Вы тут

НЯСВІЖСКІЯ СЛАВУТАСЦІ: КУЛЬТУРА ПЛЮС РАЗЛІК


Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» у асаблівай рэкламе патрэбы не мае: сёння гэта самы наведваемы культурны аб'ект у краіне. Калі летась нясвіжскія славутасці наведала 431 тысяча гасцей, то сёлета плануецца ўжо каля паўмільёна. Мара дырэктара музея-запаведніка, кандыдата гістарычных навук Сяргея КЛІМАВА, — дачакацца мільёна наведвальнікаў у год і зрабіць Нясвіж сапраўдным горадам-музеем.

1380836760756_4-17

Будучы дырэктар прапанаваў праграму развіцця запаведніка, якая прадугледжвае стварэнне новых музеяў (прыватных калекцый і дзіцячага), распрацоўку новых турыстычных аб'ектаў і маршрутаў, істотнае папаўненне фондаў. Гэта і дапамагло яму атрымаць адказную пасаду.
Як лічыць Сяргей Клімаў, маючы такую багатую гісторыю, Нясвіж сучасны павінен падстройвацца пад даўніну: гэта датычыць стварэння пешаходных зон, рэканструкцыі гістарычных будынкаў, добраўпарадкавання памятных мясцін. Вельмі дарэчы ў Нясвіжы было б і стварэнне горада майстроў. Прынамсі, на рынку гандляроў сувенірамі ён калі-нікалі ўзнікае — часта можна паназіраць за працай ганчароў (нават самому паспрабаваць сілы ў старажытным рамястве і крыху запэцкаць рукі ў гліне), разьбяроў, майстрых саламяных спраў і вышывальшчыц. Пры гэтым вельмі важна не парушыць тую аўру, якую мае ўся нясвіжская даўніна, — гэта прынцыповы падыход кіраўніка запаведніка, бо часам не ў патрэбным месцы абсталяваная гандлёвая кропка здольная істотна пагоршыць выгляд мясціны. Але тут, прызнаецца Сяргей Клімаў, «з мясцовай уладай і асабліва з Міністэрствам культуры адносіны будуюцца на аснове кампрамісаў і ўзаемаразумення таго, што Нясвіж — прызнаны аўтарытэт турыстычнай галіны».

Выдаткі на культуру

Вядома, такі буйны гісторыка-культурны музей-запаведнік патрабуе і адпаведнага фінансавання, а таксама, як падкрэслівае дырэктар, — неабходнай кваліфікацыі супрацоўнікаў. І невядома, што з гэтага больш важнае. Штат — 230 чалавек — нібы на добрым заводзіку. Гэта ўсе: ад дырэктара і да прыбіральшчыкаў і аховы. Значныя выдаткі з заробленага ідуць на аплату электрычнасці, камунальных паслуг, павышэнне заробкаў персаналу, утрыманне некалькіх трактароў і аўтамабіляў, іншай спецыяльнай тэхнікі: паспрабуйце пагрузіць і вывезці той жа снег з замчышча! Ды нарэшце — вельмі істотная справа — набыццё экспанатаў. Нясвіж быў, мякка кажучы, усхваляваны ў свой час, калі музей шырока прапанаваў сваё жаданне набыць ва ўсіх ахвотных прадметы даўніны — для будучага музея прыватных калекцый. Тут варта адзначыць, што на Гродзеншчыне музею ўжо ўдалося купіць калекцыю ў паўтары тысячы экспанатаў. Мне падалося, што дырэктар з гонарам сказаў аб тых 250 тысячах еўра, якія штогод адкладваюцца для папаўнення калекцый.
Што ж да павышэння кваліфікацыі сваіх падначаленых, Сяргей Клімаў перакананы, што вучыцца трэба лепшаму ў лепшых. А калі так — то навуковыя супрацоўнікі і экскурсаводы рэгулярна наведваюць мноства міжнародных форумаў па музейнай справе. Комплекс мае сталыя стасункі з Метрапалітэн-музеем, з Эрмітажам і Музеем Маскоўскага Крамля. Менавіта з замежжа прыйшоў вопыт стварэння аўдыягідаў — іх цяпер тут каля 190 на некалькіх мовах. Такой раскошай таксама не пахваліцца ніводны музей краіны.
Калі адчыніліся дзверы комплексу пасля рэстаўрацыі, на якую дзяржава выдаткавала немалую капейку, паўстала пытанне і пра самаакупнасць, да чаго праз тры гады калектыў пакрысе якраз і набліжаецца. Што гэта азначае? Тое, што калі бюджэт дае 100 працэнтаў фінансаў, то да іх дадаецца і яшчэ 70 працэнтаў уласных заробкаў. Адкуль? Напрыклад, толькі сувенірная крама за 7 месяцаў года зарабіла мільярд рублёў! А тысячы турыстаў? І да гэтых паказчыкаў музей-запаведнік рухаўся па ўласнай ініцыятыве. Калі казаць дакладна — па ініцыятыве кіраўніка. Дарэчы, і гэтыя паказчыкі — на ўзроўні буйнейшых музеяў свету.

У замку будзе сваё віно?

Вядома, сітуацыя з вытворчасцю нацыянальных сувеніраў у нас вымушае жадаць лепшага, але вось сёння сюды, у Нясвіж, ідуць больш за тысячу найменняў сувеніраў і рознага кшталту падарункаў ад 76 пастаўшчыкоў, як дзяржаўных, так і ад прыватнікаў, у асноўным айчынных. Прычым купляецца музеем не столькі тое, што прапануецца, а тое, што эксклюзіўна замаўляецца: і «фірменная» друкаваная прадукцыя, і кераміка, і шкло, і саломка. Напрыклад, шакалад «Чорная панна Нясвіжа», які набыць можна выключна ў гэтым горадзе. А яшчэ нядаўна быў зарэгістраваны таварны знак «Пане Каханку», таму неўзабаве можа з'явіцца ў Нясвіжскім замку і эксклюзіўнае віно. Сяргей Клімаў гарантуе, што і гэты тавар уганаруе толькі паліцы замкавай крамы.

Добры прыклад кіраўніка

Як гаворыцца, чым далей у лес — тым болей дроў. Незаў-
важна, паціху ўкамплектаваўся штат установы, а ў ім пераважна людзі маладыя: гісторыкі, археолагі, архівісты (дарэчы, плануецца рэгулярнае выданне музейнага навуковага зборніка). І тут новыя клопаты для горада і комплексу: людзям жа недзе трэба жыць, таму раён ужо выдзеліў пляц пад 12-кватэрны дом, дапамагае з арэндным жыллём. Дарэчы, пакуль наваселля работнікі запаведніка не святкавалі. Не мае ўласнага жылля і сам кіраўнік.
І яшчэ адзін разлік Сяргея Клімава. Як вядома, найбольшы наплыў турыстаў адбываецца ў выхадныя. У суботу, напрыклад, прыязджаюць аўтобусы з Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны. Людзі цешацца экскурсіямі, а ў нядзелю можна дадому выбірацца. І справа не толькі ў тым, што за дзень можна адведаць усе нясвіжскія славутасці, але і ў тым, дзе можна пераначаваць, дзе можна правесці вечар, асабліва моладзі... Але ўсё гэта вырашыцца. Бо істотнае тое, што культурныя справы вырашаюцца разам з эканамічнымі. Памятаеце ж прымаўку: «Не маеш грошай — няма чаго будавацца». А паколькі будуюцца людзі — значыць, ёсць у іх магчымасці.

Пятро РАМАНЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.