Вы тут

Калі вам прапануюць «брыльянты са зніжкай», гэта падман...


Вы трымалі калі-небудзь у руках алмаз? Падобны больш на кавалачак шкла, абмыты на працягу гадоў марской вадою. Такіх шмат можна знайсці на беразе мора. Нічога не выдае ў гэтым мінерале схаванай прыгажосці і пэўнай эксклюзіўнасці. Толькі моц і непахіснасць характару самага цвёрдага мінерала на свеце намякае, што каменьчык не такі просты. Карэспандэнт «Звязды» пабываў на алмазаперапрацоўчым заводзе і ўбачыў, якім чынам «неказістае шкельца» пераўтвараецца ў зіхатлівы брыльянт.
Людзі даўно навучыліся апрацоўваць прыгожа афарбаваныя мінералы (каштоўныя камяні) з мэтай узмацнення каляровай гамы, надання ім бляску і зіхацення. Пра алмаз чалавецтва ведала яшчэ ў старажытнасці. Цюркскае слова аlmаs суадносіцца з адпаведным арабскім словам, якое ўяўляе сабою відазмененую форму грэчаскага слова аdаmаs, аdаmаntоs, што ў перакладзе азначае «непераможны». Аднак у тыя часы алмазы апрацоўваліся вельмі прымітыўна і каштоўнасць іх была толькі ў памеры ці незвычайнай форме. З развіццём тэхналогій і дзякуючы імкненню чалавека да прыгожага алмазы пачалі апрацоўваць больш грунтоўна і пэўным чынам, каб атрымаць найбольш выгадны выгляд. У 1919 годзе была вынайдзена класічная агранка. Матэматык Марсэль Талкоўскі першы разлічыў ідэальныя параметры агранкі круглага брыльянта. І цяпер агранкай самых цвёрдых мінералаў займаюцца цэлыя заводы. Адно з найбуйнейшых такіх прадпрыемстваў знаходзіцца ў Смаленску.

1381268158134_1

У Расіі брыльянты попытам не карыстаюцца

«Гэта цэнтр алмазаперапрацоўчай прамысловасці Расіі, — з годнасцю заўважае Максім ШКАДАЎ, генеральны дырэктар ААТ «ВА «Крышталь». — Тут сабрана ўся тэхналогія апрацоўкі алмазаў, адпаведна вядзецца падрыхтоўка кадраў ды вытворчасць інструментаў і абсталявання. Праводзяцца навуковыя даследаванні». Завод вырабляе прадукцыю найвышэйшай якасці, якая амаль уся ідзе на экспарт: «У Расіі наш прадукт, на жаль, не так запатрабаваны. У нашых продажах унутраны расійскі рынак займае толькі 1,5%. Таму прадпрыемства арыентавана на экспарт. Мы маем свае асноўныя кропкі продажаў у Ганконгу, Дубаі, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку і іншых гарадах». Дарэчы, дырэктара вельмі здзіўляе, чаму брыльянты лічацца не сацыяльным прадуктам: «Таму пра нас ніхто не ведае, як пра прадпрыемства. У сацыяльным плане, насамрэч, вырабляць брыльянты — гэта амаль тое самае, што вырабляць балты і гайкі. З пункту гледжання тэхналогій і вытворчасці, тут, зразумела, усё па-іншаму, але прынцып той жа».
Між іншым, наш Гомельскі завод «Крышталь» у свой час уваходзіў у вытворчае аб'яднанне смаленскага завода. «Цяпер у нас з імі добрыя сувязі, але, на жаль, магутнасці гомельскага завода значна зменшаны і аб'ём вытворчасці там зніжаецца. У Беларусі ёсць крамы, дзе прадаецца наша прадукцыя. Пэўная кааперацыя ў нас прысутнічае», — распавядае Максім Шкадаў. А Смаленскі завод апрацоўвае каля 90% расійскіх алмазаў. Яны лічацца аднымі з самых лепшых у свеце. Хаця працуюць таксама з афрыканскімі, канадскімі, аўстралійскімі алмазамі — з любымі. «Апрацоўка алмаза засноўваецца на тым, што гэта самы цвёрды мінерал на свеце, а значыць, яго можна апрацаваць альбо алмазам, альбо з дапамогай лазерных тэхналогій. І наша прадпрыемства — лідар у тэхналагічным плане. Мы выкарыстоўваем усе самыя сучасныя тэхналогіі», — адзначыў дырэктар завода. Што ж, тады пойдзем на вытворчасць і самі паглядзім.

1381268160263_2

Вядро алмазаў у месяц

«Гэта мы з вамі ідзём проста так, а ўсе работнікі распранаюцца, праходзяць пэўны кантроль, каб не ўкралі нічога, — кажа намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «ВА «Крышталь» Вячаслаў РАЕЎСКІ. — Свой, вядома, не забярэш, бо ты за яго адказваеш, а вось у кагосьці сцягнуць можна. Але крадзяжоў ужо гадоў дваццаць няма. Проста бывае, што элементарна губляюць камяні. Гэта ж механічная апрацоўка — камень можа паляцець і патрапіць на галаву, у кішэню. Тут паўсюль нават абутак праціраецца. Смецце ўсё спальваецца, вада фільтруецца». А, між іншым, у савецкі час было шмат выпадкаў крадзяжу. «Я працую на заводзе ўжо 36 гадоў і быў сведкам гучных спраў у 1978-1979 годзе, калі рабочыя кралі брыльянты. Дарэчы, ніводны дырэктар не меў да гэтага дачынення (у адрозненне ад цяперашняй сітуацыі — сёння крадуць кіраўнікі, а раней рабочыя гэта рабілі), — смяецца спецыяліст. — Больш за сто чалавек было асуджана, а 4 чалавекі нават расстралялі. Гэта была цэлая сетка, банда. Яны падмянялі камяні, выносілі, прадавалі». І не дзіва, што выносілі, бо штодзень завод вырабляе 3 тысячы штук брыльянтаў, а за месяц набіраецца цэлае вядро, — дзе ж тут прасочыш за ўсім...

1381268163184_3

Брыльянты не прыносяць вялікага прыбытку

«Насамрэч, сёння абсалютна аднолькавы прыбытак і пры вырабе брыльянтаў, і пры вырабе, скажам, запалак. Уся прамысловасць у Расіі мае рэнтабельнасць 6-7%. І ў нас гэтая рэнтабельнасць такая самая. Усе прыбыткі «з'ядае» манапаліст здабычы алмазаў. Яны дыктуюць цэны. Увесь прыбытак у іх. У іх рэнтабельнасць больш за 100%. Купляць у іншых месцах, зразумела, можна, але каб увезці набыты тавар у Расію, трэба чакаць каля 2 месяцаў. А для гэтага трэба трымаць крэдыты пад 10-12% гадавых. Пошліны амаль ніякай на алмазы няма, але вось дзяржкантроль вельмі складаны, — здзіўляе намеснік дырэктара. — Другі складнік невысокай прыбытковасці брыльянтавага бізнесу — гэта вялікая фінансавая ёмістасць. Трэба мець вялізныя крэдыты. У нас каля 50% выдаткаў — гэта крэдытаванне. Калі мы ў месяц рэалізуем каля 30 мільёнаў долараў, то ў абарачэнні ў нас знаходзіцца каля 120-130 мільёнаў долараў тавару. Але ўвесь «брыльянтавы бізнес» жыве на крэдыты. Там, дзе вялікія грошы, без заёмаў не выжыць. За свае сродкі гэта немагчыма зрабіць. Таму і рэнтабельнасць такая. Разумееце, гэта ж завод, а не ювелірная майстэрня».

Брыльянтавы бізнес бесперспектыўны?

«Наконт перспектыў не ведаю, што сказаць. Вось мне да пенсіі засталося 7 гадоў. Я іх дапрацую. А больш я не бачу перспектыў развіцця расійскай алмазаперапрацоўчай прамысловасці, — прызнаецца Вячаслаў Раеўскі. — Сусветная прамысловасць пайшла ў Кітай і Індыю, дзе танная праца і створаны вельмі добрыя дзяржаўныя перадумовы — фінансаванне, спрошчаныя мытныя працэдуры і гэтак далей. У нас увогуле алмаз лічыцца рэчывам, якое нельга прадаць без ліцэнзіі. Але ж гэта такі самы тавар, як і ўсё іншае. Акрамя таго, яго яшчэ прыраўноўваюць да наркотыкаў. У нас сёння дзяржава не можа стварыць нам ніякіх умоў. І крэдыты — калі яны застануцца на цяперашнім узроўні, справакуюць сыход туды, дзе танна».

Колькі зарабляе аграншчык?

«У нас даволі высокая зарплата — каля 60 мільёнаў рублёў штомесяц выплачваецца. Сярэдні заробак — каля 28-29 тысяч рублёў (Каля тысячы долараў. — Аўт.)», — кажа намеснік дырэктара. Але кожную хвіліну ў сваіх руках аграншчык трымае камяні, якія па кошце значна перавышаюць узровень заробкаў. Дарэчы, больш за 70% гэтых «нятанных цацак» робіцца круглай формы. Аграншчык павінен для такой «класічнай» формы нанесці 57 граняў пад пэўнымі вугламі. Усё дакладна пралічана, ніякай творчасці не дапускаецца, іначай не атрымаеш камень добрай якасці. Бывае, вядома, і так званая «фантазійная агранка», але вельмі рэдка.

Укладваць грошы ў брыльянты няма сэнсу

«У нас звычайна купляюць брыльянты дылеры, якія пасля ўжо прадаюць іх ювелірам. Мы прадаём толькі оптам. Аднак пры жаданні сваім рабочым са зніжкай прадаём. Але яны ўсё роўна амаль не купляюць. Нават са зніжкай гэта вельмі дорага. А ўвогуле зніжкі для нашай галіны не характэрны. Калі вы бачыце зніжкі на брыльянты, значыць вас падманулі ўжо тры разы. На ювелірныя вырабы зніжак не павінна быць — там няма куды зніжаць. Калі вам у краме кажуць, што брыльянт першага колеру, першай якасці, значыць, вас працэнтаў на пяцьдзясят падманулі. Колькі я тут працую, не бачыў такой якасці брыльянтаў. Іх практычна не бывае. Рознічны гандаль амаль заўсёды падманвае. У нас ёсць даччыная кампанія «Смаленскія брыльянты», якая ўжо 10 гадоў працуе з ювелірнымі вырабамі. Мне здаецца, што мы не падманваем. Усе астатнія, я ўпэўнены, заўсёды падманваюць», — заяўляе Вячаслаў Раеўскі. Акрамя таго, спецыяліст кажа, што купляць брыльянты для захавання сваіх зберажэнняў бессэнсоўна: «У рознічным продажы ўдзельнічае падатак на дабаўленую вартасць — 20%. Вы яго ніколі сабе не вернеце. Хаця былі гады, калі атрымлівалася зарабіць. У 2010 годзе брыльянты падаражэлі на 50%. Але ў камянёў няма дакладнай ацэнкі».

Натуральнасць вызначыць толькі лабараторыя

Па словах спецыяліста, натуральны брыльянт ці не, можна вызначыць толькі ў лабараторыі. Ненатуральны камень на 30% будзе таннейшым. «Штучныя алмазы часцей за ўсё, мне здаецца, выкарыстоўваюцца ў гадзінніках, бо іх складана праверыць. А ўвогуле іх на рынку не больш за 5%. Часцей падманваюць па характарыстыках». Штучны брыльянт адрозніваецца яшчэ і тым, што праз пэўны час ён можа змяніць свой колер. А з сапраўдным ніколі нічога не адбудзецца.
Ці могуць брыльянты калі-небудзь згубіць сваю каштоўнасць?
«Безумоўна. Каштоўнасць іх створана штучна. Спажывецкіх уласцівасцяў брыльянт не мае ніякіх. Алмазаў заўсёды павінна не хапаць. Усё змяняецца, усё надакучвае. Раней ювелірныя вырабы ўсе рабілі ў жоўтым золаце. Пачалі рабіць у белым. Чаму? Таму, што трэба было прадаць. І людзі накупілі тую ж колькасць золата, якая ў іх ужо ёсць, але ўжо белага», — тлумачыць намеснік дырэктара завода.

Самыя дарагія — чырвоныя і сінія

На кошт брыльянтаў уплывае: вага, чысціня і колер. Самыя чыстыя брыльянты — гэта 1-я чысціня. Самымі дарагімі лічацца брыльянты сініх, чырвоных адценняў. Кошт аднаго карата ў іх можа даходзіць на аўкцыёнах да 1 мільёна долараў. Колер з'яўляецца з-за розных «уключэнняў» на атамным узроўні. Дарэчы, такія брыльянты можна знайсці толькі ў Афрыцы.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ. Фота аўтара.
Смаленск.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.