Вы тут

Хочацца, але... не заўсёды можацца


Ільготы і «бар'еры» малога бізнесу

Сёлета за студзень—жнівень у Гродзенскім раёне зарэгістравана 206 арганізацый малога бізнесу — утрая больш у параўнанні з леташнім перыядам. На 30 працэнтаў вырасла і колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў (161). Прыкладна трэцюю частку падаткаў раённы бюджэт атрымлівае менавіта ад малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

1380663609404_1

Без валакіты

Найбольш папулярная сярод суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва галіна прамысловасці — дрэваапрацоўка: мэбля, драўняныя пелеты, дошкі і вагонка, альтанкі і зрубы, плеценыя кошыкі. Малыя прадпрыемствы таксама вырабляюць тратуарную плітку, агароджы, карнізы і фурнітуру, пенапласт, грунт для расады, вітражы, упакоўку з гофракардону, аднаразовы посуд, адзенне, шторы і цюль...
Цікаўлюся ў намесніка начальніка аддзела эканомікі Гродзенскага райвыканкама Валянціны КАВАЛЬЧУК працэдурай рэгістрацыі «сваёй справы». Уся неабходная інфармацыя, дарэчы, змешчана на сайце райвыканкама, і калі чалавек прыходзіць з поўным пакетам дакументаў, то афармленне займае 20-30 хвілін. Калі хоча — у той жа дзень атрымае пасведчанне аб рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам. Альбо праз 5 дзён разам з дакументам, які пацвярджае, што суб'ект гаспадарання стаіць на ўліку ў падатковай інспекцыі, органах сацыяльнай абароны, статыстыкі і дзяржаўнага страхавання. Калі ж ёсць нейкія пытанні наконт нюансаў рэгістрацыі, то можна ў любы рабочы дзень, без папярэдняга запісу на прыём, звярнуцца па тлумачэнні да ўпаўнаважаных супрацоўнікаў райвыканкама.
Мясцовыя ўлады не стаяць у баку ад найбольш вострых пытанняў прадпрымальніцтва. Напрыклад, у Лідскім раёне, які па выніках апошняга рэспубліканскага конкурсу прызнаны лепшым рэгіёнам для бізнесу, вырашылі сустракацца з прадпрымальнікамі раз у квартал па той ці іншай канкрэтнай тэме.

1380663611414_2

— Што абурае, дык гэта выдача зарплаты «ў канвертах». А вось законны, празрысты бізнес будзем падтрымліваць. Асабліва вітаем дзелавую актыўнасць у вытворчасці і сферы паслуг: не хапае добрых прадпрыемстваў грамадскага харчавання, сямейных рэстаранаў, — кажа старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр АСТРОЎСКІ.

Ператок капіталу ў глыбінку?

Нагадаем, што паводле нормаў Дэкрэта № 6, камерцыйныя арганізацыі на працягу сямі гадоў з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі вызваляюцца ад падатку на прыбытак, а індывідуальныя прадпрымальнікі — ад падаходнага падатку на прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці. Акрамя таго, прадастаўляюцца льготы па падатку на нерухомасць.
З моманту выхаду прэзідэнцкага Дэкрэта № 6 на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадоў і ў сельскай мясцовасці Гродзеншчыны (паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення абласной інспекцыі па падатках і зборах Ірыны ЭЙСМАНТ) зарэгістравалася 796 суб'ектаў гаспадарання. Ільготамі па падатку на прыбытак летась скарысталіся 33 арганізацыі. 11 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць у сельскай мясцовасці, атрымалі льготу па падаходным падатку, 208 — прымянялі паніжальны каэфіцыент 0,5 да стаўкі адзінага падатку пры аказанні паслуг і выкананні работ.

— Такіх ільгот, якія прадастаўлены Дэкрэтам
№ 6, няма нават у свабоднай эканамічнай зоне. Асабліва гэта тычыцца ўвозу абсталявання, тэхнікі без мытных плацяжоў. Такія магчымасці ў вобласці не распаўсюджваліся толькі на Гродна і Ліду, і, пэўна, усе, хто хацеў, імі скарысталіся. Быў нават пэўны ператок капіталу з вышэйзгаданых гарадоў і нават з Мінска ў глыбінку. У мяне, напрыклад, цікавіліся Астравецкім, Смаргонскім раёнамі, — паведаміў дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр ПАНАМАРОЎ.

Бяры — не буду?

Цяпер на Гродзеншчыне дзейнічаюць восем цэнтраў і адзін інкубатар падтрымкі прадпрымальніцтва. А неўзабаве, згодна з даручэннем кіраўніцтва аблвыканкама, такія структуры павінны быць створаны ў кожным раёне. Для аказання бясплатнай кансультацыйнай, юрыдычнай дапамогі малому бізнесу, садзейнічання ў атрыманні фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў.
Тым, хто пачынае прадпрымальніцкую дзейнасць, будзе карыснай, напрыклад, брашура «Як адкрыць уласную справу?», выдадзеная абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. У ёй, так бы мовіць, ад «а» да «я» пазначаны ўсе працэдуры, якія неабходна ведаць: юрыдычныя пытанні, падаткаабкладанне, фінансавая падтрымка...

Дарэчы, на падтрымку праектаў малога бізнесу сёлета прадугледжана 5 мільярдаў рублёў з абласнога бюджэту. У раёнах пастаянна праводзяцца семінары з інфармаваннем аб доступе да фінансавых рэсурсаў, але чаргі па іх не назіраецца. Звароты ахвотных атрымаць ільготны крэдыт ёсць, аднак... Па-першае, яго цяжка забяспечыць неабходным для бюджэтнай пазыкі залогам: людзі апасаюцца закладваць кватэру, машыну. А па-другое, заяўнікі не надта імкнуцца да празрыстасці свайго бізнесу, што абавязкова пры атрыманні бюджэтных грошай.

Зрэшты, сродкамі з бюджэту фінансавая падтрымка прадпрымальніцтва не абмяжоўваецца. Ёсць даволі эфектыўныя варыянты падтрымкі праектаў малога і сярэдняга бізнесу Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, рознымі фондамі. Як гэтым скарыстацца? «Вось тут мы і акажам кансультацыйную, юрыдычную, эканамічную дапамогу. Бясплатна. Было б толькі жаданне», — зазначае Аляксандр Панамароў.
Пакуль недастаткова выкарыстоўваецца і такая сур'ёзная мера падтрымкі як пакупка і перадача ў карыстанне аб'ектаў нерухомасці за адну базавую велічыню. «Магчыма, гэта і наша недапрацоўка, будзем актывізоўваць рэкламную работу», — кажа Аляксандр Панамароў.

Яе Вялікасць «Інструкцыя»

10 гадоў таму на Гродзеншчыне было каля 2 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а цяпер — больш за 7 тысяч. Пры гэтым даволі актыўна развіваецца сфера гандлю, паслуг, а вось дынаміка развіцця вытворчага бізнесу недастатковая, лічыць начальнік упраўлення прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр КРАСЦІН:

— Трэба дбаць аб тым, каб айчынны суб'ект рынку мог працаваць у больш прымальных умовах, чым вытворца ў тым жа Кітаі. Там усё вельмі хутка робіцца: недзе ўбачылі, скапіравалі, выпусцілі і прадалі. Было б ідэальна стварыць у нас такія ўмовы, каб малыя прадпрыемствы вырасталі як грыбы. Зразумела, што многія з іх будуць закрывацца. Але ўсё гэта прывядзе да зніжэння кошту паслуг і тавараў на рынку.

На думку Аляксандра Красціна, вельмі грувасткімі сёння з'яўляюцца, напрыклад, працэдуры адкрыцця гасцініц, устаноў грамадскага харчавання, якіх нам вельмі не хапае. У выніку ж, калі ў гэтых сферах няма канкурэнцыі, расцэнкі значна даражэйшыя, чым у Польшчы і Літве. Таму наша задача — зрабіць гэтыя працэдуры максімальна спрыяльнымі для бізнесу, тым больш, што цяпер усё камп'ютарызуецца. Усе звароты, перапіска могуць і павінны ажыццяўляцца ў электронным выглядзе і аператыўна разглядацца адпаведнымі службамі. Аднак пакуль гэта далёка не заўсёды атрымліваецца. Ёсць «бар'еры» і ў сферах энергазабеспячэння прадпрыемстваў, падводкі пэўных камунікацый. Не тое што гэтыя элементы бюракратыі створаны наўмысна — проста яны гадамі існуюць у інструкцыях, якім павінен падпарадкоўвацца.

У прыватнасці, цяпер у Мінску разглядаюцца пытанні па праектнай дакументацыі: дзе і што трэба ўзгадняць? Верагодна, некаторыя ўзгадненні міністэрстваў і ведамстваў будуць наогул выключаны пры выкананні працэдур падрыхтоўкі праектаў. Работы тут яшчэ, як кажуць, не пачаты край, лічыць Аляксандр Красцін.

Пры гэтым, на яго думку, назіраецца пасіўнасць самога бізнесу. У шэрагу краін прадпрымальнікі аб'ядноўваюцца ў асацыяцыі па профілі дзейнасці (напрыклад, мэбельшчыкі), каб здымаць існуючыя для бізнесу «бар'еры». У нас жа кожны нібы сам па сабе, хаця многія глабальныя пытанні трэба лабіраваць і вырашаць калектыўна. Як гэта атрымалася, напрыклад, з прапановамі прадпрымальнікаў па легалізацыі паслуг аўтасэрвісу ў гаражных кааператывах, якія нядаўна падтрыманы ўказам кіраўніка дзяржавы. Распачаць сваю справу на законных падставах будзе прасцей, а адказнасць нелегалаў узмоцніцца.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».