20 Верасень, чацвер

Вы тут

Літаратура ў еўразійскай прасторы


Сярод дыскусій, якія вяліся падчас работы VІІІ Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД, асаблівую ўвагу прыцягнула работа тэматычнай панэлі «Літаратура ў цывілізацыйнай парадыгме еўразійскай прасторы». Пісьменнікі, журналісты, навукоўцы розных краін сабраліся разам, каб абмеркаваць ролю і месца літаратурнага працэсу ў культурным і грамадскім жыцці, маральны імператыў літаратуры ў сучасным свеце, развіццё выдавецкага бізнесу, перспектывы кнігавыдання ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, развіццё міжлітаратурнага дыялогу, узаемадзеянне перакладчыкаў.

Праблемы ў розных краінах СНД у многім падобныя. У апошнія дзесяцігоддзі, відавочна, знізілася чытацкая актыўнасць. Тыражы мастацкай літаратуры настолькі нізкія, што сапраўдныя творчыя здабыткі часам аказваюцца па-за ўвагай нават літаратурнай крытыкі, не кажучы ўжо пра шараговага чытача. У няпростай сітуацыі знаходзяцца нацыянальныя літаратуры. Невялікі тыраж часопіса «Дружба народов», малая ўвага рускіх перакладчыкаў да паэзіі і прозы краін СНД, адсутнасць ранейшай прадуманай палітыкі па знаёмстве з нацыянальнымі літаратурамі праз прадукцыю выдавецтваў «Художественная литература», «Молодая гвардия», «Детская литература», «Советский писатель» — вось рэаліі, якія сёння адлюстроўваюць наш час. І тут якраз вялікую ролю адыгрываюць ініцыятывы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва, сам факт правядзення дыскусій у рамках мінскага і папярэдніх форумаў навуковай і творчай інтэлігенцыі. Пра гэта і гаварылі на пасяджэнні першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, дарадца МФГС Ганна Сафонава, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар часопіса «Дружба народов» Аляксандр Эбанаідзэ, намеснік дырэктара выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь Бадак, казахскі празаік Талымбек Ыбыраймы, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Мікола Мятліцкі і шмат хто яшчэ. І, як высветлілася, кожны паасобку казаў пра тое, што, у прынцыпе, у розных краінах шмат што і робіцца. Выходзяць і перакладныя кнігі, фарміруюцца супольнасці перакладчыкаў, выдаюцца літаратурна-мастацкія часопісы і альманахі, праводзяцца «круглыя сталы» і семінары. Даволі часта многія праекты рэалізуюцца якраз з падтрымкай МФГС. Агульная выснова літаральна ўсіх выступоўцаў — быць уважлівымі да новых аспектаў у развіцці нацыянальных літаратур, развіваць перакладчыцкія стасункі, падтрымліваць ініцыятыўную і творчую моладзь. А яшчэ — развіваць агульную мастацкую інфармацыйную прастору. Невыпадкова і ў рэзалюцыю мінскага форуму, які завяршае сваю работу, патрапіла прапанова па падтрымцы беларускага кніжнага праекта «Сугучча сэрцаў».

Кастусь ЛАДУЦЬКА

 

Пра што гаварылі ўдзельнікі форуму
Сёння заканчвае сваю работу VІІІ Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. У сваіх выступленнях многія з удзельнікаў гэтай міжнароднай сустрэчы творцаў і навукоўцаў падкрэслівалі, што новыя знаёмствы і прыватныя дамоўленасці, кулуарныя размовы трох мінскіх дзён маюць для іх не меншую каштоўнасць, чым вынікі працы ў тэматычных секцыях і на дзелавых пасяджэннях форуму.

1380144841234_1

1380144841234_1

 

Армен СМБАЦЯН, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД:
— Я неаднойчы падкрэсліваў, што МФГС — гэта міні-ЮНЕСКА для краін Садружнасці. Цудоўна, што месцам правядзення форуму, прысвечанага пытанням экалогіі, стаў Мінск. Бо экалогія — гэта чысціня ва ўсім, у тым ліку ў адносінах асоб і дзяржаў; гэта стан наваколля, гэта тое, што мы можам перадаць нашым нашчадкам. Гэта ўсё тое, што, на маю думку, ёсць у Беларусі.
У гэтыя дні шмат гаварылася аб тым, што ўвогуле можа застацца пасля нас: музеі і архітэктура, тэхналогіі і культура альбо — руіны. Як выканаўчы дырэктар адзначу каштоўнасць форуму: гэта пляцоўка для прапаноў і ідэй, якія мы потым пры дапамозе МФГС і ўлад краін — удзельніц Садружнасці ўвасабляем у жыццё.

1380144843647_2

1380144843647_2

 

Генадзь ВАРЛАМАЎ, прарэктар Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Украіны «Кіеўскі політэхнічны інстытут», доктар тэхнічных навук, прафесар:
— Гэты форум — восьмы па ліку. Я працаваў на шэрагу з іх і лічу, што тут завязваюцца і чалавечыя, і дзелавыя кантакты, ладзіцца супрацоўніцтва паміж установамі. Тая культурная, адукацыйная, навукова-тэхнічная прастора, якая існуе ў СНД, павінна не толькі захоўвацца, але і быць узаемна абагачальнай. Добра, што форум аб'яднала тэма экалогіі. Бо менавіта праз гэтую прызму сёння трэба разглядаць праблемы вытворчасці, тэхналогій, падыходзіць да ўсіх бакоў жыцця — з пункту гледжання экалагічнай бяспекі. Мы ў сваёй навучальнай установе адкрылі новую спецыяльнасць — экалагічны менеджмент. Гэта частка міжнароднага праекта, у якім удзельнічаюць Кіеў, Варшава, Браціслава, Масква. Спадзяёмся, што да праекта ў бліжэйшы час далучыцца і Мінск у асобе БНТУ — нашага добрага сябра і партнёра.

1380144845480_3

1380144845480_3

 

Кякілік АВЕЗБЕРДЫЕВА, загадчык аддзела дзяржаўнага музея Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана:
— Я ўдзельнічала ў леташнім форуме, які праходзіў у Ашхабадзе, пазнаёмілася з калегамі з іншых краін.
З многімі пашчасціла сустрэцца цяпер у Мінску. Гэта добрая пляцоўка для абмену вопытам прафесіяналаў. Прыемна, што наша секцыя, якую я умоўна назвала б «музейнай», праходзіла ў Мірскім замку. Гэта дало добрую падставу пазнаёміцца не толькі з тым, як працуюць беларускія музейшчыкі, пераняць для сябе іх напрацоўкі, але і ўбачыць жыццё беларусаў за сотню кіламетраў ад сталіцы. Гэта таксама тыя ўражанні, па якія я ехала ў Беларусь.

Ларыса РАКОЎСКАЯ. Фотаздымкі Анатоля КЛЕШЧУКА.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.