Вы тут

Высокая доля імпарту...


Памятаеце, як Панікоўскі ўкраў у мільянера Карэйкі гіры, думаючы, што яны залатыя? Калі б сёння такі злодзей знайшоўся, дык, разжыўшыся гантэлямі са звычайнага магазіна спартыўных тавараў, ён, напэўна, разбагацеў бы — калі яны і не залатыя, то як мінімум з нейкіх каштоўных рэдказямельных металаў, мяркуючы па цэнах гэтых неадмысловых спартыўных прылад...

Адзін Кітай...

Як той казаў, для «чысціні эксперымента» наконт цэн і асартыменту спорттавараў мы выбралі два спецыялізаваныя гандлёвыя пункты розных формаў уласнасці ў цэнтры Мінска, якраз адна насупраць другой, і пачалі выбіраць спартыўны рыштунак менавіта з гантэляў. У краме расійскага ўласніка 500-грамовая гантэль (адна, а для заняткаў жа патрэбны дзве) каштуе 25 тысяч, шасцікілаграмовая, пакрытая пластыкам — ужо 150 тысяч. У гэтай жа краме добры выбар велатрэнажораў — ад трох з паловай мільёнаў (Кітай) да 11 з лішкам (Германія). Ролікавыя канькі — выключна кітайскай вытворчасці, як і сумачкі да іх, накаленнікі і налакотнікі. Веласіпеды дарожныя — таксама з гэтай краіны. Дакладней, кітайская ў іх толькі рама, а перадачы, зорачкі, супарты — нібыта вядомых брэндаў.

Гэтаксама і са спартыўна-турыстычнай вопраткай — Тайвань, Інданезія, Кітай... І нельга там сказаць, каб сярод куртак, абутку было нешта менавіта для спорту. Усё прыдатнае і для звычайных аматараў спартыўнага стылю.

Адміністратар залы гэтага магазіна Таццяна, у якой я пацікавіўся пра абсалютную адсутнасць тавараў мясцовай вытворчасці, адразу ж унесла яснасць:

— Мы належым расійскаму ўласніку, таму і прадаём расійскія тавары...

— А дзе яны, расійскія спорттавары? Тут жа ў асноўным з Азіі, крыху з Еўропы...

Тут наш дыялог прыпыніўся...

— А якія спорттавары беларускія асабіста вам вядомыя?

— Ведаю веласіпеды мінскія «Аист»...

Румынская стужка беларускага колеру

...Кіруемся ў краму літаральна насупраць, праз вуліцу. Пачынаем агляд з гантэляў. Простая 6-кілаграмовая, з чорнага металу, беларускай вытворчасці — 125 тысяч. Такая ж па вазе, таксама беларускай вытворчасці, але наборная — ужо 482 тысячы, а 15-кілаграмовая — амаль 880 тысяч... Прызнаюся, логікі ў цэнах зразумець не змог... Штангі — выключна імпартныя. Каб падабраць сабе па сілах, трэба купіць грыф і адпаведную колькасць «бліноў». Напрыклад, 40-кілаграмовая «заважыць» недзе 1 мільён 300 тысяч...

Папулярныя сярод дзяцей і дарослых «ролікі» і звычайныя канькі і ў гэтай краме выключна імпартныя, як і мячы футбольныя, валейбольныя, баскетбольныя, як даміно, шашкі, шахматы, ракеткі для абодвух тэнісаў, ігральныя косці і нават спартыўныя свісткі. Трохі смешна, але набор настольнага «Рускага лато» — таксама кітайскай вытворчасці. Відаць, не вырабляюць у Беларусі і крэйду, бо яе маленькі кавалачак для націрання більярднага кія прывезены аж з Румыніі. Невялічкія гімнастычна-турыстычныя дыванчыкі, на якіх можна і ў палатцы спаць, і ў пакоі гімнастыкай займацца — таксама расійскія, венгерскія і кітайскія. Стужачка для медалёў колераў нашага сцяга пад назвай «алімпійская» — з Румыніі...

Разгляд вышэйназваных папулярных тавараў завяршыўся пытаннем да адміністратара пра наяўнасць нашых, айчынных вырабаў для спорту і турызму. Паказалі, акрамя гантэляў, секундамеры, майкі, курткі, спальныя мяшкі, абутак, заплечнікі, крэслы і шэзлонгі, сумкі-тэрмасы, мангалы, кацялкі і скакалкі. Зімою бываюць славутыя тэлеханскія лыжы, курткі ў адпаведнасці з сезонам...

«Вынаходзіць веласіпед не будзем»...

Карацей кажучы, калі б нехта з мясцовых аматараў спорту захацеў экіпіравацца выключна айчыннымі вырабамі, дык свае спартыўныя памкненні яму прыйшлося б задаволіць амаль выключна такой-сякой універсальнай вопраткай і абуткам, веласіпедам, гантэлямі, шэзлонгам, мангалам са скакалкай ды секундамерам. Не надта важнецкая атрымалася б экіпіровачка, што і казаць...

І гэта ў краіне, дзе любяць спорт, дзе ёсць дзясяткі вядомых на ўвесь свет спартсменаў, дзясяткі спартыўных школ і сотні спартыўных секцый і дзе, урэшце, імкненне да здаровага ладу жыцця ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі!

Праўда, парадавалі словы начальніка аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння нацыянальных камандаў прадпрыемства «Белспартзабеспячэнне» Вадзіма Казлоўскага:

— Апрануць любую нашу каманду для алімпіяды, для чэмпіянату свету, набыць для нашых зборных трэніровачныя касцюмы — гэта мы можам з дапамогай нашых беларускіх вытворцаў. І, як вядома, на спаборніцтвах любога ўзроўню нашы спартсмены выглядаюць выключна дастойна! Разам з тым мы ведаем, хто робіць лепшыя ў свеце канькі, байдаркі і каноэ, шыпоўкі, красоўкі, таму «вынаходзіць ровар» па гэтых таварах мы не будзем...

Зразумела, гаворку пра спартыўны рыштунак для прафесіяналаў мы не вядзём, бо вядома, што ў свеце яго вытворцаў можна пералічыць па пальцах. Але дбаць пра тых, хто проста сябруе са спортам і турызмам, пра школьныя спартзалы і спартыўныя школы, павінны не толькі прыватныя гандляры, але і айчынныя вытворцы.

Міністэрства гандлю, якое, дарэчы, па выніках першага паўгоддзя канстатавала паніжэнне колькасці беларускіх тавараў у рознічным гандлі, мае наконт вытворчасці айчынных спартыўных тавараў свой пункт гледжання. Як паведаміла начальнік упраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Ніна ПАШКО, пытанням насычэння спажывецкага рынку таварамі беларускай вытворчасці надаецца асаблівая ўвага. У гэтым напрамку праводзіцца пастаянная праца з таваравытворцамі. У прыватнасці, штогод распрацоўваецца пералік тавараў, рэкамендаваных для асваення іх вытворчасці, пашырэння асартыменту, паляпшэння спажывецкіх уласцівасцяў і павелічэння аб'ёмаў паставак. Пералік накіроўваецца галіновым міністэрствам і канцэрнам, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму і размяшчаецца на сайце Міністэрства гандлю.

Штогод у гэты пералік уключаюцца тавары для фізічнай культуры, спорту і турызму. Вось і на бягучы год у яго зноў увайшлі канькі хакейныя і ролікавыя, для фігурнага катання, стацыянарныя трэнажоры, шлемы, маскі і іншы хакейны рыштунак, а таксама ракеткі для гульні ў настольны і вялікі тэніс, для бадмінтона, мячы футбольныя, валейбольныя, баскетбольныя і пляжныя, шапачкі, акуляры, ласты, трубкі, кругі, дошкі для плавання, абутак і адзенне для спецыяльных відаў спорту і турызму і многія іншыя тавары.

«На жаль, айчынная прамысловасць пакуль слаба асвойвае вытворчасць спартыўных тавараў. Практычна няма зацікаўленасці ў іх выпуску і ў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Таму для задавальнення попыту пакупнікоў многія спартыўныя тавары завозяцца з-за межаў краіны, а гэта значыць, што доля імпарту па гэтай таварнай групе, на жаль, застаецца высокай», — падкрэслівае Ніна Пашко.

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».