Вы тут

Каравай на стале, спакой у душы


Сёлета хлебаробы Дзяржынскага раёна сабралі 40 цэнтнераў з гектара збожжавых, а валавы збор склаў амаль 72 тыс. тон з плошчы каля 19 тыс. гектараў.

1380232164145_IMG_1403

— Многа гэта ці мала? — цікаўлюся ў першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Ліневіча.
— Гэты год быў не самы лепшы для азімых культур, пасля зімоўкі давялося перасеяць іх на плошчы каля 3 тыс. гектараў. Менавіта позняя вясна паўплывала на стан азімых. Адразу пасля сходу з палёў снегу ў канцы красавіка наступіла гарачае надвор'е і расліны пайшлі рэзка ў рост. Таму адпаведнага кушчэння, як яно павінна быць, не адбылося. Ураджай яравых атрымалі большы, чым азімых, што і вызначыла канчатковую ўраджайнасць па раёне. Летась ураджайнасць была вышэйшая — 49 цэнтнераў на круг. Але з улікам умоў надвор'я і сёлетнія вынікі нядрэнныя, — лічыць Анатоль Канстанцінавіч. — Па ўраджайнасці мы ўвайшлі ў пяцёрку раёнаў Мінскай вобласці. На сённяшні дзень выканалі дзяржаўны заказ.

Варта дадаць, што Дзяржынскі раён займае асаблівае геаграфічнае становішча. Тут знаходзіцца самы высокі ў Беларусі пункт — гара Дзяржынская. Раён адрозніваецца і па ўрадлівасці зямлі: у паўднёвай частцы бал складае каля 28, а ў паўночнай — дзесьці 34. Шмат гліністых участкаў, якія па сваім хімічным саставе параўнальныя з віцебскімі. Пасля моцных дажджоў і веснавога разводдзя даводзіцца чакаць, пакуль падсохне. Такім чынам зацягваюцца тэрміны правядзення тых ці іншых сельгасработ. Але, нягледзячы на складанасці, жніво прайшло ў сціслыя тэрміны — за 15-20 дзён. Бясспрэчна, дапамагла добрая падрыхтоўка і арганізацыя працы. Ва ўборцы ўдзельнічала звыш 100 камбайнаў, больш за 270 механізатараў. Дапамагалі і студэнты сельскагаспадарчых навучальных устаноў, работнікі прамысловых прадпрыемстваў. Асаблівая ўвага была нададзена спраўнасці сушыльнай гаспадаркі, якая дзейнічала без прастояў.

— Акрамя таго, мы падтрымліваем сувязі з навукай: кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты раённага звяна прымаюць удзел ва ўсіх семінарах, мерапрыемствах Інстытутаў раслінаводства і жывёлагадоўлі. Затым ужо на месцах яны праводзяць кансультацыйныя зборы з агранамічнай, заатэхнічнай службамі, такім чынам павышаючы іх прафесійны ўзровень, — распавёў Канстанцін Ліневіч. — А кадры, бясспрэчна, — наш галоўны патэнцыял. Па выніках уборкі ў нас вызначыліся 3 камбайнавыя экіпажы-двухтысячнікі, каля 30 аднатысячнікаў.

Спаборніцтва паміж удзельнікамі ўборкі — добры стымул паспяховай працы. Сёлета яно, як і папярэднія гады, праводзілася сярод экіпажаў камбайнаў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа і машыністаў зернесушыльных комплексаў. Напрыклад, на рахунку маладога вадзіцеля з філіяла «Праўда-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі» Дзмітрыя Бірылы — звыш 3 тыс. 200 тон адвезенага збожжа. Антон Кудрыцкі і Віталь Куніцкі з гэтай жа гаспадаркі намалацілі адпаведна 2 тыс. 948 і 2 тыс. 817 тон збожжа. Трэці вынік — у камбайнера Віталя Ласіцкага з філіяла «Пяцігор'е» агракамбіната «Дзяржынскі».

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці будуць падведзены вынікі спаборніцтва сярод сельгасарганізацый па атрыманні збожжа з аднаго бала-гектара.

На свяце, вядома, будуць ушаноўваць і ўсіх хлебаробаў, якія найбольш вызначыліся падчас уборачнай кампаніі, а таксама спецыялістаў, інжынераў, аграномаў, кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.