Вы тут

З асаблівай жорсткасцю


— За 15 гадоў, што працую ў следчых органах, упершыню сутыкнуўся з ТАКОЙ жорсткасцю...
Намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Юрый Дзям'янчык па роду дзейнасці бачыў шмат жахлівага, але і ён скаланаецца, калі размова ідзе пра нядаўняе забойства дзяўчыны ў Рэчыцы. Сёння гэтая крымінальная справа, заведзеная па ч. 2 арт. 139 КК РБ, перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Людзей псуюць людзі?

...Знявечанае цела дзяўчыны раніцай знайшоў вартаўнік рэчыцкага Дома творчасці моладзі побач з будынкам. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў затрыманы неаднаразова асуджаны ў свае 19 гадоў мясцовы жыхар. Ён быў раней знаёмы з пацярпелай. У сацыяльнай сетцы статус на старонцы магчымага забойцы такі: «Псуюць людзей не цыгарэты, не алкаголь і не лад жыцця, гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тым, як псуюць людзей людзі...» Сваю старонку «філосаф» напаўняў каментарыямі пра марыхуану і відэа з жорсткімі баямі. На здымках паўсюль — вечарынкі і бутэлькі з выпіўкай... У спісе сяброў загінулай дзяўчыны па сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» 156 чалавек, а статус абвяшчае: «Жыццё выдатнае». Так было...
Справа сёння знаходзіцца ў вытворчасці, і таму Юрый Аляксеевіч, які асабіста выязджаў на месца трагедыі, расказвае няшмат. Гаворыць, забойца быў вельмі п'яным, аднак памятае, што зрабіў, і падрабязна расказаў следчым, як учыняў злачынства:
— Але ж пра матывы размаўляць не хоча. Ёсць доказы, што хацеў згвалтаваць, яна супраціўлялася, ён раззлаваўся... Асацыяльны тып. Дарэчы, за некаторыя папярэднія злачынствы яго яшчэ не паспелі прыцягнуць да адказнасці.
Мы ўзгадваем іншыя злачынствы, якія выклікалі вялікі рэзананс у грамадстве: калі маладыя забівалі маладых. Так здарылася, што менавіта Гомельшчына апошнім часам сумна праславілася шэрагам жудасных забойстваў. Па некаторых з іх ужо абвешчаны прысуд, і мы маем магчымасць назваць прозвішчы забойцаў. Большасць яшчэ расследуецца, і, пакуль забойцы маюць статус падазраваных, называць іх нельга.
Але ж фабулы злачынстваў ужо вядомыя, і таму больш цікава, адкуль у зусім маладых людзей такая звярыная жорсткасць?

102 удары нажом

Смяротны прысуд вынесены па справе аб забойстве студэнткі ГДУ імя Ф. Скарыны Наталлі Емяльянчыкавай. Больш за сотню нажавых раненняў налічылі крыміналісты на целе забітай дзяўчыны, якую летась у верасні суседзі знайшлі ля пад'езда свайго дома ў Гомелі. 22-гадовая студэнтка памерла да прыезду «хуткай дапамогі» — злачынца не пакінуў ёй шанцаў на жыццё. Забойцу, токара аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў, затрымалі на працягу дня.
Высветлілася: калі вечарам Наталля з сяброўкай вярталіся дадому на аўтобусе, у яго ўвайшоў нейкі хлопец. Па апісаннях і відэазапісе з камер назірання на прыпынку транспарту аператыўнікі вылічылі магчымага забойцу.
Следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення Руслан Косач гаворыць, што матыў забойства выглядае для нармальнага розуму проста недарэчным:
— Груноў растлумачыў, што за тры месяцы да забойства яны адпачывалі кампаніяй у адным з двароў: пілі піва, спявалі песні. Спачатку спрэчка адбылася паміж Емяльянчыкавай і сужыцелькай Грунова, а потым Наталля адмоўна выказалася наконт яго здольнасцяў спевака і параўнала з пеўнем. Чалавеку з турэмным мінулым гэта здалося страшнай абразай. Але ж канфлікт быў патушаны, і ўсе разышліся мірна. Груноў падтрымліваў сяброўскія адносіны з братам Емяльянчыкавай, часам перасякаліся шляхі і з Наталляй. Здавалася, што непрыемны выпадак зусім забыўся. Аднак у той ракавы восеньскі дзень у яго быў змрочны настрой, і сваю назапашаную агрэсію ён выліў на ахвяру — Наталлю, якая яму сустрэлася выпадкова. Падчас следства 24-гадовы злачынец імкнуўся ўсё расказаць, прызнаваў віну. На справе ён чалавек ілжывы, вёрткі, а погляд у яго воўчы.
Аляксандра Грунова выхоўвала маці. Але ж галоўным яе заняткам было ўладкаванне асабістага жыцця. Жанчына змяніла шмат сужыцеляў, аднаго з якіх 17-гадовы Саша збіў да смерці. Тады і атрымаў першы тэрмін у месцы не вельмі аддаленым. Быў у яго біяграфіі і «скінхэдаўскі» вопыт. Злосны, жорсткі, агрэсіўны — так яго характарызавалі практычна ўсе, хто ведаў. Псіхіятрычная экспертыза прызнала ў яго наяўнасць свядомасці. Знайшлі, праўда, эмацыянальнае расстройства асобы — але ж гэта не з'яўляецца псіхічным захворваннем. «Дах» паехаў, калі з'явілася нязначная падстава. У той момант, калі наносіў удары, унутры была такая злоба, што ён не мог спыніцца. У судзе цалкам прызнаў віну і прасіў прабачэння ў маці. Дарэчы, сваю дзяўчыну Груноў вельмі кахаў і дзеля яе быў гатовы на ўсё. У тым ліку свае пачуцці пасля спрэчкі з ёю аднойчы даказваў дэманстрацыйнай спробай самазагубства.

Самыя крутыя

Наступная гісторыя, якая адбылася ў Жлобінскім раёне, магчыма, не вельмі растыражаваная СМІ. Але ж «герой» зноў жа малады (22-гадовы), раней не судзімы. У сакавіку N. з асаблівай жорсткасцю забіў рукамі і нагамі сабутэльніка. У таго былі пераламаны ўсе рэбры і практычна не засталося цэлых унутраных органаў. Падставай стаў магчымы крадзеж бутэлькі. Следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення Ганна Дзятлава гаворыць, што грамадзянін прызнае сваю віну, на следчым эксперыменце паказаў, як адбывалася злачынства.
— N. вырас у поўнай вясковай сям'і, дзе бацькоў нельга папракнуць у злоўжыванні алкаголю. Аднак праблемным ён быў з дзяцінства, і за дрэнныя паводзіны бацька яго заўсёды збіваў. Відаць, хлопец добра засвоіў, што ўплываць на асобу можна толькі такім чынам. Ён часта ўцякаў з дому, стаяў на уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх як бадзяжка. Потым стаў піць, яго паставілі на ўлік за ўжыванне алкаголю. Дарэчы, па месцы жыхарства яго характарызавалі адмоўна, а па месцы вучобы і працы — станоўча. Магчыма, там больш увагі яму ўдзялялі. За месяц да трагедыі N. паспеў адзначыцца яшчэ і тым, што беспадстаўна збіў п'янага суседа, якога падняў ноччу з ложка ў сваім доме. Ну а потым зноў жа ў п'яным стане з асаблівай жорсткасцю забіў сабутэльніка. Цяпер N. знаходзіцца ў следчым ізалятары, паводзіць сябе вельмі ўпэўнена і спакойна. Віны сваёй не адмаўляе.
І яшчэ адзін эпізод, які характарызуе і забойцу, і яго ахвяру. Перад тым, як адбылася апошняя бойка, «сябры» рабілі парэзы на руках. Адзін перад адным выпендрываліся: хто больш круты?
Бацькі N. сёння вінавацяць сябе за тое, што ў дзяцінстве сыну не далі неабходнай увагі. Яны лічаць, што дрэнна яго выхавалі.

Іх аб'яднала «справа»

Забойцы гомельскага студэнта прасілі змякчыць прысуд, але ён пакінуты без змянення. Андрэй Чарнецкі, які на момант злачынства быў непаўналетнім, пакараны на 15 гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20-гадовы Іван Бізуноў атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і ўтрыманнем у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Старшы следчы следчага ўпраўлення Максім Калянчук гаворыць, што абодвух злачынцаў выхоўвалі ба́цькі:
— У Бізунова бацькі разышліся, калі ён быў зусім маленькім. Яго маці жыла ў Гомелі, і сын зрэдку наведваў яе, але жыў з бацькам, трэнерам па парусным спорце. Дарэчы, бацька яго браў на трэніроўкі і спаборніцтвы, але з цягам часу інтарэс юнака да спорту стаў знікаць. Больш цягнула вуліца. Нейкі час меў стасункі са скінхедамі. Добра вучыўся ў медыцынскім каледжы і лічыў сябе вельмі здольным, разумным. Сабой быў вельмі задаволены. Казаў: мне нецікава мець стасункі з людзьмі. У той жа час сярод яго дробных «подзвігаў» — выкрадзены ў гіпермаркеце пластыкавы кошык.
Андрэй Чарнецкі выхоўваўся бацькам-кіроўцам. Маці даўно пазбаўлена бацькоўскіх правоў і цяпер жыве ў Светлагорску. Бацька потым ажаніўся другі раз і мае малалетняе дзіця ад другога шлюбу. Старэйшы сын яшчэ ў школе стаяў на уліку ў ІСН, бадзяжнічаў. Потым паступіў вучыцца ў машынабудаўнічы каледж. Усе ведалі яго як красамоўнага хлуса. Ён упэўнена расказваў байкі пра тое, які ён «круты». Вядома, што ён неаднойчы прасіў грошы ў знаёмых. Пры гэтым казаў, што бацькі загінулі ў аўтакатастрофе, а яму трэба забраць іх целы. Дарэчы, гэтую гісторыю ў варыяцыях ён расказваў неаднойчы, а вось бацька пазнаёміўся з ёй, толькі калі вывучаў матэрыялы крымінальнай справы. Ён быў у шоку ад таго, колькі разоў сын яго «хаваў».
Ініцыятыва здзяйснення забойства паходзіла менавіта ад Андрэя Чарнецкага, сцвярджае старшы следчы следчага ўпраўлення Максім Калянчук:
— Спачатку ён прапанаваў Бізунову забіць вядомага гомельскага дыджэя і абрабаваць яго кватэру. Потым прапанаваў выкрасці вялікую суму грошай у сваякоў, для чаго іх трэба было таксама забіць. Ён казаў: «Мне ж усё роўна бегаць, бо я з дому пайшоў. Таму трэба вучыцца забіваць. Давай паспрабуем, напрыклад, забіць таго, хто будзе знаходзіцца на прыпынку грамадскага транспарту». Яшчэ была прапанова забіць таксіста. Урэшце яны вырашылі забіць ледзь знаёмага студэнта-выдатніка Аляксандра Баразну, які ветліва пусціў іх у дом, пакуль маці і бабуля былі на дачы. Пакуль хлопец варыў каву, злачынцы абмяркоўвалі, якім чынам будуць яго забіваць. Удары нанеслі рукамі і нагамі. Потым выкралі стары ноўтбук, парасон, шкарпэткі,
1,3 млн рублёў... І пачалі замятаць сляды: праціралі паверхні гарэлкай, пасыпалі перцам. Напрыканцы ўключылі ўсе газавыя канфоркі. Але ж усе падгледжаныя ў дэтэктывах захады перасцярогі не дапамаглі ім знікнуць бясследна. Прафесіяналы знайшлі іх хутка.
Дарэчы, сяброўства паміж Бізуновым і Чарнецкім не было. Іх аб'яднала справа. Крымінальная. І пошук прыгод, у якіх адчуваецца «прысмак» крывавых трылераў.

Сын бацьку «заказаў»

Відаць, на аналагічных кінатворах выраслі і два прыяцелі K. і M. Першы, K., 20-гадовы сын гомельскага прадпрымальніка, «заказаў» свайго бацьку і бабулю. «Заказ» выканаў сябар і аднагодак М. Абодва хлопцы жылі весела, любілі баевікі, дыскатэкі і дзяўчат, хацелі мець усё і цяпер. Жыццё ўспрымалі як вялікае яскравае шоу, у якім ім адведзена не апошняя роля.
Нагадаю: летась напачатку снежня ў Гомелі пры тушэнні пажару ў прыватным доме былі знойдзены два целы: мужчыны і жанчыны. Як высветлілася — маці і сына. Апошні быў прадпрымальнікам і здаваў у пракат дарагія аўтамабілі. Пад падазрэнне адразу ж трапілі 20-гадовы непрацуючы гамяльчанін і яго аднагодак, грамадзянін Расіі (ён жа — сын і ўнук забітых). Высветлілася, што апошні пражываў то з маці ў Расіі, то з бацькам — у горадзе над Сожам. Сын бізнесмена марыў атрымаць аўтамабілі ў спадчыну і затым прадаць іх. На атрыманыя грошы хацеў адкрыць покерны клуб. Бацьку ён лічыў скнарам і меў з ім нацягнутыя адносіны.
Малады чалавек рыхтаваўся да забойства сваякоў на працягу паўгода. Думаў пра розныя спосабы здзяйснення злачынства і нават спрабаваў змазаць ядам камп'ютарную клавіятуру. Не дапамагло. Пасля знайшоў прыяцеля, які пагадзіўся забіць сваякоў за буйную суму грошай. Злачынства было ўчынена ў канцы лістапада, на 45-годдзе бацькі, уначы. У яго дом зайшоў прыяцель сына і на пытанне: «Што ты тут робіш?», адказаў, што прынёс ключы. Адной рукой працягнуў іх, а другой ударыў мужчыну малатком па галаве. Маці кінулася на дапамогу і таксама атрымала ўдары па галаве. У гэты час сын знаходзіўся на дыскатэцы. Пасля здзяйснення зверскай расправы выканаўца паказаў вынікі сваёй «працы». З дома былі вынесены рэчы і грошы, а трупы забойца перанёс у багажнік аўтамабіля. Праўда, не змог іх вывезці з-за галалёду. На працягу дзесяці дзён забітыя ляжалі ў аўтамабілі, які стаяў у двары дома. Іх ніхто не шукаў, бо сваякоў у Гомелі не было. Урэшце забойцы вырашылі спаліць трупы разам з домам. Але ж выратавальнікі не далі дому згарэць цалкам пасля падпалу.
Злачынцаў затрымалі на працягу тыдня, хоць адзін з іх выехаў у Расію, а другі хаваўся ў Гродне з выкрадзенымі з дома рэчамі і грашыма. Зараз у Гомельскім абласным судзе праходзіць працэс па гэтай рэзананснай крымінальнай справе.

Водгалас 90-х?

Усе пералічаныя трагедыі маюць немудрагелістыя сюжэты. Як у фільмах, створаных выключна дзеля дэманстрацыі спецэфектаў, сілы і магутнасці галоўнага героя. Эфектных сцэн зашмат, а сэнс адсутнічае ўвогуле. Логіка губляецца, і «героі» сапраўды не разумеюць, ШТО яны нарабілі, навошта загубілі чужое і знявечылі сваё жыццё.
Выкажу прыватную думку. Усе забойцы, зрэшты, як і іх ахвяры, нарадзіліся на стыку 80-90 гадоў. Гэта быў час, калі іх бацькам часта было не да выхавання — трэба было выжываць. Адны шукалі, дзе атаварыць талоны на прадукты, іншыя з вялізнымі клятчастымі бауламі ездзілі «на Кітай і Польшчу», хтосьці стаяў пры дарозе і прадаваў прадукцыю свайго прадпрыемства, выдадзеную ў якасці заробку... У гэты ж смутны час некаторыя навучыліся лавіць вялікую рыбу ў вельмі каламутнай вадзе. Амаль адкрыта сферы ўплыву на Гомельшчыне дзялілі «марозаўцы» і «пажарнікі», апяваючы ў наркатычным дурмане блатную рамантыку бандыцкага жыцця... Менавіта тады на свядомасць і падсвядомасць нечакана абрынулася лавіна крыміналу — і ў сродках масавай інфармацыі, і навокал. Асабліва ўспрымальнымі да негатыва, як заўсёды, аказаліся дзеці. Вядома ж, усе асноўныя рысы характару чалавека фарміруюцца ў самыя першыя гады жыцця. Калі так, дэвіянтныя паводзіны сённяшніх маладых забойцаў былі закладзены ў той самы час?

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Р.S. Ёсць яшчэ дзве гучныя крымінальныя справы, пра якія — у асобным матэрыяле. Размова пойдзе пра забойствы маладых дзяўчат, якіх пазбавілі жыцця не прынятыя паклоннікі. І ўсе — з таго ж пакалення 90-х.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».