Вы тут

Гераіня тылу, гераіня жыцця


ГЕРОЯМІ станавіліся не толькі на полі бітвы... Вялікая Айчынная вайна поўніцца прыкладамі подзвігу і ў тыле. Рызыкуючы жыццём, беларускі народ дапамагаў партызанам. Сяляне за сваё маўчанне расплачваліся ў падпаленых хатах. Жанчыны неслі непасільны цяжар: трымалі якую-ніякую гаспадарку, садзілі крыху агародніны, каб не памерці з голаду, выхоўвалі дзяцей...

Камусьці можа падумацца: і ў чым тут гераізм? Іншая справа — абараняць Радзіму з аўтаматам у руках. Магчыма, і я так думала б, каб не адна жанчына, якая да Вялікай Айчыннай вайны нарадзіла 13 дзяцей. Маленькі Рыгор у яе з'явіўся ў 1944-м. Адным словам, ці не подзвіг гэта — выхоўваць такі «дзіцячы садок» у самыя галодныя і жудасныя гады мінулага стагоддзя?

1380579102423_IMG_9338

Усяго клімаўчанка Вольга Круцікава нарадзіла 16 дзяцей! Жанчына стала першай у раёне шматдзетнай маці, узнагароджанай ордэнам «Мацярынская слава» І ступені. Праз некалькі гадоў ёй прысвоілі званне «Маці-гераіня».
Быўшы ў Клімавіцкім раёне, мы проста не маглі пакінуць па-за ўвагай лёс гэтай адважнай жанчыны. Нягледзячы на тое, што маці-гераіня ўжо даўно пайшла з жыцця, нам вельмі хацелася пачуць пра яе не з нейкіх там кніжных артыкулаў і газетных публікацый, а з вуснаў яе дзяцей. Здавалася, што якраз з гэтым цяжкасцяў не ўзнікне. Але так толькі здавалася... З 16 дзяцей сёння засталося толькі сем. Ды і тыя раз'ехаліся па ўсім свеце... І толькі Надзея, 15-я, засталася жыць у Клімавічах.

Ногі самі да яе неслі. Жанчына нас чакала: яе папярэдзілі, што прыедуць карэспандэнты са сталіцы. Падрыхтавала фотаздымкі, на стале расклала генеалагічнае дрэва сваёй сям'і. Частуючы сакавітымі яблыкамі, Надзея Міхайлаўна пачала аповед:
— Нарадзілася мая матуля ў верасні 1897 года. У вёсцы Перавалошня, што тут, у раёне. Акрамя яе, у сям'і было яшчэ двое дзетак — сястра Паліна і брат Ягор. На Першай сусветнай вайне яе бацьку, майго дзеда, кантузіла. А паколькі маці была самай старэйшай у сям'і, усе клопаты па гаспадарцы ляглі на яе кволыя дзявочыя плечы.

Працоўнае сялянскае жыццё працягвалася ў Вольгі і пасля замужжа. У мужа, на хутары бліз вёскі Галічы, сям'я была вялікая. Клопатаў у яе прыбавілася. Затым адно за другім пачалі з'яўляцца дзеці...
Да вайны за шматдзетнай маці быў замацаваны конь. А ўсё таму, каб яна адпрацоўвала свой мінімум працадзён. А якім чынам, калі ў хаце вялікая сям'я, малыя дзеці? Кіраўніцтва калгаса пайшло насустрач: не хацела страціць добрую працаўніцу. Так жанчына паспявала і на рабоце, і дзяцей дагледзець.

Калі пачалася Вялікай Айчынная вайна, самай старэйшай з дзяцей, Алене, было 20, Марыі — 13, Іосіфу — 11, старэйшай Галіне — 9, Таццяне — не было і 6, братам-блізнятам Сяргею і Уладзіміру — споўнілася па 4 гады, малодшай Галіне — толькі год. Муж пайшоў на фронт, і ўсе дзеці засталіся на руках Вольгі Лук'янаўны. Іх трэба было накарміць, апрануць...

— Мяне тады яшчэ не было, але ведаю, што не галадалі і ў вайну. Маці ў нас была эканомнай. Спячэ што-небудзь — падзеліць на ўсіх. Так і пражылі ў Галічах усю вайну.
— Няўжо гітлераўцы абыходзілі вашу хату? — не магла не спытаць я.
— Чаму? Не. Маці расказвала, што немцы неаднойчы заходзілі да нас. Былі сярод іх і добрыя, і дрэнныя. Адны ўбачаць, што ў доме столькі дзяцей, — не чапаюць, а яшчэ дадуць шакаладку ці цукерку. Іншыя ж усё з хаты вынесуць! І не паглядзяць, што столькі малых расце. Маці часта ўспамінала адзін выпадак. Якраз тады, калі пачаліся баі за вызваленне, прыйшоў да нас у хату адзін немец і папярэдзіў, што неўзабаве будзе бой, — каб мы хаваліся ў акоп. Можа, дзякуючы яму і выжылі...

— Але ж гэта быў толькі адзін выпадак. У галаве не ўкладваецца: як маці адной удалося зберагчы столькі дзяцей?
— Неяк зберагла. У вайну з'явіўся Рыгор. Двайняткі Галка і Ліля былі зусім малымі: нарадзіліся ў 1940-м. Уцалелі ж! Можа, Бог дапамог. Не ведаю. Мяне тады не было. У лесе не хаваліся: куды ж, столькі дзяцей! Яна расказвала, што ў акопах неаднойчы сядзелі, самі іх і рабілі. Як толькі страляніна — у яму. Казала, што аднойчы нямецкі танк побач праязджаў. Пашанцавала, што ў акоп не ўехаў. Дзеда забіла падчас вайны. Маці кажа яму: «Пайшлі ў акоп!» А ён: «Я жывы ў яму не палезу!». І лёг у баразну. Снарад трапіў у скронь...
Бацька — Міхаіл Круцікаў — прайшоў усю вайну. Дайшоў да Берліна. Неверагодна, але вярнуцца з вайны яму проста пашчасціла. Шанцаў амаль не было: ён быў мінёрам-сапёрам. Але нейкая вышэйшая сіла не давала яму загінуць, быццам ведала, што ў хаце яго чакаюць жонка і дзеці.

Надзея Міхайлаўна нарадзілася пасля вайны, у чэрвені 1946 года. У Галічах прайшло яе дзяцінства, тут напаткала і юнацтва:
— Жылі мы не сказаць, што багата, але нядрэнна. Галоднымі не былі ніколі. Заўсёды адзетыя, абутыя. Наша маці сама ткала, прала, шыла. У хаце стаялі кросны. К Вялікадню ў кожнага з нас было па новай кашулі ці па новай сукенцы. Адным словам, жылі мы нядрэнна. А ўсё таму, што маці і бацька без работы ніколі не сядзелі.
Бацька працаваў жывёлаводам. Цяляткі ў калгасе былі такімі ўкормленымі, што нават з раёна прыязджалі фатаграфаваць. І ў хаце мелася свая гаспадарка: кароўка, двое парасятак, авечкі, гусі, куры. Гаспадарку трэба было трымаць абавязкова: інакш вялікую сям'ю не пракорміш. Мелі 50 сотак агарода. Цэлы год саджалі, палолі, збіралі, капалі...
Пакуль бацькі працавалі ў калгасе, дзеці таксама былі заняты справай. Кожнаму на дзень размяркоўвалася работа. Старэйшыя выконвалі больш цяжкія абавязкі: цягалі ваду, кармілі і пасвілі скаціну, рвалі траву... Малыя гулялі, рабілі з ануч лялек.

— Дысцыпліна ў нас была. Сказалі бацькі зрабіць — павінна быць зроблена. Ніякіх «я не буду» і «я не хачу». У нас такога не разумелі, — дадае Надзея Міхайлаўна.

Маці памерла ў 1983 годзе. Ёй ішоў 87-ы год. Бацькі не стала яшчэ раней.
У такіх бацькоў не маглі не вырасці добрыя дзеці. Праўда, у кожнага з сям'і Круцікавых лёс склаўся па-свойму. Сярод іх — урачы, настаўнікі, вайскоўцы, кухары, шахцёры... Жыццё іх раскідала па свеце. У кожнага свае дзеці, унукі, праўнукі...
Лёс шматдзетнай матулі паўтарыла толькі Надзея Міхайлаўна: у яе тры сыны. Адзіная з усіх яна засталася жыць на зямлі сваіх бацькоў. Жыве тут і сёння. Праўда, ужо ў Клімавічах.

А бацькоўскі дом у Галічах так і стаіць. Дзеці не прадаюць «радзіму». Лічаць гэта найвялікшай здарадай. Хата, дзе яны нарадзіліся і выраслі, стала месцам, якое іх яднае. Тут яны сустракаюцца, збіраюцца на святы, прыязджаюць і напярэдадні больш сумных дат... На мясцовых могілках пахаваныя бацькі, браты і сёстры. І гэтыя 17 магілак заўсёды дагледжаныя, бо іх ёсць каму наведваць. Хоць цяпер ужо і не так часта, але на кожную Радаўніцу хто-небудзь ды і прыедзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».