Вы тут

«ХІМІЧНЫЯ» САЛДАТЫ


Канец жніўня 1943 года. Прайшоў толькі тыдзень, як на Курскай дузе скончыліся грандыёзныя танкавыя баі. У гэты пераломны для ваеннага ліхалецця час у пасёлку Каціха прыфрантавой Іванаўскай вобласці было створана спецыяльнае падраздзяленне — 8-ы Варшаўскі ордэна Чырвонай Зоркі полк радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. Сёлета гэтая вайсковая часць адзначыла сямідзясяты дзень нараджэння.

Першапачаткова байцы палка павінны былі прыкрываць дымамі ад праціўніка як важныя стратэгічныя аб'екты кшталту аэрадромаў, чыгуначных станцый, шпіталяў, так і савецкіх ваяроў, якія ішлі ў наступленне... «Баявое хрышчэнне» полк атрымаў у маі 1944-га пры вызваленні горада Карасцень, што ў Жытомірскай вобласці Украіны. Пасля ваенныя дзеянні перамясціліся ўжо за межы савецкай тэрыторыі. Асабліва вызначыліся байцы-хімікі пры маскіроўцы нашых войск падчас баёў за Варшаву. Што і было пасля ўганаравана ў назве палка. Пазней было фарсіраванне легендарнага Одэра, узяцце нямецкіх гарадоў Арнсвальдэ і Альтдама...
— Толькі ўявіце сабе: шэсць воінаў палка за год сталі кавалерамі ордэна Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць намеснік камандзіра палка па ідэалагічнай працы Аляксей КОЗАК. — Усяго ж тады ўзнагароды атрымалі 82 байцы. У мірны час полк набыў сталую прапіску на беларускай зямлі. Наша часць амаль сем гадоў базіравалася ў Жыткавічах, але ў чэрвені 1952 года перадыслацыравалася ў Старыя Дарогі, дзе і знаходзіцца дагэтуль. Увогуле, такі полк у сучаснай Беларусі адзіны, які спецыялізуецца менавіта на супрацьстаянні зброі масавага знішчэння.

1381268272407_1

Задачы перад палком у пасляваенны час значна ўскладніліся. Пасля атамнай бамбардзіроўкі Японіі стала зразумела: нябачная вокам зброя пачынае шэсце па планеце. Таму баявая праца палка пашырылася. Да абавязкаў воінаў-хімікаў дадалася яшчэ і абарона ад радыяцыйнага забруджвання ды біялагічнай зброі. А вучыцца гэтаму даводзілася ўжо ва ўмовах «халоднай вайны». І замацоўваць тэорыю на практыцы. Увесну 1986-га, калі грымнуў Чарнобыль, байцы 8-га палка дапамагалі ачышчаць ад радыеактыўнага пылу дарогі, дэзактывавалі забруджаныя будынкі і глебу. З гумарам ужо сівыя колішнія камандзіры палка ўспамінаюць і так званыя «цалінныя батальёны», калі вайскоўцы перакваліфікоўваліся на некалькі месяцаў у зборшчыкаў ураджаю.
Цяпер жа асабісты састаў палка дэманструе стабільна выдатныя вынікі падчас штогадовых беларуска-расійскіх вучэнняў, рыхтуючыся да іх фактычна круглы год. Паколькі ў адным палку служаць хімікі, біёлагі, радыёлагі, то сумесная праца ўсіх батальёнаў павінна быць адладжанай, як механізм у гадзінніку. Іншых варыянтаў проста не існуе.
Не толькі хлебам вучэнняў сыты салдат. Першае ўражанне аб месцы, дзе яму выпадзе адслужыць пэўны тэрмін, складзецца літаральна праз некалькі хвілін пасля праходжання праз кантрольна-прапускны пункт. Усё-такі, як кажуць, па адзенні сустракаюць, а па розуме праводзяць. Тут полк выглядае даволі выйгрышна: мадэрнізацыя закранула і яго матэрыяльную базу. За кошт бюджэтных сродкаў вайскоўцы адрамантавалі КПП, сталовую, будынак штаба, склады... Але яны ідуць далей, на дасягнутым спыняцца не збіраюцца. У планах
1381268274707_2

— ахапіць сістэмай відэаназірання як мага большую тэрыторыю і значна зменшыць колькасць вартавых.
— Гэта здаецца зараз неверагодным, але на пачатку васьмідзясятых у нас служылі нават некалькі цыган. І лайдакамі іх назваць нельга было! — успамінае палкоўнік запасу Анатоль ГАРКАВЕНКА, які дзесяць гадоў камандаваў палком. — Я не быў у Старых Дарогах ужо ад пачатку нулявых. За гэты час шмат чаго змянілася... Ваенны гарадок стаў больш маляўнічым. Знікла тая побытавая паўсядзённая шэрасць, якая праследавала нас не адно дзесяцігоддзе.
Часць справіла ў мінулым месяцы яшчэ адзін юбілей. 16 жніўня 2003 года 8-ы Варшаўскі ордэна Чырвонай Зоркі полк радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны стаў першым, які ў справе абароны Айчыны наладзіў супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой. На тэрыторыі палка дзверы расчыніў храм святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Такога на Беларусі не было з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі!

Кожную апошнюю нядзелю месяца і напярэдадні царкоўных свят у храме адбываюцца набажэнствы. Да важных вайсковых дат, кшталту Дня абаронцаў Айчыны ці дня прыняцця воінскай прысягі, у царкве служыцца малебен. Не зарастае да храма сцежка і ў вольны час салдат. Дбаюць у палку і пра ваенна-патрыятычную працу ў горадзе.
Школьныя ўрокі дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўкі скончыліся для многіх людзей на ўзроўні ведання ўстройства аўтамата ды навыкаў страявога кроку. Старадарожскі полк пайшоў у гэтай справе далей. У гарадской сярэдняй школе №3 з'явіліся спецыяльныя класы ваенна-патрыятычнага выхавання. Але не забываюцца вайскоўцы і на іншыя навучальныя ўстановы. Паўсюдна рэгулярна праводзяцца ўрокі мужнасці. У воінскай часці праходзяць дні адчыненых дзвярэй, дзе кожны школьнік можа паглядзець на тое, у якіх умовах нясуць службу воіны-хімікі. І гэта ўжо не кажучы пра традыцыйную ваенна-спартыўную гульню «Зарніца»... Адным словам, камандаванне палка імкнецца ўсяляк супрацоўнічаць з падлеткамі, якія ўжо праз некалькі гадоў апрануць ваенную форму.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?