Вы тут

Жыццё ў стыхіі вады


Гісторыя ваенна-марскога флоту ніяк не атаясамліваецца з нашай краінай. Толькі гэта не значыць, што яе не стваралі беларусы. Узяць хаця б Алега Есіна, які адзін з першых значыцца ў летапісе атамнага падводнага флоту. З яго іменем звязаны і першы паход атамнай падводнай лодкі пад ільдамі Арктыкі. За падзею, падобную палёту ў космас, капітан-лейтэнант быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Чырвонага Сцяга. Усяго за гады ваеннай службы ён атрымаў каля 20 узнагарод. Нядаўна старшыню грамадскага аб'яднання «Беларускі камітэт ветэранаў падраздзяленняў асаблівай рызыкі» нечакана напаткала яшчэ адна. Як ён сам прызнаецца, асаблівая. За працоўныя заслугі, поспехі ў працы і культурныя дасягненні кіраўнік дзяржавы ўручыў Алегу Есіну ордэн Айчыны ІІІ ступені.
Неўзабаве мы сустрэліся з былым падводнікам. Рыхтуючыся да інтэрв'ю, я разлічвала на кароткія і сухія адказы, як і належыць ваеннаму чалавеку. Толькі Алегу Есіну ўдалося зламаць усе мае стэрэатыпы пра вайскоўцаў. Я адкрыла для сябе эмацыянальнага, шчырага і цікавага суразмоўцу, Чалавека з вялікай літары.

1381268263659_9-12

— Алег Паўлавіч, каб пералічыць усе вашы ўзнагароды, пальцаў рукі не хопіць. Якое значэнне для вас мае новае прызнанне?
— Гэтую ўзнагароду я ацэньваю не як асабіста мне. Ордэн Айчыны ІІІ ступені — узнагарода ўсяму нашаму калектыву, усім тым людзям, якія стваралі «ядзерны шчыт» тагачаснай дзяржавы. Кожны з іх — герой і заслугоўвае такога ж прызнання.

— Раскажыце пра сваё дзяцінства. Вы, напэўна, з дынастыі вайскоўцаў?
— Якраз і не. Мой бацька — Павел Васільевіч — з роду чыгуначнікаў. Усе яго нашчадкі так ці інакш звязаны з чыгункай. Акрамя мяне. Бацька быў адзін з тых
25-тысячнікаў, якіх падчас савецкай улады накіравалі на аднаўленне сельскай гаспадаркі. Быў старшынёй калгаса. Працаваў так старанна, што ў Падмаскоўі ёсць вёска, якая носіць яго імя, — Есіна. Усю вайну прайшоў мінёрам-сапёрам. Вярнуўся кантужаным, але жывым. Працаваў намеснікам старшыні гарвыканкама ў галіне сельскай гаспадаркі. За поспехі ў працы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, меў і баявыя ўзнагароды. Памёр вельмі рана — у 57 гадоў. Маці — педагагічны супрацоўнік: вучыла дзяцей музыцы. Паспявала выхоўваць і сваіх чацвярых.

— Ці наведваеце малую радзіму?
— Я нарадзіўся ў Тульскай вобласці. Пасёлак Малочныя Двары. На жаль, ужо будучы дарослым, ні разу там і не быў. Увесь час пераязджалі з аднаго месца на іншае. Жыццё было як у сям'і вайскоўцаў.

— Магчыма, бацькі і паўплывалі на ваш выбар стаць мараком-падводнікам?
— Памыляецеся. З дзяцінства мяне цягнула да караблебудавання. Майстраваць мадэлі караблёў было маім захапленнем. Памятаю апошні выраб. Гэта быў крэйсер паўтара метра даўжынёй, з рухавіком на батарэйках. Я запускаў яго ў ваду і па радыёўстаноўцы ім кіраваў.

— А як тады апынуліся ў Ленінградзе — у Вышэйшым ваенна-марскім інжынерным вучылішчы імя Дзяржынскага?
— З гэтым звязаны цікавы выпадак. Аднойчы на летніх канікулах я з аднакласнікамі паехаў у Ленінград. Мне вельмі хацелася паглядзець караблебудаўнічы інстытут, даведацца, якія патрэбна падаваць дакументы. Праўда, туды я так і не трапіў. Па дарозе ў наш вагон зайшоў марак. Сеў побач і пачаў цікавіцца, хто мы і адкуль. А потым мне і кажа: «А навошта табе паступаць у караблебудаўнічы? У нас ёсць Вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Там і будзеш займацца караблямі: і будаваць, і рамантаваць, і ў мора хадзіць».

— У тое ж імгненне ваш лёс быў вырашаны?
— Так. У 1957 годзе я стаў курсантам факультэта надводных караблёў. Памяць пра гады навучання засталася самая лепшая. Аб гэтым вучылішчы ўвогуле можна казаць шмат цікавага. Па-першае, будынак навучальнай установы — былое адміралцейства, дзе размяшчаўся штаб ваенна-марскога флоту Расіі. Па-другое, паступіць у вучылішча было вельмі складана: яно было на ўзроўні Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Баўмана. Па-трэцяе, тут працаваў вельмі моцны прафесарска-выкладчыцкі склад.

— Як жа тады атрымалася, што вучыліся засвоіць надводныя караблі, а амаль усё прафесійнае жыццё правялі пад вадой?
— Калі я быў на другім курсе, у нас адкрылі сакрэтны факультэт, дзе ўпершыню пачалі рыхтаваць спецыялістаў для падводных лодак. На факультэт прапанавалі паступаць добраахвотнікам з іншых курсаў, якія вучыліся на «выдатна». А я вучыўся добра. Усё гэта мне неяк лёгка давалася. І школу ў свой час скончыў з адной чацвёркай — па хіміі. Вось і апынуўся ў ліку першых курсантаў-атамшчыкаў. Таму замест патрэбных пяці гадоў адвучыўся шэсць.

— І як курсанту першага факультэта па падрыхтоўцы атамшчыкаў-падводнікаў давалася вучоба?
— Вучыўся лёгка. Нават вышэйшая матэматыка давалася проста. Настолькі яе любіў, што нават і сёння часам бачу сны, як стаю каля дошкі і пішу гэтыя формулы. Хаця, шчыра кажучы, у жыцці яна не спатрэбілася. Самае каштоўнае — тое, што выкладчыкі нас прывучылі думаць і самастойна працаваць. На «выдатна» абараніў дыплом па аўтаматыцы і тэлемеханіцы. Сустракаў пасля выпускнікоў іншых курсаў, якія казалі, што 5 гадоў мой дыплом перапісвалі.

— І пасля навучання — адразу ў мора?
— Калі ў апошнія дні знаходжання ў вучылішчы нам сказалі: «Падыміце рукі, хто хоча на флот?» — я быў сярод тых, хто хацеў. І трапіў на Поўнач, камандзірам групы аўтаматыкі і тэлемеханікі на чацвёртую атамную лодку «К-14». Мы з Лорачкай (з жонкай — Аўт.) прыехалі туды. Побач жонка, я трымаю яе за руку, а на мосціку стаіць камандзір лодкі і кажа: «Лейтэнант, вы куды прыбылі?» Я кажу: «На карабель «К-14». «А гэта хто з вамі?» — пытаецца. «Жонка», — адказваю я. «А вы што не ведаеце, што тут жыць няма дзе?» Адным словам, у лодку я трапіў адзін (смяецца).

— Напэўна, першы падводны паход запомніўся на ўсё жыццё?
— Якраз падыходзілі карыбскія падзеі 1962 года, і лодка рыхтавалася ісці туды ў паход. Мы збіраліся на Кубу. Праўда, адышлі недалёка. Толькі пераадолелі Баранцава мора, як актыўная зона рэактара левага борта выйшла са строю. І ўся радыёактыўнасць «паляцела» ў адсекі. Аб'явілі радыяцыйную небяспеку. Я быў камандзірам групы аўтаматыкі і тэлемеханікі ядзернай энергетычнай устаноўкі. Адным словам, усе пераключэнні і выключэнні выконваў я. Калі аўтаматыка выйшла са строю, апускаць кампенсуючую рашотку ў радыеактыўным адсеку прыйшлося мне разам са сваім начальнікам. Тады мы атрымалі вялікую дозу апрамянення. Атрымалася, што першы блін быў комам: першы паход і адразу ліквідацыя аварыі на караблі. На шчасце, усё прайшло паспяхова. На гэтым наш паход закончыўся.

— Ці не за гэты паход вы сталі першым, хто заслужыў званне «майстар ваеннай справы» ў сферы аўтаматыкі і энергаўстановак?
— Не. Гэта за далёкі паход на дызельнай падводнай лодцы, калі яшчэ быў курсантам. Як толькі ўвялі такое званне, я першым здаў экзамен. І з гонарам павесіў знак (Алег Паўлавіч паказвае маленькую лодку з крыламі на сваім пінжаку.) А гэта камандзірскі знак (паказвае на іншы карабель) — самы каштоўны: я маю права самастойна кіраваць падводнай лодкай.

— Раскажыце пра першы ў СССР паход атамнай падводнай лодкі пад ільдамі Арктыкі. За кіраванне атамнай энергаўстаноўкай вы былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга...
— Калі мяне прызначылі камандзірам дывізіёна жывучасці, у 1966 годзе мы атрымалі каманду — пад ільдамі перайсці з Севераморска на Камчатку. Наша лодка прыйшла туды першай. Пад ільдамі Арктыкі мы правялі 25 сутак. Паход быў складаным. Перад тым, як выйсці ў мора, нас сабраў камандуючы Паўночнага флоту і сказаў: «Хто не хоча прымаць у гэтым удзел, выйдзіце са строю. Да вас мы не будзем мець ніякіх прэтэнзій». Выйшаў толькі адзін лейтэнант. Астатнія засталіся на месцы. Адным словам, у Арктыку пайшлі добраахвотнікі. У іх ліку быў і я. Мы павінны былі ўсплыць на Паўночным полюсе, затым у палонцы, дзе размяшчалася станцыя палярнікаў. Яны сачылі за метэаўмовамі, але іх галоўнай задачай з'яўлялася ахова межаў Расіі з Паўночным Ледавітым акіянам. Мы ім павінны былі перадаць харчаванне. Самалёты гэтага зрабіць не маглі: вельмі складаным было метэастановішча.

— Няўжо мэтай такога складанага паходу была толькі перадача прадуктаў?
— Вядома, не. Па-першае, мы высветлілі, што пад ільдамі можна хадзіць. Па-другое, мы адназначна ўпэўніліся ў наяўнасці там амерыканскіх атамных падводных лодак. Па-трэцяе, мы праверылі працаздольнасць нашай энергетычнай устаноўкі. Ды і што ўтойваць: гэты паход стаў найважнейшай адпрацоўкай экіпажа. Пасля паходу экіпаж нельга было пазнаць: людзі пасябравалі і сталі яшчэ больш адказнымі на сваіх пастах. За паход камандзір лодкі быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Такога доўгага і якаснага падарожжа больш ніхто ніколі не паўтарыў.

— Далейшая служба была менш рызыкоўнай?
— Усяляк было. На гэтай жа лодцы я стаў камандзірам БЧ-5. Прычым першым у званні капітан-лейтэнанта! Такога маладога камандзіра больш не было ні на адной атамнай падводнай лодцы. Пасля паходу ў Ціхім акіяне атрымаў званне капітана 3-га ранга. У 1969 годзе ўжо другі раз займаўся ліквідацыяй аварыі. Праўда, ужо ў ролі камандзіра БЧ-5. Цяпер на мне была поўная адказнасць. На шчасце, справіліся паспяхова, усе засталіся жывымі. Гэты вопыт спатрэбіўся на зборах, дзе мы дзяліліся ім з іншымі вайскоўцамі. На гэтых зборах прысутнічаў намеснік начальніка тэхнічнага кіравання флоту капітан 1-га ранга Уладзімір Папоў. Пасля майго дакладу ён падыходзіць да мяне і пытае: «У тэхнічнае кіраванне флотам пойдзеш?» Я кажу: «Кім?» «Начальнікам аддзела эксплуатацыі баявой падрыхтоўкі атамных лодак Ціхаакіянскага флоту на пасадзе капітана 1-га ранга», — прыемна здзівіў ён мяне. І мы з жонкай ізноў сабралі чамаданы і паехалі ва Уладзівасток, дзе я 7 гадоў адказваў за ўсе падводныя лодкі Ціхаакіянскага флоту. Я павінен быў у любы час ведаць, у якім становішчы знаходзіцца тая ці іншая лодка.

— Вы ўвесь час рухаліся ўверх па кар'ернай лесвіцы. Няўжо не было перашкод?
— Калі ўтварылася 4-я флатылія атамных падводных лодак 2-га пакалення (гэта караблі абсалютна іншыя), мяне прызначылі намеснікам камандзіра флатыліі па электрамеханічнай частцы — на контр-адміральскую пасаду. Даводзілася правяраць лодкі, вырашаць — пойдуць яны сёння ў мора ці не. Адна забарона стала для мяне лёсавызначальнай...
Быў 1978 год. Пасля рамонту да нас прыйшла лодка «К-23» — лодка 1-га пакалення, але з ракетным комплексам. Яе стан быў жудасным. Вядома, я забараніў яе эксплуатацыю. Прайшлі суткі. Мяне вызывае камандуючы флатыліі і пытае, чаму я не выпускаю лодку? На што я кажу, што яна мае вельмі шмат недахопаў і асабовы склад слаба падрыхтаваны. На што ён мне адказаў: «Яна павінна быць падрыхтавана. Па загадзе камандуючага флотам, яна павінна прыйсці ў гавань». Свайго меркавання я не змяніў. У 3 гадзіны ночы — званок: прыбыць на камандны пункт. Я прыязджаю, а камандуючы флатыліі мне і кажа: «На «К-23» аварыя. З рэактарам нешта. Разбірайцеся. Там знаходзіцца ваш намеснік Слава Маркін». Я звязваюся з ім па сувязі і даведваюся пра дрэннае становішча. Даю парады, кажу, што перш за ўсё трэба ратаваць людзей. Вячаслаў выканаў усё як трэба, але атрымаў вялікую дозу апрамянення. Праз паўгода ён памёр.
З гэтай справай прыехала разбірацца камісія — 60 чалавек на чале з адміралам флоту Бандарэнкам. Была вельмі складаная псіхалагічная сітуацыя. Я атрымаў нават мікраінфаркт. Праўда, гэтага не заўважыў: мне пра яго потым у шпіталі сказалі. Ніхто не мог высветліць прычыну аварыі лодкі. Я прыйшоў да высновы, што трэба на месцы разбірацца, адкуль ідзе радыяцыя. Са мной пайшоў малады хлопец, камандзір дывізіёна. У астатніх была адгаворка: «Я хачу жыць». Мы знайшлі пашкоджаны канал, з якога паступала радыяцыя. Я даказаў гэтым учынкам, што асабовы склад не вінаваты, а за трагедыю адказны завод, які дапусціў дэфект пры мантажы. Пасля гэтай сітуацыі я атрымаў прамянёвую хваробу і ўжо быў не годным для далейшай службы на караблях.

— І на гэтым ваша кар'ера як марака скончылася?
— Мой камандуючы флатыліі загінуў у авіякатастрофе разам з 35 адміраламі ваенна-марскога флоту. На яго пасаду прыйшоў новы чалавек. У гэтай сітуацыі патрэбна было паставіць кропку. Тое, што я папярэджваў аб магчымай трагедыі і што сам пасля ўдзельнічаў у ліквідацыі яе наступстваў, нікога не хвалявала. Прыйшоў загад прызначыць мяне намеснікам начальніка вучэбна-выпрабавальнага цэнтра ў Камсамольску-на-Амуры. У мяне ўзнікла іншая задача — падрыхтоўка экіпажаў на караблі 3-га пакалення. Гэта было не для мяне: я ўвесь час праводзіў у моры, сядзець у кабінеце і складаць графікі ўрокаў мяне зусім не задавальняла. Я напісаў заяву. Папрасіў перавесціся ў Мінск.

— І так вы аказаліся ў вучэбна-выпрабавальным цэнтры Мінабароны ў Соснах?
— Так. Прыбыў я сюды ў 1984 годзе. Пяць гадоў працаваў на пасадзе намесніка начальніка цэнтра па вучэбна-выпрабавальнай рабоце. Тут распрацоўваліся праекты па стварэнні перасоўнай атамнай энергетычнай устаноўкі. Аператарамі кіравання гэтай устаноўкай былі падабраны афіцэры ваенна-марскога флоту. Памылка заключалася толькі ў тым, што яны выбралі няўдалы праект. І хоць пасля ў цэнтра былі іншыя задачы, патрэбна аддаць належнае нашаму Прэзідэнту, што яго захавалі.
Дарэчы, калі пачаліся чарнобыльскія падзеі, мы першымі звярнулі ўвагу на павышаную дозу радыяцыі ў паветры. Прыборы зашкальвалі. Мы думалі, што ў нас здарылася надзвычайная сітуацыя. Я ў той час часова выконваў абавязкі начальніка цэнтра, і на мяне лягла адказнасць за выратаванне людзей. Мы выканалі ўсе мерапрыемствы: усіх апавясцілі, далі каманду зачыніць усе вокны і, па магчымасці, іх абклеіць, каго можна, адправілі ў бамбасховішча. Затым я патэлефанаваў у Міністэрства абароны і далажыў абстаноўку. Яны ўсё ведалі, сказалі, што радыяцыя ідзе не ад нас. На наступны дзень мы даведаліся пра Чарнобыль.

— Пазней разам з членамі грамадскага аб'яднання «Беларускі камітэт ветэранаў падраздзяленняў асаблівай рызыкі» вы выдалі кнігу «Атамныя салдаты Беларусі». Выданне прысвечана героям чарнобыльскіх падзей?
— Не толькі ім. Увогуле кніга напісана людзьмі, якія аддалі лепшыя гады жыцця стварэнню і ўмацаванню «ядзернага шчыта» дзяржавы.

— А хто яны — ветэраны падраздзяленняў асаблівай рызыкі?
— Па-першае, гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў чарнобыльскіх падзеях. Па-другое, ваеннаслужачыя і служачыя, якія займаліся распрацоўкай, стварэннем і выпрабаваннем ядзернай зброі. Па-трэцяе, гэта маракі, якія абслугоўвалі атамныя падводныя лодкі і ўдзельнічалі ў ліквідацыі аварый на іх. Усіх гэтых людзей аб'ядноўвае тое, што яны пры выбары прафесіі добра ўсведамлялі, што іх чакае і з чым яны сутыкнуцца. Самае галоўнае, што гэтыя людзі не былі прызначанымі на тыя ці іншыя пасады — яны самі выбралі такую прафесію. Сёлета арганізацыя адзначыла 20-годдзе. У 1993 годзе нас было 4 тысячы чалавек. Зараз засталося ўдвая менш.

— Чым сёння займаецца грамадскае аб'яднанне?
— Самае галоўнае для нас — перадаць вопыт моладзі, якая выхоўваецца ў тых працоўных і баявых традыцыях. Таму рэгулярна сустракаемся са школьнікамі, гімназістамі, студэнтамі. Штогод мы праводзім тэматычныя канферэнцыі. Бліжэйшая мэта ветэранскай арганізацыі — стварыць гісторыка-краязнаўчы каляндар «Мінск. Міншчына», які будзе расказваць пра гарады, дзе прайшлі дні пісьменства. Яшчэ адзін вектар нашай дзейнасці — аказанне дапамогі хворым. Многія з іх у вельмі цяжкім стане. І галоўную задачу, якую я стаўлю перад сабой, — стварыць цэнтр рэабілітацыі гэтых людзей. Для таго, каб яны безнадзейна не бегалі па паліклініках і бальніцах. Кожны з іх спрабуе даказаць, што ён можа разлічваць на льготы. А каб іх атрымаць, патрэбна патлумачыць прычынна-выніковую сувязь: даказаць, што ты служыў і гэта стала прычынай тваёй хваробы. А гэта не так проста... Са стварэннем рэабілітацыйнага цэнтра можна было б забіць адразу двух зайцоў: падтрымаць здароўе ветэранаў і не дапусціць сур'ёзных захворванняў у маладых спецыялістаў, якія будуць працаваць на беларускай АЭС.

— Алег Паўлавіч, а як вы ставіцеся да будаўніцтва на нашай зямлі атамнай электрастанцыі? Скажыце шчыра, ці варта нам чакаць пагрозы?
— Ведаеце, сучасныя ядзерныя энергетычныя ўстаноўкі — выключна надзейная тэхніка. І трэба быць дурнем, каб дапусціць аварыю на АЭС. Калі раней мы спасылаліся на тэхніку, то зараз вопыт эксплуатацыі энергетычных установак настолькі высокі, што сучасная ўстаноўка мае 5 ступеняў абароны. У выпадку аварыі актыўнай зоны прадугледжана не ўскрываць яе і даставаць наверх, а спускаць уніз — у спецыяльны кантэйнер, які не дапусціць распаўсюджванне радыяцыі ні праз глебу, ні праз рэкі. Калі раптам аператар кіравання дапусціць памылку, яна імгненна фіксуецца, адразу выдаецца сігнал на абарону рэактара, і рэакцыя спыняецца. Ды ўвогуле дапусціць памылку абслуговы персанал проста не мае права!

— Прафесія, якой вы прысвяцілі большую частку свайго жыцця, мякка кажучы, не з лёгкіх. Не толькі добры напамін пакінула пасля сябе праца атамшчыка-падводніка. А каб у вас была магчымасць пражыць жыццё наноў, ці склаўся б ваш лёс па-іншаму?
— Я, безумоўна, ізноў пайшоў бы па гэтым шляху. Хоць мая мара аб будаўніцтве караблёў і не ажыццявілася. Сыходзячы з флоту, я вельмі пакутаваў. Усе гады маю душу не пакідаў цяжар, мучыла нездаволенасць. Я настолькі любіў флот, што не мог без яго ўявіць жыцця. Я лічу, што ўсе мае хваробы — наступствы не столькі ад апрамянення, колькі ад перажыванняў, што замест падзякі ні за што панёс пакаранне. І калі я ад Аляксандра Рыгоравіча, які ў сваіх моцных руках трымае штурвал лайнера пад назвай «Беларусь», атрымаў гэты ордэн, мне стала лягчэй, душа супакоілася.

***

...На працягу жыцця, поўнага цяжкасцяў і выпрабаванняў, разам з Алегам Есіным — яго жонка. Сёння яна дапамагае адказваць на мае пытанні, раскрывае сакрэты іх шчаслівага сямейнага жыцця. «У чым сакрэт? А ў тым, што я заўсёды была яму карыснай, — прызнаецца Ларыса Мікалаеўна. — У тым, што мы дапаўняем адно аднаго. У мяне муж вельмі сур'ёзны, а я аптыміст — неабходная якасць, асабліва для жанчыны. Ды і як без кахання? Менавіта не запалу, а любові да чалавека, да яго якасцяў, душы. Патрэбна так любіць, каб ты быў патрэбны другому. Самае каштоўнае — адносіны паміж людзьмі».
Яе называлі дзекабрысткай: людзі не разумелі, як можна з Мінска ляцець на Камчатку з маленькімі дзецьмі. І яна, дачка франтавіка і ўнучка ўдзельніка грамадзянскай вайны, усё лёгка пераносіла: увесь час працавала настаўніцай там, дзе служыў муж. І трэба сказаць, што з роляй жонкі марскога афіцэра Ларыса Есіна справілася на «выдатна».

Гутарыла Вераніка КАНЮТА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.