Вы тут

Вікторыя Касянюк: «Што б тэлебачанне ні рабіла, яно забаўляе»


Выбар прафесіі ў яе адбыўся яшчэ ў 5 класе — пасля публікацыі ў дзіцячай газеце «Казкі пра мушку Машку». Цікава, падумала я, ці ўзгадае наша гераіня — цяпер тэлевядучая праграмы «Рэпарцёр «Беларускай часінкі» на «Беларусь 2», аб чым ішла гаворка ў той дзіцячай спробе пяра? Уласна, пра гэта найперш і спыталася.

1380836739726_4-8

— Гэта была біяграфія мушкі, — ні на імгненне не задумваецца Віка. — Дакладней, у мяне быў цэлы сшытак, амаль кніжка, дзе па алфавіце ішлі розныя героі: гусь Гена, бегемот Бора. І я пра кожнага прыдумвала гісторыю. Потым папрасіла бацькоў, каб яны знайшлі адрас «Зоркі», і мы з татам пайшлі ў рэдакцыю... Трапілі да галоўнага рэдактара. Яна пачытала мае сачыненні і неяк так праніклася, што надрукавала іх. Дарэчы, «мушка Машка» ўвайшла ў «партфоліа», з якім я і паступала на журфак.

Забаўляць, дапамагаючы

— Ты з першага курса ў прафесіі, больш як 15 гадоў у эфіры, радыёпрэмію Папова «ўзяла», тэлевізійнымі ўзнагародамі адзначылася. А якімі сваімі работамі асабліва ганарышся?
— Мой любімы рэпартаж — «Дом анёлаў», які атрымаў летась узнагароду на міжнародным тэлевізійным форуме «Разам». Бо гэты аповед пра выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дапамог змяніць лёс адной дзяўчынкі. Яна знайшла сваякоў. І хоць, на жаль, мама і сястра з ёю так і не сустрэліся, затое адшукаліся бабуля і дзядзька, а потым выйшла на сувязь цётка, вельмі заможная жанчына, якая жыве ў Маскве. Там была гісторыя з працягам: цётка запрасіла дзяўчынку ў Маскву, падарыла ёй камп'ютар, а потым, наколькі я ведаю, мела намер выканаць вялікую мару дзяўчынкі — звазіць яе на мора... Напэўна, у кожнага чалавека павінна быць свая добрая чараўніца ў жыцці. У гэтай дзяўчынкі яна з'явілася. Мы двое сутак правялі ў доме-інтэрнаце, дзеці хадзілі за намі след у след, плакалі, калі давялося развітвацца. Некаторыя дагэтуль тэлефануюць, мы сябруем. І гэта вельмі прыемна і кранальна...

Яшчэ быў рэпартаж на тэму дабрачыннасці. Мы распавялі гісторыі дзяцей, на лячэнне якіх былі патрэбныя вялікія сумы. Сярод іх быў хлопчык з 4-й стадыяй раку. Мы збіралі яму на лячэнне грошы, зладзілі сустрэчу з вядомымі беларускімі спартсменамі, бо ён вельмі захапляўся спортам; тыя пералічылі вялікую суму на рахунак, але грошай на аперацыю ўсё адно не хапала. Маці павезла яго ў Ізраіль на лячэнне, не прыпыняючы збор грошай, спадзеючыся на цуд. Пэўны час мы шчыльна кантактавалі, потым яна знікла. Не так даўно я даведалася з інтэрнэт-крыніц, што хлопчык памёр... Калі зараз пераглядаеш той рэпартаж, дзе мы размаўлялі з ім пра смерць, размова набывае зусім іншы сэнс. Гэта жудасна! Дзеці не павінны паміраць у такім узросце, калі і жыцця яшчэ як след не пабачылі... Адзінае, на што я спадзяюся, што мы ўсё ж зрабілі жыццё таго хлопчыка хоць крыху больш светлым і мелі дачыненне да канкрэтнай дапамогі. Бо тэлебачанне павінна дапамагаць людзям, хоць, натуральна, мы і не «хуткая дапамога», не міліцыя... Ведаю, што дагэтуль людзі, якія адгукнуліся пасля эфіру, дапамагаюць іншаму дзіцяці (хвораму на «сіндром матылька»), якому патрэбны пастаянны догляд і нятаннае лячэнне... Для мяне гэта вельмі важна. Значыць, што праца была не дарэмнай, сюжэты знайшлі водгук і мелі працяг у жыцці.

— Вось ты кажаш: тэлебачанне павінна дапамагаць людзям. Але ж некаторыя выкарыстоўваюць СМІ як выключна адзіны інструмент вырашэння праблем. У «Беларускай часінцы» часта даводзілася сутыкацца з «прафесійнымі скаржнікамі»?
— Так, у нас у «Рэпарцёры» нават быў асобны сюжэт пра такіх аматараў скардзіцца, якіх у іх гарадах і мястэчках ужо ведаюць усе крамы, рэстараны ды афіцыйныя ўстановы. І калі я сядзела на «гарачай лініі» ў праграме «Беларуская часінка», адбываліся такія дыялогі: «Алё, вы не ведаеце, што трэба зрабіць, каб прыватызаваць кватэру? — А вы не спрабавалі звярнуцца да юрыста? — А, можна патэлефанаваць юрысту? Тады падкажыце тэлефон!». Здаецца, некаторым прасцей набраць тэлефон «гарачай лініі», чым самім разабрацца ў элементарнай сітуацыі: звярнуцца ў ЖЭС, у таварыства абароны правоў спажыўцоў, і г.д.

— Беларускія гледачы, па выніках сацыялагічных апытанняў, мяркуюць, што тэлебачанне павінна выконваць як забаўляльную, так і інфармацыйную, асветніцкую і выхаваўчую функцыю. На твой погляд, што павінна стаяць першым?
— Цяпер існуе такая тэндэнцыя: што б тэлебачанне ні рабіла, нават калі аказвае дапамогу, яно ўсё адно забаўляе. Бо ўся інфармацыя, якую мы падаём гледачу, павінна быць цікавай, прывабнай у любым сэнсе, каб чалавеку не стала сумна і ён не пераключыў альбо ўвогуле не выключыў тэлевізар. А што цікава? Слёзы, скандалы, секс, смех — усе гэтыя «правілы С» працуюць. Гэта даўно вынайдзены веласіпед, пацверджаны мноствам даследаванняў і раскрыты ў мностве кніг. І мы забаўляем. Гэта не дрэнна, мне здаецца, наадварот, вымушае развівацца і шукаць новыя павароты.

— Акрамя «Рэпарцёра беларускай часінкі», ты рабіла «Дзённікі Еўрабачання», вяла для радыё агляды-дзённікі «Славянскага базару» і г.д. Што было цікавей — працаваць у забаўляльным жанры, з капрызнымі «зоркамі» альбо ў праблемнай сацыяльнай тэме, дзе заўсёды маем аддачу аўдыторыі?
— Параўноўваць складана, бо гэта зусім розныя сферы. Але я спрабую нават у забаўляльнай інфармацыі знайсці аўтарскі момант, каб падаць гэта «праз сябе». «Еўрабачанне» было вельмі цікавым вопытам: аказалася, што яго «зоркі» зусім не такія капрызныя, як некаторыя ўдзельнікі нашага «Славянскага базару» з каронай на галаве, на якіх даводзіцца «паляваць», каб уламаць на інтэрв'ю. На «Еўрабачанні» ўсё прасцей, бо ўсе прыязджаюць па піяр, і журналісты для іх прыцягальныя, і для нашай працы ўмовы найкамфортнейшыя. А сацыяльная тэматыка прыцягвае іншым: ты «мацаеш жыццё» і разумееш, што вось яно — сапраўднае. Я вельмі доўга пішу гэтыя тэксты, бо кожны сюжэт перажываю, прапускаю праз сябе, і кожны радок літаральна амыты слязамі.

Выкладчыца, якая... страляе

— У тваёй анкеце на афіцыйным сайце канала знайшла дзіўнае: адно з захапленняў — стральба! Можна з гэтага моманту больш падрабязна?
— Справа ў тым, што адна мая сяброўка жыве ў Эстоніі, дзе дазволена насіць, захоўваць і ўвогуле мець сапраўдную зброю. І калі я да яе прыязджаю, мы ходзім у былы цір эстонскай паліцыі, каб зняць стрэс. Гэта неверагодна захапляе, абуджае азарт і выдатна здымае ўвесь негатыў: ты стрэліў — і адмоўныя эмоцыі паляцелі разам з куляй у мішэнь... Пэўны час я думала, што тыя ўрокі былі дарэмныя, бо ўвесь час «мазала». Але потым у Ялце зайшла ў цір — і зразумела, што няблага страляю, бо выбіла, здаецца, 8 з 10. Я так сабой ганарылася! А дагэтуль у мяне яшчэ быў адмысловы праект на радыё да 23 лютага — «Вікторыя ў арміі». І мяне адправілі на адзін дзень у спецназ. Далі пастраляць і са снайперскай вінтоўкі, і з аўтамата Калашнікава... Незабыўныя адчуванні. Тым больш што я ў 30-градусны мароз заявілася ў часць у прыгожай дублёнцы і самых цёплых сваіх боціках на абцасах! (Смяецца).

— Нямногія ведаюць, што ты не толькі прывабная тэлевядучая, але яшчэ магістр сацыялогіі і выкладчык...
— На журфаку я выкладаю ўжо чацвёрты год. Прадмет называецца «Тэлевізійны рэпартаж». Мне здаецца, што я вельмі мілы і лаяльны выкладчык, які нікога не «валіць» на заліках. Хоць абавязкова знойдуцца студэнты, якія мяркуюць наадварот. А мне проста заўжды прыемна, калі людзі цікавяцца прадметам, калі яны працуюць паралельна з вучобай і разумеюць, аб чым ідзе гаворка. Але, на жаль, маладое пакаленне стала больш прагматычным і меркантыльным, і падчас вучобы некаторыя ўжо ведаюць, што па прафесіі працаваць не будуць... Такія выпадкі для мяне вельмі сумныя. З іншага боку, ёсць маладыя людзі, згодныя проста так паехаць на сюжэт, пастаяць каля камеры і паглядзець, як працуюць профі, павучыцца «ў полі» — тады я ўсцешаная, што прафесія будзе ў добрых, надзейных руках.

— У акцёраў ёсць роля-мара; а ў тэлевядучых, аўтараў праграм ці ёсць тэма-мара, у якой хочацца заявіць пра сябе на ўвесь голас?
— Напэўна, усе аўтары спецрэпартажаў прыходзяць да таго, што ім хочацца здымаць дакументальныя фільмы. Прынамсі, я прыйшла. Вопыт, праўда, быў пакуль што адзін — «Уладзімір Высоцкі. Беларускі след». Але хочацца працягваць у гэтым рэчышчы, здымаць штосьці вельмі дакументальнае і не журналісцкае. Хочацца працягнуць «тэму дзяцей», асабліва дзяцей з няпростымі, зламанымі лёсамі. Няхай гэта лічаць кан'юнктурай, але гэтая тэма мне настолькі блізкая, што я літаральна «хварэю» на кожную падобную гісторыю. Думаю над тым, каб атрымаць другую вышэйшую адукацыю — праўда, яшчэ не вырашыла дзе.

Гутарыла Вікторыя ЗАХАРАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.