Вы тут

Адвечнае спаборніцтва


28 верасня Вялікі тэатр Беларусі запрашае ў Камерную залу імя Александроўскай на прэм’еру аднаактовых опер “Дырэктар тэатра” Вольфганга Амадэя Моцарта і “Спачатку музыка, потым словы” Антоніа Сальеры. Па задумцы пастаноўшчыкаў кампазітары зноў сыдуцца ў адвечным творчым спаборніцтве.

Адвечнае спаборніцтва

Пра ўзаемную непрыязнь знакамітых кампазітараў Моцарта і Сальеры ходзяць легенды. Мы памятаем, што ў пушкінскай “маленькай трагедыі” доля геніяльнага Моцарта — смерць ад рук зайздроснага Сальеры. Але гэта толькі творчая здагадка паэта. У рэальным жыцці ўсё было інакш, значна больш празаічна. На самай справе кожны з кампазітараў быў вядомы і прызнаны сучаснікамі, а Сальеры нават у большай ступені, чым Моцарт, карыстаўся аўтарытэтам у музычным свеце. Зразумела, кампазітары спаборнічалі паміж сабой, але кожны з іх прызнаваў творчасць іншага, спаборніцтва ішло хутчэй за становішча пры двары. Аднак гэта не перашкаджала ім уступаць у жартоўныя музычныя спрэчкі. Так і з’явіліся на свет две бліскучыя камічныя оперы — “Дырэктар тэатра” і “Спачатку музыка, потым словы”. У 1786 годзе імператар Святой Рымскай імперыі Іосіф II вырашыў наладзіць музычнае спаборніцтва: прапанаваў двум лепшым кампазітарам Вены — Моцарту і Сальеры — напісаць оперы на камічны сюжэт, звязаны з закулісным светам тэатра. Тады перамог Антоніа Сальеры: ягоную оперу "Спачатку музыка, потым словы" захопленая публіка сустрэла апладысментамі, аднак у гісторыю музыкі як геніяльны кампазітар увайшоў Вольфганг Амадэй Моцарт…

Беларуская пастановачная група — дырыжор Іван Касцяхін і рэжысёр Наталля Кузьмянкова — вырашылі зноў вярнуцца да таго даўняга гістарычнага факта і разыграць на сцэне музычнае спаборніцтва паміж Сальеры і Моцартам. Аднак гэтым разам яго вынік зусім не абавязкова будзе такім, як раней.

— Мы аб’ядноўваем два спектаклі агульнай ідэяй, — распавёў дырыжор Іван Касцяхін. — Мастацтва — гэта не проста спаборніцтва паміж таленавітымі людзьмі, а садружнасць творчых асоб, паразуменне паміж імі, узаемадапамога і падтрымка. У нас не будзе вызначанага зыходу музычнага спаборніцтва, які быў зафіксаваны ў рэальным жыцці. Мы зробім адкрыты фінал і прадставім магчымасць публіцы самой вылучыць пераможцу. Ёсць і іншыя цікавыя рэжысёрскія хады, але пра іх гледачы даведаюцца толькі на самім спектаклі...

Такім чынам, лепшага вылучыць публіка. Хто стане пераможцам музычнага спаборніцтва — Моцарт або Сальеры — вырашаеце вы. Не прапусціце магчымасць умяшацца ў ход гісторыі і назваць свайго фаварыта!

Вольга НІКАЛАЕЎСКАЯ

Фота прадастаўлена НАВТ оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.