Творчае спаборніцтва двух вялікіх кампазітараў у Вялікім тэатры
«Спачатку Музыка, потым слова» — опера Сальеры. «Дырэктар тэатра» — опера Моцарта. Імёны абодвух кампазітараў, як і іх творы, сышліся ў адным вечары аднаактовых опер, якія прадстаўляюцца 28 верасня ў камернай зале імя Ларысы Александроўскай тэатра оперы і балета Беларусі.
Два лепшыя кампазітары Вены па прапанове імператара Іосіфа напісалі оперы на камічныя сюжэты, звязаныя з тэатральным жыццём. Выключна дзеля творчага спаборніцтва, выключна на радасць публіцы, якая паважала іх абодвух. Прычым у свой час Антоніа Сальеры карыстаўся ўвагай і пашанай нават большымі, чым Вольфганг Амадэй Моцарт. Аднак твор Пушкіна (які меў права на творчы вымысел) утварыў у свядомасці аматараў рускай паэзіі праблему ўспрымання імені Сальеры. Але навошта таленавітаму кампазітару, якога любяць і паважаюць, зводзіць рахункі з тым, хто не замахваецца на яго славу, але варты сваёй?
Яны абодва ўступілі ў творчае спаборніцтва — праз напісанне гэтых опер, прэм'ера якіх адбылася ў 1786 годзе ў імператарскім палацы Шэнбрун. І Сальеры тады перамог: яго выбрала публіка.
Гісторыя дае шанц нешта паўтарыць. І, можа быць, нават змяніць, няхай і ў іншай краіне, праз стагоддзі. Цяпер беларуская публіка будзе вырашаць, чый твор ёй больш падабаецца. Гэта і ёсць асноўная інтрыга гэтых прэм'ер, закладзеная дырыжорам-пастаноўшчыкам Іванам Касцяхіным і рэжысёрам Наталляй Кузьмянковай. Дык Моцарт ці Сальеры?.. На гэты раз вырашаем мы.
Ларыса ЦІМОШЫК
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.