Вы тут

ВЯЛІКІ КАМЕНЬ — СВЕДКА ДАЎНІНЫ


Ад вёскі Кальчуны дарогі і сцежкі, «пратаптаныя» нашымі продкамі, па-ранейшаму дазваляюць праехаць у Літву, Гродна, Ашмяны, наведаць суседнія невялічкія мястэчкі. Калі пайсці па адным з такіх шляхоў, трапіш у Гароднікі, дзе на мясцовых могілках пахаваны вядомы ўрач і вучоны Енджэй Снядзецкі, пойдзеш другім — завітаеш у старажытныя Гальшаны, а на трэцім, самым вузкім, — сустрэнешся з цудам прыроды — вялікім каменем. 1381413383624_10-21 У Ашмянскім раёне знойдзена шмат розных па памерах камянёў: і невялікіх, і вялізных. Нават назва горада Ашмяны ў перакладзе з літоўскай мовы азначае «камень». Калі наведаешся ў горад па старой брукаванай дарозе з боку Вільні, то спадарожніка сустракае камень з высечаным годам заснавання горада. Яшчэ адзін валун ляжыць каля школы-інтэрната. Да Нявесцінага каменя, што паблізу Навасёлак, ніколі не зарастае сцяжынка. Сюды ідуць дзяўчаты, каб загадаць жаданне і ў хуткім часе знайсці каханага чалавека, пабрацца з ім шлюбам. Сама ж вёска Кальчуны знаходзіцца паміж Гароднікамі і Сякераўцамі, і менавіта ў лесе, які злучае гэтыя два паселішчы, ляжыць вялікі валун — «след» ледавіковага перыяду. Кажуць, нібыта пад валуном тым закапаны скарб, пакінуты самім Напалеонам. Даўным-даўно гэты камень ляжаў на гары, але ахвотнікаў знайсці скарб было вельмі шмат. Капалі, хацелі ўзарваць, спрабавалі зрушыць з месца, вывезці на адкрытае месца, але дарэмна. Наадварот, камень сам сябе стаў закопваць, «лезці» ў зямлю. Старажылы ўспамінаюць, што начамі на тым месцы гарэў агеньчык. Адны думалі, што нехта шукае скарб, другія разважалі, што святло ўказвае на таямніцу. Трапіць на сцежку і знайсці валун — задача складаная. Ходзіш, блукаеш, ды ніяк не знаходзіш! А ён тут, побач, зусім блізка — толькі ўнізе. Быццам гуляе з табой у хованкі! Вядомы і яго памеры: у вышыню валун дасягае 3,2 м, шырыня — 3,4 м, даўжыня — 4,1 м. Аб'ём — больш за дваццаць кубічных метраў. Важыць гэты цуд прыроды больш за 60 тон. На адным з бакоў валуна высечаны крыж памерам 10х13 см. Існуе легенда, што чацвёра невядомых у 1924-1925 гадах адкапалі скарб, які знаходзіўся пад каменем, і вывезлі. Але карысці ён ім не прынёс — толькі адно гора. Людзі загінулі, скарб знік, а камень застаўся ляжаць. Толькі на ім з'явіўся крыж. Цяпер валун ужо не спакушае людзей шукаць скарб, але па-ранейшаму прыцягвае да сябе нейкай магічнай, толькі яму вядомай сілай. Мінае час. А людзі не забыліся пра гэты камень. Прыходзяць сюды і малыя, і старыя. Проста паглядзець і падзівіцца. Некаторыя вядуць з ім нават шчырыя сяброўскія гутаркі. Так і не далі людзі назву гэтаму валуну. Для нас ён проста — «Вялікі камень». Інга ГІЗ, вучаніца Кальчунскай школы Ашмянскага раёна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».