Вы тут

ВЯЛІКІЯ КРЫЛЫ БЕСПІЛОТНАЙ АВІЯЦЫІ


Літаральна на гэтым тыдні міліцыя Мінскай вобласці пры дапамозе беспілотніка, які выконваў першыя пробныя заданні, за адны толькі суткі выявіла ў Налібоцкай пушчы пяць месцаў вытворчасці самагону. З вышыні птушынага палёту апарат з дапамогай цеплавізара знайшоў старанна замаскіраваныя «бровары». Праўда, тут якраз той выпадак, калі знайсці прасцей, чым дабрацца, бо самагоншчыкі атабарыліся ў самых гушчарах…

1381443883965_11-29

Нядаўна з'явілася інфармацыя пра тое, што гродзенскія пагранічнікі таксама пры дапамозе беспілотніка затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы 9 нелегальных мігрантаў.

Беспілотнік: што гэта такое?

Беспілотны лятальны апарат — гэта той жа самалёт альбо верталёт, звычайна меншы па памерах, кіраванне якім ажыццяўляецца з зямлі. Ён значна таннейшы і больш эканомны ў эксплуатацыі. Па функцыях жа беспілотнік смела можа канкурыраваць са сваімі «вялікімі братамі»: найперш у маніторынгу тэрыторый і разведцы.
На пачатку 90-х гадоў Савецкі Саюз упэўнена займаў галоўнае месца ў свеце па вытворчасці сродкаў такой авіяцыі — усе вядомыя грамадзянскія і ваенныя канструктарскія бюро лічылі за гонар мець уласнай вытворчасці беспілотнікі. Затым лідарства перайшло да ЗША і Ізраіля. Як вядома, калі краіна з нейкім таварам пакідае сусветны рынак як прадавец, то вяртаецца яна на гэты рынак ужо ў якасці пакупніка… Беларусі пашанцавала, бо цягам літаральна некалькіх апошніх гадоў мы стварылі ўласную абсалютна новую авіябудаўнічую галіну — вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА).

Спецыялістам добра вядомыя распрацоўкі прыватнай кампаніі «Канструктарскае бюро «Індэла», якая мае сёння мадэльны рад больш чым з 10 розных тыпаў беспілотнікаў: рабатызаваных беспілотных верталётаў, беспілотных комплексаў паветранай разведкі і рабатызаваных паветраных мішэняў. На думку спецыялістаў, гэтае канструктарскае бюро цяпер з'яўляецца найбуйнейшым распрацоўшчыкам беспілотнікаў не толькі ў краіне, але і ў СНД.
Беспілотная тэматыка актыўна распрацоўваецца і ў Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёння інстытут — галоўны выканаўца дзяржаўнай навукова-тэхнічнай падпраграмы «Стварэнне і асваенне вытворчасці гамы тэхналогій і элементаў лятальных апаратаў, мэтавых нагрузак і беспілотных авіяцыйных комплексаў шматфункцыянальнага прызначэння». Падпраграма мае на мэце распрацоўку і арганізацыю да 2015 года не толькі серыйнага выпуску беспілотных комплексаў, але і кампанентаў, неабходных для іх вытворчасці ў прамысловых маштабах. Інстытут займаецца метадалогіяй вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў самага рознага прымянення, даследаваннямі і ўкараненнем новых алгарытмаў і метадаў кіравання шматфункцыянальнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі, распрацоўкай тэхналагічных працэсаў па ўкараненні новых матэрыялаў і тэхналагічнага абсталявання, разлікам базавых аэрадынамічных характарыстык і матэматычным мадэляваннем руху беспілотнікаў.
Акрамя гэтых арганізацый, цікавыя распрацоўкі ў галіне стварэння БПЛА профільнага прызначэння маюць Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь і беларускія авіярамонтныя заводы, што спецыялізуюцца на ваеннай і грамадзянскай прадукцыі. У свой час у прэсе была інфармацыя пра тое, што 558 ы авіярамонтны завод распрацаваў БПЛА «Грыф 1», здольны выконваць тактычныя і аператыўныя задачы. У склад карыснай нагрузкі гэтага апарата ўваходзяць розныя віды оптыка- і радыёэлектроннага абсталявання, якія забяспечваюць правядзенне самых складаных назіранняў. Канструкцыя дазваляе хутка змяняць комплекс бартавога абсталявання, у тым ліку пры неабходнасці дадаваць у склад карыснай нагрузкі лазерны дальнамер, мэтапаказальнік, рэтранслятар і г. д. Сваю версію беспілотнага авіяцыйнага комплексу самалётнага тыпу распрацаваў і Мінскі авіярамонтны завод.
Што да беспілотнікаў ваеннага прызначэння, то асноўнымі напрамкамі іх выкарыстання з'яўляюцца разведка і назіранне за полем бою, радыёэлектронная барацьба, сувязь і рэтрансляцыя, стварэнне мішэняў. Перспектыўным з'яўляецца прымяненне БПЛА для вырашэння ўдарных задач, для супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, далёкага радыёлакацыйнага назірання.

Хто навучыць лятаць беспілотнік?

Пры ўсім, беспілотнік — апарат складаны. Нехта павінен яго вучыць лятаць, таму падрыхтоўка курсантаў па спецыяльнасцях «беспілотныя авіяцыйныя комплексы» па тэхналагічнай і тэхнічнай эксплуатацыі вядзецца ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы. Выпускнікам будзе прысвойвацца вайсковае званне і кваліфікацыя інжынера. Такі крок абсалютна апраўданы, бо сусветныя авіяэксперты прагназуюць, што праз 5—10 гадоў авіяпарк толькі ваеннай авіяцыі перадавых краін стане беспілотным. А беспілотнікі ўжо сёння выконваюць тыя ж функцыі, што і «пілотная» авіяцыя, за выключэннем хіба што перавозкі грузаў і асабовага складу.
Тут дарэчы ўспомніць і пра нядаўні поспех нашых беспілотнікаў. Летась яны паказалі ў поўным сэнсе вышэйшы пілатаж падчас міжнацыянальных вучэнняў «Разгневаны сокал» у Катары. Тады спецыялісты 927 га цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў ВПС і войскаў СПА прадэманстравалі магчымасці апаратаў «Іркут 3» і «Іркут 10». Гэтыя тактычныя комплексы ўжо прайшлі выпрабаванні ў розных умовах, але ўпершыню падняліся ў неба Блізкага Усходу, дзе правялі паветраную разведку мясцовасці. Адзін з апаратаў запускаецца з рукі і здольны сканаваць зямлю з неба на працягу гадзіны, другі стартаваў з катапульты. На вышыні некалькіх соцень метраў знішчыць такія маленькія самалёты амаль немагчыма, а ўсе атрыманыя з дапамогай аптычнага абсталявання звесткі перадаюцца ў пункт кіравання на зямлі ў рэжыме анлайн. Пасадку гэтыя апараты ажыццявілі пры дапамозе парашутаў у дакладна вызначаных месцах на вачах у прадстаўнікоў армій 28 краін. Вялікую цікавасць назіральнікаў выклікала і тое, што апараты лёгка складаюцца і могуць транспартавацца, як той казаў, «на плячах» у кампактных футаралах.

Сённяшняя карысць

А яшчэ беспілотнікі вельмі карысныя для авіяцыйнай аховы лясоў. Як вядома, прадпрыемства «Беллесавія», што знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, мае каля 20 самалётаў і верталётаў, дзякуючы якім прадухіляецца значная колькасць пажараў. Натуральна, што беспілотнікі вялікага радыуса дзеяння стануць для «паветраных леснікоў» выдатнымі памочнікамі, бо прыкладна палова лясных узгаранняў выяўляецца з дапамогай авіяцыі. Пры гэтым беспілотнікі дазволяць як зберагаць лётны рэсурс «вялікіх» самалётаў і верталётаў, так і істотна эканоміць паліва.

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.