Вы тут

КАНСАЛІДАЦЫЯ ГРАМАДСТВА — АСНОВА ПАСПЯХОВАГА РАЗВІЦЦЯ КРАІНЫ


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на адкрыцці трэцяй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

1380750775434_3-37

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Пачынае сваю работу трэцяя сесія Савета Рэспублікі пятага склікання.

У ходзе яе мы разгледзім законы, накіраваныя на стварэнне ўмоў для эфектыўнага развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы, на захаванне бяспекі і стабільнасці краіны. Гэта значыць тых напрамкаў дзейнасці, ад якіх залежаць непасрэдна эканамічная і палітычная трываласць нашай дзяржавы, стабільнасць нашага грамадства і дабрабыт нашых грамадзян.

Больш за 20 гадоў таму наша краіна набыла суверэнітэт, стала на шлях незалежнага развіцця. Суверэнітэт — гэта не проста свой сцяг, свой герб і свой гімн. Гэта, перш за ўсё, канкурэнтаздольнасць краіны на сусветнай арэне. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту, таму курсу, па якім ён вядзе краіну, за мінулы час зроблена вельмі шмат.

Але ў сённяшнім глабалізаваным свеце, які паскорана развіваецца, падтрымліваць канкурэнтаздольны ўзровень эканомікі, захоўваць і пашыраць свае эканамічныя пазіцыі становіцца з кожным днём усё цяжэй. І ўдвая цяжэй дасягаць гэтыя мэты, калі ў якасці абавязковай умовы ставіць задачу шырокага сацыяльнага забеспячэння ўсіх слаёў насельніцтва, г.зн. забеспячэння нізкага ўзроўню беспрацоўя, бясплатных адукацыі і медыцыны, сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаных і г.д. і да т.п.

А менавіта гэты шлях развіцця выбраны ў нашай краіне. Як бы цяжка нам ні было дабівацца рэнтабельнасці вытворчасці і падтрымліваць канкурэнтаздольны ўзровень нашых тавараў, мы не хочам адступаць ад прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і развіваць эканоміку за кошт ушчамлення інтарэсаў нашых грамадзян, пагаршэння ўмоў іх жыцця, зніжэння ўзроўню сацыяльных гарантый для нашых людзей.

Паўтараю, гэта вельмі нялёгкі шлях, асабліва ва ўмовах пастаяннага знешняга націску.

За апошні час мы нямала зрабілі для выбудоўвання нармальных партнёрскіх адносін з нашымі суседзямі, у тым ліку і на парламенцкім узроўні. Але, на жаль, прыняцце чарговых рэзалюцый ПА АБСЕ і Еўрапарламентам па Беларусі, у якіх знаходзіцца вялікая колькасць ідэалагізаваных штампаў, чарговы раз прадэманстравала негатоўнасць Еўрасаюза пераходзіць на канструктыўныя пазіцыі ў адносінах да Беларусі. Па-ранейшаму дзейнічаюць прыніжальныя для цывілізаванага свету санкцыі ў адносінах да нашай краіны.

Ды і дзеянні асобных расійскіх бізнесменаў, калі так можна сказаць, палітыкаў ад бізнесу, лішні раз дэманструюць, як няпроста нам адстойваць свае эканамічныя інтарэсы.
У гэтых умовах асабліва важная кансалідацыя нашага народа, агульнае разуменне таго, што не скарацечны асабісты матэрыяльны інтарэс, а менавіта ўстойлівае эканамічнае становішча ўсёй нашай краіны з'яўляецца асновай і залогам паспяховага развіцця грамадства ў цэлым, а, значыць, у канчатковым выніку, і кожнага члена грамадства. Аб гэтым неаднаразова гаварыў кіраўнік нашай дзяржавы, у тым ліку і на Дажынках у Жлобіне.

Сёння лёс нашай краіны залежыць, перш за ўсё, ад нашай свядомасці, ад пачуцця патрыятызму, ад веры ў сваю краіну і гатоўнасці працаваць на яе будучыню. Як сказаў адзін чалавек, усе цяжкасці ў нас у галаве, менавіта там іх і трэба, у першую чаргу, пераадольваць. Не паддавацца бацылам нявер'я і панікі, якія сёй-той старанна падкідвае ў наша грамадства, а наадварот, аб'яднаць свае намаганні, дружна і ўпэўнена рухацца наперад. І перамога заўсёды будзе за намі.

Перш чым абмеркаваць нашы планы на сесійны перыяд, хачу праінфармаваць вас аб асноўных выніках нашай дзейнасці за мінулы час.

Паважаныя калегі!

Адным з важнейшых напрамкаў парламенцкай работы з'яўляецца міжнародная дзейнасць. Яе асноўнымі вынікамі ў міжсесійны перыяд сталі актывізацыя практычнага ўзаемадзеяння з нашымі даўнімі партнёрамі, падтрыманне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у рамках шматбаковай парламенцкай дыпламатыі і пашырэнне супрацоўніцтва на перспектыўным азіяцкім напрамку.
Так, у ходзе афіцыйных візітаў у Рэспубліку Беларусь прэзідэнтаў Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка прайшлі іх сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага парламента. Дасягнута дамоўленасць аб устанаўленні прамых кантактаў паміж заканадаўчымі органамі нашых краін.
Новы змест атрымаў дыялог са стратэгічным партнёрам Рэспублікі Беларусь — Кітайскай Народнай Рэспублікай. У рамках праведзенай у Савеце Рэспублікі сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая Лю Юньшанем падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь і Цэнтральным тэлебачаннем Кітая. Яно прызначана пашырыць абмен інфармацыяй і ўмацаваць супрацоўніцтва паміж тэлевізійнымі кампаніямі Кітая і Беларусі.

Члены Савета Рэспублікі прадоўжылі планавую работу ў Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблеях СНД і ЕўрАзЭС і Парламенцкай Асамблеі АДКБ.
Па лініі Парламенцкага Сходу мы ўдзялілі значную ўвагу пытанням сацыяльнай і гуманітарнай палітыкі, у прыватнасці, маладзёжнай палітыцы і перспектывам супрацоўніцтва моладзі дзвюх краін.
У верасні ў Мінску прайшла каардынацыйная нарада старшынь камітэтаў па абароне і бяспецы парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ. Яны таксама прынялі ўдзел у якасці наглядальнікаў у сумесных ваенных вучэннях «Узаемадзеянне 2013».
Гэтыя вучэнні маюць надзвычай вялікае ваенна-палітычнае значэнне, дэманструючы эфектыўнасць ваеннага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, высокі ўзровень узбраенняў і баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых краін-удзельніц, здольнасць абараніць нашы краіны ад тэрарыстычных нападаў і іншых ваенных пагроз. Вынікі гэтага мерапрыемства будуць разгледжаны на маючым адбыцца пасяджэнні Савета ПА АДКБ, якое пройдзе 8 кастрычніка ў Бішкеку.

Адной з асноўных форм двухбаковага парламенцкага дыялогу з'яўляецца супрацоўніцтва на ўзроўні міжпарламенцкіх камісій і груп сяброўства. У ліпені адбылося сёмае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія. Прынятыя рашэнні, несумненна, будуць садзейнічаць актывізацыі практычнага ўзаемадзеяння Беларусі і Арменіі ў сферы гандлёва-эканамічных адносін і павышэнні ролі парламентарыяў у гэтым працэсе, паглыбленні двухбаковага ўзаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Цяпер гэта з'яўляецца асабліва актуальным у сувязі з перспектывай далучэння Арменіі да Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.
Пытанні пашырэння беларуска-сербскіх міжпарламенцкіх сувязяў былі таксама ў цэнтры ўвагі праведзенай у Савеце Рэспублікі сустрэчы з кіраўніком парламенцкай групы дружбы з Беларуссю Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія Драгамірам Карычам.
У справаздачны перыяд адбыўся візіт у нашу краіну дэлегацыі парламенцкай групы дружбы Сейма Латвійскай Рэспублікі. Парламентарыі абедзвюх краін дамовіліся актывізаваць сваё ўзаемадзеянне з мэтай стымулявання развіцця двухбаковага бізнес-супрацоўніцтва.
Перспектывы актывізацыі міжпарламенцкага дыялогу былі абмеркаваны таксама на сустрэчах з надзвычайнымі і паўнамоцнымі пасламі Украіны Міхаілам Ежалем і Рэспублікі Куба Альфрэда Партуонда.

Важным вынікам нашага ўдзелу ў 22 й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе стала прыняцце ініцыіраванай беларускімі парламентарыямі рэзалюцыі «Супрацоўніцтва ў мэтах пераходу да «зялёнай» эканомікі». Наша дэлегацыя праінфармавала ўдзельнікаў сесіі аб асноўных прыярытэтах Рэспублікі Беларусь у адносінах з АБСЕ. Намі былі выказаны прапановы па рэфармаванні Арганізацыі з улікам сучасных выклікаў і пагроз. Карыстаючыся гэтай міжнароднай трыбунай, мы яшчэ раз заявілі аб недапушчальнасці прымянення мер эканамічнага і палітычнага прымусу ў адносінах паміж дзяржавамі.
Важным напрамкам работы Савета Рэспублікі з'яўляецца таксама развіццё міжнароднага ўзаемадзеяння па лініі мясцовых органаў улады. У верасні прайшлі два важныя ў гэтых адносінах мерапрыемствы — удзел у трэцяй штогадовай Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных органаў улады Усходняга партнёрства ў Вільнюсе і візіт да нас дэлегацыі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. Кіраўнікі дзвюх палат Кангрэса пабывалі ў Маладзечанскім і Нясвіжскім раёнах, дзе былі азнаёмлены з арганізацыяй работы мясцовых саветаў базавага і пярвічнага ўзроўню. Адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па пытаннях развіцця мясцовага самакіравання ў нашай краіне. Паводле слоў нашых гасцей, на іх зрабілі вялікае ўражанне высокі ўзровень арганізацыі самакіравання і развітая сацыяльна-культурная інфраструктура ў вёсцы.

У рамках падрыхтоўкі беларуска-расійскага Форуму ў Савеце Рэспублікі адбыўся з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, абласных выканаўчых камітэтаў, навуковых арганізацый, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый круглы стол на тэму «Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы АПК ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы і працэсу далучэння Рэспублікі Беларусь да СГА». Былі абмеркаваны розныя аспекты супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў сферы АПК. Работа па гэтай тэматыцы будзе прадоўжана і далей.
Хачу вас праінфармаваць яшчэ аб адной прыемнай падзеі міжпарламенцкага жыцця. Па запрашэнні Старшыні Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Нарышкіна С. Я. парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь, у склад якой увайшлі члены Савета Рэспублікі Навіцкі і Кастагораў, прымала ўдзел у Маскоўскіх Міжнародных парламенцкіх гульнях. Каманда Парламента Беларусі ў агульнакамандным заліку заняла прызавое трэцяе месца. Вядома, асноўная заслуга тут належыць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але і нашы сенатары не падвялі. Віншую вас, Сяргей Рыгоравіч і Віталь Генадзьевіч, з гэтым дасягненнем і жадаю далейшых поспехаў у спорце, працы і ў заканатворчай дзейнасці.

У сесійны перыяд будуць прыняты далейшыя крокі па развіцці сувязяў з парламентамі замежных дзяржаў. Сярод запланаваных мерапрыемстваў варта адзначыць маючы адбыцца афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве з Расіяй і Украінай. Плануецца, што Рэспубліку Беларусь наведае з афіцыйным візітам дэлегацыя Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі на чале з яго Старшынёй Джэмілем Чычэкам. Акрамя таго, прадстаўнікі Савета Рэспублікі прымуць удзел у назіранні за выбарамі прэзідэнтаў Азербайджанскай Рэспублікі і Рэспублікі Таджыкістан.
Мы таксама прадоўжым узаемадзеянне з міжпарламенцкімі інстытутамі. У прыватнасці, члены Савета Рэспублікі прымуць удзел у 129 й Асамблеі МПС, мерапрыемствах МПА СНД, ПА АДКБ і МПА ЕўрАзЭС, Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. Прадоўжыцца работа над гарманізацыяй і ўніфікацыяй заканадаўства ў рамках названых міжпарламенцкіх асамблей, а таксама над фарміраваннем праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2014 год.

Паважаныя калегі!

Павінен адзначыць, што ў міжсесійны перыяд члены Савета Рэспублікі актыўна працавалі ў рэгіёнах. Нашы сенатары ўдзельнічалі ў пасяджэннях сесій і прэзідыумаў Саветаў дэпутатаў, сустракаліся з кіраўнікамі і дэпутатамі мясцовых Саветаў. На пасяджэннях абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама раённых адміністрацый Мінска вы актыўна прапрацоўвалі пытанні развіцця тэрыторый, выканання мясцовых бюджэтаў, прыцягнення інвестыцый, выканання мерапрыемстваў у рамках Года беражлівасці.
Трэба і далей удзяляць самую пільную ўвагу гэтай рабоце. Рэгулярныя сустрэчы з грамадзянамі і працоўнымі калектывамі, дапамога ў вырашэнні іх надзённых праблем, растлумачэнне сутнасці законаў, якія прымаюцца, — адзін з важнейшых складальнікаў нашай дзейнасці, як прадстаўнікоў вышэйшай заканадаўчай улады.

Паважаныя калегі!

Хачу з задавальненнем адзначыць, што, нягледзячы на так званыя «парламенцкія канікулы», усе вы прадаўжалі актыўна ўзаемадзейнічаць са сродкамі масавай інфармацыі. І вось вынік — на старонках больш як 40 друкаваных выданняў было размешчана больш за 110 публікацый. Шмат цікавых матэрыялаў з вашым удзелам выйшла ў рэгіянальнай прэсе, у тым ліку аб прынятых законах, асабістых прыёмах грамадзян, рабоце з насельніцтвам.
Хачу выказаць удзячнасць не толькі вам, але і сродкам масавай інфармацыі, у полі зроку якіх пастаянна знаходзіцца наша дзейнасць.
Упэўнены, што ў сесійным перыядзе гэта супрацоўніцтва будзе яшчэ больш актыўным. У прыватнасці, трэба было б падумаць і аб больш шырокім асвятленні нашай дзейнасці на тэлебачанні. Спадзяюся, што паважаны сенатар, Юрый Васільевіч Казіятка, дапаможа нам у гэтым пытанні.

Прадаўжалася актыўная работа са зваротамі грамадзян. За тры апошнія месяцы толькі непасрэдна ў Савеце Рэспублікі было разгледжана больш за 100 пісьмовых і 30 электронных зваротаў. У іх людзі ўзнімалі пытанні працаўладкавання і сацыяльнай абароны, будаўніцтва і рамонту жылля, аховы здароўя, сям'і і іншыя.
Але асноўная работа праводзілася непасрэдна ў рэгіёнах. Больш за 1200 зваротаў жыхароў было разгледжана сенатарамі на месцах. Праведзена каля 200 асабістых прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, у тым ліку 70 з выездам у сельскія населеныя пункты.
Як бачым, сенатары сёння актыўна падтрымліваюць сваіх выбаршчыкаў. І гэта правільна — бо ў многіх выпадках людзі маюць патрэбу не толькі ў прававой, матэрыяльнай, але і ў маральнай падтрымцы.

У сесійны перыяд нам трэба будзе асаблівую ўвагу ўдзяліць Саветам дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Няма сумненняў, што гэтыя Саветы адыгрываюць вельмі важную ролю, як у арганізацыі жыцця і быту вёсак і пасёлкаў, так і ў ідэйна-выхаваўчай рабоце сярод іх жыхароў. Разам з тым, нельга не бачыць, што дзейнасць Саветаў пярвічнага ўзроўню мае патрэбу ў далейшым удасканаленні. Аб гэтым нядаўна гаварыў кіраўнік дзяржавы, паставіўшы перад намі задачу далейшага ўмацавання сельскіх Саветаў і ўзмацнення іх магчымасцяў.
Гэта пытанне было ў цэнтры ўвагі на апошніх пасяджэннях нашага Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. У прыватнасці, на выязным пасяджэнні ў ліпені была разгледжана практыка работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання Мазырскага раёна. У верасні на спецыяльным пасяджэнні Савета былі разгледжаны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў. Адбылася падрабязная, грунтоўная і выніковая размова на гэту тэму з удзелам старшынь сельскіх Саветаў. Выпрацаваныя рэкамендацыі былі накіраваны ў Савет Міністраў.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Хачу звярнуць вашу ўвагу, што адным з актуальных пытанняў, асабліва на ўзроўні сельскіх Саветаў, з'яўляецца аптымізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Як правіла, размова аб узбуйненні адміністрацыйных тэрыторый, г. зн. аб зліцці двух або больш Саветаў. Такія рашэнні прымаюцца пасля абмеркавання і са згоды жыхароў адпаведных населеных пунктаў. Аднак адзначаны выпадкі, калі грамадская думка недастаткова ўлічвалася, або людзі не былі дэталёва праінфармаваны аб умовах аб'яднання. А ўзбуйненне ж Саветаў — гэта не кампанія. Яно павінна прыносіць карысць жыхарам, а не дадатковыя нязручнасці. Вядома, у гэтых пытаннях дагадзіць усім немагчыма. Але растлумачыць жыхарам неабходнасць прымаемых крокаў, прыцягнуць іх на свой бок проста неабходна. Лічу, што члены Савета Рэспублікі маглі б тут аказаць дзейсную дапамогу мясцовым органам улады і прыняць актыўны ўдзел у правядзенні растлумачальнай работы сярод жыхароў сваіх рэгіёнаў.

Паважаныя калегі!

У міжсесійны перыяд пастаянныя камісіі Савета Рэспублікі і экспертна-прававое ўпраўленне Сакратарыята правялі значную работу па ўдасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На асенняй сесіі плануецца разгледзець больш за сорак праектаў нарматыўных прававых актаў. Яны дэталёва прапрацаваны сумесна з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыі Прэзідэнта і іншымі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу. Гэтыя праекты маюць першараднае значэнне для краіны. У прыватнасці, нам трэба будзе абмеркаваць пакет важнейшых законапраектаў эканамічнага блока.
Улічваючы іх значнасць, 19 верасня на Прэзідыуме Савета Рэспублікі мы абмеркавалі пытанні, якія датычацца прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і рэспубліканскага бюджэту на маючы адбыцца фінансавы год, а таксама праекты асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і падатакаабкладання на 2014 год. Вызначылі канкрэтныя падыходы для правядзення сістэмнага аналізу прадстаўленых праектаў. Вывучэнне дакументаў будзе прадоўжана ў пастаянных камісіях Савета Рэспублікі, а затым на сумесных пашыраных пасяджэннях профільных пастаянных камісій абедзвюх палат Парламента. Вывады і прапановы камісій будуць рэгулярна заслухоўвацца на пасяджэннях Прэзідыума Савета Рэспублікі, каб затым сумесна з Палатай прадстаўнікоў і Саветам Міністраў аб'ектыўна і прынцыпова абмеркаваць асноўныя артыкулы гэтых лёсавызначальных законапраектаў. І, зыходзячы з рэальнай сітуацыі, вызначыць тыя параметры, на якія павінна выйсці краіна ў 2014 годзе.

У сферы грамадзянскага, грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства ў перыяд гэтай сесіі нам трэба будзе ўдзяліць асаблівую ўвагу павышэнню ўзроўню прававога рэгулявання пытанняў абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама правоў Рэспублікі Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у выпадках учынення правапарушэнняў пры стварэнні акцыянерных таварыстваў.
Трэба будзе заканадаўча замацаваць новыя рэдакцыі Воднага кодэкса і Закона «Аб асновах прафілактыкі правапарушэнняў». Урэгуляваць важныя грамадскія адносіны ў сферы канстытуцыйнага судаводства, не ўрэгуляваныя на гэты час.
Мы таксама прадоўжым работу і над папраўкамі ў законы па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў, натарыяльнай дзейнасці, а таксама ў шэраг заканадаўчых актаў, якія рэгулююць адносіны ў галіне крымінальнага, грамадзянскага і адміністрацыйнага права. Да работы над імі варта падысці з асаблівай увагай, паколькі забеспячэнне бяспекі і правоў грамадзян з'яўляецца найважнейшай задачай усіх органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку яе заканадаўчай галіны.

У ліку першачарговых будуць таксама разгледжаны законапраекты аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), выкананні судовых пастаноў, аб цэнаўтварэнні, рэгуляванні зямельных адносін, процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі, функцыянаванні гаспадарчых таварыстваў і іншыя.
У сферы міжнароднага супрацоўніцтва плануецца адобрыць 11 праектаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў. Яны накіраваны на прававое забеспячэнне ўзаемавыгаднага міжнароднага гандлёва-эканамічнага партнёрства, на паглыбленне двухбаковых адносін з замежнымі дзяржавамі, інтэграцыю нашай краіны ў сусветную эканамічную прастору. Будзе прадоўжана работа па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства і дагаворна-прававой базы ў адпаведнасць з пагадненнямі, прынятымі ў рамках Мытнага саюза.
Такім чынам, паважаныя калегі, у перыяд трэцяй сесіі гэтага склікання нас з вамі чакае немалая работа. Віншую вас з яе пачаткам і не сумняваюся, што разам мы з гэтай работай паспяхова справімся.
Жадаю ўсім поспехаў і добрага настрою!

Дзякуй за ўвагу!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.