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Міхаіла Рабікоўскага. Валерый марыў паехаць на Алімпіяду ў Пекін, але ў алімпійскую зборную так і не трапіў. Тады хлопец атрымаў кваліфікацыю трэнера і па запрашэнні застаўся працаваць у вучылішчы. Цяпер ужо былы цяжкаатлет сам рыхтуе алімпійскіх прызёраў і, мабыць, чэмпіёнаў.
Паводле слоў Валерыя, спачатку было цяжка змірыцца са зменай дзейнасці. Цела «прасіла» былых нагрузак, ды і душа балела… Але потым хлопец зразумеў, што лёс у яго нічога не адбірае, а наадварот, дае шанц рэалізаваць свой талент. Толькі па-іншаму.
— Вядома, ёсць праблемы, — працягвае Валерый. — Перш за ўсё па наборы дзяцей. Школьнікі зусім не хочуць займацца спортам. Літаральна напярэдадні калегі скардзіліся, што з дзесяці школ, якія яны наведалі, каб запрасіць дзяцей у спартыўныя секцыі, да іх прыйшло толькі чатыры чалавекі! Зразумела, камп'ютары і планшэты сёння замяняюць мяч і штангу. Вось і кажуць: нацыя слабее. І гэта не стэрэатып. Паглядзіце на гэтых спартсменаў. (У зале займаюцца невысокія, худзенькія хлопчыкі ў чырвоных і сініх трыко. — Аўт.) Хіба ім дасі па 14—15 гадоў?! Мы ў такім узросце ўжо былі складзены зусім па-іншаму.
Раптам мой погляд спыняецца на дзявочай фігуры. Невысокая, але досыць дужая брунетка размінаецца на трэнажоры. У Бабруйск Юля прыехала з Хойнікаў. На пытанне, чаму менавіта сюды, атрымліваю просты адказ: «Гэта лепшае аддзяленне цяжкай атлетыкі ў краіне». Сёлета дзяўчына заканчвае адзінаццаты клас. Куды потым — застацца ў вучылішчы ці паступаць ва ўніверсітэт — спартсменка яшчэ не вырашыла, але дакладна ведае адно: цяжкую атлетыку не кіне.
— Гэта, напэўна, адзінае, да чаго ў мяне ёсць шчыры інтарэс, — саромеючыся, прызнаецца Юля. — Ведаеце, бацькі, мякка кажучы, не ў захапленні ад майго выбару. Але вырашылі не падразаць мне крылы.
Зараз дзяўчына ставіць перад сабой мэту — атрымаць «майстра спорту».
Я выйшла з залы і першае, што пачула, — цішыню. Раней для мяне сэнс выраза «звонкая цішыня» здаваўся незразумелым. Новае адчуванне спрыяла паглыбленню ў роздумы. Успаміналіся па-бацькоўску цёплыя аповеды пра тутэйшых навучэнцаў, у галаве ўспыхвалі ўпершыню пачутыя прозвішчы… Як бы хацелася спадзявацца, што аднойчы да гэтых прозвішчаў далучыцца гучнае званне — «алімпійскі чэмпіён»!

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Мінск — Бабруйск — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».