Вы тут

Стань сабой — і жыві ярка!..


Студэнты БДУІРа Багдан Грыцавец і Ігар Сяткоўскі вырашылі рэалізаваць уласны праект, нечым падобны на... знакамітыя «курсы пікапу», але, на маю думку, шырэйшы. Хлопцы агранізоўваюць семінары, мэта якіх — дапамагчы маладым людзям абодвух палоў атрымліваць асалоду ад жыцця, пазбаўляцца ад комплексаў і ўдала ладзіць свае асабістыя стасункі.

1380144905903_1

Быць вялікім ці маленькім?

Некалькі гадоў таму хлопцы неяк разгаварыліся пра дзяўчат і пра розныя праблемы, якія ўзнікаюць падчас стасункаў з супрацьлеглым полам. Пасля абмену інфармацыяй пра «перамогі» на любоўным фронце хлопцы дамовіліся пайсці на Нямігу — з мэтай знаёмства. Пайшлі не з «пустымі рукамі» — прыдумалі цэлую анкету і падыходзілі да дзяўчат пад выглядам правядзення сацыяльнага апытання.
— Мы атрымалі нерэальную колькасць пазітыўных эмоцый, — прыгадвае Ігар. — І, зразумела, вопыт стасункаў з прыгожым полам.
Але такія аўтатрэнінгі атрымалі нечаканы працяг. Аднойчы Багдану прыйшла ў галаву ідэя дапамагаць сарамлівым старшакласнікам і студэнтам малодшых курсаў. Так узнік сумесны праект. Багдан і Ігар лічаць, што, калі яны самі змаглі пазбавіцца ад комплексаў, то і іншым здольны дапамагчы.
— Я добра ведаю праблемы пабудовы ўзаемаадносін, з якой сутыкаюцца юнакі, — расказвае хлопец. — Раней я таксама быў вельмі замкнёным і сарамлівым. Аднойчы па дарозе ва ўніверсітэт пазнаёміўся з дзяўчынай і запрасіў яе на спатканне. Яно мелася адбыцца ў прыгожым месцы, дзе ёсць выхад на дах. Дзяўчына прыйшла, але... аказалася абыякавай і да мяне, і да той атмасферы, якую я пастараўся стварыць.
Пасля «спаткання» ў Багдана быў дрэнны настрой, і ён падзяліўся сваімі перажываннямі з выкладчыкам, у праекце якога быў заняты. Той замест адказу намаляваў вялікі круг:
— Вось гэта ты, Багдан. Такі вялікі, цікавы, са сваімі дасягненнямі і патэнцыялам.
Пасля выкладчык намаляваў маленькі круг:
— І гэта таксама ты. Менавіта так бачыць цябе тая дзяўчына. Дык падумай, ці патрэбна табе тая, якая так да цябе ставіцца?
Гэта працвярэзіла хлопца. І цяпер ён праводзіць такое ж практыкаванне, калі працуе з маладымі людзьмі, якія прыходзяць на семінары.

1380144907182_2

Семінары «па-амерыканску»

Спачатку Ігар і Багдан бачылі ў якасці сваіх слухачоў найперш закамплексаваных старшакласнікаў і студэнтаў. Але пасля сутыкнуліся з тым, што некаторыя маладыя людзі не могуць наладзіць асабістае жыццё і да трыццаці гадоў. І не таму, што не хочуць.
— Для іх гэта ўжо сапраўдная праблема: час заводзіць сям'ю, а няма з кім, — адзначае Багдан Грыцавец.
Вось і атрымалася, што мэтавая аўдыторыя падзялілася на дзве часткі: старшакласнікі, студэнты — з аднаго боку, і больш сталыя людзі — з другога.
Методыка хлопцаў, якая павінна дапамагчы слухачам стаць больш свабоднымі і смелымі ў адносінах з процілеглым полам, уключае некалькі пунктаў. Па-першае, гэта семінары, на якіх аналізуюцца праблемы канкрэтных людзей і вядзецца пошук шляхоў іх вырашэння. Прапанаваць сваё выйсце з сітуацыі можа любы.
— У той жа Амерыцы гэта вельмі распаўсюджана, — адзначае мой суразмоўца, — а ў нас, наадварот, на такія трэнінгі пакуль глядзяць з недаверам. Людзі, як правіла, баяцца гаварыць пра свае праблемы ўслых, усё трымаюць у сабе. У выніку гэта выліваецца ў дэпрэсію ці стрэс.
Да нядаўняга часу сустрэчы былі толькі для моцнай паловы чалавецтва — так званы «мужчынскі клуб». Цяпер з'явіўся яго аналаг і для дзяўчат. Як правіла, прыблізныя тэмы і праблемы, якія будуць абмяркоўвацца на сустрэчах, паведамляюцца загадзя ў тых жа суполках у сеціве. Напрыклад, вось «парадак дня» для хлопцаў: «Мне падабаецца дзяўчына, але не магу (саромеюся) падысці да яе. Што рабіць?», «Мая дзяўчына раўнуе мяне. Я злуюся з-за гэтага. Дапамажыце!», «Я — кароль «фрэндзоны» (дзяўчаты бачаць мяне толькі ў якасці сябра). Як выйсці з гэтага становішча?»
Па-другое, гэта так званыя «выхады ў людзі». Наведвальнікі курсаў Багдана і Ігара выходзяць у месцы, дзе, як правіла, гуляе шмат дзяўчат, і знаёмяцца з імі. Там на вачах хлопец са сціплага і маўклівага ператвараецца ў кампанейскага жартаўніка або без комплексаў распранаецца і купаецца ў фантане з незнаёмымі дзяўчатамі.

Стаць «я-ідэальным»

Мэта заняткаў — максімальна наблізіцца ў рэальнасці да таго, кім чалавек хацеў бы стаць. Таму наладжванне адносін з супрацьлеглым полам — безумоўна, важна, але не толькі гэта робіць наша жыццё больш яркім. Важна зрабіць так, каб кожны дзень прыносіў карысць і задавальненне, каб здзяйсняліся нейкія «простыя» жаданні, якія адкладваліся да гэтага «на пасля». Напрыклад, не так даўно хлопцы арганізоўвалі скачкі з парашутам для ўсіх ахвотных.
Максім Вараб'ёў скончыў БДТУ і зараз ужо працуе. На семінары пачаў прыходзіць перш за ўсё дзеля таго, каб правесці час у добрай кампаніі, але потым стаў прымаць актыўны ўдзел у праекце:
— Спачатку я хадзіў на ўсе сустрэчы, якія арганізоўвалі Багдан і Ігар, а пасля яны прапанавалі мне і самому ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да семінараў і ў іх правядзенні. Мы ўжо адкрылі ў рамках праекта клуб «Аб чым гавораць мужчыны» і «Аб чым маўчаць дзяўчаты». У хуткім часе плануем адкрыць «Карпарацыю М+Ж», дзе прадстаўнікі абодвух палоў змогуць абмяркоўваць набалелыя пытанні.

Аляксей Казачонак скончыў БДУІР у 2011 годзе. Кажа, што на семінарах яму падабаецца атмасфера:
— Прыходзіш — і атрымліваеш зарад пазітыўнай энергіі, адпачываеш. Для мяне сустрэчы, якія ладзяцца ў рамках праекта, — гэта добры спосаб падурэць!
А яшчэ і хлопцы, і дзяўчаты могуць прыйсці і разам паўдзельнічаць у ралявой гульні «Востраў страху». Калі ў традыцыйнай «Мафіі» ёсць «мафіёзі», ёсць «гараджане», якія павінны выкрыць мафію, і вядучы, то ў «востраве», акрамя «турыстаў» і «ваўкалакаў» ёсць «маньяк», «ведзьма» і іншыя персанажы. Сціплым у гульні можна заставацца толькі ўпачатку, а пасля трэба праяўляць сябе, адпавядаць сваёй ролі.
Усё як у жыцці. Багдан і Ігар спадзяюцца, што іх семінары дапамогуць людзям выбраць тую ролю, якая дазволіць проста быць сабой і не саромецца гэтага.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.