Вы тут

Тэорыя адноснасці


Падчас сваёй цяжарнасці я перачытала столькі разнастайнай літаратуры наконт выхавання дзяцей, што, напэўна, магла б напісаць неблагую дысертацыю. Праўда, не столькі пра дзяцей, колькі пра дарослых, якія не адну сотню гадоў шукаюць універсальны метад, як зрабіць лягчэйшым сваё жыццё побач з самымі патрабавальнымі істотамі ў свеце. Прыблізна кожныя 40—50 гадоў шырокае распаўсюджванне набываюць новыя «выхаваўчыя» тэорыі, абвяшчаючы састарэлым увесь папярэдні бацькоўска-педагагічны вопыт. Ды што там састарэлым — бывае, што і варварскім! А дзеці нічога сабе, растуць. І з цягам часу заводзяць новых дзяцей, каб са свежымі сіламі шукаць новае рашэнне гэтай спрадвечнай задачы.

1380318729735_28-14

З усяго прачытанага я зрабіла адну, бадай што галоўную выснову: бясспрэчнага метаду выхавання не існуе. Кожны (і, найперш, кожная) мае тут прыроднае права выбіраць і вынаходзіць усё, што заўгодна. Насамрэч немаўля — істота вельмі моцная, і фізічна, і псіхічна. Ніякія педагагічныя эксперыменты не перашкодзяць яму навучыцца хадзіць, размаўляць і выдумляць. А які чалавек з яго вырасце — гэта ўжо на бацькоў глядзець трэба. Згадаць хаця б Джона Уотсана, па запаветах якога нямала наваспечаных маці дагэтуль апасаюцца лішні раз узяць малога на рукі (нават у інтэрнэце парады, «як не прывучыць дзіця да рук» сапернічаюць па колькасці з інструкцыямі, «як прывучыць да рук» папугайчыка ці хамяка). Менавіта ў адрас Уотсана сучасныя дзіцячыя псіхолагі шпурляюць віртуальныя гнілыя яблыкі ў найбольшай колькасці, а ў якасці апошняга аргумента супраць яго тэорыі згадваюць трагічны лёс уласных дзяцей гэтага сумна знакамітага даследчыка чалавечай псіхалогіі. Тым не менш, не адно пакаленне дастойных людзей на гэтай планеце вырасла без цесных бацькоўскіх абдымкаў. А што да дзяцей Уотсана — дык іх бацька сам быў далёка не лепшым майстрам будаваць сваё жыццё. Таемныя бацькоўскія заганы і комплексы дзеці і выявілі…
Словам, «пакіньце дзяцей у спакоі, выхоўвайце лепш сябе». Узброеная гэтай англійскай прымаўкай (у маім вольным перакладзе), я ўзяла на рукі свайго сына ўпершыню. І неўзабаве заўважыла, што абсалютна не выношу дзіцячага плачу. Сыну варта было толькі зморшчыць носік, як я выхоплівала яго з калыскі, не зважаючы на кпіны суседак па раддомаўскай палаце. Потым нервова падхоплівалася з ложка ўначы, спрабуючы вызначыць наперад, ці не збіраецца ён учыніць гвалт… Хутка гэта выматала мяне да такой ступені, што я выцягнула малога з калыскі апошні раз і паклала побач з сабою, яшчэ не ўсведамляючы, што зрабіла першы крок да такога моднага сёння «натуральнага бацькоўства»… Наступныя крокі ў тым жа кірунку былі здзейснены міжвольнага. Купленыя загадзя каляска, калыска, соскі і дзіцячыя бутэлечкі так і не спатрэбіліся. На пошукі няні і свае колішнія страхі адстаць ад імклівага цягніка сучаснага жыцця я таксама забылася вельмі хутка. І нарэшце зразумела сяброўку, якая адмовілася ад цікавай працы з перспектыўнай кар'ерай аж да таго часу, пакуль яе дачка не пайшла ў школу. Цяпер і я ўсвядоміла: дзеці вырастаюць значна хутчэй, чым змяняецца гэтае «імклівае» жыццё. Якое, між іншым, само вызначыць, куды і з якой хуткасцю табе рухацца.
…Дзіцячага артапеда ў нашай паліклініцы чакалі як заезджую «зорку». Даты візіту рэдкага спецыяліста бясконца пераносіліся, а талоны на прыём да яго медсёстры выдавалі з такім выглядам, быццам гэта не талоны, а квіткі на здзяйсненне самых запаветных мар. І гэта зразумела: артапедаў у дзіцячых паліклініках паўсюдна не хапае… Сам прыём атрымаўся не горшым за эстрадны ілюзіён: за нейкую хвіліну артапед паспяваў прыняць адначасова адразу траіх маленькіх пацыентаў (а як інакш, калі ён адзін, а нас — на ўвесь даўжэзны калідор?). Ледзь глянуўшы на маё дзіця, ён вынес свой прысуд: «Дысплазія суставаў». І параіў засунуць малога ў бесчалавечную грубую канструкцыю на наступныя два месяцы. Параіцца на гэты конт мне ні з кім больш не ўдалося: артапеды ўсіх (!) мінскіх камерцыйных клінік, як згаварыўшыся, сышлі ў жніўні ў свой законны адпачынак. І тады я згадала пра слінг (тканевае прыстасаванне для пераносу дзіцяці. — Аўт.), які купіла неяк пад уплывам настрою, але карыстацца ім усур'ёз не збіралася…
Каб я толькі ведала, што ў дадатак да слінга атрымаю столькі прыемных бонусаў! Цяпер зноў, як і раней, я магла бегаць на свае ўлюбёныя вернісажы. Не звяртаючыся ні да каго па дапамогу, проста на метро выпраўлялася гуляць у лес ці да рэчкі. Мы сталі з задавальненнем прымаць гасцей, не апасаючыся за крохкую псіхіку малечы. А калі сыну было тры месяцы, выправіліся ў яго першае замежнае падарожжа. І нават схадзілі разам з ім на джазавы канцэрт.
Зрэшты, джаз у нас дагэтуль — асобная гісторыя. Прыхільнасць сына да музычных імправізацый выявілася выпадкова. У першыя ж дні пасля нараджэння ён пачаў дэманстраваць зайздросную актыўнасць і амаль не жадаў спаць, як большасць дзяцей у яго ўзросце (у гэтым месцы я магу сказаць «вялікі дзякуй» Сірсам, папулярным амерыканскім педыятрам, кніжкі якіх на мінскіх кніжных развалах не залежваюцца. Менавіта яны навучылі мяне лічыць сына не «праблемным», а хлопчыкам «з павышанымі патрабаваннямі», які абяцае стаць вельмі цікавым чалавекам. Далібог, ён такім і расце). Мы былі знаёмы ўжо тыдні два, і мне здавалася, што я пачынаю разумець, калі і што яму трэба. Але выдалася ноч, калі сын зноў пачаў падавацца мне стварэннем з іншай планеты… Каб хоць неяк супакоіцца самой, я ўключыла запіс аднаго з улюбёных джазавых выканаўцаў, на канцэрты якіх муж так часта запрашаў мяне падчас цяжарнасці. І вось цуд — маё дзіця імгненна змоўкла і праз пару хвілін спакойна заснула… Яшчэ праз колькі дзён я пераканалася ў тым, што найлепшую няньку, чым грампласцінка з джазавымі кампазіцыямі, я наўрад ці здолела б знайсці.

Марына БЕРАЗЕНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.