Вы тут

Пароль: Целеш


Гэтую кнігу складана будзе знайсці ў кнігарні. Адразу ж пасля выхаду яна стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Прычына таму — не толькі абмежаваны наклад. Выданне прызначана для ўнутранага сямейнага выкарыстання членаў роду Целешаў. Але пагартаць яе ці проста пазнаёміцца з агульнай канцэпцыяй і структурай, думаю, будзе карысна кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, хоча скласці ўласны радавод. Менавіта такі своеасаблівы майстар-клас і прапануе чытачу мастак, краязнаўца Вячка Целеш у выданні “Адсюль наш род, тут мой прычал” (Мінск: Кнігазбор, 2013). Падчас свайго нядаўняга візіту на радзіму Вячаслаў Міхайлавіч завітаў да нас у рэдакцыю і распавёў пра адметнасці стварэння кнігі, яе своеасаблівыя рысы і ў цэлым адзначыў тэндэнцыю зацікаўленасці ўласным радаводам не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі.

Ад паштовак пачатак

— Па адукацыі я мастак, выкладчык, скончыў Латвійскую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, але яшчэ з самага дзяцінства гісторыя — маё вялікае захапленне. Спачатку ўсё зводзілася толькі да разглядвання старых манет, але пазней, калі я ў 1958 годзе прыехаў у Рыгу, пабачыў прыгожы еўрапейскі горад са старажытнымі дамамі, з вежамі цэркваў і касцёлаў, то цалкам захапіўся яго мінуўшчынай. Пачаў збіраць паштоўкі з краявідамі Старой Рыгі. Спачатку самастойна, а крыху пазней трапіў у адно месца, дзе нелегальна збіраліся калекцыянеры. Раней не было антыквараў, забаранялі калекцыяніраваць старыя рэчы. Толькі маркі можна было збіраць. Там жа я ўбачыў старыя паштоўкі з відамі Рыгі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. На гэтых выявах было бачна, як людзі апраналіся ў той час, які быў транспарт. Мяне гэта вельмі захапіла.

Напэўна, па натуры я ўсё ж не толькі мастак, але і даследчык мінуўшчыны. Калі бачу ў музеі старыя рэчы, гартаю старажытныя рукапісы, кнігі, праглядаю старыя часопісы, то маю вельмі прыемныя адчуванні. Прыкладна з 1968 года я захапіўся справай калекцыяніравання паштовак. Мае ўласныя зборы паступова папаўняліся, а на малюнках трапляліся не толькі краявіды Старой Рыгі, але і выявы беларускіх гарадоў.

ЦЕЛЕШ2

Калі Уладзімір Караткевіч прыязджаў на адпачынак да нас у Латвію, у Дубулты, мне выпала магчымасць з ім пазнаёміцца. Я паказаў пісьменніку старыя паштоўкі з краявідамі Оршы, ён быў у вялікай радасці і захапленні. Пазней Уладзімір Сямёнавіч пазнаёміў мяне з Адамам Мальдзісам, у яго была досыць багатая калекцыя паштовак з відамі Мінска, некаторыя з іх я нават атрымаў у падарунак ад шаноўнага даследчыка.

Калекцыяніраванне мела і выдавецкі плён: выйшлі альбомы “Мінск на старых паштоўках”, “Рыга на старых паштоўках”, а кніга “Гарады Беларусі на старых паштоўках” ужо вытрымала аж тры перавыданні, цяпер рыхтуецца чацвёртае. Адметна таксама, што альбомы — гэта выданні, падрыхтаваныя на навуковай даследчай аснове. Кожнае лета я ездзіў па гарадах, ішоў у мясцовы музей, глядзеў іх паштоўкі, паказваў свае, шукаў мясціны, адлюстраваныя на старых выявах, параўноўваў з сучаснай рэчаіснасцю. Таму, лічу, што гэтыя кнігі — знаходка для краязнаўцаў. Паступова ўвёў “моду” на падобныя праекты: ужо пабачылі свет альбомы паштовак з выявамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых гарадоў.

Вытокі таленту і… сям’і

— Калі справа з калекцыяніраваннем была нібыта завершана, я пачаў цікавіцца звесткамі пра вытокі свайго роду. Больш за тое, у мяне заўсёды пыталіся, ці маю продкаў-мастакоў. Я казаў: “Не”, — бо не ведаў... Але потым, калі мой дзядзька прыязджаў з Канады ў 1980-х, яму задаў гэтае пытанне. Высветлілася, што яго дзед — то бок мой прадзед, які быў дзякам у царкве, высякаў з вапняка прыгожыя крыжы, надмагіллі. Адзін з такіх крыжоў я бачыў у дзяцінстве. Напэўна, ад сваяка мне і перадаўся талент.

Так я вырашыў збіраць звесткі пра дзеда, астатніх родзічаў, каб скласці генеалагічнае дрэва. Але калі пачаў больш адрасна займацца справай, то заўважыў: у нас трэцяя частка вёскі — Целешы. А адкуль яны? Значыць, мы ўсе родзічы. Так і атрымалася.

Працаваў у архівах Гародні, Вільнюса... Хадзіў па хатах, запісваў гісторыі сем’яў усіх Целешаў-нашых сучаснікаў. Паступова “збіраўся” ланцужок. У гэтай працы мне вельмі дапамагла мая сястра Вера. Працэс вельмі складаны: патрэбна не толькі шмат працаваць у архівах, але пісаць, тэлефанаваць у розныя месцы, занатоўваць успаміны. З вёскі Краснае Сяло (цяпер г. п. Краснасельскі), што на Ваўкавышчыне, Целешы разляцеліся паўсюль: прадстаўнікі нашага роду жывуць у Таронта, Хабараўску, на Украіне, у Польшчы, натуральна, і ў Беларусі, у нашым родным Краснасельскім.

Радавод — гэта наша гісторыя, дзе распавядаецца пра дзядоў і прадзедаў, згадваецца маленства і мінулае. Мне хацелася апісаць і мясціны, дзе я нарадзіўся, хадзіў у школу, дзе вырас. Цяпер там цалкам усё змянілася. Спачатку я планаваў даследаваць толькі гісторыю сваёй сям’і, але ў выніку справа ператварылася ў шырокае вывучэнне ўсяго роду. Над кнігай працаваў тры гады, з іх два літаральна не адыходзіў ад камп’ютара…

Летапіс роду — гісторыя вёскі

— Кніга “Адсюль наш род, тут мой прычал” — не для публічнасці. Гэта прыватнае жыццё кожнага Целеша, па сутнасці, фамільная кніга. Я арыентаваўся, каб усе, пра каго пісаў, атрымалі гэтае выданне, прачыталі, перадалі сваім дзецям і такім чынам захавалі памяць пра нашых продкаў. Мы павінны памятаць бацькоў, дзядоў, прадзедаў, прыходзіць на могілкі, распавядаць пра сваіх продкаў дзецям і ўнукам. Каб ведалі, адкуль іх карані, любілі сваю малую радзіму. Я жыву ў Латвіі ўжо больш як 50 гадоў, гэта ўжо другая радзіма, але ўсё ж мае карані, мая любоў — на беларускай зямлі.

Мне надзвычай прыемна, што многія Целешы чакаюць гэтую кнігу, асабліва маладыя. Вельмі важна, што ў працы многія дапамагалі сваякі. Напрыклад, траюрадная сястра, якая жыве ў Мінску, нават знайшла ўспаміны свайго дзеда, які нарадзіўся ў ХІХ ст., служыў у пана, быў у царскім войску. Гэта было цікава, каштоўна і нечакана.

Назад, у 1795 год

— У Латвіі таксама сёння цікавяцца сваімі радаводамі, але кнігі выдаюць у асноўным толькі пра дзеда-прадзеда, іх братоў. Такія выданні выходзяць вельмі малымі накладамі — 20-30 асобнікаў, і ў кнігарнях вы іх дакладна не знойдзеце. Адметна таксама, што большасць кніг, прысвечаных генеалогіі, распавядае пра радаводы князёў, шляхту. А яны мелі свой афіцыйна зарэгістраваны герб, сваё радавое дрэва. Гэтую інфармацыю і сёння лягчэй знайсці. Але такога шырокага даследавання, дзе ахоплена гісторыя больш як 50 сем’яў, па сутнасці ніхто не праводзіць.

Я напісаў пра сялян. Мае прапрадзеды былі прыгоннымі сялянамі, а вёска належала графу Патоцкаму. Мае продкі жылі ў курных хатах… Сам жа радавод я прасачыў аж да 1795 года. У нас не было свайго сямейнага герба. Але я распрацаваў экслібрыс — як герб. У цэнтры — целеш, кавалак адпілаванага ліпавага бервяна, бо каля хаты амаль у кожнага Целеша раслі ліпы. На выяве адна ліпка расцвіла, тут жа з’явілася і пчолка: з аднаго боку, мае продкі былі працавітыя, але ёсць і больш прыземленае тлумачэнне — яны аж з ХІХ ст. заўсёды мелі вуллі.

Спадзяюся, што маё даследаванне натхніць і прадстаўнікоў іншых родаў, падкажа шлях да складання ўласнага радаводу, напісання фамільнай кнігі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».