Вы тут

ВОСЕНЬ у Козліках


У самых нетрах Налібоцкай пушчы, дзе сыходзяцца межы Валожынскага, Стаўбцоўскага і Іўеўскага раёнаў, засталося некалькі хутароў — Еськава, Стаськава, Козлікі... Калі я блукаў у мясцінах найбольшай канцэнтрацыі аленяў gflчас гону, дарога вывела на адну з гэтых, як некалі казалі, аднаасобных гаспадарак. Знянацку рассунуўся лясны гушчар, і на паляне намаляваліся сялянскія пабудовы — хата, хлеў, пуня, загародкі для свойскай жывёлы, студня. За гаспадарскім пляцам клін поля — сенакос і пчальнік. Паўз сцяну лесу некуды цягнецца чарада электрычных слупоў. Пра тое, што хутар жывы, зразумеў яшчэ на падыходзе: рэхам адбіваўся гучны брэх, палахліва гагаталі гусі. Спрадвечнай цішыні, якая панавала яшчэ некалькі імгненняў таму, не было і следу. Застацца незаўважаным ужо не выпадала. З-за абуджанага падворка на ганку хаты з'явілася постаць мужчыны сталага веку, за ёю з цёмнага праёму дзвярэй з цікавасцю выглядаў жаночы твар.

1381268122525_1

— Мы чакаем аўтакраму і вырашылі, што гэта яна якраз і пад'ехала, — кажа гаспадар. — Раз на тыдзень, па панядзелках, да нас прывозяць свежыя прадукты. Бывае, што рэйс пераносіцца на наступны дзень: з Івянца дасюль добрых дваццаць кіламетраў.
Майму з'яўленню Сігізмунд і Соф'я Солтаны нібыта і не здзівіліся, маўляў, сюды нярэдка завітваюць знаёмыя і незнаёмцы — паляўнічыя, грыбнікі, гаспадары суседніх хутароў, дочкі з Мінска і Івянца, унукі, праўнукі. Сапраўды, толькі на першы погляд жыццё на лясной паляне здаецца пустэльніцкім, схаваным ад людскіх вачэй.

1381268124221_2

У тую вераснёвую раніцу зрабіць удалыя здымкі аленяў мне не пашанцавала. А з надыходам дня асцярожныя жывёлы зусім перасталі адгукацца і стаіліся ў лясных гушчарах. Пачуўшы пра маё захапленне, Сігізмунд паведаміў, што яшчэ а восьмай раніцы акурат за яго хатай моцна раўлі два алені. Я пашкадаваў, што не апынуўся тут дзвюма гадзінамі раней.

1381268127625_3

— Я ў грыбы выправіўся, а яны як затрубілі! Відаць, дужыя алені былі, — зазначыў гаспадар.
Развітваючыся, я не мог не запытацца пра паходжанне назвы хутара, пра тое, як даўно ён існуе і чаму гаспадары аддалі перавагу не люднай вясковай вуліцы, а самотнаму жыццю ў лесе. І з непрацяглай размовы даведаўся, што яшчэ перад вайною ў гэтай частцы Налібокаў (гэтак называюць пушчу) было каля сямідзесяці хутароў і фальваркаў.
— Адкуль пайшла назва хутара, мы дакладна не ведаем, хутчэй за ўсё, яна ад назвы ўрочышча. Мо старэйшыя і ведалі, але іх пабілі ў вайну.

1381268129896_4

У час вайны пушча была партызанскай зонай. У выніку дзвюх карных аперацый большасць лясных гаспадарак эсэсаўцы спалілі, а жыхароў (72 чалавекі) каго закатавалі, каго спалілі жыўцом, а многіх вывезлі ў Германію, і яны сюды больш не вярнуліся. Не вярнуліся з Нямеччыны і бацькі Соф'і.
Пачуўшы гэтую гісторыю, падумаў, што баба Зося якраз з тых апошніх сведак трагічных падзей на нашай зямлі, пра якія мы расказваем у звяздоўскай рубрыцы «Вогненныя вёскі». Варта было б зноў вярнуцца сюды яшчэ раз і падрабязна распытаць жанчыну пра ўбачанае і перажытае ёю. І пра тое, як наладжвалася пасляваеннае пушчанскае жыццё.

1381268132593_5

— Пасля вайны ў час паляванняў я часта блукаў сярод колішніх хутароў, — распавядае Сігізмунд. — Мясціны падабаліся. Закрадвалася думка пасяліцца ў лесе, бліжэй да прыроды. Аднойчы ўбачыў пусты пляц ад колішняй гаспадаркі, зацікавіўся, каму ён належыць. Даведаўся, што на суседнім хутары жыве дачка колішніх гаспадароў Соф'я Фарботка. Пазнаёміліся, а пазней і пабраліся шлюбам. Спачатку пабудавалі часовую хатку, а ў 1960-м паставілі вось гэты дом.

1381268135761_6

У лесе маладому гаспадару знайшлася і адпаведная праца — ахова калгаснага лесу і вартаванне статка буйной рагатай жывёлы, якую прыганялі сюды на лета. Але галоўнае, што ён меў магчымасць быць пры любімай справе — паляванні. Гаспадар прыгадвае: «Раней жывёлы было значна больш, чым цяпер, за сезон на дзяржаўны заказ адстрэльвалі па 25 ласёў».

1381268138120_7

Яшчэ на падыходзе да Козлікаў злева ад сцежкі прыкмеціў крыж, абнесены агароджаю. Магіла ці проста стаўны крыж? Подпісу на шыльдачцы ніякага. Таямніцу прыадкрыла баба Зося: «Тут пахаваны мае старэйшыя сястра Вераніка і брат Часлаў. Загінулі 6 студзеня 1944 года ад партызанскіх куль, іх, нібыта, палічылі за шпіёнаў. З-за вайны шмат якой неразбярыхі было».

1381268141265_8

Адчувалася, што гаспадарам не хацелася варушыць мінулае перад нечаканым госцем. Я не стаў настойваць на падрабязнасцях даўняй трагедыі і быў удзячны за тое, пра што даведаўся. Палова восені яшчэ наперадзе, і мяне цешыць надзея, што гэтая сустрэча сапраўды не апошняя.

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.


Валожынскі раён.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.