Вы тут

Зямля памятае. А мы?


У Полацку ёсць брацкая магіла, дзе дагэтуль людзі не пахаваны як належыць.

Праз 10 месяцаў Беларусь будзе адзначаць 70-годдзе вызвалення сваёй зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а праз паўтара года мы разам з іншымі народамі былога Савецкага Саюза адзначым 70-ы Дзень Вялікай Перамогі. Падрыхтоўка да святкаванняў ужо пачалася. Аднак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля ГУЙВІК з неспакойным сэрцам чакае слаўных дат. Яна адчувае асабісты абавязак перад дзясяткамі тысяч загінулых, якія ляжаць ва ўрочышчы Пяскі ў Полацку.

— Як можна святкаваць Дзень Перамогі, калі ў нас ёсць мясціны, дзе шматлікія ахвяры фашызму дагэтуль па-хрысціянску не пахаваны? Кожны год моцныя дажджы ва ўрочышчы Пяскі за полацкім Свята-Еўфрасіннеўскім манастыром размываюць астанкі бязвінна забітых у 1941—1944 гадах, — расказала «Звяздзе» Наталля Гуйвік.

У жніўні 1941 года нямецкія войскі разгарнулі ў межах сучаснага Полацка некалькі канцэнтрацыйных лагераў. Самы вялікі — Дулаг-125 (ад нямецкага durсhgаngslаgеr — «транзітны лагер») знаходзіўся на тэрыторыі былога ваеннага гарадка імя Фрунзе. Цяпер гэтае месца завецца Спаскі гарадок. Асноўная маса ваеннапалонных (15—20 тысяч чалавек) прыбыла ў лагер у кастрычніку першага года вайны пасля катастрофы савецкага Заходняга фронту. Да вясны каля 80 працэнтаў гэтых людзей не дажылі.

«Ваеннапалонныя, раздзеленыя па нацыянальнасцях, утрымліваліся ў трох казармах. У адной з іх, што стаяла бліжэй да ракі Палата, пражывалі рускія салдаты і сяржанты. Тут утрымліваліся каля 100 камандзіраў Чырвонай арміі. Гэтую казарму так і называлі — «Руская». Другая казарма, так званая «Агульная», дала прытулак ваеннапалонным многіх нацыянальнасцяў, у тым ліку беларусам і рускім. Трэцяя казарма была агароджана калючым дротам. Тут жа знаходзіўся будынак кухні. Месца гэта называлася «Украінская казарма», але ўваход у яе быў вольны для ўсіх. Жыхары Украіны чамусьці былі ўпэўнены, што іх хутка адпусцяць па дамах. Сапраўды, летам 1941 г. нямецкае камандаванне, якое «захлыналася» ў вялізным патоку палонных, вайскоўцаў некаторых нацыянальнасцяў адпускала дадому. Сярод іх былі і беларусы, і жыхары прыбалтыйскіх рэспублік, і ўкраінцы. Але для Беларусі і Украіны восенню 1941 года гэтае паслабленне было адменена». (З кнігі Сяргея Копыла «Урочышча Пяскі — тэрыторыя смерці. 1941—1944»).

Акрамя савецкіх салдат, у полацкім лагеры знаходзіліся польскія і італьянскія ваеннапалонныя. З 1942 года лагер стаў папаўняцца арыштаванымі падпольшчыкамі і партызанамі, якіх пасля жорсткіх катаванняў расстрэльвалі. З першых дзён акупацыі немцы арыштоўвалі і знішчалі мірных грамадзян Полацка, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і тых, хто выказваў недастатковую пашану да новага парадку. Спецыяльная камісія, якая пасля вызвалення горада даследавала факт масавага знішчэння немцамі мірнага насельніцтва і ваеннапалонных, прыйшла да вынікаў, што «нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі толькі ў горадзе Полацку каля 150 тыс. савецкіх грамадзян: мужчын, жанчын, дзяцей і старых, як жыхароў горада Полацка, так і савецкіх грамадзян, якіх прывозілі з іншых населеных пунктаў БССР, а таксама і ваеннапалонных байцоў і афіцэраў Чырвонай Арміі і партызанаў».

Закатаваных і памерлых ад хвароб вязняў лагера звозілі ў яміны і траншэі недалёка ад лагера — на левым беразе ракі Палата, на былым вайсковым стрэльбішчы, якое пазней стала называцца ўрочышча Пяскі. Тут адбываліся і масавыя пакаранні смерцю — сотнямі штодня. Ніхто не ведае дакладную колькасць людзей, якія знайшлі спачын у гэтым месцы. Летам 1941 года тут рос сасновы бор, цяпер — пясчаная пустка.

— Цяжка сказаць, чаму дагэтуль вялізная брацкая магіла не прыведзена ў парадак. Магчыма, справа ў тым, што ўвесь час на гэта не хапала грошай, — разважае дэпутат Наталля Гуйвік. — Там жа недастаткова паставіць памятны знак, неабходна зрабіць насып, каб косці людзей не разносіліся.

— Чаму не вядзецца размова пра перапахаванне?

— Эксгумацыя і перапахаванне немагчымыя з-за вялікіх аб'ёмаў работы. Спецыялісты 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны прыйшлі да высновы, што для гэтага ім прыйдзецца працаваць ва ўрочышчы Пяскі сама мала 5 гадоў, сканцэнтраваўшы ўсе свае сілы.

— Пасля вайны амаль 14 разоў па пяць гадоў прайшло... Колькі ж імёнаў можна было аднавіць за гэты час!

— Спроб было некалькі. У 1949 годзе Полацкі абласны Савет дэпутатаў звярнуўся ва ўрад рэспублікі па сродкі для ўвекавечвання памяці савецкіх воінаў і мірных грамадзян. Абеліск быў усталяваны толькі ў 1965 годзе, у 20-ю гадавіну Перамогі, і тое далёка ад месца масавага пахавання. Яшчэ праз 20 гадоў усталяванню помніка ва ўрочышчы Пяскі перашкодзіла адсутнасць моста праз Палату. Тады памятны знак быў адкрыты на правым беразе ракі.

Летам 1992 годзе ў Пяскі прыйшлі дзеці. Міжнародны скаўцкі лагер знайшоў і перапахаваў астанкі 482 савецкіх ваеннапалонных. Пры гэтым удалося аднавіць толькі пяць прозвішчаў. Тады ў Полацкім гаркаме паабяцалі зрабіць ва ўрочышчы ахоўную зону, але трэба было вызначыць межы пахаванняў.

Вясной наступнага года межы паспрабавалі вызначыць ужо школьнікі з Наваполацкага клуба «Разведчыкі воінскай славы», якім кіравала Яўгенія Трапезнікава. Прачыталі яшчэ 6 прозвішчаў. Але пошукавая работа на непрафесійнай аснове хутка была забаронена.

Прафесіяналы з 52-га пошукавага батальёна пры Міністэрстве абароны Беларусі прыйшлі ва ўрочышча Пяскі толькі ў 2005 годзе. Тады, нарэшце, былі ўдакладненыя і абазначаныя межы пахаванняў, адноўлена яшчэ некалькі імёнаў. Усяго вядомы 102 прозвішчы з дзясяткаў альбо больш за сотню тысяч тых, хто ляжыць ва ўрочышчы. Большасць з іх — дзякуючы былому вязню Дулага-125 Міхаілу Скрабіну, якому ўдалося адтуль уцячы і які жыве сёння ў Маскве. Кожны год 3 ліпеня ён прыязджае туды, нягледзячы на ўзрост. Яму 96 гадоў.

— Вы даведаліся пра гэтае трагічнае месца, калі ўзначалілі гарадскі Савет дэпутатаў?

— Так. У 2010 годзе ў Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў і ў гарадскі выканаўчы камітэт зноў звярнуліся палачане і гарадское аддзяленне Беларускага фонду міра з просьбай аб ушанаванні памяці тых, хто знайшоў свой спачын у Пясках. Саветам дэпутатаў было прынята рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу і аб'яўлены конкурс праектаў. У выбары праекта ўдзельнічаў увесь горад: праводзіліся грамадскія сходы, публічныя прэзентацыі. Выбралі праект наваполацкага таварыства з дадатковай адказнасцю «Мастак-Сервіс», у значнай ступені і таму, што ён патрабаваў меншых выдаткаў. На той момант кошт мемарыяла складаў мільярд рублёў, і сума гэтая была для гараджан пад'ёмная. Гарвыканкам падтрымаў рашэнне гарадскога Савета дэпутатаў, і пачаліся работы па стварэнні мемарыяла.

На працягу года была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, праведзены неабходныя экспертызы і ўзгадненні. Адначасова на працягу 2010—2011 гадоў праходзіў збор сродкаў: ладзіліся суботнікі, быў адкрыты спец-рахунак у Віцебскім аддзяленні Фонду міра. Удалося сабраць 600 мільёнаў рублёў, з іх 180 млн пералічыў абласны бюджэт па праграме увекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. На гэтыя грошы была аплачана праектна-каштарысная дакументацыя, выраблена металічная агароджа, пабудавана Сцяна памяці з памятным знакам, які дублюе знойдзены пры раскопках знак з надпісам «Дулаг-125» на нямецкай мове. Мы выдалі кнігу «Урочышча Пяскі — тэрыторыя смерці. 1941 — 1944» накладам 600 экземпляраў.

Але ў красавіку 2011 года грымнуў фінансавы крызіс, збор сродкаў амаль спыніўся, і стала відавочна, што ўласнымі сіламі палачанам мемарыяльны комплекс не дабудаваць. У выніку росту цэн і дэвальвацыі кошт праекта павялічыўся ў пяць разоў.

— Наколькі вядомае гэта месца за межамі Полаччыны?

— Баюся, што яно і самім палачанам вядомае недастаткова. Я падлічыла: калі б кожны паўналетні жыхар толькі Полацка і Наваполацка пералічыў на рахунак па 10 тысяч рублёў, мы сабралі б 1,5 мільярда, а калі б па «дзясятцы» ахвяравалі дарослыя жыхары Віцебшчыны, мемарыял даўно быў бы пабудаваны. Мы выканалі б тады свой грамадзянскі абавязак перад тымі, хто загінуў дзеля нас. Перад сваімі дзядамі, якія так і не вярнуліся дадому, перад юнакамі, якія так і не сталі бацькамі, перад дзецьмі, якія так і не выраслі.

Цяпер я рыхтую зварот у Італьянскае пасольства, бо ў Полацку ў некалькіх месах утрымліваліся італьянскія ваеннапалонныя, у тым ліку і ў Дулагу-125. 7 тысяч еўра для мемарыяла сабралі грамадскія арганізацыі нямецкага горада Фрыдрыхсхавен — гэта пабрацім Полацка. Больш за 3 мільёны беларускіх рублёў пералічылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На 2014 год з абласнога бюджэту па той жа праграме запланавана выдаткаваць яшчэ 226 млн рублёў. Моладзевыя будаўнічыя атрады Віцебшчыны намераны пералічыць усе заробленыя сёлета з красавіка па кастрычнік сродкі на будаўніцтва мемарыяла. Усё гэта добра, але недастаткова.

Мы звярнуліся да Саюзнай дзяржавы, і там таксама гатовы дапамагчы, але гэта — вельмі доўгі працэс, і да 9 мая 2015 года мы не паспеем. Міністэрства культуры згодна выступіць заказчыкам, але пасля таго, як будзе пабудаваны помнік Сімяону Полацкаму ў Полацку. А калі да 70-годдзя Перамогі мы не пахаваем салдат той вайны, то наўрад ці зробім гэта пазней. Пойдуць з жыцця апошнія сведкі, памяць канчаткова сатрэцца, косці змяшаюцца з пылам... Тады асабіста я 9 мая буду плакаць на гэтым месцы, бо адчуваю сваю адказнасць перад тымі, хто там ляжыць...

Напэўна, гэта тая справа, да якой неабходна падключыцца ўсім жыхарам Беларусі.

Газета «Звязда» вырашыла не абмяжоўвацца адным матэрыялам на гэту тэму, а ўтварыць сумесны з Полаччынай праект па зборы сродкаў на будаўніцтва мемарыяла «Урочышча Пяскі». Сёння мы публікуем рахунак, на які можна пералічваць грошы, і мы намераны вяртацца да гэтай тэмы столькі разоў, колькі спатрэбіцца, пакуль душы нашых продкаў не супакояцца, а косці іх не будуць пахаваны належным чынам.

Грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяла можна пералічваць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» на рахунак

№3015411066026 (у беларускіх рублях),

№3135411066502 (у доларах),

№3135411066805 (у расійскіх рублях),

у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код 153001739,АКПА 0583697

Іншыя матэрыялы праекта глядзіце тут:

ТЭРЫТОРЫЯ ПАМЯЦІ

Сведкі

Лёс ваеннапалонных — боль не толькі Беларусі

Вязень ДУЛАГа — 125

Вя­зень ДУ­ЛА­Га — 125 (За­кан­чэн­не. Па­ча­так у ну­ма­ры за 1 лю­та­га 2014 го­да)

«Мой баць­ка ля­жыць у Пяс­ках»

Аба­вя­зак сы­ноў 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.