Вы тут

ЁН УСЁ СПАЗНАЎ...


Пакуты і надзеі Сяргея Грахоўскага
Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,
Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,
Дубовы ліст, у жылках і ў расе,
Мне нагадаў абрысы Беларусі.
Яго мая кранаецца рука,
А ён нібыта выкаваны з броні,
І жылка кожная дубовага лістка
Злілася з жылкамі маёй далоні.

1962 г.

Калі чытаеш вершы гэтага паэта, то здаецца, што выжыць яму дапамагала радзіма, родныя, роднае... Двойчы асуджаны (рэпрэсаваны), ён зведаў долю выгнанніка, чалавека, якога імкнуліся прынізіць, пазбавіць таго, што ён любіць, прымусіць быць іншым, займацца не тым, чым хацелася. А ён трымаўся за сваё (хаця б ва ўспамінах), і разумеў, што яно не дасць прапасці.
100-гадоваму юбілею аднаго з найвыдатных беларускіх паэтаў складанага савецкага перыяду і часу, што прыйшоў пасля яго, мы ўжо прысвячалі адзін з матэрыялаў «Жырандолі». Але ў гэтыя дні (калі адзначаецца дзень нараджэння Сяргея Грахоўскага) хочацца даць магчымасць звярнуцца да яго слоў, напоўненых мудрасцю і жыццёвымі сіламі чалавека, які, зведаўшы цяжкія выпрабаванні, аказаўся мацнейшым за іх. Усё жыццё гэта чалавека — сведчанне таго, што на змену няпраўдзе ўсё адно прыходзіць справядлівасць, рана ці позна. І прыклад таго, што ў любых умовах трэба не здраджваць сабе і таму дару, што дадзены Богам. І нават калі цябе не чуюць сёння (слова не ідзе да людзей, не выдаюцца кнігі), то пачуюць хоць бы праз 30 гадоў. І зразумеюць: тое, што баліць і прамаўляецца шчыра, не мае тэрміну даўнасці. Грахоўскі не пераставаў пісаць, нават калі быў зняволены (ГУЛАГ не можа адабраць талент!). І пісаў тады, калі не было ўпэўненасці, што кнігі выйдуць. Аднак яны выйшлі (першая толькі ў 1958 годзе). І яны паказалі, што значыць заставацца чалавекам у любых абставінах, што значыць любіць, верыць, кахаць і спадзявацца. Ён стаў аўтарам зборнікаў вершаў, паэм («Паэмы дарог» і «Ростань на світанні»), перакладаў кнігі замежных аўтараў на беларускую мову. І ў аўтабіяграфічнай трылогіі («Такія сінія снягі», «Зона маўчання», «З воўчым білетам») распавёў пра перыяд рэпрэсій.
Да 100-годдзя Сяргея Грахоўскага была прымеркавана вечарына ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа, арганізаваная сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Успаміны пра паэта блізкіх і сяброў (не стала Сяргея Іванавіча ў 2002 годзе) дапаўнялі архіўныя матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея і сям'і Грахоўскіх, прадстаўленыя на выставе «...Ад словаў свеціцца жыццё». І цяжка з гэтым спрачацца: даказана Грахоўскім. Доказы — творы, да якіх варта звяртацца, як да выпакутаванай мудрасці.

Ларыса ЦІМОШЫК.

АДНО ЖАДАННЕ

Вецер вые на жалобнай ноце,
Дожджык то сціхае, то імжыць.
Зноў гадаю я на адзіноце,
Колькі мне пакутаваць і жыць.

Быццам страшны сон,
дзесяцігоддзі
Прамільгнулі, хоць яшчэ не ўсе.
Хто ж мне скажа:
«Досыць! Годзе!»
І спакой адвечны прынясе?

Што здаўна усім наканаваны,
І ніхто яго не абміне.
Можа, на змярканні або рана
Мне павекі з вуснамі замкне?
Згасне лямпа, загарыцца свечка,
І усё замоўкне назаўжды,
Скончыцца з пакутным лёсам
спрэчка,
Знікнуць непрыкметныя сляды.

Неўзабаве дзень надыдзе ў скрусе,
Змоўкну і забуду аб бядзе,
І хачу памерці ў Беларусі,
Толькі ў Беларусі. Больш — нідзе.

2002 г

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.