Вы тут

Сацыяльныя рызыкі рэфармавання вышэйшай школы


Павышэнне канкурэнтаздольнасці вышэйшых навучальных устаноў, сацыяльныя рызыкі, якія цягне рэфармаванне вышэйшай школы, новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да ўзроўню прафесіяналізму выкладчыкаў, перабудова вучэбнага працэсу, змяненні вучэбных нагрузак, сацыяльнае становішча выкладчыкаў і студэнтаў — усё гэта стала прадметам абмеркавання ўдзельнікаў ХХVІ з'езда Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў, які прайшоў у Гродне. Удзел у з'ездзе ўзялі прадстаўнікі 40 універсітэтаў Расіі, Беларусі, Украіны, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана і Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. А напярэдадні ў Мінску адбылася сустрэча дэлегатаў з'езду з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі нашай краіны і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Давайце параўнаем...

— Самымі складанымі для ўсіх нашых краін былі 1990-я гады, калі існавала рэальная пагроза разбурэння ўсёй сістэмы адукацыі на постсавецкай прасторы. Апошнім часам вышэйшая школа імкліва развіваецца, аднак мы вымушаны рэагаваць ужо на новыя выклікі, звязаныя з сацыяльнымі наступствамі працэсу рэфармавання вышэйшай школы, — падкрэсліў у гутарцы з журналістам «Звязды» прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў, прарэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар КАТЛАБОЎСКІ. — У цэнтры нашай увагі па-ранейшаму патрэбы супрацоўнікаў і студэнтаў ВНУ.

З гэтай мэтай мы праводзім маніторынг заканадаўства розных краін у сферы адукацыі, аналізуем сістэмы аплаты працы выкладчыкаў і супрацоўнікаў, спосабы рашэння тых ці іншых сацыяльных пытанняў, вывучаем эфектыўнасць калектыўных дагавораў. Лічу, што ёсць шмат рэчаў, якія можна было б пазычыць у нашых калег. Напрыклад, пенсійнае забеспячэнне работнікаў вышэйшай школы ва Украіне значна лепшае, чым у Расіі і Беларусі. Праўда, у сувязі з арыентацыяй Украіны на Еўрасаюз нашых суседзяў спрабуюць прымусіць змяніць пенсійнае заканадаўства, і калі гэта здарыцца, то нашы калегі могуць згубіць тое, што ўжо заваявалі. Для нас цікавасць уяўляе, напрыклад, дыферэнцыяцыя ў аплаце працы выкладчыкаў і супрацоўнікаў беларускіх ВНУ, сістэма сацыяльнай абароны ў вашай краіне выкладчыкаў, якія не маюць навуковай ступені, меры дадатковай сацыяльнай абароны, прапісаныя ў калектыўных дагаворах.

Акрамя таго, у Беларусі дзейнічае сістэма дзяржаўных гарантый працаўладкавання ў выпадку рэструктурызацыі ВНУ і скарачэння кадраў. Для Расіі, напрыклад, гэтая праблема стаіць зараз асабліва востра...

Непапулярны маршрут «Дарожнай карты»

 

Па-першае, у Расійскай Федэрацыі з 1 верасня ўступіў у сілу новы Закон «Аб адукацыі», а па-другое, ёсць распараджэнне ўрада аб распрацоўцы так званых «дарожных карт» па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў сацыяльнай сферы, уключаючы вышэйшую адукацыю і навуку. Фактычна, «дарожная карта» ўяўляе сабой даволі падрабязны план таго, што і як трэба зрабіць, каб забяспечыць рост сярэдніх заробкаў прафесарска-выкладчыцкага састаў: да 2018 года гэты паказчык павінен скласці 200% у адносінах да сярэдняга заробку ў рэгіёне. Зараз ён складае 110%, у наступным годзе павінен вырасці да 125%, у 2015 годзе — да 133% і гэтак далей. Згодна з федэральнай «дарожнай картай», да 2018 года кантынгент навучэнцаў скароціцца на 30%, а колькасць неэфектыўных ВНУ — да нуля. Па стане на сённяшні дзень у Расіі налічылі 167 (!) устаноў вышэйшай адукацыі з «прыкметамі неэфектыўнасці».

Зразумела, што ўсё гэта пацягне істотнае скарачэнне прафесарска-выкладчыцкага саставу, а тых, хто захавае сваё працоўнае месца, чакае павелічэнне аўдыторных гадзін на 28%: колькасць студэнтаў у разліку на аднаго выкладчыка павялічыцца з 9,4 да 12.

Ставяцца таксама канкрэтныя задачы па павышэнні колькасці публікацый расійскіх аўтараў у навуковых часопісах, якія змяшчаюцца ў базе даных Sсорus і гэтак далей.

— У Расіі вельмі вялікая ўвага надаецца ў СМІ месцу расійскіх ВНУ ў сусветных рэйтынгах універсітэтаў. Гэтыя рэйтынгі можна крытыкаваць, але мы вымушаны з імі лічыцца, — канстатуе Ігар Катлабоўскі. — І хоць МДУ з'яўляецца прызнаным лідарам усіх расійскіх рэйтынгаў, крый Божа, калі ён здасць у сусветным рэйтынгу хоць некалькі пазіцый. Гэта будзе галоўнай навіной для першых палос расійскіх газет. Усё вышэйзгаданае, несумненна, з'яўляецца вынікам вострай канкурэнцыі на рынку адукацыйных паслуг. Адзін з галоўных паказчыкаў, на які абапіраюцца складальнікі рэйтынгаў, — гэта навука, а навука — перш за ўсё сучаснае абсталяванне. Ці варта казаць, што бюджэты ВНУ краін СНД не ідуць ні ў якое параўнанне з бюджэтамі лідараў сусветных рэйтынгаў...

Па словах Ігара Катлабоўскага, пэўны час таму у найбольш выйгрышным становішчы ў плане стыпендыяльнага забеспячэння выглядалі на постсавецкай прасторы студэнты беларускіх ВНУ. Але цяпер у Расіі прыкладна 10% ад агульнай колькасці студэнтаў атрымліваюць павышаныя акадэмічныя стыпендыі. Размова ідзе пра студэнтаў, якія дасягнулі асаблівых вынікаў у пэўных відах дзейнасці: або ў адукацыйнай, або ў спартыўнай, або ў навукова-даследчай, або ў грамадскай. Гэты вельмі сур'ёзныя даплаты і добры стымул для моладзі: калі базавая стыпендыя складае 1 100 рублёў, то надбаўка да стыпендыі дасягае 8—9 тысяч рублёў.

На думку прарэктара МДУ, сёння вельмі важна павышаць матывацыю моладзі да работы ў навуковай сферы. Важна, каб студэнты хацелі застацца працаваць у сваіх універсітэтах і развіваць навуковы патэнцыял, а для гэтага патрабуецца сістэма грашовай матывацыі, дапамога ў вырашэнні жыллёвых праблем і іншыя спосабы стымулявання.

Прафесар і палкоўнік: адчуйце розніцу...

У прынцыпе, праблема амаладжэння прафесарска-выкладчыцкага саставу актуальная і для беларускіх ВНУ (60% усіх выкладчыкаў з навуковымі ступенямі — гэта людзі ва ўзросце за 60 гадоў). І яна заканамерна звязана не толькі з заробкамі, але і з памерамі пенсій. Выкладчыкі вымушаны працаваць і ў 70 гадоў, і ў больш сталым узросце, таму што пражыць на мізэрную пенсію вельмі праблематычна.

Першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Аляксандр ЖУК паведаміў дэлегатам з'езда, што сярэднямесячны заробак прафесарска-выкладчыцкага саставу ў Беларусі складае зараз каля 6 млн рублёў, або 680 долараў ЗША (121% да сярэдняга заробку па краіне і 108% да сярэдніх заробкаў у прамысловасці).

— Сёння мы працуем над тым, каб павялічыць пенсійнае забеспячэнне для выкладчыкаў ВНУ з навуковымі ступенямі — і ў першую чаргу для прафесараў і дактароў навук. У іх пенсіі не вельмі высокія ў параўнанні з тымі ж ваеннымі, але мы ўсе ведаем, якіх інтэлектуальных выдаткаў патрабуе атрыманне навуковай ступені. Мы імкнёмся да таго, каб прафесар атрымліваў такую ж пенсію, як палкоўнік у адстаўцы. У нас не так многа дактароў навук — крыху больш за тысячу на ўсю краіну, і тым больш не ўсе яны адначасова выйдуць на пенсію, таму нагрузка на бюджэт будзе не такая істотная, а вось сацыяльны і матывацыйны эфект, наадварот, — велізарны, — падкрэсліў Аляксандр Жук.

Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі ўпершыню былі распрацаваны тыпавыя штаты для ўстаноў вышэйшай адукацыі.

— Сёння эканоміка адукацыі знаходзіцца на строгім кантролі. Мы прывязалі да колькасці студэнтаў не толькі колькасць прафесарска-выкладчыцкага саставу, але і колькасць работнікаў, якія адносяцца да катэгорыі кіраўнікоў, спецыялістаў і іншых служачых. Штатная колькасць служачых ВНУ будзе вызначацца, зыходзячы з канкрэтнай колькасці студэнтаў у кожнай ВНУ і ўстаноўленага нарматыву. Для тэхнічных спецыяльнасцяў гэты нарматыў складае 8,5 студэнта на аднаго работніка ВНУ, а на гуманітарных спецыяльнасцях — 12 студэнтаў на аднаго работніка, — патлумачыў Аляксандр Жук. — Дыферэнцаваны падыход у вызначэнні суадносін колькасці студэнтаў да колькасці работнікаў ВНУ тлумачыцца рознымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры навучанні па тэхнічных і гуманітарных спецыяльнасцях. Калі мы з улікам новага нарматыву прааналізавалі сітуацыю ў ВНУ, атрымалася вельмі стракатая карціна: у падобных паміж сабой рэгіянальных універсітэтах назіраліся вельмі істотныя адрозненні ў штатах. Некаторым з іх трэба штат скарачаць, а некаторыя, наадварот, могуць дабраць работнікаў.

Аляксандр Жук таксама паведаміў, што Мінскаму гарвыканкаму было даручана будаўніцтва жылога квартала арэнднага жылля для навуковай і творчай інтэлігенцыі. Такія ж арэндныя дамы даручана пабудаваць і ў абласных цэнтрах. У Мінску ўжо распачалося будаўніцтва жылога комплексу «Магістр»: там будзе 9 жылых дамоў арэнднага тыпу на 2,3 тысячы кватэр для выкладчыкаў і маладых навукоўцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Даведка «Звязды»

Еўразійская асацыяцыя прафсаюзных арганізацый універсітэта — буйнейшае міжнароднае прафсаюзнае аб'яднанне на постсавецкай прасторы, якое аб'ядноўвае каля 70 класічных універсітэтаў з 8 краін. Свой адлік асацыяцыя вядзе з 1987 года, калі ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце адбыўся І з'езд старшыняў прафсаюзных камітэтаў універсітэтаў СССР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».