Вы тут

Не забываць чалавека!


Прадстаўляем новую рубрыку, праз якую наш чытач зможа даведацца, што ёсць тэатр як мастацтва, якое асаблівым чынам адлюстроўвае жыццё. Аўтарка і вядучая гэтай рубрыкі — вядомы тэатральны крытык, прафесар Таццяна Арлова — «палюе» на лепшыя пастаноўкі і тлумачыць чытачам, чым адметнае тэатральнае мастацтва Беларусі.

1380058499990_25-11

Часта, калі на працягу кароткага часу сыходзяцца разам тэатры розных краін і паказваюць сваю лепшую прадукцыю, мы, беларусы, сарамліва хаваем вочы. Гэта здараецца на фестывалях. Нядаўна на «Белую вежу-2013» вырашылі запрасіць пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі і прыбавіць да іх спрэчны спектакль з Брэста «Ураджай». Было цікава, як ацэняць нашы спектаклі замежныя калегі. Радасна, што адбылася сур'ёзная тэмпераментная размова, і нашы работы аказаліся цалкам канкурэнтаздольнымі.
Адкрываўся фэст, на мой погляд, абсалютна палярнымі па мастацкім узроўні «Пікавай дамай» з Гродна і «Хто смяецца апошнім» Тэатра-студыі кінаакцёра. «Пікавая дама», якая захапіла ўсе вышэйшыя ўзнагароды, ужо другі сезон становіцца спектаклем, які падабаецца абсалютна ўсім і прымірае добрых і злых, малаадукаваных і прасунутых. Яе нават небяспечна запрашаць на спаборніцтвы: усё роўна пераможа. Адзначу толькі адну асаблівасць. Спектакль тэатра лялек не проста для дарослай публікі, не гульня для дзяцей. Ён цалкам адпавядае законам сур'ёзнага драматычнага тэатра і не прымае скідак на малую форму.
Зварот кінаакцёраў да прызабытай п'есы класіка сатыры Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім» выявіў актуальнасць тэмы лжэвучоных і неперспектыўных навуковых даследаванняў. Аднак гэтым усё абмежавалася. Калі б не некалькі добрых акцёрскіх работ, трэба было б не смяяцца, а плакаць. Рэжысура, сцэнаграфія, музыка, пластыка нагадалі самыя шэрыя часы тэатра мінулага стагоддзя. Крыўдна, што так была прадстаўлена наша сталіца — Мінск. Аказалася, што ўдалечыні ад «акружной аўтамабільнай дарогі» адбываюцца сапраўдныя падзеі.
Тэатр Магілёва іграў п'есу малавядомага драматурга Юліі Чарняўскай

«Аднакласнікі». Культуролаг і філосаф Чарняўская з веданнем справы напрыдумляла цэлую кучу чалавечых гісторый, якія трымаюць увагу, смешаць, выбіваюць слязу, але мала падобныя да праўды. У руках маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай акцёры і гледачы ўвайшлі ў кіберпрастору, дзе магчыма ўсё: ілюзіі, сімуляцыя жыцця, стасункі, гульня ў жыццё, немагчымасць схавацца, праяўленне інтэлекту.
Як сапраўднае дзіця свайго часу, Аверкава выкарыстоўвае на сцэне шырокі экран, камп'ютары, без якіх сёння немагчымае наша жыццё. Яе не вельмі хвалюе прыгожая візуальная карцінка. За прыцягненнем новых тэхналогій тэатр не павінен забываць галоўнага, чым ён моцны. Ён не павінен забываць чалавека. Пра забяспечанага Ілью, які згубіў сваё жыццё, расказвае Руслан Кушнер. Нічым не прыкметная Маша ў выкананні Наталлі Калакуставай аказваецца мужнай, чуллівай маці. Яе невылечна хворы сын Міця (Часлаў Вількін) дзякуючы ёй атрымлівае надзею на годнае жыццё. Зашораная на дысцыпліне немка Марта ў Алены Крыванос адкрывае ў сабе новыя якасці. Нават маленькая роля Танечкі ў выкананні актрысы Юліі Няберавай прымусіла крытыкаў гаварыць пра поспех юнага таленту.
Цяпер тэатры Расіі захоплены «новай драмай». Гэта з'ява не падобна на традыцыйную драматургію. У п'есах асаблівыя героі, асаблівая мова (амаль заўсёды ненарматыўная лексіка), адмаўленне звыклых маральных каштоўнасцяў і прычынна-выніковых сувязяў. Беларускі тэатр усё гэта не палюбіў. Аднак наша зямля выказала меркаванне пра некалькі імё-
наў драматургаў «новай драмы», што адразу ж сталі зоркамі на еўрапейскім тэатральным небасхіле, якіх абмяркоўваюць. Галоўны з іх — Павел Пражко. Ціхі, замкнёны, нетусовачны чалавек прыдумаў некалькі п'ес, якія ўзарвалі спакой Масквы і Санкт-Пецярбурга. Крытыкі разабралі п'есы і спектаклі па костачках і прысарамацілі беларускія тэатры за пасіўнасць.
Тэатры доўга не здаваліся. І вось нядаўна ў Брэсце паставілі «Ураджай» Пражко. Творчы калектыў і гарадская публіка раскалоліся на групы, якія нервова спрачаліся.
«Новая драма» — справа маладая, пра тых, каго пакуль зусім не хвалююць праблемы мінулага і будучыні. Яны эгаістычна корпаюцца ў сваім уласным «я». Дзве дзяўчыны і два хлопцы збіраюць у садзе яблыкі. Хтосьці, напэўна, узгадае штогадовую студэнцкую «бульбу» савецкага часу і зразумее, што гэта свайго роду «антыбульба». Усё пачынаецца са шчырага жадання сабраць ураджай. Усё валіцца з няўмелых рук гламурных дзяўчат на высокіх абцасах, з рук хлопцаў, якія не ведаюць іншых фізічных нагрузак, акрамя націскання кнопак ноўтбука. Ураджай ператвараецца ў бітыя, памятыя адходы, з якіх цячэ сок.
Брэсцкі спектакль зроблены зусім маладымі людзьмі, учарашнімі выпускнікамі. У Расіі ў Паўла Пражко з'явіўся рэжысёр-аднадумца Дзмітрый Волкастрэлаў. Паставіў ужо тры яго п'есы, рэпеціруе чацвёртую і з задавальненнем наведваецца ў Беларусь, абяцаючы зрабіць з нашага земляка буйную фігуру.
Што з гэтага ўсяго вынікае? Пацвярджэнне старой ісціны, што няма прарокаў у сваёй айчыне. Замежныя госці не скупіліся на кампліменты: не ўсюды ёсць такія моцныя цікавыя правінцыйныя тэатры. Сапраўднае мастацтва нараджаецца ў глыбінцы, выходзіць на агляд і стварае новы свет. Як важна гэта своечасова заў-
важыць і даць зялёны калідор!..

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.