Вы тут

Мая першая праца: у колькі гадоў можна пачынаць?


З якога ўзросту магчыма заключыць працоўны дагавор? Якія гарантыі дае дзяржава непаўналетнім работнікам? Як аплачваецца іх праца ў нашай краіне? Адказы на гэтыя пытанні шукала карэспандэнт «Звязды».

Калі дзеці становяцца падлеткамі, яны пачынаюць імкнуцца да самастойнасці і незалежнасці і не супраць падпрацаваць падчас школьных канікул. Якія законы ахоўваюць правы і працу непаўналетніх у нашай краіне? Як дапамагчы дзіцяці пазбегнуць нядобрасумленнага працадаўцы? Што для гэтага трэба ведаць, у чым быць упэўненым?

1380750803490_nezakonnyytrud

Вашаму дзіцяці яшчэ няма 18 гадоў і яно ўладкоўваецца на працу? Калі яно хоча, каб начальнік выконваў свае абяцанні і ў вызначаны тэрмін плаціў зарплату, трэба заключыць працоўны дагавор.
У нашай краіне, згодна з артыкулам 272 Працоўнага кодэкса, не дапускаецца заключэнне працоўнага дагавора з асобамі, маладзейшымі за 16 гадоў. Аднак, калі маецца пісьмовая згода аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў), працоўны дагавор можа быць заключаны з асобай, якая дасягнула 14 гадоў, для выканання лёгкай працы. Яна не павінна з'яўляцца шкоднай для яго здароўя і развіцця, а таксама перашкаджаць яго навучанню ў школе або іншай навучальнай установе. Пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць дзеці ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі ад 15.10.2010 № 144.

Якія віды работ не могуць выконваць непаўналетнія работнікі?

У адпаведнасці з артыкулам 274 Працоўнага кодэкса забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў, на цяжкіх работах і на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, на падземных і горных работах.
Спіс работ, на якіх забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў, зацверджаны пастановай Міністэрства працы Беларусі ад 2 лютага 1995 года № 13.

Гарантыі дзяржавы ў дачыненні да работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў

Як заяўляе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ігар СТАРАВОЙТАЎ, працадаўцам у дачыненні да непаўналетніх работнікаў забараняецца:
— устанаўліваць ненармаваны працоўны дзень;
— прыцягваць да начных і звышурочных работ, работ у дзяржаўныя святы і святочныя дні, у выхадныя дні.
Артыкулам 348 Працоўнага кодэкса таксама ўстаноўлена забарона на працу па сумяшчальніцтве асоб, маладзейшых за 18 гадоў.

Аплата працы непаўналетніх работнікаў

Паводле слоў кансультанта аддзела працоўнага заканадаўства юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяны РАХУБЫ, пытанні аплаты працы работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў рэгулюе артыкул 279 Працоўнага кодэкса, згодна з якім заработная плата работнікам ва ўзросце да 18 гадоў пры скарочанай працягласці штодзённай працы выплачваецца ў такім жа памеры, як работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай працы.
Праца работнікаў ва ўзросце да 18 гадоў, дапушчаных да здзельных работ, аплачваецца па здзельных расцэнках, устаноўленых для дарослых работнікаў, з даплатай па тарыфнай стаўцы за час, на які працягласць іх штодзённай працы скарачаецца ў параўнанні з працягласцю штодзённай працы дарослых работнікаў.
Аплата працы школьнікаў, навучэнцаў каледжаў, якія працуюць у вольны ад вучобы час, ажыццяўляецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу ці ў залежнасці ад выпрацоўкі. Наймальнікі могуць таксама ўстанаўліваць навучэнцам даплаты да заработнай платы.

Святлана БУСЬКО.

Ёсць такая праблема

У свеце працуюць 168 мільёнаў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў
У свеце вядзецца барацьба з дзіцячай працай, і яна дае свой плён. Па звестках новага даклада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), з 2000 года колькасць працуючых дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў у свеце скарацілася на траціну — з 248 млн да 168 млн.
Аднак нават такіх хуткіх тэмпаў зніжэння іх колькасці недастаткова, каб пазбавіцца ад найгоршых формаў дзіцячай працы да 2016 года.
Паводле вызначэння МАП, дзіцячая праца — гэта праца, якая адымае ў дзяцей дзяцінства, пазбаўляе іх патэнцыялу і чалавечай годнасці, наносіць шкоду фізічнаму і разумоваму развіццю. Яна наўпрост звязана з беднасцю. Многія бедныя сем'і не могуць дазволіць сабе аплату за школу і іншыя выдаткі па адукацыі. Сем'і, чый даход можа залежаць ад укладу працуючага дзіцяці, лічаць працу больш важнай, чым адукацыю. Пры гэтым, калі перад сям'ёй стаіць выбар, каго адправіць у школу — хлопчыка або дзяўчынку, яго часта робяць не на карысць дзяўчынкі.
Многія дзеці працуюць шмат гадзін, нярэдка ў небяспечных умовах. Больш за палову з 168 млн працуючых дзяцей у свеце заняты на небяспечных работах, якія пагражаюць іх здароўю, бяспецы і маральнаму развіццю. Сёння на небяспечных работах занята 85 млн дзяцей (у 2000 годзе іх колькасць складала 171 млн).
З 2000 года дзіцячая праца сярод дзяўчынак знізілася на 40%, а сярод хлопчыкаў — на 25%. Найбольшая колькасць працуючых дзяцей занятыя ў сельскай гаспадарцы (98 млн, або 59% дзяцей), аднак значная доля дзяцей таксама працуюць у сферы паслуг (54 млн) і на вытворчасці (12 млн).

Святлана СУБОЦІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».