Вы тут

«Танец мары», Дзень эканомікі і «Хараство жыцця»


Гэта назвы асобных мерапрыемстваў Тыдняў Германіі, якія ўжо дзясяты раз праходзяць у Беларусі. Іх юбілейная праграма як ніколі цікавая і насычаная разнастайнымі мерапрыемствамі.

Напрыклад, Дзень нямецкай эканомікі. Яго ўжо сёмы раз вырашыў наладзіць у нашай краіне нямецка-беларускі эканамічны клуб і прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі. Тэма Дня актуальная: «Прафесійныя кадры для эканомікі — канцэпцыі, вопыт, перспектывы». Бо, на думку арганізатараў Дня, сучаснае прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў з'яўляецца асновай эфектыўнасці любой эканомікі, яе канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку. Таму ў рамках Дня былі запланаваны прэзентацыі і дыскусіі, знаёмства з нямецкім практычным досведам прафесійнага навучання і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, новымі перспектыўнымі падыходамі да гэтай справы. Асноўную ўвагу надалі праблематыцы сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў установамі адукацыі і прадпрыемствамі. Невыпадкова да ўдзелу ў сустрэчах былі запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў абедзвюх краін, беларускіх ведамстваў, федэральных міністэрстваў Германіі, прамыслова-гандлёвых палат, устаноў адукацыі.

Сярод пазнавальных і забаўляльных мерапрыемстваў вылучаецца дабрачынная акцыя. Да Тыдняў прымеркавана ўрачыстая перадача Лепельскаму раёну новай лячэбна-прафілактычнай установы фельчарска-акушэрскага пункта. ФАП дазволіць аказваць даўрачэбную дапамогу прыкладна 1000 жыхарам сямі вёсак, у тым ліку 30 маладым шматдзетным сем'ям, 200 дзецям. Праект быў рэалізаваны дзякуючы дапамозе і сродкам адміністрацыі Лепельскага раёна, нямецкіх ротары-клуба і дабрачыннай арганізацыяй Hеіm-stаtt Tsсhеrnоbуl. Ініцыятар, забудоўшчык і арганізатар праекта — міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб'яднанне «ЭкаДом» з Мінска. Такія акцыі садзейнічаюць наладжванню добразычлівых адносін паміж народамі.

Літаратура і мастацтва, як і раней, выразна акрэслены ў праграме Тыдняў. Безумоўна, значнай падзеяй стала прэзентацыя беларускага перакладу рамана Міхаэля Кумпфмюрэра «Хараство жыцця». Дарэчы, гэты яго трэці раман перакладзены на 19 моў свету. На беларускую мову твор пераклала Ірына Герасімовіч пры падтрымцы Інстытута Гётэ.

«Погляд на нямецкую сучасную літаратуру» — тэма даклада і наступнай дыскусіі вакол шэрагу параўнальна нядаўніх выданняў раманаў і анталогій. Мерапрыемства прызначана для тых, хто сам з задавальненнем чытае і любіць абмяркоўваць прачытанае з іншымі.

Сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння вядомага пісьменніка і рэвалюцыянера Георга Бюхнера. Яго памяці і творчасці прысвечаны, у прыватнасці, тэатральна-музычны перформанс паводле твораў драматурга. Гэты калаж «Танец мары» — вынік сумеснага міжнароднага творчага супрацоўніцтва беларускіх, нямецкіх і швейцарскіх артыстаў. У пастаноўцы расказваецца аб трагічным лёсе паэта-бунтара. Нагадаем, Георг Бюхнер (1813-1837) лічыцца заснавальнікам сучаснай нямецкай драматургіі. Ён — аўтар славутай фразы, якая стала крылатай у свеце і вельмі папулярнай сярод рэвалюцыянераў рознага калібру: «мір хацінам — вайна палацам». Прэмія Бюхнера — найвышэйшая ўзнагарода ў сучаснай Германіі ў галіне прозы. Дык вось, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудуцца паказы перформанса. Гледачы ўбачаць сцэнічны калаж з драмы Бюхнера «Войцэк», у ходзе якога дзея камбінуецца з тагачаснымі рэвалюцыйнымі песнямі, драма і харэаграфія — з медыямастацтвам.

Шэраг мерапрыемстваў Тыдняў разлічаны на студэнтаў і вучняў старэйшых класаў. Апошнія могуць паўдзельнічаць у конкурсе, які праводзіцца ў многіх еўрапейскіх краінах сярод школ — удзельніц ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні». Вучні павінны прэзентаваць самую цікавую, на іх погляд, з прачытаных імі кніг сучаснай нямецкай літаратуры для моладзі. Журы выбярэ пераможцу, які паедзе ў 2014 годзе на фінал конкурсу ў Санкт-Пецярбург. А студэнтаў, аспірантаў, маладых даследчыкаў запрашаюць прыняць удзел у Дні маладога вучонага, які ладзіцца разам Нямецкай службай акадэмічных абменаў (DААD), БДУ і БНТУ. Ёсць магчымасць сустрэцца з нямецкімі навукоўцамі, падыскутаваць, абмяняцца думкамі, паказаць свае навуковыя працы, магчыма, дамовіцца аб сумесных праектах.

Вось далёка не поўная карціна гэтага восеньскага карагода прэзентацый, кінапаказаў, форумаў, семінараў, сустрэч. Кожнае з мерапрыемстваў было загадзя дакладна прадумана і разлічвалася на сваю аўдыторыю. Што атрымалася з гэтага, меркаваць мінчанам і гасцям сталіцы. Але ва ўсякім разе, карысць ад іх відавочная.

Леанід ТУГАРЫН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».