Вы тут

Колькі моў мусіць ведаць сучасны чалавек?


Вось ужо больш за 10 гадоў з мэтай падтрымкі моўнай разнастайнасці адзначаецца Еўрапейскі дзень моў. Усё больш людзей свабодна размаўляюць як мінімум на адной замежнай мове. А захаванне і развіццё моў, уключаючы малыя, дэкларуецца ў афіцыйнай моўнай палітыцы Еўрасаюза.

1380232316683_1

Алег ЦІТКОЎ, тэлевядучы («Добрай раніцы, Беларусь!»), прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі:

— Упершыню ад вас пачуў пра існаванне такога дня, але наогул ён прыдуманы вельмі правільна. Бо немагчыма жыць у сённяшнім мультыкультурным свеце, ведаючы толькі адну мову. Напрыклад,падарожнічаючы па Еўропе, я звярнуў увагу, што амаль паўсюдна з'яўляюцца шыльды і ўказальнікі на 4 мовах: мове краіны, англійскай, рускай і кітайскай. Такім чынам, сучаснаму чалавеку чатырох моў больш чым дастаткова для нармальнага існавання. Неабходны мінімум — упэўнена валодаць, акрамя сваёй, англійскай мовай. А кітайская і руская — гэта ўжо на выбар і жаданне кожнага.

1380232317896_2

Таццяна ПРУДЗІННІК, пісьменніца, блогерка, вандроўніца (цяпер жыве ў Іспаніі):

— Нават калі гэты сучасны чалавек ніколі не збіраецца пакідаць радзіму, то яму варта ўсё ж вывучыць англійскую мову, хаця б для таго, каб свабодна арыентавацца ў інтэрнэце. А ўжо калі ён збіраецца падарожнічаць, без універсальнай англійскай не абысціся.

Маладыя еўрапейцы ведаюць па тры-чатыры мовы і вельмі лёгка іх вучаць. Я думаю, гэта звязана з педагагічным падыходам: ім ніхто не забівае ў галаву з самага дзяцінства, што замежная мова — гэта вельмі складана і страшна. Ды і метады навучання моцна адрозніваюцца ад нашых, у іх больш весялосці і мадэлявання практычных сітуацый і менш механічнага завучвання. У якасці прыкладу магу прывесці майго французскага сябра Валянціна, які за паўгода жыцця ў Барселоне выдатна вывучыў іспанскую мову. У нас жа лічыцца, што менш чым за два гады замежную мову не вывучыць. Ну і, вядома, сучасны чалавек перадусім павінен ведаць і паважаць родную мову, тым больш калі гэтая мова такая прыгожая і мілагучная, як наша, беларуская. Хаця б песні родныя трэба вывучыць, каб пры выпадку праспяваць іх на вячорках сваім замежным сябрам і пачуць у адказ захопленыя кампліменты пра тое, як гэта неверагодна выдатна!

1380232319507_3

Марат КЛІМАЎ, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, археолаг:

— Ёсць такая аксіёма: чым больш моў ведае чалавек, тым больш развіты яго мозг. Таму я суб'ектыўна лічу, што беларусы больш развітыя, чым рускія, бо мы з дзяцінства вывучаем адразу дзве мовы, якімі карыстаемся ў штодзённым жыцці. Плюс замежная. Трох моў для мінімальна камфортнага існавання ў сучасным свеце, у прынцыпе, хопіць. Можна, натуральна, прысвяціць усё жыццё вывучэнню іншых моў, але пры гэтым трэба захоўваць разумную мяжу, не ператвараючы іх колькасць у самамэту... Асабіста мне для працы хапае рускай, беларускай і размоўнай, неспецыялізаванай англійскай, бо спецыялізаваную літаратуру нармальна чытаю са слоўнікам, з далёкімі замежнікамі шчыльна перасякаюся хіба раз на год на навуковай канферэнцыі, а замежнікі блізкія — палякі, украінцы — цудоўна разумеюць беларускую. Дарэчы, за межамі краіны я прынцыпова карыстаюся менавіта беларускай, бо лічу мову галоўным самаідэнтыфікатарам чалавека.

Падрыхтавала Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.