Вы тут

На дыстанцыi


Вывучыць матэматыку... па скайпе

Механіка-матэматычны факультэт БДУ запрашае ўсіх ахвотных далучацца да дыстанцыйнага навучання ў Школе юных матэматыкаў, якое будзе даступнае на сайце www.dl.bsu.bу.

— Пакуль што дыстанцыйнае навучанне разлічана на адзінаццацікласнікаў, — расказаў дэкан механіка-матэматычнага факультэта БДУ Дзмітрый Мядзведзеў. — Дагэтуль у нас функцыянавала толькі бясплатная вочная школа для вучняў з 5-га па 11-ы класы. Адпаведна, на нашы заняткі рэальна было патрапіць толькі мінчанам. А дзякуючы дыстанцыйнаму навучанню цяпер падрыхтавацца да паступлення зможа школьнік з любога кутка краіны. І, вядома, такім спосабам мы хочам больш інфармацыі данесці пра наш факультэт. Многія мяркуюць, што студэнты, якія навучаюцца на мехмаце, — «батаны ў акулярах», якія толькі і робяць, што гартаюць падручнікі. Але гэта стэрэатып. Наш факультэт рыхтуе выдатных спецыялістаў у ІT-сферы, матэматыкаў-эканамістаў, навуковых супрацоўнікаў.

У чым жа заключаецца сутнасць навучання? На сайце змешчаны ўвесь курс элементарнай матэматыкі, які быў сістэматызаваны студэнтамі мехмата. У дадатак абітурыенты змогуць па спасылцы знайсці відэа-ўрокі з самымі вядомымі маскоўскімі настаўнікамі і выкладчыкамі. Акрамя тэорыі, на сайце будуць прапаноўвацца задачы для рашэння, а потым выкладвацца адказы да іх. Пасля праверкі кантрольных работ памылкі будуць тлумачыцца выкладчыкамі абітурыентам у індывідуальным парадку.
Таксама на сайце дыстанцыйнага навучання будзе дзейнічаць і форум. Такім чынам школьнікі змогуць навучацца ў працэсе камунікацыі. Да таго ж будуць выдзяляцца гадзіны, калі абітурыенты па скайпе змогуць асабіста паразмаўляць з выкладчыкамі і задаць ім свае пытанні.

Вікторыя ЧАПЛЕВА.

 

Будучых мытнікаў запрашаюць... у школу

«Школа будучага мытніка» будзе дзейнічаць у Белдзяржуніверсітэце з лістапада па сакавік. Гэта першыя ў Беларусі курсы, скіраваныя на падрыхтоўку абітурыентаў да прафесійна-псіхалагічнай гутаркі па спецыяльнасці «Мытная справа». Арганізатарам школы выступае кафедра мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ.

Вучэбная праграма ўключае знаёмства слухачоў з гісторыяй, спецыфікай, функцыямі і асноўнымі напрамкамі дзейнасці супрацоўніка мытных службаў. Гэтыя веды дазволяць старшакласнікам не толькі псіхалагічна падрыхтавацца да гутаркі, але і вызначыцца з правільнасцю выбару будучай прафесіі.

Заняткі будуць весці выкладчыкі кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ і супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні. Перыядычнасць заняткаў — 2 разы на месяц. Навучанне бясплатнае. Пасля заканчэння слухачам будзе выдавацца сертыфікат, наяўнасць якога ўлічваецца камісіяй пры праходжанні афіцыйнай прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Папярэдні запіс па тэлефоне (017) 209 57 52.

Нагадаем, што прафесійна-псіхалагічную гутарку павінны прайсці ўсе абітурыенты, якія плануюць паступаць на спецыяльнасці «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права», «мытная справа», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «міжнародныя адносіны» і «міжнароднае права».

Праблемы з чытаннем «лечацца»

Электронныя прылады для чытання кніг (планшэты, рыдары) за кошт кароткіх радкоў на экране больш эфектыўныя для людзей з дыслексіяй (праблемамі з чытаннем), чым звычайныя кнігі — так лічаць амерыканскія навукоўцы, якія апублікавалі вынікі сваёй работы ў часопісе РLОS ОNЕ.

Дыслексія мае неўралагічную прыроду і праяўляецца ў няздольнасці хутка і правільна распазнаваць словы, засвойваць іх значэнне і навыкі правапісу. Пры такіх парушэннях у чалавека, які чытае, ёсць праблемы з разуменнем тэксту.

Навукоўцы параўналі поспехі ў чытанні з паперы і з дапамогай кішэннага камп'ютара ў старшакласнікаў, якія церпяць ад дыслексіі. Было ўстаноўлена, што школьнікі з дэфіцытам візуальнай увагі лепш і больш хутка працавалі з тэкстам на экране маленькай прылады, чым з тэкстам на паперы.

Даследчыкі мяркуюць, што менавіта кароткія радкі з невялікай колькасцю слоў (а не ўласна электронныя прылады) дапамагаюць засяродзіцца на канкрэтных значэннях, адсякаючы другасныя.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.