Вы тут

Адкрытае акцыянернае таварыства «Кавліцмаш»: НАСТРОЙ — СОНЕЧНЫ


Кожны «кавліцмашавец» уносіць свой пасільны ўклад у паспяховую работу прадпрыемства, падкрэсліваюць яго кіраўнікі. Кожны стараецца, адным словам. Пералічыць усіх перадавікоў вытворчасці ў газетнай публікацыі з-за невялікіх памераў яе проста немагчыма. Таму, выказваючы ім шчырую падзяку за іхнюю рупнасць, старанне, было вырашана змясціць на старонках газеты спіс тых працаўнікоў, якія ўносяць у развіццё завода асабліва вялікі ўклад.

1380318770534_1

Вось яны, правафланговыя спаборніцтва:

АНДРЫЕВІЧ Наталля Васільеўна — вядучы інжынер-тэхнолаг упраўлення галоўнага тэхнолага
БАГУЛЕЎСКАЯ Таццяна Аляксандраўна — інжынер-тэхнолаг другой катэгорыі ўпраўлення галоўнага тэхнолага
ВАСЮКОВІЧ Вячаслаў Сцяпанавіч — начальнік бюро аддзела галоўнага канструктара
ВОЎК Мікалай Сцяпанавіч — слесар-рамонтнік (брыгадзір) рамонтна-будаўнічага цэха
ВАРАНКО Анатоль Рыгоравіч — маляр (брыгадзір) рамонтна-будаўнічага цэха
ГРУДАВІК Аляксандр Раманавіч — начальнік лабараторыі лічбава-праграмнага кіравання
ЛЯСЮК Максім Сяргеевіч — інжынер-тэхнолаг упраўлення галоўнага тэхнолага
МАРЫНЧЫК Іван Іванавіч — слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі аддзела галоўнага энергетыка
ПРАКОПЧЫК Віктар Георгіевіч — намеснік галоўнага канструктара прадпрыемства
РАСОХА Аляксандр Аляксандравіч — начальнік зборачнага цэха
СІЛІЧ Уладзімір Уладзіміравіч — зваршчык загатоўча-зварачнага цэха
СТАРАСЦЕНКА Міхаіл Аляксандравіч — інжынер-канструктар другой катэгорыі аддзела галоўнага канструктара
ТАРАНЬКО Валерый Мікалаевіч — фрэзероўшчык механічнага цэха
ТАРАСЕВІЧ Ала Іванаўна — вядучы канструктар аддзела галоўнага канструктара

На гэтае прадпрыемства, прызнаемся шчыра, звяздоўцы наведваліся ўжо даўно. Нарэшце — сабраліся. І прыехалі ў такі вераснёўскі дзень, калі амаль пасля цэлага тыдня абложных шэрых хмар, з якіх то лупцаваў, то дробна сеяўся дождж, выглянула сонца, пасылаючы на абшары залатыя свае промні, ад чаго і святлела на душы.
— З сонейкам, якое прывезлі да вас, з сонечным настроем, — усміхнуліся мы дырэктару завода Васілю Андрэевічу Чэкулаеву.
Той, падзякаваўшы, усміхнуўся ў адказ на наша віншаванне, і прамовіў:
— Нягледзячы на працяглую прыродную непагадзь, настрой у нас сапраўды добры. Можна нават сцвярджаць: сонечны. Бо — стараемся.
І пачаў называць канкрэтныя лічбы і факты. Вось асноўныя з іх.

«Чаму ж нам не пець...»

— За два з паловай апошнія гады калектыў павялічыўся ўдвая, і цяпер у ім 856 чалавек. Аб'ёмы ж вытворчасці за гэты час выраслі ў 16 (!), а сярэдняя заработная плата — у пяць (!) разоў. Прадпрыемства, як відаць, дынамічна развіваецца, і перспектыва ў яго ёсць. Радуе тое, што калектыў памаладзеў. Калі раней сярэдні ўзрост персаналу быў 49, дык цяпер — 41 год. Не, не за кошт таго, што пенсіянеры пазвальняліся (наадварот, мы просім залаты наш фонд застацца працаваць, каб яны перадавалі свой вопыт і практычныя веды навічкам, падрыхтавалі дастойную змену), а дзякуючы прытоку маладых кадраў, сярод якіх выпускнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага, Гомельскага тэхнічнага імя Сухога, Беларуска-расійскага (г. Магілёў) і Палескага (г. Пінск) універсітэтаў.
Па вачах бачу, што вы хочаце задаць мне наступнае пытанне: адкуль у калектыву з'явіліся сілы, каб зрабіць такі скачок? — працягваў далей Васіль Андрэевіч. — Адкажу адразу. Па-першае, у жніўні 2011 года мы ўвайшлі ў склад вытворчага аб'яднання, вядомага ўсім «БелАЗа», а затым і ў холдынгавую кампанію і адчулі яго важкую ўсебаковую дапамогу. Па-другое, рашуча змянілі падыходы да працы.

Што было, тое сплыло

— А якія пазіцыі займала прадпрыемства раней?
— Вой, і не пытайцеся нават. Калі ў чэрвені таго ж самага года я прыняў завод і ў першы ж дзень сваёй работы раніцай стаяў каля прахадной, то пачуў на свой адрас з'едлівыя рэплікі асобных рабочых: новы дырэктарчык, чарговы. Крыўдна было мне: не дырэктар, а дырэктарчык. Ды ў чым папракнеш людзей, калі за апошнія 15-20 гадоў змянілася сем кіраўнікоў завода. А я быў восьмы ўжо. Атрымліваю пошту. Ледзь не кожны дзень — судовыя іскі. 115 іх было за год. Больш як на 14 мільярдаў рублёў, ды запазычанасць яшчэ ў бюджэт. Вось такая сітуацыя была.
— Прабачце, Васіль Андрэевіч, ці не пасялілася тады ў вашай галаве думка: во ўляпаўся...
— Стараўся не дапускаць яе, бо ведаў, на што згадзіўся. Упэўненасць была: выкруцімся, вылезем з даўгавой ямы.
— На спонсарскую дапамогу холдынга, відаць, спадзяваліся?
— Не толькі на яе, а і на самаадданую працу калектыву.
— Калі ласка, пра гэта больш падрабязна.
— Першы год быў вельмі цяжкі, і без дапамогі холдынга, дзе гэта добра разумелі, наладзіць вытворчасць як след практычна было немагчыма. Прадпрыемства наведаў генеральны дырэктар БелАЗа, ён жа і кіраўнік холдынга Пётр Аляксандравіч Пархомчык, у нас высадзіўся «дэсант» з яго намеснікаў, кіраўнікоў службаў рамонтнай, энергетычнай, фінансавай, эканамічнай і сацыяльнай. Была ў выніку дэталёва прааналізавана сітуацыя і прынята гістарычнае для нас рашэнне: выдзеліць у якасці спонсарскай дапамогі для наладжвання нармальнай работы, пашырэння вытворчасці каля 14 мільярдаў рублёў. Яны былі ўкладзены ў мадэрнізацыю абсталявання, капітальныя рамонты, аўтаматызацыю цэхаў і г. д.
Прыемныя змены адбыліся як на вытворчых працэсах, так і ў культуры вытворчасці. З галаўнога прадпрыемства нам быў поўнасцю перададзены выпуск так званай лініі цыліндраў, вельмі адказных і складаных вузлоў і дэталяў для вялікагрузных кар'ерных самазвалаў. З гэтым заданнем мы справіліся за год, і неўзабаве (у сёлетнім снежні) закончым апошнія тэхналагічныя аперацыі і ўкараненне яе.
Забягаючы наперад, скажу, што мы пастаянна нарошчваем аб'ёмы вытворчасці за кошт выпуска вузлоў і дэталяў для патрэб ААТ «БелАЗ» — кіруючай кампаніі холдынга «БелАЗ-Холдынг». Мы ўжо асвоілі выпуск 25 найменняў іх для кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 130-360 тон, 17 найменняў дэталяў (механічная апрацоўка адлівак і паковак) і 18 — найменняў вузлоў і дэталяў на цыліндры падвесак для кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 30-45 тон. Па белазаўскай тэматыцы за два гады мы асвоілі ўжо 94 пазіцыі.
А ў перспектыве на нашым заводзе плануецца арганізаваць вытворчасць кальцавых загатовак для ўказаных машын грузападымальнасцю 130-450 тон. Рэалізацыя праекта намечана на 2014-2015 гады.
— Вернемся, Васіль Андрэевіч, да таго першага цяжкага года...
— Першачарговай задачай кіраўніцтва было надаць персаналу ўпэўненасць у тым, што мы ўсё зможам, што нам па сілах многае. Гэта значыць — паверыць у сябе. Кожную нараду рознага ўзроўню — і вялікую, і малую — я завяршаў менавіта гэтым. Тое ж самае і ў цэхах з людзьмі казаў, расказваў ім, на якім этапе мы знаходзімся, куды рухаемся, якія ў нас недахопы, якія перспектывы. Тое ж самае рабілі і іншыя кіраўнікі структурных падраздзяленняў.
На ўсіх напрамках узмацнілі дысцыпліну, тэхналагічную і працоўную. Моцна ўзяліся за парушальнікаў і аматараў алкаголю, задзейнічалі і іншыя захады. У выніку справы пачалі наладжвацца.

1380318773183_2

Слова пра каманду

— Не абышлося, напэўна, і без таго, каб памяняць камандны склад прадпрыемства?
Прызнаюся, што мне раілі гэта ў вышэйшых арганізацыях, але я не згадзіўся, бо ведаў: новым спецыялістам спатрэбіцца мінімум год, каб дэталёва ўвайсці ў курс спраў. А час не стаіць на месцы. Таму патрабаваў ад кадраў: працаваць самааддана, інакш вымушаны буду пачаць рашучае абнаўленне. Людзі выбралі першы варыянт.
— Няўжо нікога не звольнілі?
— Вядома, не абышлося без пэўных перастановак, але камандны склад у абсалютнай большасці застаўся. Галоўнай маёй падтрымкай былі ў той час і засталіся галоўны тэхнолаг Уладзімір Ягоравіч Быкаў, галоўны бухгалтар Алена Яўгенаўна Марчук, начальнік фінансавага аддзела Аксана Сцяпанаўна Нарывончык, начальнік планава-эканамічнага аддзела Алена Мікалаеўна Кудласевіч, начальнік аддзела маркетынгу Рыгор Валянцінавіч Шпітальнікаў. Свой уклад у работу прадпрыемства ўносіць і юрыдычная служба ў асобе Наталлі Віктараўны Гардзяйчук і юрыста Яўгена Хвядосавіча Неўдаха. А вось галоўных інжынераў спачатку аднаго, потым другога давялося замяніць. Цяпер у нас вакансія на гэту пасаду.
Можна многае расказваць аб тым, якім чынам завод, што быў на небяспечнай мяжы банкруцтва, паступова станавіўся на ногі. Сёння мы працуем з прыбыткамі, сума якіх за сёлетняе першае паўгоддзе перавысіла
4 мільярды рублёў, аднавілі работу сталовай, якая не працавала з 2008 года. Затраты на мадэрнізацыю яе, рамонт, аснашчэнне новым абсталяваннем склалі 2,3 мільярда рублёў. У сталовай дзве абедзенныя залы, адна з якіх будзе дыетычнай. У ёй усталявана аўтаматызаваная сістэма безнаяўных разлікаў за харчаванне (аплата па прапусках на даведзеную суму). Кошт абеду — каля 20 тысяч рублёў. Людзі задаволены яе работай.
У нас добрыя бытавыя ўмовы для персаналу, належны сацыяльны пакет. На тэрыторыі завода ёсць спартыўны комплекс з залай для гульні ў валейбол, міні-футбол, настольны тэніс. Працуюць секцыі па цяжкай атлетыцы, плаванні. Дзейнічае шахматна-шашачны клуб. Два разы на тыдзень работніцы пасля працы з задавальненнем наведваюць групу здароўя.
На прадпрыемстве ўтвораны рада па справах моладзі, дзейнічаюць пярвічныя арганізацыі ГА «БРСМ», Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Добрыя адносіны і ўзаемаразуменне па многіх пытаннях склаліся з прафкамам.

Слова пра дырэктара

Васіль Андрэевіч Чэкулаеў — ураджэнец Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Першую вышэйшую адукацыю атрымаў у Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты». За плячыма яшчэ Акадэмія кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (эканаміст-менеджар па спецыяльнасці «кіраванне і эканоміка на прадпрыемстве») і Баранавіцкі ўніверсітэт (юрыдычнае аддзяленне).
Працоўная біяграфія яго пачалася на адным з прадпрыемстваў ваеннага профілю ў Ленінградзе. Затым была работа на заводзе імя Вавілава ў Мінску, «Зеніце» (Вілейскі раён). У 32-гадовым узросце ўзначаліў Пінскі экскаватарна-рамонтны завод, дзе раскрыўся яго талент кіраўніка. На пасадзе дырэктара ён працаваў 21 год і вывеў прадпрыемства ў лідары. У 2005 годзе Чэкулаеву было прысвоена званне «Чалавек года».
Калі пачаліся праблемы са здароўем, папрасіўся на больш лёгкую работу і стаў дырэктарам Пінскага міжраённага вучэбна-падрыхтоўчага камбіната. А праз чатыры гады не вытрымаў працы не па сваім профілі і патэлефанаваў у кадравае ўпраўленне вытворчага аб'яднання «БелАЗ», калі ўбачыў у мясцовай газеце аб'яву аб тым, што праводзіцца конкурс на замяшчэнне вакансіі дырэктара ААТ «Кавліцмаш». Больш як з дзесяці прэтэндэнтаў на яе генеральны дырэктар БелАЗа Пётр Аляксандравіч Пархомчык выбраў 57- гадовага Васіля Андрэевіча Чэкулаева. Яму ж напрыканцы нашай гутаркі мы задалі «правакацыйнае пытанне»:
— Нам давялося чуць водгукі работнікаў прадпрыемства пра вас як пра чалавека і кіраўніка. Ведаеце, якія яны?
— Цікава, цікава, і якія ж?
— Людзі прысвоілі вам тытул: НАШ дырэктар. Падкрэслім: не проста дырэктар, а НАШ.
Васіль Андрэевіч шырока ўсміхнуўся:
— Дзякуй Богу, што не дырэктарчык. Рады , што я — не апошняя скрыпка ў аркестры...

Хто ёсць хто

Прадукцыя «Кавліцмаша» — гэта кавальска-прэсавае і ліцейнае абсталяванне, якое пастаўляецца не толькі на прадпрыемствы рэспублікі, але і многім суб'ектам гаспадарання краін СНД. Працуе яно таксама ў краінах Прыбалтыкі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Кіпра, Францыі, Кітая і г.д. ААТ вырабляе таксама сельскагаспадарчую тэхніку і тавары шырокага ўжытку, аказвае вытворчыя паслугі.
Агульная плошча тэрыторыі завода — 30,5 гектара, 86 тысяч квадратных метраў вытворчых плошчаў, да 585 адзінак металарэжнага абсталявання, якое забяспечвае выкананне такарных, расточных, фрэзерных і зубафрэзерных даўбёжных адразных і заточных работ. Маюцца таксама гальванічная, інструментальная, электратэхнічная вытворчасці і вытворчасць па прамысловай апрацоўцы гумы і пластмас.

БелАЗ-Холдынг
Адкрытае акцыянернае таварыства «Кавліцмаш»
225710, вул. Жаўтоўскага, 109, г. Пінск Брэсцкай вобласці
Тэл.: (0165) 371-380. Факс (0165) 371-425 Е-mаіl klm@tut.bу

Матэрыял падрыхтавалі Віктар БОЙКА, Алена ДАЎЖАНОК. Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.