23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Выгнаць зуброў... з Чырвонай кнігі


У Белавежскай пушчы раіліся, як павялічыць папуляцыю зуброў

Апошнім часам пра пушчанскіх зуброў часцей пішуць як пра патэнцыйную пагрозу пасевам блізкіх ад лесу сельгаспрадпрыемстваў. Для аграрыяў такія патравы нярэдка становяцца сапраўднай праблемай. І ў гэтым кантэксце, бывае, гучаць выказванні, што зуброў у пушчы развялося занадта многа і што, маўляў, настаў час паменшыць статак.
А вось вучоныя Беларусі і Расіі, якія нядаўна праводзілі сумесную нараду, канстатавалі, што гэты від жывёлы па-ранейшаму знаходзіцца пад пагрозай вымірання.

У Беларусі, як вядома, зубры былі знішчаны чалавекам. Аднаўляць статак пачалі ў 1930 годзе, калі ў пушчу завезлі трох асобін. Але пасля вайны зубрыны запаведнік аказаўся на тэрыторыі Польшчы, і ў нашу частку пушчы звяроў зноў давялося завозіць. І толькі праз трыццаць гадоў пасля згаданых падзей у векавым лесе паявіліся першыя вольныя статкі зуброў. Зараз у нас крыху больш за 1100 зуброў, у суседзяў-палякаў — прыкладна 1200. А для таго, каб зубры маглі жыць самастойна, без падтрымкі чалавека, іх павінна быць не менш за 5000.

На нарадзе выступіў генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Міхаіл Нікіфараў

. Ён расказаў аб праграме Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы па захаванні зуброў на доўгатэрміновую перспектыву. Паводле гэтай праграмы, трэба працаваць над фарміраваннем вельмі буйных папуляцый. Гэта дазволіць пазбегнуць многіх негатыўных момантаў. Так, выраджэнне па прычыне блізкароднаснага скрыжавання ў такіх групоўках практычна выключаецца.
Саюзная праграма прадугледжвае таксама рассяленне жывёлы па лясах Расійскай Федэрацыі. На развіццё папуляцыі ў абедзвюх дзяржавах запланавана выдаткаваць з Саюзнага бюджэту каля 600 мільёнаў расійскіх рублёў.

Справа нятанная, але таго вартая, лічаць як вучоныя, так і практыкі. Калі зубра ўдасца вывесці з Чырвонай кнігі (гэта значыць, як толькі жывёлам перастане пагражаць знікненне), стане магчымым гаварыць пра эканамічны эфект ад іх развядзення. Напрыклад, сёння пры вышэйзгаданай колькасці зуброў у беларускім лесе (1100) статак можна памяншаць у год на 140 асобін. Гаворка ідзе аб продажы альбо паляванні. Гэта можа прынесці даход прыкладна ў 1,5 мільёна еўра. А калі ад вялікага статка аднімаць штогод 10-12 працэнтаў, няцяжка падлічыць і прыбытак. Але ж зуброў трэба спачатку развесці ў патрэбнай колькасці. Дарэчы падобны досвед ёсць у Амерыцы, Канадзе. Там бізонаў спачатку трымалі ў нацыянальных парках, пазней сталі прадаваць фермерам. Апошнія атрымліваюць нядрэнны даход.
Падчас нарады вучоныя абмяркоўвалі розныя канцэпцыі захавання зуброў, аналізавалі пралікі і памылкі, якія былі дапушчаны раней.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.