Вы тут

Украінская пісьменніца Галіна ТАРАСЮК: «ДАРАГІЯ БЕЛАРУСКІЯ СЯБРЫ! ЛЮБІЦЕ СВАЮ ЦУДОЎНУЮ МОВУ!»


У выдавецкім доме «Звязда» выйшла ў свет чарговая кніга з серыі «Сугучча сэрцаў» пад назвай «Залатая струна», у якую сабралі творы ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў. Вядомая ўкраінская пісьменніца і перакладчыца Галіна Тарасюк брала актыўны ўдзел у гэтым праекце. Яна таксама наведала Быхаў на Дзень беларускага пісьменства, брала ўдзел у міжнародным «круглым стале» пісьменнікаў і дала інтэрв'ю газеце «Звязда».

1381443832399_11-5

— Галіна, давайце знаёміцца. Вас называюць адным з самых яркіх сучасных празаікаў Украіны...
— Я пачынала як паэтка, калі была маладая. Цяпер пішу прозу, навелы і раманы. У цэнтры маёй творчасці — чалавек, мой сучаснік. Я журналіст па прафесіі і працавала ў прэсе, і мяне заўсёды цікавіў менавіта мой час і людзі ў ім. Ніхто і ніколі так не скажа пра чалавека і яго час, як яго сучаснік. У мяне ёсць адчуванне нашага часу. Я сама актыўна ўдзельнічала ва ўкраінскіх падзеях 1990-х гадоў, мела непасрэднае дачыненне да стварэння таварыства ўкраінскай мовы і прагрэсіўнага жаночага руху. Так што яшчэ пра мяне кажуць крытыкі, што я ў літаратуры пішу гісторыю Украіны эпохі незалежнасці.
— Вашы творы сярод іншых украінскіх пісьменнікаў ёсць у зборніку «Залатая струна», і беларускія чытачы змогуць з імі пазнаёміцца. Ці ёсць патрэба ў знаёмстве з сучаснай беларускай літаратурай ва ўкраінцаў?
— Ведаеце, цяпер ва Украіне літаратурны працэс вельмі разнастайны і вельмі багаты. З'явілася шмат новых імёнаў, другое дыханне атрымалі нашы класікі. Але ўсё ж ёсць праблемы: мы нібыта зацыклены самі на сябе. Мы забыліся, што нам трэба выходзіць на планетарныя гарызонты. Самае крыўднае, што калісьці перарваліся сувязі паміж славянскімі краінамі, колішнімі рэспублікамі Савецкага Саюза і ўдзельнікамі сацыялістычнай садружнасці. Пісьменнікі гэтую ізаляцыю сталі адчуваць.
У мяне самой ёсць туга па беларускай літаратуры. Я вельмі люблю вашу краіну і вашу мову, такую цудоўную. Аднойчы на выставе я пазнаёмілася з беларускай Людмілай Рублеўскай, якая падаравала мне сваю кніжку паэзіі. Ідэя навесці старыя масты, традыцыйныя сяброўскія сувязі падштурхнула мяне перакласці яе творы, і летась мы выдалі том Рублеўскай.
— Ваша добрая справа знайшла водгукі ў Беларусі?
— Так, таму я актыўна і радасна падтрымала праект «Сугучча сэрцаў» з удзелам пісьменнікаў краін СНД. Выдавецкі дом «Звязда» правёў прэзентацыю, людзі адгукнуліся. Тых, хто жадаў надрукавацца ў «Залатой струне», было шмат. Загадзя запланавалі ўдзел 6 украінцаў, але свае творы даслалі 15 нашых пісьменнікаў. Дзякуй, што нікога не скарацілі. Дыялог з чытачом ва ўкраінскай серыі вядуць Барыс Алійнік, Аляксей Кананенка, Віктар Баранаў, Алеся Сандыга, Надзія Сцяпула і іншыя цікавыя аўтары. Цікавыя ўсе!
— Як думку пра тое, што чытанне — гэта цікава, давесці да маладога пакалення, якое цяпер намертва засела ў інтэрнэце? Пра што пісаць, каб закранула душу, каб друкаванае слова стала часткай жыцця моладзі?
— Ох, гэта складанае пытанне. Трэба, безумоўна, пісаць пра дзень сённяшні, і рабіць гэта добра. Але вельмі важная і гісторыя. Мне вельмі падабаецца, што беларускія пісьменнікі звярнулі ўвагу на гісторыю сваёй краіны. У нас жа гэта, наадварот, робіцца вельмі павольна. Найперш трэба пісаць цікава — і пра свой час, і гістарычныя творы.
Многія думаюць, што сёння варта выпрацаваць новыя тэхналогіі рэкламы літаратуры. Я неяк паглядзела, што моладзь у інтэрнэце сядзіць. І магчыма, менавіта праз інтэрнэт трэба іх зацікаўліваць. Я думаю, што трэба зрабіць літаратуру моднай. Каб гэта было модна так, як і эстрадныя спевы. Зрабіць прэстыжным і модным чытанне кніг.
— Галіна, ці ёсць у вас свой практычны рэцэпт — як гэта зрабіць?
— Пачынаць трэба са школы, хадзіць да дзяцей. Сустрэчы пісьменнікаў і чытачоў — гэта жывыя зносіны. Не ведаю, як у вас, а ў нас практычна спыніліся такія сустрэчы, а яны патрэбны, каб прапагандаваць літаратуру. Я думаю, што ваша Свята беларускага пісьменства — якраз добры крок у такім кірунку.
Трэба добра выкладаць літаратуру ў навучальных установах, каб дзеці чыталі. У нашых школах ёсць урокі літаратуры роднага краю. Аднак толькі жывы кантакт з пісьменнікамі зацікавіць іх творамі. Гэта ўсё вельмі складана, але трэба рабіць. І ўвогуле, справа тут не толькі ў пісьменніках, а ў праблеме выхавання дзяцей, у павазе да сваёй літаратуры, мастацтва, духоўнай спадчыны.
— Такога не зробіш у адзін момант, ці не так?
— Гэта мора бясконцай працы. Але яе трэба рабіць.Усё магчыма, толькі калі чалавек умешваецца ў справу. Можа, калі б у свой час я не пераклала Людмілу Рублеўскую, то не ўзнікла б цікавасць да сумеснага беларуска-ўкраінскага пісьменніцкага праекта. Так што трэба рухацца.
— Якія будуць вашы пажаданні чытачам «Звязды» і ўвогуле беларускай чытацкай аўдыторыі?
— Дарагія беларускія сябры і суседзі! Я мела велізарнае шчасце пабываць у Беларусі на нацыянальным, знакавым свяце пісьменства. Мне тут было добра, і мая душа ад гэтага спявала. Якая прыгожая ваша Беларусь! Якія цудоўныя вашы людзі! І я звяртаюся да вас: любіце сваю мову, сваю культуру, сваю дзяржаву. Асабліва мову, таму што з яе пачынаецца народ, нацыя. Яна ў вас такая цудоўная, самабытная, пяшчотная. Гэта я вам кажу як перакладчык з беларускай мовы. Зычу вам усяго самага найлепшага: вялікіх спраў, радасці, любові да свету і асабліва да вас.

Гутарыла Ілона ІВАНОВА.


Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».