Вы тут

Міхаіл Зуй: «Каб дзейнічаць, не варта чакаць ідэальных умоў»


Ён жыве пад дэвізам «Не раздумвай, а рабі». Як вынік, Міхаіл Зуй ужо не адзін год паспяхова служыць Мельпамене, здымаецца ў кіно і паралельна займаецца музыкай. Купалаўскі тэатр стаў яму амаль што родным домам — тут зноў распачаўся чарговы сезон. Гурт «іlі-іlі» вярнуўся ў строй пасля творчага адпачынку. На падыходзе выданне новага альбома... Можна толькі радавацца за маладога чалавека, бо, як прызнаецца ён сам, менавіта тады, калі ёсць шмат цікавай працы, ён адчувае запатрабаванасць. Мы сустрэліся з Міхаілам, каб даведацца, куды можа прывесці авантурызм, дзе паказваюць цікавыя спектаклі і на што можа натхніць настальгія.

1380144883229_1

— Наколькі ведаю, у дзяцінстве вы не марылі быць акцёрам. Раскажыце, як склалася, што вы ўсё ж такі апынуліся на сцэне?
— Я марыў пра розныя рэчы, а пасля дзявятага класа стаў займацца тэатрам. Проста ў нейкі момант з'явілася думка: чаму б не паспрабаваць? Я жыву побач са 136 й школай — яна з тэатральным ухілам. Праз нейкі час гэтая справа зацягнула, і ўжо было цалкам лагічным і натуральным паступаць у Акадэмію мастацтваў. Аднак, мне здаецца, маё рашэнне было не вельмі свядомым.

— Паступіўшы ў акадэмію, вы праз год ад'язджаеце вучыцца ў Маскву. З чым гэта звязана?
— Гэта быў пэўны этап авантурызму ў маім жыцці. Пасля першага курса ў нас сабралася група студэнтаў, з якімі мы разам ставілі першыя спектаклі. І ў нашым коле ўзнікла ідэя паехаць у Маскву і паспрабаваць сябе там. Паехалі з сябрамі ў інстытут кінематаграфіі, паказаліся, і мяне ўзялі, нават забяспечылі месцам у інтэрнаце. Тады быў дабор на другі курс у майстэрню да Іосіфа Райхельгаўза. Але ў Маскве мне з самага пачатку не спадабалася. Горад не мой. Зараз вось, калі бываю там з гастролямі, то класна, а жыць там пастаянна не хацелася. Да таго ж у нас на курсе вучыліся вельмі таленавітыя людзі, але дысцыпліна амаль што адсутнічала. Было адчуванне, быццам вучоба нікому не патрэбная. Таму, правучыўшыся там год, вырашыў вярнуцца ў родную акадэмію, бо вялікае значэнне мае акружэнне, у якім ты развіваешся і фарміруешся.

— Якія ўспаміны засталіся з часоў студэнцтва?
— Мы ўвесь свой час праводзілі ў акадэміі. Яна стала для нас амаль што другім домам. Памятаю, на першым курсе пасля першага вучэбнага дня я прыехаў вечарам дадому і адразу лёг спаць, настолькі інтэнсіўным быў рытм жыцця. Трэба было амаль кожны дзень рыхтаваць эцюды, вучыць урыўкі. Так мы атрымлівалі прафесійную загартоўку. Наогул жа на нашым курсе быў своеасаблівы касцяк, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

— Тое, што вы па размеркаванні прыйшлі ў Купалаўскі, можна лічыць удачай?
— З усіх мінскіх тэатраў я найбольш хацеў трапіць у Купалаўскі. Хоць і разумею, што магло па-рознаму скласціся. На апошнім курсе мы ўжо збольшага прыкідвалі, дзе хто можа апынуцца, і, калі даведаліся пра супадзенне рэчаіснасці з нашымі прагнозамі, то, безумоўна, узрадаваліся. Тым больш што і ў Купалаўскі мы прыйшлі ў складзе шасці чалавек, таму было лягчэй, бо адчувалася сяброўская падтрымка.

— Як вас прынялі ў калектыве і чаму вы навучыліся ў старэйшых калег?
— У нас у тэатры пануе такая атмасфера, калі не адчуваеш, што прыйшоў на працу. Недарэмна ж кажуць: Купалаўскі — гэта сям'я. Там, напрыклад, няма такой моцнай барацьбы за ролю, каб цябе маглі «падставіць». Калі толькі прыйшоў пасля акадэміі ў тэатр, мяне пачалі ўводзіць у спектакль «Ажаніцца не журыцца», дзе я іграў Мікіту. Тады пашчасціла папрацаваць з Андрэем Андросікам. Бывала, на рэпетыцыі дае ён мне задачу нейкую, а я ў адказ: «Трэба падумаць. Настроіцца». І чую: «Бяры і рабі!» Таксама прыйшло вельмі важнае разуменне таго, што не варта баяцца памыліцца. Акцёр можа шмат разоў сыграць дрэнна, але аднойчы ў яго абавязкова ўсё атрымаецца. У тэатры вучышся з кожным спектаклем. У тым ліку чалавечым адносінам. Асабліва падчас гастроляў, калі па-новаму адкрываеш для сябе калег, іх лёсы і біяграфіі.

1380144887667_2

— Ці часта бываеце ў тэатры ў якасці гледача?
— Рэдка. Гэтым летам удалося паглядзець шмат выдатных спектакляў падчас гастроляў. Мы былі на Чэхаўскім фестывалі, дзе паглядзелі монаспектакль «Рауль» Джэймса Цьерэ. Потым былі на фестывалі ў румынскім горадзе Сібіу. Гэты гарадок сам па сабе невялікі, але за дзевяць фестывальных дзён там адбылося больш за тры сотні розных тэатральных падзей. Асабліва ўразіў спектакль «Стол» нашых калег з Польшчы. Мы нават думалі пра тое, каб прывезці яго ў Мінск. Як бачыце, «акультурваемся» на гастролях.

— А як вы ацэньваеце сучасны стан беларускага тэатра?
— Размовы пра знікненне тэатральнага мастацтва ідуць даўно. На мой погляд, тэатру сёння проста не хапае разнастайнасці. Складваецца ўражанне, што існуюць два лагеры: тыя, хто працуе ў рэпертуарным тэатры, і тыя, хто спрабуе рабіць эксперыментальныя пастаноўкі. Яны быццам кожны сам па сабе. Некаторыя кажуць, што ў Купалаўскім не можа быць нічога добрага, бо мы — рэпертуарны тэатр. А вы спачатку прыйдзіце і паглядзіце! Трэба, каб было ўзаемадзеянне паміж усімі ў тэатральнай прасторы, тады і з'явіцца нешта новае і цікавае. А калі кожны лічыць толькі сябе геніяльным, то не будзе руху наперад.

— Давайце звернемся да вашай музычнай творчасці. Што змянілася ў вашым гурце «іlі-іlі» пасля творчай паўзы?
— Усё! Прыйшло разуменне і бачанне многіх момантаў, на якіх раней не акцэнтавалі ўвагу. Напрыклад, сталі заўважнымі недахопы старых песень. Большае значэнне набыло гучанне, песні ствараем па змесце і па настроі зусім іншыя. Адчуваецца, што мы сталеем і змяняемся. Хочацца рабіць усё яшчэ лепш, чым было раней.

— Летась вы выпусцілі альбом «Раst Реrfесt». Ці варта чакаць прыхільнікам новы дыск?
— Зараз мы працуем над запісам новага беларускамоўнага альбома. Плануем у снежні зладзіць канцэрт з прэзентацыяй дыска. Год таму мы былі ў Францыі. І перад ад'ездам прынялі рашэнне, што папрацуем над новым матэрыялам. Пачалі там складаць песні. А паколькі былі далёка ад радзімы, то практычна ўвесь альбом прасякнуты настальгіяй. Потым вярнуліся дадому, дапрацавалі яго, і атрымалася цэласная карціна. У адрозненне ад папярэдняга альбома, гэты будзе больш гучным, у нечым нават рокавым.

— Якімі прынцыпамі вы кіруецеся ў жыцці і на сцэне?
— Не варта чакаць ідэальных умоў, каб дзейнічаць. Можна доўга разважаць пра планы, шукаць тлумачэнні, чаму нешта можа не атрымацца, але калі пачаць працаваць, то вынік абавязкова будзе. І час, і сілы знойдуцца, каб усё сумяшчаць і не спыняцца. Трэба змяняць сваё жыццё да лепшага, тады і ў творчасці гэта знойдзе сваё адлюстраванне. Але вашу абыякавасць да блізкіх людзей не можа апраўдаць ніякая творчасць.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.