Вы тут

Прышчэпкі — бяспека грамадства, а не змова


Сезон прышчэпак ад грыпу пачынаецца ў напружанай атмасферы, піша польскае выданне Роlіtуkа. Ніколі раней у Польшчы не былі настолькі моцнымі антыпрышчэпачныя настроі!

У мінулым асенне-зімовым сезоне прышчэпку ад грыпу зрабілі... менш за 4 працэнты палякаў (чатыры гады таму было 7 працэнтаў, потым — 5, затым — 4,5). Магчыма, Польшча ператворыцца ў еўрапейскага аўтсайдара? Цалкам верагодна. Нядаўна Вышэйшы адміністрацыйны суд вынес рашэнне: санслужбы не маюць права хоць нейкім чынам караць бацькоў, якія не робяць сваім дзецям планавых прышчэпак. Суддзі, праўда, заявілі, што выносіць пакаранне ў гэтым выпадку ўпаўнаважаны ваяводы, аднак для правядзення кантрольных мерапрыемстваў у тых няма ні адпаведных інструментаў, ні кадраў. Антыпрышчэпачны рух святкуе перамогу і заклікае бацькоў, якім раней давялося заплаціць штрафы, падаць запыты на спыненне спраў і вяртанне грошай (сума штрафу — ад 100 да 1000 злотых).
У папулярнай польскай тэлепраграме «Рэпарцёрскае расследаванне», якая закранала сёлета тэму прышчэпак, запрошаная ў студыю адвакат спакойна заявіла, што «абавязковая вакцынацыя нагадвае прымусовую саветызацыю 50-х гадоў». Антыпрышчэпачны бунт аб'ядноўвае з аднаго боку — кансерватыўных традыцыяналістаў, а з другога — арыентаваных на экалогію лібералаў. «Маё цела стварыў Бог, яно само лечыць сябе і рэгулюе свае працэсы, ніводзін чалавек не зробіць гэта лепш за Бога» — гэтае крэда рэлігійных фундаменталістаў мала адрозніваецца ад «экалагічнага» светапогляду аматараў натуральнай медыцыны, якія вераць у самавылечванне арганізма без падтрымкі нейкіх хімічных і біялагічных сродкаў.

1380923710308_5-10

Калі гаварыць пра медыцынскія аргументы праціўнікаў вакцынацыі, то ў іх больш псеўданавуковага. Адзін польскі вандроўнік мяркуе, што пасля прышчэпкі «арганізм заняты выпрацоўкай антыцелаў супраць непатрэбных хвароб, а калі з'яўляюцца іншыя інфекцыі, у імуннай сістэмы застаецца толькі 15 працэнтаў свабоднай магутнасці для барацьбы з імі, таму прышчэпленыя людзі хварэюць значна цяжэй, чым тыя, хто ніколі не прышчэпліваўся».

Дыскусія вакол сэнсу вакцынацыі — не толькі экалагічная ці рэлігійная спрэчка. Гэта яшчэ рэакцыя на памылкі фармацэўтычнага бізнесу і няўдачы ў маркетынгу лекаў, якія апошнім часам падарвалі давер да экспертаў. Рэзкае падзенне колькасці прышчэпленых ад грыпу адбылося пасля жорсткіх спрэчак вакол набыцця вакцыны супраць так званага свінога грыпу ў сезоне 2009-2010. І хоць на той момант міністр аховы здароўя Эва Копач выйшла пераможцай з-пад абстрэлу апазіцыі, адмовіўшыся набываць буйную партыю вакцыны, уся гэтая шуміха не спрыяла прапагандзе такой формы прафілактыкі.

«Антыпрышчэпачнікі» прыводзяць звычайна адны і тыя ж аргументы. Па-першае, навошта прышчэплівацца ад віруса, які быў летась? Кожны год сусветная арганізацыя аховы здароўя на аснове даных папярэдняга сезона грыпу вызначае найбольш верагодны тып віруса, які размнажаюць, забіваюць і размяшчаюць у новых вакцынах. Па-другое, калі б такая форма прафілактыкі была эфектыўнай, прышчэпленыя людзі не заражаліся б такімі інфекцыямі. Па-трэцяе, ці не таіцца за ўсім гэтым змова фармацэўтычных кампаній і працадаўцаў, якія хочуць проста на нас нажыцца і прымусіць працаваць? Хоць у тым, каб перахварэць на грып, няма нічога страшнага — дастаткова ўзяць бальнічны і паляжаць у ложку...

«З падобнымі аргументамі складана наогул спрачацца, — адказвае супрацоўнік фонду «Інстытут прафілактыкі інфекцыйных захворванняў» Павел Гжэсеўскі.

— Вакцына не можа выклікаць грып, паколькі не змяшчае жывых вірусаў. Аднак яна не абараняе ад іншых інфекцый, якія таксама могуць выклікаць кашаль, насмарк, сінусіт».

Сапраўды, прышчэпка ад грыпу не абараняе на 100 працэнтаў, і кожны з нас можа аказацца ў групе некалькіх працэнтаў людзей, якія ўсё роўна заразяцца. Але нават калі нам не пашчасціць, хвароба, хутчэй за ўсё, пройдзе лягчэй, а таксама нам не будуць пагражаць небяспечныя ўскладненні: запаленне лёгкіх, пашкоджанні сэрца, ныркавая недастатковасць. Грып — гэта не звычайная прастуда, а небяспечнае захворванне, здольнае прывесці да летальнага зыходу (у мінулым, не самым напружаным сезоне ад ускладненняў пасля грыпу ў Польшчы памерлі каля 150 чалавек).

Эксперты папярэджваюць, што адмова ад прафілактыкі ў хуткім часе можа прывесці да рэзкага пагаршэння інфекцыйнай абстаноўкі. Нічога, калі б гэта датычылася толькі грыпу, аднак калі працэнт непрышчэпленых людзей на канкрэтнай тэрыторыі перавышае 10 працэнтаў, інфекцыі зноў пачынаюць пагражаць. Поліеміеліт або дыфтэрыт удалося перамагчы дзякуючы таму, што масавая вакцынацыя ахапіла практычна 100 працэнтаў папуляцыі. На жаль, таго ж не скажаш пра адзёр, коклюш, свінку, краснуху, прышчэплівацца ад якіх жадаюць не ўсе. Прыхільнікі «свабоды выбару» ігнаруюць той факт, што прышчэпкі абараняюць не толькі асобнага чалавека, але ў першую чаргу — грамадства, і менавіта таму становяцца абавязковымі.

У той час як у Польшчы заканадаўства змякчаюць, у Аўстраліі яго робяць больш жорсткім. Нядаўна там аб'явілі, што бацькі, якія адмаўляюцца прышчэпліваць дзяцей, будуць пазбаўляцца дапамогі, якая з'яўляецца формай падатковай ільготы. Занепакоеныя эпідэміёлагі ў Польшчы прапануюць сваё рашэнне сітуацыі. Калі нікога нельга прымушаць рабіць прышчэпкі, можна ўвесці палажэнне, па якім бацькі будуць самастойна аплачваць лячэнне непрышчэпленага дзіцяці.

Польскі каляндар прышчэпак састарэў. Паколькі асноўнае значэнне для ўлад мае кошт вакцын, якія фінансуюцца з бюджэту, а мінфін скарачае расходы ў тым ліку ў ахове здароўя, Польшча пачынае моцна адставаць ад іншых краін ЕС.

Падрыхтавала Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.