Вы тут

Беларуская палітыка: актуаліі і будучыня


Палітычнае жыццё на Беларусі хоць і мае досыць спакойны характар, аднак усё ж ідзе сваёй хадой, што прадыктавана нормамі выбарчага заканадаўства. Набліжаюцца дзве буйныя электаральныя кампаніі: выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2014 годзе і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015-м. Вядома, што да гэтых падзей праяўляюць цікавасць і актывізуюцца як палітычныя сілы, што дзейнічаюць на тэрыторыі нашай краіны, так і замежныя гульцы, абазнаныя ў беларускай сітуацыі.

1380663476673_555

Прычына няўдач апазіцыі

Гэтым разам актыўны ўдзел у выбарчых спаборніцтвах гатовы прыняць (праўда, не ўсе) і апаненты дзейнай улады. Так, шэраг партый і палітыкаў абвясцілі аб стварэнні «грамадзянскага альянсу за справядлівыя выбары «Талака». Аднак ужо цяпер можна рабіць сумныя прагнозы, што будучая кампанія не стане для Беларусі святам парламентарызму, а зноў будзе асвістаная і ашальмаваная з боку прадстаўнікоў радыкальнай апазіцыі. Менавіта да такіх высноў прыводзіць аналіз статутных мэт створанага «альянсу» і публікацый яго новых-старых лідараў.
У якасці асноўнай задачы палітычнай кааліцыі, фармальна створанай пад выбары, бачыцца зусім не заваёва сімпатый электарату і не перамога ў кампаніі, а «устранение режима», бо, згодна з думкай аднаго з лідараў «Талакі» Анатоля Лябедзькі, «диалог не возможен». Зразумела, што ніякай небяспекі для дзейнага канстытуцыйнага ладу палітычныя сілы, што маюць сукупную папулярнасць у межах статыстычнай памылкі, не ўяўляюць, аднак, на пачатку ставячы сабе мэты, мала звязаныя з цывілізаванай палітычнай барацьбой, яны ўжо загадзя рыхтуюць глебу для апраўдання ўласнай паразы, слабасці і хібаў «адсутнасцю дэмакратыі», «ціскам» ды іншымі праблемамі.
Дарэчы, палітычная навука сведчыць, што мэты ліквідацыі дзяржаўнага ладу не могуць быць задачамі палітычнай апазіцыі, гэта — устаноўкі для рэвалюцыянераў. А для рэвалюцыі, як вядома, патрэбна рэвалюцыйная сітуацыя і рэвалюцыйная арганізацыя. Зыходзячы з таго, што ні першага, ні другога на Беларусі няма і не прадбачыцца, а сваю «рэвалюцыйную» рыторыку лідары апазіцыі маскіруюць легальным палітычным жупелам у выглядзе партыйных структур, то такая лінія ўвогуле выглядае бессэнсоўнай дзіўнай мяшанкай. Аднак, як вынікае з аналізу гэтай стратэгіі, можна папярэдне здагадацца, што пасля такія палітыкі ўсе свае намаганні прыкладуць для распаўсюджвання негатыўнай інфармацыі па-за межамі краіны, непрызнання вынікаў выбарчай кампаніі на Захадзе і гэтым самым стварэння пэўных міжнародных праблем для Беларусі ў адносінах з ЕС і ЗША.
Цікава, што большасць апазіцыйных структур дэкларуюць прыхільнасць да еўраінтэграцыі, аднак на практыцы робяць усё магчымае для супрацьдзеяння зносінам Беларусі з іншымі краінамі Еўропы. Памылкова ці знарок пераносячы сваё стаўленне да асобы Прэзідэнта на нацыянальныя інтарэсы краіны, такія дзеячы патрабуюць «знешняй ізаляцыі» Беларусі, эканамічных санкцый супраць айчыннай прамысловасці і бізнесу, зрыву міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Так і атрымліваецца, што па факце апазіцыя апаніруе не дзейснай уладзе, а ўсяму беларускаму грамадству, наўмысна ці з прычын палітычнай блізарукасці іграе на руку нашым эканамічным канкурэнтам.
Менавіта такая дысідэнцкая, антыдзяржаўная логіка паводзін, а не «ціск і рэпрэсіі», ляжыць у аснове непапулярнасці і негатыўнага стаўлення да апазіцыйных структур як сярод шырокіх колаў грамадства, так і ў шэрагах прадстаўнікоў фінансава-палітычнай эліты. Таму ўжо сёння, на самым старце «Талакі», можна з пэўнасцю прадказаць яе фінал: зусім не заўважаная выбаршчыкамі-беларусамі, але з вэрхалам і трэскам разрэкламаваная за мяжой, чарговая апазіцыйная кааліцыя знікне ў нябыт, як і яе папярэднікі — розныя «пяцёркі», «дзясяткі», «байкоты» ды «народныя сходы».

Як мусіць выглядаць палітычнае поле?

Між тым наяўнасць апазіцыі, яе прысутнасць у палітычным працэсе з'яўляецца неад'емнай часткай класічнай дзяржаўнай канструкцыі, адным з важкіх паказчыкаў дэмакратыі і развіцця грамадства. Менавіта палітычная эліта, што заўжды складаецца з прадстаўнікоў улады і апазіцыі, забяспечвае бесперабойнасць, пераемнасць і ўстойлівасць дзяржаўнага развіцця, незалежна ад любых ваганняў настрояў грамадства. Такую сацыяльную мадэль можна зараз назіраць у Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, развітых краінах Еўрапейскага саюза. Рэспубліка Беларусь — параўнальна маладая дзяржава, і пытанне фарміравання палітычнай эліты, стварэнне адпаведнай прасторы і працэсу, для нас вельмі актуальнае.
У гэтых умовах досыць цікава разгледзець поле айчыннай палітыкі, месца на ім апазіцыі і сістэмных партый ды вызначыць асноўныя праблемныя пытанні. Безумоўна, найбольш моцнай фігурай з'яўляецца дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, што знайшло сваё адлюстраванне як у грамадскіх настроях, так і ў нормах заканадаўства, дзе прадугледжаны вельмі шырокія паўнамоцтвы прэзідэнта. А вось грамадская роля і вага палітычных партый насамрэч вельмі нязначная. Прычым, калі маргіналізацыя апазіцыйных структур прама абумоўлена іх радыкальнымі паводзінамі, то прадзяржаўніцкія партыі проста згубіліся на фоне харызмы беларускага лідара. Напрыклад, папулярнасць найбольш моцнай некалі Камуністычнай партыі Беларусі зменшылася больш чым у 50 разоў — з 52% у 1990 годзе да 0,9% у 2012-м.
Падобна на тое, што, знаходзячыся за спінай Прэзідэнта, такія арганізацыі схаваліся, нібыта ва ўтульным доміку, і не зусім паспяваюць за ходам працэсу, таму і аказваюцца незапатрабаваныя грамадствам, што негатыўна адлюстроўваецца на ўзроўні палітычнай культуры беларусаў. Як паказваюць апытанні, толькі 4% грамадзян лічаць, што ўдзел у палітычным жыцці можа нейкім чынам паўплываць на іх уласны лёс. Як бачым, беларуская палітра досыць бедная, завязаная выключна на асобу кіраўніка дзяржавы, што нясе ўвесь цяжар публічнай палітыкі і з'яўляецца амаль адзіным аб'ектам як грамадскай любові, так і крытычных стрэлаў.
Між тым, такая сітуацыя недасканалая, бо не гарантуе адназначнай устойлівасці дзяржавы ў доўгатэрміновай перспектыве. Палітычная навука, акрамя маргінальнай радыкальнай апазіцыі, ведае яшчэ і апазіцыю канструктыўную, сістэмную, што падзяляе агульнапрынятыя каштоўнасці, але мае свае адмысловыя цікавыя праграмы развіцця. Менавіта падобнай альтэрнатыўнай думкі і бракуе айчыннаму палітычнаму працэсу, аднак ніадкуль, на пустым месцы, такія ініцыятывы наўрад ці могуць узнікнуць. Мэтазгодным быў бы шэраг дзяржаўных захадаў па падтрымцы грамадскага і палітычнага сектара Беларусі. Гэта можа быць стварэнне практыкі дзяржаўнага фінансавання сістэмы палітычных партый згодна з наяўнасцю прадстаўнікоў у выбарных органах улады (як гэта ёсць у Польшчы, Расіі ды ў шмат якіх іншых краінах) або размеркаванне дапамогі пад перспектыўныя праекты, як гэта робіцца, напрыклад у Эстоніі, Фінляндыі ці Нідэрландах.
Такая практыка з боку дзяржавы цалкам пазбавіць глебы нашых замежных крытыкаў і адназначна пазітыўна паўплывае на ўнутраную культуру грамадства, створыць дадатковыя стрыжні ўстойлівасці беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Таксама побач з захадамі па стварэнні механізмаў дзяржаўнай падтрымкі «трэцяга сектара» бачыцца мэтазгодным упарадкаванне замежных датацый на беларускую палітыку, кшталту расійскіх нормаў аб «замежных агентах». Такія заканадаўчыя высілкі спыняць практыку асобных знешніх суб'ектаў палітыкі па рэалізацыі сваіх інтарэсаў на беларускай зямлі з выкарыстаннем айчынных палітычных гастарбайтараў.
На мой погляд, беларускі дзяржаўны праект даспеў да стварэння якаснай палітычнай сістэмы.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ, дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя», палітолаг.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.