Вы тут

Банкі цікавяць не толькі грошы...


У шосты раз Нацыянальны банк сабраў у Мінску прадстаўнікоў Беларусі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Літвы на ўжо традыцыйную міжнародную нумізматычную канферэнцыю. Сёлета яна мае назву «Нумізматыка і архітэктура». Тэма выбрана невыпадкова, звярнуў увагу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў. Выявы архітэктурных аб'ектаў прысутнічаюць на многіх беларускіх банкнотах, ім прысвечаны серыі памятных манет. Помнікі архітэктуры з'яўляюцца неад'емнай часткай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.

Дабрачыннасць

Акрамя таго, банкі краіны праводзяць дабрачынныя мерапрыемствы на карысць архітэктурных помнікаў, музеяў, культурна-патрыятычных фондаў. Напрыклад, Пріорбанк накіраваў 500 млн рублёў на аднаўленне помніка архітэктуры ХVІ стагоддзя — Любчанскага замка. Белгазпрамбанк аказаў матэрыяльную дапамогу на падтрымку і развіццё музейнай справы, стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў суме 512 млн рублёў Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі, Віцебскаму абласному мастацкаму музею і іншым. У 2014 годзе Белгазпрамбанк плануе выдзеліць яшчэ 898 млн рублёў на падтрымку і развіццё музейнай справы, але канкрэтныя аб'екты пакуль невядомы.

Гістарычная спадчына

Увогуле, Нацыянальны банк «імкнецца кансалідаваць сілы ўсіх зацікаўленых у захаванні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры і ўяўляе пляцоўку для магчымасці вольнага абмену вопытам, думкамі з калегамі, якія маюць агульныя мэты і задачы», — адзначыў Сяргей Дубкоў.
Па яго словах, у першую чаргу дзякуючы супрацоўніцтву з нумізматычнай грамадскасцю музейны фонд Нацыянальнага банка папоўніўся не толькі манетамі, банкнотамі і каштоўнымі паперамі, але і цікавымі фінансавымі дакументамі. «Гэта дазволіла ўдакладніць і адсунуць дату заснавання банкаўскай сістэмы на тэрыторыі Беларусі больш чым на 50 гадоў! Тое, што атрымалася сабраць і захаваць, — гістарычная спадчына нашай краіны», — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Інавацыйная чаканка і манеты да чэмпіянату

Намеснік старшыні праўлення таксама расказаў пра тое, што ў наступным годзе будуць створаны спецыяльныя памятныя манеты да чэмпіянату свету па хакеі. «Нацбанк адбірае прапановы па выпуску такіх памятных манет, — паведаміў Сяргей Дубкоў. — Яны запланаваны ў праекце выпуску манет на наступны год, мы хочам выпусціць іх у прыгожым футляры».
Нацыянальны банк Беларусі ў сувязі з актыўным развіццём нумізматычнага рынку наладжвае кантакты з новымі манетнымі дварамі. Новым партнёрам можа стаць Пражскі манетны двор. Паколькі ў Беларусі няма свайго манетнага двара, памятныя манеты Нацыянальнага банка чаканяцца на манетных дварах розных краін — у прыватнасці, у Літве, Польшчы, Расіі, Германіі, Швейцарыі. «Мы выбіраем найбольш камфортныя ўмовы па фінансах, а таксама заўсёды імкнёмся, каб нашы манеты былі інавацыйнымі», — падкрэсліў Сяргей Дубкоў. Шэраг прызоў, якія атрымалі беларускія манеты на розных конкурсах, звязаны менавіта з інавацыямі ў чаканцы.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?