Вы тут

«Калі няма «штуршка», не будзе і рыўка»


Яго ведаюць многія. І не дзіўна: масціты рок-музыкант засвяціўся ў вялікай колькасці знакамітых і не вельмі камандаў, хоць і вядомы больш за ўсё як вакаліст гуртоў «Аўтограф» і «Арыя». Акрамя сваёй творчасці, Артур Беркут адметны тым, што супрацоўнічае з многімі маладымі рок-камандамі, запісваючы з імі песні і дапамагаючы «раскручвацца». У яго «спісе» значыцца больш за 70 калектываў. Аб магчымасцях, прыярытэтах прасоўвання рок-гуртоў, а таксама аб тым, якая музыка вартая права на існаванне, Артур і распавёў «ЧЗ».

1381413351277_10-7

— Існуе так званы «заходні шлях прасоўвання» рок-каманд з дапамогай прадзюсараў, гуказапісных кампаній і г.д. А ёсць наша «методыка» — прасоўвацца пры дапамозе вялікай колькасці канцэртаў самых розных маштабаў, паколькі прадзюсарская практыка ў нас развіта слаба, нават можна сказаць, што зусім не развітая. Як, па-вашаму, лепш развівацца?

— Перш за ўсё варта сказаць, што на заваёўванне музычнага алімпу моладзь глядзіць праз «ружовыя акуляры». Сітуацый накшталт «выступае ў клубе гурт, прыйшоў туды прадзюсар і пасля канцэрта адразу забраў яго з сабой» — поўная лухта, такога практычна ніколі не бывае! Я пражыў у Амерыцы 9 гадоў пасля падпісання кантракта з адной з буйных гуказапісных кампаній, і наш прадзюсар сказаў, што ніколі іх прадстаўнікі не ходзяць у клубы, каб паслухаць музыкантаў і адабраць сярод іх будучых «зорак». Гэта ўсё адбываецца звычайна па іншых схемах, часам для нас зусім незразумелых. Хтосьці кліча менеджараў з «лэйблаў» ацаніць творчасць, хтосьці распаўсюджвае дыскі са сваімі дэма-запісамі, у кагосьці ёсць знаёмы ў якой-небудзь з гэтых самых кампаній. Часцей за ўсё там і ўвогуле ўсё даўно праплачана. Не, бываюць, вядома, моманты, калі прадстаўнік «лэйбла» можа прыйсці выпадкова ў клуб і пачуць цікавую для сябе каманду, але гэта вялікая рэдкасць. У нас вялікая колькасць таленавітых музыкантаў, якіх наўрад ці хто-небудзь калі-небудзь пачуе. І калі не будзе ніякага «штуршка» з боку саміх музыкантаў — ніякага рыўка на «паверхню» не адбудзецца. Сёння вялізныя магчымасці для прасоўвання існуюць у першую чаргу ў інтэрнэце. На мой погляд, чым больш людзей бачаць групу, чым больш заўважаюць іх на разнастайных канцэртах, тым больш шанцаў прабіцца. Гэтаму спрыяюць таксама «сарафаннае радыё» і інтэрнэт. Ды і наогул, мне здаецца, што калі музыка добрая, калі заслугоўвае ўвагі, яна не застанецца незаўважанай.

— Ці варта звяртаць увагу толькі на песні на рускай мове або трэба выпускаць і англамоўныя рэлізы? Ці не з'яўляюцца англамоўныя кампазіцыі своеасаблівай «здрадай» роднай моўнай культуры?

— Кавер-версіі вядомых песень яшчэ ніхто не адмяняў. А ўласную творчасць, на маю, падмацаваную вопытам думку, у краіне, дзе амаль усе гавораць па-руску, лепш, вядома, выконваць на рускай мове. Дзякуючы гэтаму пашыраецца аўдыторыя, становіцца больш зразумела, пра што песні. Тым больш, калі тэкст закранае тэмы, блізкія ўсім.

— Якой павінна быць музыка калектыву, каб вы захацелі выканаць сумесна з імі якую-небудзь іх кампазіцыю?

— Музыка бывае розная, прадстаўленая самымі разнастайнымі жанрамі і кірункамі. І сказаць адназначна, якая для мяне дрэнная, а якая добрая, я не магу. Тым не менш, не прымаю музыку занадта злую і агрэсіўную па сваёй сутнасці (колькі б ні гаварылі, што рок — гэта музыка агрэсіі, я з гэтым не згодны), а таксама залішне «нашпігаваную» палітыкай ці ідэалогіяй. Я лічу, што кесару — кесарава, а рокеру — рок-н-рольнае.

Ілья КАТУСАЎ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?