Вы тут

На грэбні хвалі


Наша паляванне нікога не павінна напалохаць або насцярожыць. Флора, фаўна і чалавек не пацерпяць. У мяне няма зброі. Толькі слова. Хоць, кажуць, і яно здольнае страляць. Мяне хвалюе экалогія тэатральнага асяроддзя. У ім назбіралася шмат трусоў і вавёрачак, якія прывыклі харчавацца з рукі. Яны зусім не ўмеюць выжываць у натуральных умовах. Калі іх не падкормліваць, яны перастаюць гарэзаваць і падвяргаюцца зусім чалавечай дэпрэсіі.

1381268108706_25-11

Многія маладыя творчыя асобы ўпэўнены, што не могуць упісацца ў афіцыйнае мастацтва. Адны лічаць сябе незразуметымі геніямі. Другія — лянівыя і недысцыплінаваныя. Трэція — дрэнна падрыхтаваны да прафесійнай дзейнасці. Ёсць і чацвёртыя, якія з той або іншай ступенню актыўнасці спрабуюць сябе ва ўсім, што лічыцца альтэрнатывай або эксперыментам. Усе яны дастаткова вяла прабівалі сабе дарогу да сэрцаў гледачоў, наракалі на тое, што не створаны ўмовы, не могуць зацікавіць дзяржаўныя тэатры.
У Беларусі на працягу апошніх пяці гадоў склалася і дзейнічае група драматургаў і рэжысёраў, якія хочуць паказаць суайчыннікам «іншы тэатр». Іх часам называюць абсурдзістамі, прадстаўнікамі новай драмы або, што мне здаецца больш дакладным, — новай хвалі. Сёння яна новая, заўтра састарэлая. Паслязаўтра — старая. Галоўнае, што гэта хваля, якая то сцелецца, то паднімаецца высока і абавязкова выносіць нешта ў сусветны акіян.
Дык вось некалькі імёнаў, што даўно на слыху: Мікалай Рудкоўскі, Павел Расолька, Віктар Красоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі, Канстанцін Сцешык, Сяргей Анцалевіч. Іх поспехі не вельмі грандыёзныя. Іх больш лаялі, чым хвалілі. Аднак у дні тэатральнага фестывалю «ТэАРТ» яны атрымалі магчымасць паказаць сябе. Яны пастаянна ў цэнтры ўвагі. Іншымі словамі — на грэбні хвалі. Арганізатары свята далі ім магчымасць выказацца.
Хочацца расказаць пра аднаго з іх — Сяргея Анцалевіча. Ён атрымаў рэжысёрскую адукацыю ў майстэрні народнага артыста Беларусі, купалаўца Валерыя Раеўскага і з аднолькавай цікавасцю спрабуе сябе ў напісанні п'ес.
У руху новай хвалі ўдзельнічаюць драматургі, рэжысёры, акцёры, паэты, кінематаграфісты, мастакі, менеджары. У Беларусі робяцца пакуль першыя крокі. Мабыць, самай яркай падзеяй нашага тэатральнага жыцця стаў сумесны праект групы неабыякавай моладзі «РАTRІS». Гэты спектакль пра Радзіму і патрыятызм ажыццявіў Сяргей Анцалевіч. Ён тут і драматург, і рэжысёр. Прапаноўваючы тэатрам і гледачам абсалютна новыя ў эстэтычным плане тэксты, ён выбраў цяжкі і модны жанр спектакля — vеrbаtіm.
Гэта разнавіднасць дакументальнага тэатра. Каб больш дакладна і ярка паказаць сённяшняе жыццё, факты не выдумляюцца, а бяруцца проста з вуліцы. На сцэне з'яўляюцца не толькі тэлевізары, камп'ютары, ноўтбукі, якія працуюць у жывым рэжыме, але і кінаэкран. Свежая відэаздымка дастаўляецца публіцы ў неапрацаваным выглядзе, без мантажу і купюр.
Анцалевіч, Красоўскі і Багаслаўскі прыдумалі гісторыю пра любоў і абавязак, якая складаецца з апытання мінакоў. Рэпарцёр і аператар спыняюць мінчан з просьбай выказацца, што яны разумеюць пад словам «патрыятызм».
На двух вялікіх экранах рэальныя людзі, заспетыя знянацку. Гэта не з нагоды цэн у крамах. Гэта нешта глабальнае, важнае, але не ўсімі ўсвядомленае. Хтосьці ўхіляецца ад камеры, хтосьці доўга філасофствуе. У гэты ж самы час у розных канцах сцэнічнай прасторы тыя ж самыя рэпарцёр і аператар уступаюць у дыялог са сваімі сябрамі, аднагодкамі, з самімі сабой. Сцэны як такой няма. Ёсць вялікая зала з мноствам апаратуры, правадоў, крэслаў і... гледачоў. Агульная атмасфера настройвае на адкрытую камунікабельнасць. Як у клубе, на вечарынцы, карпаратыве. Такая п'еса больш падобная на кінасцэнарый. Такі фрагментны спектакль больш імкнецца да кінематографа. Усё адбываецца на тэатральнай пляцоўцы былога тэатра-студыі «Дзе-Я?». Тут гледачы амаль уключаны ў дзеянне спектакля. Балкончыкі па краях сцен, мяккія падушкі на прыступках, шырокая ўваходная лесвіца, якая моцна нагадвае падземны пераход, разнастайныя закуткі вялікага памяшкання — усё ўключана ў дзеянне. Плюс два велізарныя кінаэкраны.
Мне не хочацца раскрываць усе тайны. Раю паглядзець гэты спектакль, які цэлы год будзе ісці на вуліцы Лізы Чайкінай,16, у Новым драматычным тэатры. Сяргей Анцалевіч проста малайчына. Ён сабраў каманду моладзі з розных калектываў. Здаецца, што ніхто не іграе. Ва ўсякім разе, не фальшывіць, не хлусіць, не ўяўляе. У кожнага свой боль, свая праўда, свая шчырасць. Калі сочыш за імі і слухаеш, то супастаўляеш з уласнымі думкамі, дзівішся, радуешся, засмучаешся, набягаюць слёзы, душыць смех! Выдатна, таленавіта, вельмі свежа, ні секунды не сумна. Няма маралізатарства, хоць тэма магла б гэта мець на ўвазе. Ніхто нікога не вучыць. Усё сказанае і выказанае можна прымаць усур'ёз. Хтосьці згаджаючыся, хтосьці з унутраным пратэстам, галоўнае, што з нас не здымаюць адказнасці за наша жыццё. Нават ненарматыўная лексіка, якая гучыць у некалькіх момантах, — злепак вуліцы, побыту, выхавання. Спектакль па-грамадзянску адказны за ўсё расказанае.
Магу выказаць здагадку, што склад выканаўцаў будзе мяняцца. Бо гэта не прадукцыя дзяржаўнага рэпертуарнага тэатра, дзе ўсё адладжана і распісана на месяцы наперад. «РАTRІS» заявіў сябе як моладзевы праект. Ён — злепак сённяшняга жыцця. Яго стваральнікі жывуць па сваіх графіках і працуюць тут як валанцёры, на энтузіязме і без усякай узнагароды. Ім падабаецца тое, што яны робяць. Добра, калі дачакаюцца пахвалы і шчырых апладысментаў. Часам гэта даражэй за грошы.

Таццяна АРЛОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.