Вы тут

Дзяржынскі раён у дзясятцы лепшых па ўмовах пражывання


У Дзяржынскім раёне на высокім узроўні ўсе сферы жыццядзейнасці: і сельская гаспадарка, і будаўніцтва, і сацыяльная сфера, і прамысловасць. Усё, так бы мовіць, развіваецца гарманічна, у комплексе. Але што тычыцца прамысловасці, то тут апошнім часам назіраецца шмат змен. З чым гэта звязана ў першую чаргу, размова са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем АРЦЮШКЕВІЧАМ.

1380232180386_IMG_1438

— Нам пашчасціла, што гарады Дзяржынск і Фаніпаль сталі прамысловымі спадарожнікамі Мінска. Пры асабістай падтрымцы старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры ў раёне Фаніпаля значныя плошчы перададзены свабоднай эканамічнай зоне «Мінск». Тут выдзяляюцца зямельныя ўчасткі пад інвестыцыйныя праекты і будаўніцтва новых вытворчых магутнасцяў разнастайных прамысловых прадпрыемстваў пры ўмове імпартазамяшчэння і рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Гэта, так бы мовіць, наша будучыня. Сёння ў тым жа Фаніпалі ўзводзіцца завод рэспубліканскага ўзроўню па вытворчасці электрацягнікоў і ўсіх відаў пасажырскага электратранспарту. Першая электрычка павінна сысці з канвеера да канца гэтага года — усё ідзе паводле графіка, без збояў. Асноўныя заказчыкі на будучую прадукцыю — Беларусь і Расія. Да чэмпіянату свету па футболе, які будзе праходзіць у 2018 годзе адразу ў некалькіх гарадах, наша бліжэйшая суседка плануе набыць пэўную колькасць электрычак — дагаворы заключаюцца. Электрацягнікі, закупленыя ў Швейцарыі, ужо курсіруюць па беларускай чыгунцы. Цяпер іх будзе выпускаць сумеснае швейцарска-беларускае прадпрыемства на тэрыторыі нашага раёна. І паступова новы транспарт прыйдзе на змену старому.
Спадзяёмся, у хуткім часе з'явіцца ў нас і завод па вытворчасці воданагравальных і ацяпляльных прыбораў. Італьянскае прадпрыемства «ФераліБел» ужо прыступіла да будаўніцтва вытворчых плошчаў. У бліжэйшы час плануецца адкрыццё заводаў па вытворчасці сучасных упаковачных матэрыялаў, стрэйч-плёнкі разнастайных відаў, у тым ліку і для патрэб сельскай гаспадаркі. Акрамя таго, рыхтуюцца дзве пляцоўкі для будаўніцтва новых магутнасцяў па выпуску будаўнічых блокаў і металічных канструкцый. Сярод ужо рэалізаваных праектаў — будаўніцтва новага прадпрыемства ТАА «Таспо-Ф» па вытворчасці радыятараў для машынабудаўнікоў краіны, ТАА «Андрусера Агра» — цяплічнага комплексу па вырошчванні кветак, стварэнне ЗАТ «ПМІ-Груп» аднаго з самых сучасных ва Усходняй Еўропе прадпрыемстваў па вытворчасці гідраўлічнага абсталявання для аўтатрактарнай тэхнікі айчыннай вытворчасці.
Словам, прамысловасць раёна развіваецца актыўнымі тэмпамі, штогод яе аб'ёмы павялічваюцца. І ў перспектыве, думаю, будуць расці, таму што з'яўляюцца новыя прадпрыемствы.
— Мікалай Іванавіч, новыя прадпрыемствы — гэта новыя рабочыя месцы і, як правіла, павышэнне заробкаў. Ці не так?
— Па-першае скажу, што Дзяржынск уваходзіць у топ-рэйтынг 10 гарадоў краіны па заработнай плаце і ўмовах пражывання. Дакладней, займае ў табліцы пятае месца, а Фаніпаль на радок вышэй. Сярэдняя зарплата ў раёне вышэй за 5 млн рублёў, а ў прамысловасці — каля 6 млн рублёў. Зрэшты, не адстае і сельская гаспадарка. Мы імкнёмся трымаць тут высокую планку, паколькі кадры могуць пайсці ў іншыя арганізацыі, дзе большыя заробкі. Але, калі шчыра, то нават не заўсёды ўтрымлівае людзей на сяле і высокі ўзровень аплаты працы. Моладзь, напрыклад, не задавальняе амаль поўная адсутнасць выхадных. Таму ў многіх сельгасарганізацыях пачалі прадастаўляць вольныя дні, нават нягледзячы на сезоннасць работ.
— Наколькі ведаю, у раёне паспяхова вырашаецца жыллёвая праблема. Ці, магчыма, перабольшваю?
— У 2006 годзе, калі я ўзначаліў раён, тут будавалася 35 тыс. кв. метраў жылля за год. Літаральна за два гады нам удалося дасягнуць паказчыка ў 70-75 тысяч «квадратаў». І цяпер утрымліваем гэтую планку. У раёне 61 тыс. жыхароў, так што задачу, пастаўленую кіраўніком дзяржавы (будаваць па 1 кв. метры плошчы на чалавека), мы перавыконваем. Акрамя таго, раней, каб уступіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў, людзі чакалі 15 гадоў. Цяпер жа, напрыклад, па Дзяржынску ўключаем у ЖБК ахвотных пабудаваць трохпакаёўкі, што стаяць на чарзе з мінулага і гэтага года, 1-2-пакаёвыя кватэры — з 2010-га. Мы праводзілі апытанне наконт паляпшэння жыллёвых умоў, высветлілася, што ўсе, хто хацеў, ужо ўступілі ў кааператывы ці атрымалі ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва.
Гэта таксама станоўча ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю. Тры гады таму нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Такіх рэгіёнаў на Міншчыне тры: Мінскі, Дзяржынскі раёны і горад Жодзіна. Сур'ёзна працуем над аховай здароўя, пастаянна ставім задачы і пацвярджаем іх фінансава — мець усе неабходныя сродкі дыягностыкі, каб хутка, якасна ўстанаўліваць дыягназ і праводзіць лячэнне. Гэта таксама не апошні фактар у захоўванні здароўя і працягласці жыцця насельніцтва.
— Мікалай Іванавіч, у вас пад бокам моцны канкурэнт — Мінск, які пераманьвае кадры. Як змагацца з гэтай з'явай?
— Сёння сапраўды ў нас больш рабочых месцаў, чым зарэгістравана беспрацоўных. Недахоп рабочай сілы адчуваецца, і ў наступныя гады будзе толькі павялічвацца. Але з Мінска пераходзяць работнікі на новыя вытворчасці, асабліва на тыя, што выносяцца з горада. Сёння міграцыя кадраў ёсць як з Дзяржынска ў сталіцу, так і наадварот. У вялікім мегаполісе зняць ці пабудаваць жыллё складаней. Таму мінчане ўсё ахвотней прыязджаюць да нас на работу. Гэта натуральны працэс. У кожнага ёсць права выбару. Акрамя гэтага, актыўнае развіццё ўласнай прамысловай базы, рост узроўню заробкаў робяць Дзяржыншчыну ўсё болей прывабнай і для жыхароў суседніх раёнаў — Уздзенскага, Валожынскага, Стаўбцоўскага.
— Сістэма адукацыі Дзяржынскага раёна таксама адна з лепшых у вобласці. Гэта агульнапрызнаны факт ....
— Так, аддзел адукацыі пастаянна займае высокія месцы ў абласных спаборніцтвах, у мінулым навучальным годзе — гэта другое месца ў конкурсе «За дасягненне высокіх паказчыкаў». Ва ўстановах адукацыі ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы, каб выхаванцы раслі інтэлектуальна і фізічна развітымі. Школы, гімназіі аснашчаны камп'ютарамі, найноўшымі сродкамі навучання, у тым ліку інтэрактыўнымі: выкарыстанне крэйды — гэта ўжо ўчарашні дзень.
Пра ўзровень падрыхтоўкі сведчыць той факт, што ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступае штогод звыш 80% выпускнікоў гімназій. Напрыклад, летась гімназія № 1 г. Дзяржынска пабіла ўсе рэкорды: толькі тры навучэнцы паступілі ў каледж, астатнія — у ВНУ. У нас вялікая колькасць пераможцаў прадметных алімпіяд розных узроўняў — 39 за леташні навучальны год, навукова-практычных канферэнцый — 61 дыплом, у тым ліку 43 на ўзроўні рэспублікі, творчых конкурсаў (230 узнагарод). Для таго каб стымуляваць выхаванцаў і педагогаў на далейшую плённую працу, сёлета спецыяльнымі прэміямі выканкама ўзнагароджаны 103 вучні і 52 настаўнікі на суму 135 мільёнаў рублёў.
Трымаюць высокую марку і ўстановы культуры, пазашкольнага выхавання. Так, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва.
— Які аб'ект, на ваш погляд, найбольш сацыяльна значны для раёна?
— У дачыненні сельскай гаспадаркі гэта — стварэнне агракамбіната Дзяржынскі. Сюды далучылі транспартнае прадпрыемства, чатыры гаспадаркі, якія пераўтварылі ў філіялы, рыбгас, Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў. Тут замкнуты цыкл вытворчасці мяса птушкі і атрымання ўласных кармоў, іх перапрацоўка. А гэта паўплывала на рэнтабельнасць і патанненне прадукцыі, якая выпускаецца. Што ў канчатковым выніку выгадна і вытворцам, і пакупнікам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?