Вы тут

7 невядомых кален з радаводу Францішка Багушэвіча


Даследчыку радаводаў колішняга Ашмянскага павета Васілю Юршу ўдалося адшукаць 7 невядомых раней кален слыннага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Францішка Багушэвіча. У піцерскім архіве Васіль Юрша замовіў справу ўласнага роду. Аднак, паколькі яго прозвішча быццам бы там не аказалася, ён вырашыў заказаць справу Багушэвіча, які таксама быў ураджэнцам Ашмяншчыны, — навошта ж губляць магчымасць атрымаць дакументы з замежнага архіва, калі палова працы ўжо зроблена? Так і атрымалася, што Васілю Юршу ў рукі трапіў невядомы раней шырокаму колу грамадскасці радавод сям'і Багушэвічаў.

Дагэтуль былі вядомыя толькі бацька і маці паэта, а таксама дзядуля Юзаф Багушэвіч. Пра гэта сведчаць і звесткі, якія захоўваюцца ў Доме-музеі Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны. Пэўную інфармацыю можна атрымаць і з дакументаў Жупранскага, Сольскага касцёлаў. Яны сведчаць, што ў Ашмянскім павеце было вельмі шмат розных Багушэвічаў, што прозвішча было даволі распаўсюджаным. Аднак Юрша мае доказы, што знайшоў радавод менавіта тых Багушэвічаў, з сям'і якіх паходзіў паэт.

У архіве ў Санкт-Пецярбургу была знойдзена вывадная справа Багушэвічаў. Яны пачалі ствараць яе пасля далучэння земляў Ашмянскага павета да Расійскай імперыі ў 1795 годзе. Прычынай таму быў царскі загад, у якім гаварылася, што ўся шляхта павінна пацвердзіць свае правы на дваранства, а дакладней, падаць канкрэтныя выпіскі з архіваў, пацверджаныя архіварыусам, якія сведчаць пра іх паходжанне. Некаторым шляхцічам удалося зрабіць гэта ў першыя ж гады, у іншых справа займала і 30 гадоў. Патрэбны былі доўгатэрміновыя пошукі і шмат грошай на іх. Некаторыя дакументы загінулі падчас войнаў, таму ў гісторыі родаў утвараліся белыя плямы, і людзі не маглі сабраць усё неабходнае хутка. Багушэвічы выводзіліся ў Віленскім Дваранскім дэпутацкім сходзе, у прыватнасці, у 1803 і ў 1807 гадах. У 1830 годзе дэпартамент па герольдыі кіруючага сената ў Пецярбургу пачаў разгляд новай справы па дваранстве Багушэвічаў.

Канчатковае ж станоўчае рашэнне па ёй было прынята толькі ў 1861 годзе. Усяго ў гэтай справе, з якой і ўдалося азнаёміцца Васілю Юршу, 240 лістоў. З яе стала вядома гісторыя роду Багушэвічаў...

Яны распісалі свой род, пачынаючы ад Яраслава — гэта самае першае вядомае імя продка Багушэвіча. Ён жыў прыкладна ў 1570-х гадах. Валодаў маёнткамі Караваеўшчына, Камароўшчына і Гладаўшчына ў Ашмянскім павеце.
Вядома, што ў Яраслава быў як мінімум адзін сын — Ян (Іван)— які атрымаў у спадчыну тыя ж маёнткі. Магчыма, дзяцей было больш, аднак у справе маюцца згадкі пра аднаго Яна, бо кожны род, калі ствараў сваю генеалогію, вёў толькі ўласную прамую лінію, не ўказваючы стрыечных братоў і іншых не самых блізкіх родных.

Ян напісаў завяшчанне ў 1614 годзе (менавіта адсюль вядомае імя бацькі, бо яго называюць тут Іван Яраслававіч), у якім адпісаў усё сынам Пятру і Адаму. Так робіцца вядомым ужо наступнае пакаленне.
Гэтыя браты ўзгадваюцца таксама ў рашэнні полацкага суда ў 1626 годзе ў сувязі з зямельнымі спрэчкамі. Яны валодалі ўсё тымі ж маёнткамі Караваеўшчына, Камароўшчына і цяпер ужо Глодава (замест Гладаўшчына).
У Пятра быў сын Аўгусцін, які атрымаў у спадчыну тры гэтыя маёнткі. Яго жонкай была Ганна Астравухаўская.
У Аўгусціна быў сын Міхал Юрый, а іначай Георгій. Нарадзіўся ён у 1675 годзе і па бацьку атрымаў тыя ж тры маёнткі. Таксама згадваецца ў сувязі з Полацкім ваяводствам — магчыма, там яны таксама мелі нейкія землі. Ахрышчаны Міхал Юрый у Крэўскім касцёле. Яго жонкай была Канстанцыя Савіцкая, якая згадваецца ў 1729 годзе.

Міхал Юрый пакінуў 7 сыноў, адзін з якіх — Антон Юрый (меў жонку Кацярыну Бенкуньскую) — у 1749 годзе за 450 злотых купіў маёнтак Кушляны, іначай Мігуцяны.

Раней некаторыя мясцовасці маглі мець падвойныя назвы, адна з якіх — па імені ўладальніка. Напрыклад, вядома было 7 фальваркаў Кушляны — Сулістроўскіх, Багушэвічаў, Ясевічаў, Лакуціеўскіх, Маркоўскіх і гэтак далей. Таму, калі ў побыце казалі Кушляны, то дадавалі, чые.

У Антона Юрыя было 2 сыны, адзін з якіх — ашмянскі ротмістр Казімір (прадзед паэта). У 1774—1783 гадах ён фігуруе як мазырскі скарбнік, у 1788 — як ашмянскі ротмістр. Казімір валодаў маёнткам Мігуцяны. У дакументах выступае як вяльможны пан. Другая яго жонка — Барбара Позняк, іначай Пожняк (першая не вядомая), — узгадваецца як вяльможная пані ў 1783—1817 гадах.

У тыя часы многія пасады пераходзілі ад бацькі да сына. Працуючы з архіўнымі звесткамі, часам можна заблытацца, чаму пэўны чалавек з тытулам полацкі ротмістр, калі пераязджаў у Ашмянскі павет, то першапачаткова фігураваў як полацкі ротмістр, а пасля — як ашмянскі. Аднак гэта азначае, што галоўным у такім выпадку было тое, што ён ротмістр, а які — залежала ад месца пражывання. Напрыклад, смаленскі скарбнік, прыехаўшы ў Ашмянскі павет, у дакументах мог называцца ашмянскім скарбнікам, хоць па іншых звестках такога скарбніка тут не было. Ён быў смаленскім, аднак па дакументах падаецца як ашмянскі, бо на той час жыў у Ашмянскім павеце.

Імя дзеда паэта — Юзаф — сучаснікам было вядома. Васіль Юрша меў інфармацыю пра яго з некалькіх метрык, аднак не быў упэўнены, што гэта «той самы» Юзаф. Аднак, азнаёміўшыся з вывадной справай, увесь ланцужок стаў вядомы: імёны жонак, даты і лічбы супалі — стала магчымым упэўнена сцвярджаць, што гэта менавіта дзед паэта. Нарадзіўся да 1772 года, памёр да 1820-га. З'яўляўся ашмянскім ротмістрам. Яго жонкай была Альжбета Камінская (бабуля паэта) — таксама са знатнага роду, памерла ў 1848 годзе ў Кушлянах. Удалося адшукаць метрыку 1817 года, у якой напісана, што ў Кушлянах памёр нейкі пан Юзаф Багушэвіч 43-х гадоў і быў пахаваны ля францысканскага касцёла ў Старой Ашмяне (вёска на беразе ракі Ашмянкі, цяпер уваходзіць у склад горада — сучасная вуліца Францішканская). Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дзеда паэта.

Бацька паэта Казімір Юзаф, паводле вывадной справы, нарадзіўся ў 1800 годзе ў Кушлянах. Яго хрышчонымі бацькамі былі вяльможныя Ігнат Позняк і Барбара Багушэвічава. Маці паэта Канстанцыя Галаўня паходзіла з-пад мястэчка Рукойні.
Сам паэт, Францішак Бенядзікт Багушэвіч нарадзіўся ў 1840 у Свіранах, быў ахрышчаны ў Рукойнінскім касцёле. Як вядома, жонкай яго была Габрыеля Шкленнік з Мінска. Юрша знайшоў згадку пра Кушляны Шкленнікоўскія, з якой можна зрабіць выснову, што некалі Шкленнікі таксама валодалі адным з маёнткаў Кушляны. Верагодна, там Францішак і пазнаёміўся з будучай жонкай, а ўжо пасля яны (Шкленнікі) пераехалі ў Мінск.

Францішак і Габрыеля Багушэвічы пакінулі дзяцей Канстанцыю Марыянну і Тамаша Вільгельма. Дзяўчынка была ахрышчана ў Канатопе ў 1876 годзе, скончыла кансерваторыю ў Вільні, працавала выкладчыцай музыкі ў ашмянскай гімназіі. Памерла ў 1937 годзе, праз некалькі гадоў пасля смерці мужа Яна Мніховіча (працаваў начальнікам дэпартамента сельскай гаспадаркі, пасля дырэктарам кааператыўнага банка), пахавана ў Жупранах. Тамаш Вільгельм нарадзіўся ў 1881 годзе ў Канатопе, вывучыўся на архітэктара ў Пецярбургу, пэўны час жыў у Барунах, выкладаў у Віленскім універсітэце. У 1929 годзе па дарозе з Вільні ў Варшаву выкінуўся (магчыма, выпаў) з цягніка. Першая яго жонка, Юзэфа Маркоўская з Кушлян, у 1919 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, была санітаркай-добраахвотніцай. Перавязваючы параненых, заразілася халерай і ў тым жа годзе памерла ў Вільні (перазахавана ў Кушлянах). Другая жонка — Марыя Піўніцкая з-пад Баруноў — пасля смерці мужа пастрыглася ў манашкі, дзяцей не мела, памерла ў 1970 годзе.

На Тамашы мужчынская лінія паэта згасае. Дочкі Тамаша, унучкі паэта, вучыліся ў ашмянскай гімназіі. Гэта Габрыеля (нарадзілася ў 1909 годзе), Станіслава (1910) і Канстанцыя (1913). Станіслава ў 1941 годзе была рэпрэсавана савецкімі ўладамі, бо яе муж быў намеснікам каменданта мясцовага аддзялення Арміі Краёвай. Калі прыйшлі яго арыштоўваць, то мужа дома не аказалася, таму забралі Станіславу з дзецьмі і саслалі ў Сібір. Праз пэўны час справу закрылі з-за адсутнасці складу злачынства.

Можна дадаць, што адна з ліній роду Багушэвічаў, які даследаваў Юрша, яшчэ ў 1830-х гадах была звязана з маёнткам Караваеўшчына Крэўскага прыхода Ашмянскага павета; другая ў пачатку 1800-х адгалінавалася ў Мёры. Род значна разросся. Багушэвічы жылі таксама ў маёнтках Вайневічы, Богушы Крэўскага прыхода, Болтуп і Гамзічы Ашмянскага прыхода, Доргішкі, Самароднікі і Валовікі Гальшанскага прыхода; згадваюцца сярод полацкіх, аршанскіх, ваўкавыскіх, мінскіх і рэчыцкіх ураднікаў.

Са слоў Васіля ЮРШЫ запісала Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.